Усебеларускі зьезд Саветаў

вярхоўны дзяржаўны орган заканадаўчай улады Беларускай ССР у 1919—1937 гадах

Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д. / 53.89583; 27.545

Усебелару́скі зьезд Саве́таў — вярхоўны дзяржаўны орган заканадаўчай улады Беларускай ССР у 1919—1937 гадах.

Усебеларускі зьезд Саветаў
Абрэвіятура УБЗС
Папярэднік Зьезд Саветаў Заходняй вобласьці
Наступнік Вярхоўны Савет БССР
Дата ўтварэньня 2 лютага 1919 (105 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 19 лютага 1937 (87 гадоў таму)
Тып заканадаўчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта кіраваньне палітыкай і народнай гаспадаркай
Штаб-кватэра Дом ураду (Менск)
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларуская ССР
Афіцыйныя мовы беларуская
Асноўныя асобы Аляксандар Чарвякоў
Зьвязаныя кампаніі Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, Савет народных камісараў БССР
Колькасьць супрацоўнікаў 843 дэлегаты (1936 год)
Колішняя назва Зьезд Саветаў Беларусі (да 11 красавіка 1927 г.)

Склікаўся Цэнтральным выканаўчым камітэтам БССР (ЦВК), склад якога выбіраў. Кіраваў зьнешняй і ўнутранай палітыкай. Зацьвярджаў і дапаўняў Канстытуцыю. Усталёўваў дзяржаўныя межы і адміністрацыйны падзел. Ухваляў пляны разьвіцьця народнай гаспадаркі і бюджэт. Наглядаў за працай ЦВК, Савету народных камісараў і народных камісарыятаў БССР. Агулам адбылося 12 Усебеларускіх зьездаў Саветаў[1].

Утварэньне і паўнамоцтвы рэдагаваць

3 лютага 1919 году 1-ы Ўсебеларускі зьезд Саветаў зацьвердзіў Канстытуцыю ССРБ, у 6-м артыкуле якой абвяшчалася, што «вярхоўная ўлада ў Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусі належыць зьезду Саветаў Беларусі». Канстытуцыя ССРБ зьмяшчала 2-і разьдзел «Канструкцыя савецкай улады» аб зьезьдзе Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі, які налічваў 6 артыкулаў (17—22). Паводле 18-га артыкула, «Зьезд Саветаў Беларусі склікаецца Цэнтральным выканаўчым камітэтам (ЦВКБ) не радзей за 2 разы ў год». Згодна з 20-м артыкулам «Зьезд Саветаў абірае ЦВКБ лікам ня больш за 50 чалавек». Пры гэтым у 21-м артыкуле прадугледжвалася, што «ЦВК Беларусі цалкам адказны перад зьездам Саветаў Беларусі». 17 сьнежня 1920 году 2-і Ўсебеларускі зьезд Саветаў ухваліў дапаўненьня да Канстытуцыі ССРБ, паводле якіх «Зьезд Саветаў Беларусі складаецца з прадстаўнікоў гарадзкіх Саветаў у разьліку 1 дэпутат ад 2000 выбарцаў і ад валасных і павятовых зьездаў у разьліку 1 дэпутат на 10 000 жыхароў». Пры гэтым «гарады, якія ня маюць Саветаў, або дзе паводле тэхнічных абставінаў нельга дакладна падлічыць лік выбарцаў, абіраюць, як ад зьездаў, то бок 1 дэлегат на 10 000 жыхароў. Зьезд Саветаў Беларусі склікаецца ЦВК Беларусі паводле яго справаздачы або на патрабаваньне Саветаў мясцовасьцяў, якія налічваюць 2/3 усяго насельніцтва»[2].

11 красавіка 1927 году 8-ы Ўсебеларускі зьезд Саветаў зацьвердзіў Асноўны закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, у 5-м артыкуле якога згадавалася, што «ніякія органы, акрамя Ўсебелеарускага Зьезду Саветаў, ЦВК БССР, яго Прэзыдыюма і Савета народных камісараў, ня маюць права выдаваць заканадаўчыя акты агульнадзяржаўнай значнасьці на тэрыторыі БССР». Паводле 21-га артыкула, «за ўсімі грамадзянамі Беларускай ССР прызнаецца права вольнага карыстаньня роднай мовай на зьездах». Асноўны закон БССР зьмяшчаў 2-ю главу «Аб прадметах вядзеньня Ўсебеларускага Зьезду Саветаў і ЦВК БССР» у складзе 24 і 25 артыкулаў. Згодна з 24-м арыкулам «выключнаму вядзеньню Ўсебеларускага Зьезду Саветаў падлягае: а) усталяваньне, дапаўненьне і зьмяненьне асноўных пачаткаў Асноўнага Закону БССР і канчатковае зацьвярджэньне частковых зьмяненьняў у Канстытуцыі БССР, прынятых ЦВК БССР у пэрыяд між Усебеларускімі Зьездамі Саветаў; б) вырашэньне ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй СССР пытаньняў аб зьмяненьні межаў БССР». У 25-м артыкуле згадвалася, што «вядзеньню Ўсебеларускага Зьезду Саветаў і ЦВК Саветаў БССР падлягаюць пытаньні агульнадзяржаўнай значнасьці, як-то:

  • а) агульнае кіраваньне ўсёй палітыкай і народнай гаспадаркай БССР;
  • б) адміністрацыйны падзел тэрыторыі БССР;
  • в) усталяваньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам СССР пляну ўсёй народнай гаспадаркі і асобных яе галінаў на тэрыторыі БССР;
  • г) усталяваньне ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і заканадаўствам СССР дзяржаўных і мясцовых падаткаў, збораў і непадатковых даходаў, а таксама заключэньне зьнешніх і ўнутраных пазыкаў БССР;
  • д) зацьвярджэньне кодэксаў законаў БССР у адпаведнасьці з Канстытуцыяй СССР;
  • е) права агульнай і прыватнай амністыяў, а таксама права рэабілітацыі на тэрыторыі БССР, асобаў, асуджаных судовымі і адміністрацыйнымі органамі БССР;
  • ж) скасаваньне пастановаў акруговых зьездаў саветаў, якія парушаюць гэтую Канстытуцыю або пастановы вярхоўных органаў БССР;
  • з) вырашэньне ўсіх пытаньняў, не аднесеных паводле Канстытуцыі СССР да кампэтэнцыі Саюзу, якія Ўсебеларускі Зьезд Саветаў або ЦВК БССР прызнае падлеглым свайму вырашэньню»[3].

Асноўны закон БССР 1927 году таксама зьмяшчаў 3-ю главу «Аб Усебеларускім Зьезьдзе Саветаў» у складзе 5 артыкулаў (26—30). Паводле 26-га артыкула, «калі акруговы зьезд саветаў не папярэднічае Ўсебеларускага Зьезду Саветаў дэпутаты абіраюцца непасрэдна раённымі зьездамі саветаў». Згодна з 28-м артыкулам «Усебеларускі Зьезд Саветаў (УБЗС) склікаецца ЦВК БССР не радзей за 1 раз у 2 гады». У 29-м артыкуле прадугледжвалася, што «надзвычайны УБЗС склікаецца ЦВК БССР як на ўласны пачын, гэтак і на патрабаваньне саветаў або зьездаў саветаў мясцовасьцяў, якія налічваюць ня менш за 1/3 усяго насельніцтва БССР». Паводле 30-га артыкула, «УБЗС абірае прадстаўнікоў у Савет нацыянальнасьцяў ЦВК СССР». Згодна з 42-м артыкулам «Савет народных камісараў адказны перад УБЗС і ЦВК БССР»[3].

Гісторыя рэдагаваць

13 сьнежня 1920 году пачаў працу 2-і Ўсебеларускі зьезд Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. На Зьезьдзе зацьвердзілі дапаўненьні да Канстытуцыі ССРБ 1919 году і папярэднюю мірную дамову між Польшчай і Расейскай СФСР пра падзел Беларусі. Таксама Зьезд выказаўся за перавод дзяржаўных установаў на беларускую мову, што распачало беларусізацыю[4].

Даты Делегатаў
(вырашальных)
Пастановы
1 2—3 лютага 1919 г. 230 Канстытуцыя ССРБ 1919 году
2 13—17 сьнежня 1920 г.  202 Утвораны Савет народных камісараў БССР[5]
3 10—16 сьнежня 1921 г.  183 Рэзалюцыя аб пашырэньні беларускай школы на вёсцы[6]
4 14—18 сьнежня 1922 г.  250 Пастанова «Аб утварэньні СССР» і Канстытуцыя СССР[7]
5 9—15 студзеня 1924 г.  236 Пастанова «Аб уступленьні БелССР у СССР» і праект Канстытуцыі СССР[8]
6 13—16 сакавіка 1924 г.  249 Рэзалюцыя аб ліквідацыі непісьменнасьці і адмена сумяшчэньня пасады старшыні ЦВК і СНК[9]
7 4—9 траўня 1925 г.  525 Ухвала беларусізацыі і дазвол найму ў вёсцы[10]
8 5—12 красавіка 1927 г.  676 Далучэньне Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, Канстытуцыя БССР 1927 году[11]
9 8—15 траўня 1929 г.  559 Пастановы аб калектывізацыі сялянскіх гаспадарак і аб беларусізацыі Беларускай вайсковай акругі[12]
10 20—28 лютага 1931 г.  677 Пастановы аб барацьбе з кулацтвам і аб культурнай рэвалюцыі[13]
11 14—22 студзеня 1935 г.  787 Дзяржаўны плян разьвіцьця жывёлагадоўлі і абавязковасьць заканадаўства СССР[14]
12 20—23 лістапада 1936 г.,
15—19 лютага 1937 г.
 843 Праект Канстытуцыі СССР 1936 году і Канстытуцыя БССР 1937 году[15]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ З'езд Саветаў БССР // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 440. — 527 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0141-2
  2. ^ Канстытуцыя 1919 году (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 14 сьнежня 2020 г.
  3. ^ а б Аляксандар Чарвякоў, Зьміцер Чарнушэвіч. Канстытуцыя 1927 году (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 14 сьнежня 2020 г.
  4. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 235 (27600). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Другі Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 287-288. — 527 с.
  6. ^ Аляксандра Гесь, Соф’я Самуэль. Трэці Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 17-18. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN ISBN 985-11-0263-6
  7. ^ Ігар Яцкевіч. Чацвёрты Ўсебеларускі з'езд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак. — С. 161-162. — 616 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0276-8
  8. ^ Соф’я Самуэль. Пяты Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 174-175. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  9. ^ Ігар Яцкевіч. Шосты Ўсебеларускі з'езд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак. — С. 228. — 616 с.
  10. ^ Ігар Яцкевіч. Сёмы Ўсебеларускі з'езд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — С. 295-296. — 591 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0214-8
  11. ^ Міхаіл Касьцюк. Пяты Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — С. 278. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  12. ^ Міхась Касьцюк. Дзевяты Ўсебеларускі з'езд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 223. — 527 с.
  13. ^ Ігар Яцкевіч. Дзесяты Ўсебеларускі з'езд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак. — С. 377. — 616 с.
  14. ^ Міхаіл Касьцюк. Адзінаццаты Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 108. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
  15. ^ Міхась Касьцюк. Дванаццаты Ўсебеларускі зьезд Саветаў // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 214. — 527 с.