Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы

тэатар у Менску (Беларусь)

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы — найстарэйшы з сучасных беларускіх тэатраў.

Нацыянальны акадэмічны тэатар
імя Янкі Купалы
Будынак тэатру
Будынак тэатру
Дата ўтварэньня 14 верасьня 1920 (104 гады таму)
Тып Тэатар
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Энгельса, д. 7
Генэральны дырэктар Павал Палякоў
Мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін
Галоўны мастак Барыс Герлаван
Загадчык музычнае часткі Уладзімер Кур’ян
Сайт http://kupalauski.by
Колішняя назва Губэрнскі тэатар,
Беларускі дзяржаўны тэатар,
Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  713Г000275

Гісторыя

рэдагаваць

Сучасны тэатар зьяўляецца спадкаёмцам колішняга Губэрнскага тэатру, у будынку якога ён цяпер месьціцца. Губэрнскі тэатар ў Менску адкрыўся 5 чэрвеня 1890 году[1].

Галоўная менская тэатральная сцэна ў той час прымала лепшыя пецярбурскія і маскоўскія трупы, цэлае сузор’е славутых артыстаў, сярод якіх М. Савіна, вучаніца М. Шчэпкіна і Г. Фядотава, знакамітыя В. Далматаў, В. Камісаржэўская, К. Варламаў, У. Давыдаў, А. Южын, М. Петыпа. Гледачам пашчасьціла стаць сьведкамі творчых пошукаў рэжысэра-наватара Ус. Мэерхольда, які ў 1908 годзе паставіў на сцэне Губэрнскага тэатру п`есу А. Блока «Балаганчык». Неаднойчы тэатар наведвалі ўкраінскія трупы М. Старыцкага, М. Крапіўніцкага, П. Саксаганскага; габрэйскія і польскія вандроўныя трупы.[1]

У часы рэвалюцыйных непакояў артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі», створанага акторам і рэжысэрам Ф. Ждановічам, прадставілі менскаму глядачу 1 траўня 1917 году «Паўлінку» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі.[1]

Урачыстае адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ) адбылося 14 верасьня 1920 году ў будынку Менскага гарадзкога тэатру. Тэатар даваў спэктаклі на трох мовах: у праграме адкрыцьця першага тэатральнага сэзону былі інсцэніроўка аповесьці Э. Ажэшкі «Рысь» у выкананьні беларускае трупы тэатру, п`еса Шолам-Алейхема «Людзі» (габрэйская трупа), «Вясельле» А. Чэхава (расейская трупа).[1] У гэтыя ж дні, 17 верасьня 1920 году, у тэатры была паказаная «Паўлінка» Я. Купалы ў пастаноўцы Ф. Ждановіча.[2]

Аснову маладога тэатру склалі акторы «Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі» пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча: І. Ждановіч, Г. Грыгоніс, Я. Міровіч, К. Саньнікаў, С. Станюта. Пляяду піянэраў купалаўскае сцэны ў хуткім часе папоўнілі Ул. Крыловіч, Л. Ржэцкая, Б. Платонаў, В. Пола, В. Галіна, Ул. Уладамірскі, М. Зораў, Г. Глебаў, С. Бірыла, Л. Рахленка. Гэтае легендарнае пакаленьне беларускіх актораў стала першымі «зоркамі» айчыннае сцэны, заснавальнікамі нацыянальнае акторскае школы.[1]

У 1921 годзе ўрад надаў тэатру званьне «Акадэмічнага». Але ў 1926 годзе тэатар стаў называцца без азначэньня «акадэмічны»: БДТ-1, бо беларускія дзяржаўныя тэатры былі таксама адкрытыя ў Віцебску (БДТ-2) і пазьней — у Гомелі (БДТ-3). У сэзоне 1926—1927 гг. у памяшканьні Чырвонае залі тэатру дзейнічала «малая сцэна», як філіял асноўнай. Яна праіснавала толькі год і выкарыстоўвалася для спэктакляў зь невялікай колькасьцю дзеючых асобаў. Тут ставіліся п`есы «Эльга» Г. Гаўптмана, «Зялёны какаду» А. Шніцлера, «Пінская шляхта» В. Дунін-Марцінкевіча. Спэктаклем «Вільгельм Тэль» Заяіцкага ў апрацоўцы Я. Міровіча тэатар у 1926 годзе заснаваў дзіцячы рэпэртуар.[1]

Напрамак і шлях разьвіцьця тэатру з 1921 па 1931 гады вызначаў мастацкі кіраўнік тэатру Я. Міровіч. Сапраўдны творчы посьпех і славу ў шырокага гледача прынесьлі яго першыя пастаноўкі «На Купальле» і «Машэка». Аднадумцам Я. Міровіча быў выхаванец праскай мастацкае школы, заснавальнік беларускае сцэнаграфіі О. Марыкс. Ён аддаваў перавагу на сцэне бутафорскім макетам, жывапісным плоскасным заднікам, стылізаваным касьцюмам. Сьвяточную экзотыку тэатральных рашэньняў у пачатку 1930-х гадоў зьмяніў суворы стыль Д. Крэйна, аскэтызм і рацыянальнасьць якога больш падыходзілі да афармленьня індустрыяльных п`есаў і сучасных драмаў аб станаўленьні маладой дзяржавы.[1]

У 1933 годзе на сцэне тэатру адбылося ўрачыстае адкрыцьцё нацыянальнага тэатру опэры і балету. У 1940 годзе тэатар узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга. У 1944 годзе тэатру нададзена імя Янкі Купалы, а ў 1955 годзе — зноў атрымаў званьне «Акадэмічны».[1]

На працягу больш чым трэці стагодзьдзя — з 1973 па 2009 год — мастацкая самабытнасьць тэатру вызначалася асобай тагачаснага мастацкага кіраўніка тэатру В. Раеўскага. Вучань Ю. Любімава і Ул. Маланкіна, В. Раеўскі прапанаваў тэатру новы стыль, заснаваны на філязофіі свабоды — свабоды перакананьняў і свабоды выяўленьня. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разьняволеная форма, вострая праблематыка пастановак спалучыліся з высокім клясычным стылем тэатру. Менавіта ў гэты пэрыяд на стыку акадэмізму і экспэрымэнту нараджаецца непаўторнасьць Купалаўскага тэатру, яго своеасаблівасьць і адметнасьць. Мэтафарычнасьць спэктакляў В. Раеўскага вызначалася яго творчым супрацоўніцтвам з мастаком Б. Герлаванам, які крочыць па шляху стылізацыі сцэнічнага асяродзьдзя і прапануе мастацкія рашэньні, у аснове якіх — адзіны маляўнічы вобраз спэктаклю, выяўленьне яго галоўнае ідэі.[1]

У 1993 годзе за высокія дасягненьні ў галіне разьвіцьця беларускае тэатральнае культуры Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прысвоіў тэатру статус «Нацыянальнага». У 2009 годзе мастацкім кіраўніком тэатру стаў Мікалай Пінігін.

Глыбокі сьлед у гісторыі тэатра пакінулі таленавітыя акторы Глеб Глебаў, Лідзія Ржэцкая, Ганна Абуховіч, Стэфанія Станюта, Уладзімер Крыловіч, Зьміцер Арлоў, Віктар Тарасаў, Зінаіда Браварская, Уладзімер Кудрэвіч, Галіна Бальчэўская, Сяргей Журавель, рэжысэры Яўсьцігней Міровіч, Леў Літвінаў, Барыс Луцэнка, Тамара Пузіноўская, Марыя Зінкевіч.

Народны артыст СССР

Народныя артысты Беларусі

Заслужаныя артысты Беларусі

Артысты

Рэпэртуар

рэдагаваць

Галоўная сцэна

рэдагаваць

Галоўная сцэна

рэдагаваць
  • «Вечар»
  • «Выкраданьне Эўропы, альбо Тэатар Уршулі Радзівіл»
  • «Вясельле»
  • «Вячэра з прыдуркам»
  • «Каханьне ў стылі барока» (прэм’ера 2003)[3]
  • «Лістапад. Андэрсэн»
  • «Людзі на балоце»
  • «Не мой»
  • «Ноч на Каляды»
  • «Пінская шляхта»

Малая сцэна

рэдагаваць
  • «Арабская ноч»
  • «Беларусь у фантастычных апавяданьнях»
  • «Востраў Сахалін»
  • «Гендэльбах»
  • «Зіма»
  • «Офіс»
  • «Старамодная камэдыя»
  • «Самотны Захад»
  • «Я не пакіну цябе»[4]

Будынак тэатра

рэдагаваць

Будынак Менскага гарадзкога тэатра стаў месцам правядзеньня некалькіх важных палітычных сходаў у першай палове XX стагодзьдзя.

2-8 сьнежня 1917 г. у будынку тэатра адбыўся I зьезд армій расейскага Заходняга фронту, у якім прынялі ўдзел 714 дэлегатаў, зь іх 473 бальшавікі. Ганаровым старшынём быў выбраны Уладзімер Ленін. У рабоце зьезда ўдзельнічалі прадстаўнікі ад цэнтральных бальшавіцкіх стурктураў Арджанікідзэ і Валадарскі. Зьезд заявіў аб прызнаньні бальшавіцкай улады ў Расеі, выбраў новае камандаваньне Заходняга фронту, у якім пануючае становішча занялі бальшавікі.

18-31 сьнежня 1917 году ў тэатры адбыўся Ўсебеларускі зьезд, прадстаўнічы агульнанацыянальны зьезд, на якім сабраліся амаль 1900 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі для абмеркаваньня будучага дзяржаўна-палітычнага статуса Беларусі і сыстэмы кіраваньня. Зьезд быў гвалтоўна разагнаны расейскімі бальшавікамі, пад чыім кантролем на той момант знаходзіўся Менск. Сфармаваная на Зьезьдзе Рада працягнула дзейнічаць у падпольлі, у лютым-сакавіку 1918 году абвесьціла пра стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, існуе па сёньняшні дзень як Рада БНР.

2—3 лютага 1919 году Часовы рабоча-сялянскі ўрад ССРБ правёў у будынку тэатра «Першы Ўсебеларускі зьезд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў», на якім 230 дэлегатаў ад бальшавіцкіх структураў зацьвердзілі першую канстытуцыю ССРБ, абвесьцілі пра ўсталяваньне фэдэратыўнай сувязі ССРБ і РСФСР, вызначылі тэрыторыю ССРБ ў складзе Менскай і Гарадзенскай губэрняў, аддаўшы Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губэрні Савецкай Расеі. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць ССРБ зь Літоўскай Савецкай Рэспублікай.

27 чэрвеня 1944 году ва ўмовах нямецкай акупацыі ў будынку тэатра адбыўся Другі Ўсебеларускі кангрэс, скліканы беларускімі грамадзка-палітычнымі сіламі, аб’яднанымі вакол Беларускай Цэнтральнай Рады. Зьезд сабраў 1039 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя раёны Беларусі, уключна зь Беласточчынай і Смаленшчынай, і беларускія згуртаваньні за мяжой. Зьезд прыняў рэзалюцыі, на якіх асуджалася савецкая і польская палітыка датычна Беларусі, пацьвярджаўся статус Беларусі як незалежнай дзяржавы, а таксама абвяшчалася пра БЦР як часовы найвышэйшы беларускі дзяржаўны орган.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е ё ж з Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы вэб-старонка тэатру Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Беларускі тэатр імя Янкі Купалы». — С. 80—82.
  3. ^ Фядута А. Грахвыня, мне прысьніліся вашыя ногі: (рэцэнзія) // Наша Ніва on-line: Культура / 15:09, 11 красавіка 2008 — Эл.рэсурс nn.by
  4. ^ Фядута А. Лістападаўскі джаз: (рэцэнзія) // Наша Ніва on-line: Культура / 15:17, 25 красавіка 2008(недаступная спасылка) — Эл.рэсурс nn.by

Літаратура

рэдагаваць
  • Няфёд, Ул. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. — Мн., 1970.
  • Тэатральная Беларусь : Энцыклапедыя: У 2 т. Т.2./ Пад агул. рэд. А.Сабалеўскага. — Мн. : Бел. Энцыкл., 2003. ISBN 985-11-0254-7.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Беларускі тэатр імя Янкі Купалы» / Аўтар — Т.Гаробчанка. — С. 80—82.
  • Есакоў, А. Янка Купала і беларускі тэатр. — Мн., 1972.
  • Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць