Кот д’Івуар
Рэспубліка Кот д’Івуар (па-француску: République de Côte d’Ivoire) — краіна на паўднёвым узьбярэжжы Заходняй Афрыкі, якая мае выхад да Гвінэйскай затокі. Мяжуе з Гвінэяй на паўночных захадзе (610 км), Лібэрыяй на захадзе (716 км), Малі на паўночным захадзе (532 км), Буркіна-Фасо на паўночным усходзе (584 км) і Ганай на ўсходзе (668 км). З поўдня абмываецца Гвінэйскай затокай Атлянтычнага акіяну. Сталіцай краіны ёсьць места Ямусукра, якое месьціцца ў цэнтры краіны, але найбуйнейшым горадам і эканамічным цэнтрам зважаецца партовы горад Абіджан. Маючы 30,9 мільёнаў жыхароў у 2023 годзе, Кот д’Івуар ёсьць трэцяй паводле колькасьці насельніцтва краінай у Заходняй Афрыцы[8]. Афіцыйны статус мае француская мова, але таксама шырока выкарыстоўваюцца мовы карэнных народаў, якіх налічваецца блізу 78-і. Краіна мае рэлігійна разнастайнае насельніцтва, то бок тут ёсьць вернікі ісламу, хрысьціянства і традыцыйных веравызнаньняў[9][10].
Кот д’Івуар | |||||
па-француску: République de Côte d'Ivoire | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн Песьня Абіджану | |||||
Дата заснаваньня: | 1960 | ||||
Афіцыйная мова: | француская мова[1] | ||||
Сталіца: | Ямусукра | ||||
Форма кіраваньня: | рэспубліка | ||||
прэзыдэнт Кот д’Івуару[d]: | Алясан Уатара[d] | ||||
прэм’ер-міністар Кот-д’Івуару[d]: | Рабэр Бэгрэ Мамбэ[d] | ||||
Заканадаўчы орган: | парлямэнт Кот д’Івуару[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | |||||
Валюта: | заходнеафрыканскі франк[d] | ||||
СУП (2023) | |||||
па ППЗ: | 202,647 млрд $[3] | ||||
па ППЗ на душу насельніцтва: | 6 960 $[3] | ||||
намінальны: | 79,430 млрд $[3] | ||||
намінальны на душу насельніцтва: | 2 728 $[3] | ||||
Індэкс дэмакратыі: | 4,11[4] | ||||
Каэфіцыент Джыні: | 37,2[5] | ||||
ІРЧП: | 0,55[6] | ||||
Часавы пас: | UTC+0 і Афрыка/Абіджан[d][7] | ||||
Аўтамабільны знак: | CI | ||||
Бок аўтамабільнага руху: | праваруч | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню: | .ci | ||||
Тэлефонны код: | +225 | ||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
gouv.ci |
Да сваёй калянізацыі на тэрыторыі сучаснай краіны існавалі некалькі дзяржаваў. Тэрыторыя стала пратэктаратам Францыі ў 1843 годзе, а ў 1893 годзе Кот д’Івуар афіцыйна стаў калёніяй Францыі. Сваю незалежнасьць краіна здабыла ў 1960 годзе, якую ачольваў Фэлікс Уфуэ-Буаньі, які кіраваў краінай ажно да 1993 году. Адносна стабільны паводле рэгіянальных крытэрам Кот д’Івуар усталяваў цесныя палітычна-эканамічныя сувязі з сваімі заходнеафрыканскімі суседзямі, падтрымліваючы пры гэтым шчыльныя дачыненьні з Захадам, асабліва з Францыяй. Пасьля дзяржаўнага перавароту 1999 году краіна трапіла ў час нестабільнасьці, пракрочыўшы праз дзьве грамадзянскія вайны. Новая канстытуцыя была укаранёная ў 2016 годзе[11].
Кот д’Івуар зважаецца рэспублікай з моцнай выканаўчай уладай, якая належыць прэзыдэнту. Дзякуючы вытворчасьці кавы і какава, краіна квітнела ў 1960-я і 1970-я гады, але затым зьведала моцны эканамічны крызіс у 1980-х гадах, які зрабіў значны ўнёсак у наступныя палітычныя і сацыяльныя ўзрушэньні. З 2012 па 2023 гады эканоміка расла ў сярэднім на 7,1% у год, што паставіла дзяржаву на другое месца паводле хуткасьці тэмпу эканамічнага росту ў Афрыцы і чацьверты радок паводле гэтага паказьніку ў сьвеце[12]. Не зважаючы на гэта, паводле апошняй апытанкі 2016 году, 46,1% насельніцтва па-ранейшаму пакутуюць ад мнагамернай беднасьці[13]. Эканоміка па-ранейшаму ў значнай ступені залежыць ад сельскай гаспадаркі, дзе пераважае дробная таварная вытворчасьць[14].
Гісторыя
рэдагавацьСтаражытнасьць
рэдагавацьНа тэрыторыі сучаснага Кот д’Івуару ў 1 тысячагодзьдзі зьявіліся першыя людзі. Першапачаткова гэта былі плямёны пігмэяў, потым зьявіліся і іншыя народы.
Даісламскі і ісламскі час
рэдагавацьПершыя гістарычныя запісы зьявіліся ў хроніках паўночнаафрыканскіх (бэрбэрскіх) гандляроў, якія з раньніх рымскіх часоў вялі караванны гандаль сольлю, рабамі, золатам і іншымі таварамі праз Сахару[15]. Гэтыя транссахарскія гандлёвыя шляхі сканчваліся на ўскрайку пустэльню, а адтуль дадатковы гандаль ужо меў распаўсюд на поўдзень ажно да паўднёвых ускрайкаў трапічнага лесу[15]. Найбольш важнымі гандлёвымі пунктамі былі Джэннэ, Гао і Тымбукту, якія пазьней ператварыліся ў буйныя гандлёвыя цэнтры, вакол якіх зьвявіліся вялікія імпэрыі[15]. Маючы кантроль над гандлёвымі шляхамі дзякуючы вайсковым сілам, гэтыя імпэрыі дамінавалі над суседнімі дзяржавамі[15]. Яны таксама сталі цэнтрамі ісламскай адукацыі[15]. Іслам атрымаў распаўсюд праз бэрбэраў[15]. Кіраўнікі імпэрыяў навярнуліся ў іслам з XI стагодзьдзя[15]. Ганская імпэрыя, самая ранішняя з такіх імпэрыяў, квітнела паміж IV і XIII стагодзьдзямі. Тэрыторыя гэтай дзяржавы ахоплівала сучасны паўднёвы ўсход Маўрытаніі і поўдзень Малі[15]. На піку сваёй магутнасьці ў XI стагодзьдзі ейная ўлада распасьціраліся ад Атлянтычнага акіяну да Тымбукту[15]. Пасьля заняпаду Ганы першынство захапіла Малійская імпэрыя, ператварыўшуюся на магутную мусульманскую дзяржаву, якая дасягнула свайго апагею ў пачатку XIV стагодзьдзя[15]. Тэрыторыя імпэрыі ў Кот д’Івуары была абмежаваная паўночна-заходнім кутом сучаснай краіны вакол гораду Адыенэ[15]. Павольны заняпад Малі, які пачаўся ў канцы XIV стагодзьдзя, рушыў усьлед за нутранымі рознагалосьсямі і паўстаньнямі васальных дзяржаваў.
Да прыбыцьця эўрапейцаў у раньні Новы час на тэрыторыі сучаснай дзяржавы квітнелі пяць дзяржаваў[16]. Мусульманская імпэрыя Конг была створаная народам д’юла ў пачатку XVIII стагодзьдзя ў паўночна-цэнтральным рэгіёне, населеным сэнуфа, якія пазьбеглі ісламізацыі падчас існаваньня Малійскай імпэрыі[16]. Не зважаючы на тое, што Конг стаў квітнеючым цэнтрам сельскай гаспадаркі, гандлю і рамёстваў, этнічная разнастайнасьць і рэлігійныя рознагалосьсі паступова аслабілі каралеўства[17]. У 1895 годзе горад Конг быў разрабаваны і заваяваны Саморы Турэ з імпэрыі Васулу[17].
Абронскае каралеўства Джаман было заснаванае ў XVII стагодзьдзі, групай народаў аканаў і абронаў, якія не пажадалі ствараць канфэдэрацыю з народам ашанці, якая паўстала на тэрыторыі сучаснай Ганы[17]. З свайго цэнтру на поўдзень ад Бандуку аброны паступова пашырылі сваю гегемонію над д’юламі ў Бандуку[17]. У выніку горад пераўтварыўся ў буйны цэнтар гандлю і ісламу[17]. Ісламскія школы прыцягвалі сюды навучэнцаў з усіх частак Заходняй Афрыкі[17]. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя ва ўсходняй частцы сучаснага Кот д’Івуару і на ўзьбярэжжы іншыя групы аканаў стварылі іншае каралеўства з сталіцай ў Сакасу. Таксама паўсталі каралеўствы Індэнье і Санві[17]. Канчаткова гэтыя дзяржавы распаліся на больш дробныя ўтварэньні на чале з правадырамі[17]. Не зважаючы на здрабненьне, народы баўле ў далейшым рашуча супрацьстаялі францускаму падпарадкаваньню[17].
Эўрапейскае панаваньне
рэдагавацьПершыя эўрапейцы зьявіліся на ўзьбярэжжы ў XV стагодзьдзі. У параўнаньні з суседняй Ганай, Кот д’Івуар, хоць і практыкаваў рабства і набегі дзеля захопу рабоў, ён мала пацярпеў ад гандлю рабамі[18]. Эўрапейскія рабскія і гандлёвыя судны аддавалі перавагу іншым раёнам Афрыкі ўздоўж узьбярэжжа[18]. Самае раньняе эўрапейскае падарожжа ў Заходнюю Афрыку, якое было дакумэнтальна зафіксаванае, было зьдзейсьненае партугальцамі ў 1482 годзе.
Акрамя іх, сярод першых эўрапейцаў былі галяндцы і датчане. Першае заходнеафрыканскае францускае паселішча, Сэн-Люі, было закладзенае ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў Сэнэгале, у той жа час галяндцы саступілі французам паселішча на востраве Гарэ ля Дакару[19]. Француская місія была створана ў 1687 годзе ў Асыні ля мяжы з Залатым Берагам (цяпер Гана)[19]. У гэты час эўрапейцы згарнулі мясцовую практыку рабства і забаранілі гандаль рабамі сваім купцам.
Калянізацыя пачалася з прыходам у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя французаў. У 1843—1844 гадах францускі адмірал Люі Эдуар Буэ-Вілямэ склаў дамовы з уладарамі рэгіёнаў Гран-Басам і Асыні, што ўлучыла іхныя тэрыторыі пад пратэктарат Францыі[20]. Францускія дасьледнікі, місіянэры, гандлёвыя кампаніі і жаўнеры паступова пашыралі тэрыторыю пад францускім кантролем углыб краіны ад лягуны[19][20]. Актыўнасьць уздоўж узьбярэжжа стымулявала цікавасьць эўрапейцаў да нутраных рэгіёнаў, асабліва ўздоўж дзьвюх вялікіх рэкаў — Сэнэгалу і Нігеру[19]. Узгодненае францускае дасьледаваньне Заходняй Афрыкі пачалося ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, але рухалася павольна, бо абапіралася на індывідуальную ініцыятыву, чымсьці на дзяржаўную палітыку[19]. У 1840-я гады французы склалі сэрыю пагадненьняў зь мясцовымі правадырамі Заходняй Афрыкі, якія дазволілі чужынцам пабудаваць уздоўж Гвінэйскай затокі ўмацаваныя пункты, якія таксама былі цэнтрамі гандлю[19]. Яны вывозілі адсюль дыямэнты, золата, каву і какава. Францускі ўрад падтрымліваў гэтыя дамовы, спадзеючыся пашырыць гандаль[19]. Таксама Францыя была зацікаўленая ў сваёй прысутнасьці ў рэгіёне, бо прагнула спыніць пашырэньне уплыву брытанцаў на ўзьбярэжжы Гвінэйскай затокі[19].
Параза Францыі ў Франка-прускай вайне 1871 году і наступная анэксія Нямеччынай францускай правінцыі Эльзас-Лятарынгія першапачаткова змусілі францускі ўрад адмовіцца ад сваіх каляніяльных амбіцыяў і вывесьці свае вайсковыя гарнізоны з гандлёвых пунктаў у Заходняй Афрыцы, пакінуўшы іх пад апекай купцоў-рэзыдэнтаў[19].
Француская калёнія
рэдагавацьДа канца 1880-х гадоў Францыя ўсталявала кантроль над прыбярэжнымі рэгіёнамі, а ў 1889 годзе Вялікабрытанія прызнала сувэрэнітэт Францыі ў гэтым рэгіёне[21]. У тым жа годзе Францыя прызначыла Марсэля Трэш-Ляплена тытулярным губэрнатарам тэрыторыі[21]. У 1893 годзе Бераг Слановай Косьці стаў францускай калёніяй з сталіцай у Гран-Басаме, а капітан Люі-Гюстаў Бэнжэ быў прызначаны губэрнатарам[21]. Пагадненьні зь Лібэрыяй у 1892 годзе і зь Вялікабрытаніяй у 1893 годзе вызначылі ўсходнія і заходнія межы калёніі, але паўночная мяжа не была замацавана ажно да 1947 году праз намаганьні францускага ўраду далучыць частку Верхняй Вольты (сучасная Буркіна-Фасо) і Францускі Судан (сучасная Малі) да Берагу Слановай Косьці з эканамічных і адміністрацыйных чыньнікаў[21].
Галоўнай мэтай Францыі было стымуляваньне вытворчасьці на экспарт. Неўзабаве ўздоўж узьбярэжжа пачалі высаджваць каву і какава. Бераг Слановай Косьці вылучаўся як адзіная заходнеафрыканская краіна са значнай колькасьцю эўрапейскіх пасяленцаў, якія пераважна былі занятыя ў бюракратычным апараце. У выніку францускія грамадзяне валодалі адной трацінай плянтацыяў какава, кавы і бананаў. Была распрацаваная мясцовая сыстэма прымусовай працы. Цягам першых гадоў францускага панаваньня францускія вайсковыя кантынгенты занурваліся ўглыб кантынэнту дзеля стварэньня новых фарпостаў[21]. Афрыканскае насельніцтва супраціўлялася эўрапейскаму пранікненьню і засяленьню нават у тых рэгіёнах, дзе дзеялі дамовы аб абароне з чужынцамі[21]. Сярод тых, хто зладзіў найбольшы супраціў, быў Саморы Турэ, які ў 1880-х і 1890-х гадах ствараў уласную імпэрыю Васулу, якая займала тэрыторыі на значных частках земляў сучасных Гвінэі, Малі, Буркіна-Фасо і Кот д’Івуару[21]. Вялікая і добра абсталяваная армія Турэ, якая магла самастойна вырабляць і рамантаваць агняпальную зброю, магла чыніць супраць і мела падтрымку сярод тубыльных жыхароў рэгіёну[21]. Французы адказалі на гэта экспансіяй і ціскам[21]. Французскія кампаніі супраць Турэ, якія сустрэлі жорсткі супраціў, узмацніліся ў сярэдзіне 1890-х гадоў, пакуль правадыр ня быў схоплены ў 1898 годзе. Пасьля гэтага магутная імпэрыя была скараная[21].
Увядзеньне Францыяй падушнага падатку ў 1900 годзе дзеля падтрымкі праграмы грамадзкіх работаў у калёніі выклікала пратэсты[22]. Мясцовыя жыхары, асабліва ва ўнутраных раёнах, палічылі гэта зьневажальным сымбалем падпарадкаваньня[22]. У 1905 годзе французы афіцыйна адмянілі рабства на большай частцы Францускай Заходняй Афрыкі[23]. З 1904 па 1958 гады Кот д’Івуар быў часткай фэдэрацыі Францускай Заходняй Афрыкі [20]. Бераг Слановай Косьці пераўтварыўся ў значнага вытворцу кавы і какава для Францыі. У 1934 годзе горад Абіджан быў абвешчаны сталіцай калёніі. Француская каляніяльная палітыка палягала на канцэпцыі асыміляцыі і асацыяцыі[24]. Грунтуючыся на меркаванай перавазе францускай культуры, на практыцы асыміляцыйная палітыка азначала распаўсюд на калёніі францускай мовы, установаў, законаў і звычаяў[24]. Палітыка аб’яднаньня таксама зацьвярджала перавагу французаў у калёніях, але прадугледжвала розныя інстытуты і сыстэмы законаў для калянізатараў і калянізаваных[24]. Карэнная эліта, навучаная францускім практыкам, утварыла пасярэдніцкую групу паміж французамі і афрыканцамі[24]. Пасьля 1930 году невялікая колькасьць вэстэрнізаваных івуарыйцаў атрымала права падаць заяўку на атрыманьне францускага грамадзянства[24], але большасьць івуарыйцаў, аднак, былі клясыфікаваныя як падданыя Францыі і кіраваліся паводле прынцыпу асацыяцыі[24]. Згодна з гэтай палітыкай, афрыканцам у Кот д’Івуары было дазволена захоўваць свае ўласныя звычаі, але калі яны былі сумяшчальныя з францускім інтарэсам[24].
Да 1958 году губэрнатары, прызначаныя ў Парыжы, кіравалі калёніяй, карыстаючы сыстэму наўпроставага цэнтралізаванага кіраваньня, якая амаль не дазваляла тубыльцам браць удзел у кіраваньні палітыкай[24].
Здабыцьцё незалежнасьці
рэдагавацьПасьля працяглага пэрыяду барацьбы за незалежнасьць, у 1957 годзе Францыя перадала калёніі ў мясцовае самакіраваньне. А 7 жніўня 1960 году была абвешчана незалежнасьць рэспублікі. Тым ня менш, краіна заставалася сыравінным прыдаткам Францыі.
Да 1960 году краіна была найбольш разьвітой у Францускай Заходняй Афрыцы, даючы больш за 40% агульнага экспарту рэгіёну. Калі Фэлікс Уфуэ-Буаньі стаў першым прэзыдэнтам краіны, ягоны ўрад даў фэрмэрам добрыя цэны на іхную прадукцыю, каб яшчэ больш стымуляваць вытворчасьць, што яшчэ больш павялічыла міграцыю рабочых з навакольных краінаў. Вытворчасьць кавы значна павялічылася, вывеўшы Кот д’Івуар на трэцяе месца ў сьвеце пасьля Бразыліі і Калюмбіі. Да 1979 году краіна была вядучым сусьветным вытворцам какавы. Дзяржава была вядучым у Афрыцы экспартэрам ананасаў і пальмавага алею. У гэтак званы «івуарыйскі цуд» зрабіла значны ўнёсак палітыка да пазасталых эўрапейцаў. Калі ў іншых афрыканскіх краінах тубыльцы пачалі выганяць эўрапейцаў па здабыцьці незалежнасьці, у Кот д’Івуары эўрапейцы наадварот эмігравалі сюды. Француская суполка ўзрасла з усяго 30 тысяч чалавек да незалежнасьці да 60 тысяч чалавек у 1980 годзе, большасьць зь іх былі настаўнікамі, кіраўнікамі і дарадцамі[25]. Цягам 20 гадоў эканоміка падтрымлівала штогадовыя тэмпы росту амаль на роўні 10% — гэта найвышэйшы паказьнік сярод краінаў Афрыкі, якія не экспартуюць нафту.
Аднапартыйнае кіраваньне Ўфуэ-Буаньі не дазваляла палітычнай канкурэнцыі. Ляран Гбагбо, які стаў прэзыдэнтам Кот д’Івуару ў 2000 годзе, у 1980-х гадах быў вымушаны бегчы з краіны пасьля таго, як выклікаў гнеў Уфуэ-Буаньі, заснаваўшы Івуарыйскі народны фронт (ІНФ)[26]. Уфуэ-Буаньі рабіў стаўку на сваю шырокую прывабнасьць сярод насельніцтва, якое працягвала абіраць яго. Тым ня менш, была крытыка кіраўніка дзяржавы з нагоды марнаваньня мільёнаў даляраў, выдаткаваных на ператварэньне ягонай роднай вёскі, Ямусукра, у новую палітычную сталіцу. Іншыя ж падтрымлівалі ягонае памкненьне стварыць цэнтар міру, адукацыі і рэлігіі.
У 1980-я гады засуш, а таксама неспрыяльная каньюнктура на сусьветным рынку прывялі да значнага эканамічнага спаду. Залішняя высечка драўніны і абвал коштаў на цукар прывялі да таго, што замежная запазычанасьць краіны павялічылася ў тры разы. Злачыннасьць рэзка павысілася ў Абіджане, паколькі наплыў вяскоўцаў пагоршыў стан зь беспрацоўем, выкліканым рэцэсіяй[27]. У 1990 годзе сотні дзяржаўных служачых абвесьцілі забастоўку, да іх далучыліся студэнты, якія пратэставалі супраць інстытуцыйнай карупцыі. Хваляваньні прымусілі ўрад падтрымаць пераход да шматпартыйнай дэмакратыі. Уфуэ-Буаньі страціў сваю палітычную вагу ды памёр у 1993 годзе. Перад сьмерцю ён абвесьціў Анры Канан Бэд’е сваім пераемнікам. У 1990-я гады былі праведзеныя эканамічныя рэформы, якія не змаглі спыніць сацыяльную напружанасьць. Бэд’е ўзмацніў кантроль над палітычным жыцьцём, кінуўшы за краты некалькі сотняў прыхільнікаў апазыцыі.
25 сьнежня 1999 году ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, у выніку чаго да ўлады прыйшоў генэрал Рабэр Геі. Бэд’е зьбег у эміграцыю ў Францыю. Новае кіраўніцтва скараціла злачыннасьць і карупцыю, а генэралы запатрабавалі жорсткай эканоміі і агітавалі на вуліцах за спыненьне марнатраўнага жыцьця грамадзтва. Былі прызначаныя прэзыдэнцкія выбары, якія ладзіліся ў кастрычніку 2000 году. На іх перамогу атрымаў Ляран Гбагбо, які здолеў абысьці генэрала Геі, аднак апошні не пагадзіўся з вынікамі выбараў і адмовіўся аддаваць уладу. Пасьля паўстаньня, у выніку якога загінула каля 180 чалавек, Геі быў адхілены ад улады, а кіраўніком стаў Гбагбо. Яшчэ адзін супернік хунты Алясан Уатара быў адхілены ад выбараў Вярхоўным судом празь ягонае меркаванае буркінійскае грамадзянства.
Грамадзянскія войны
рэдагавацьУ першай палове дня 19 верасьня 2002 году, калі Гбагбо знаходзіўся ў Італіі, адбылося ўзброенае паўстаньне. Войскі, якія мусілі былі быць дэмабілізаваныя, узбунтаваліся, распачаўшы напады на некалькі гарадоў. Бой за галоўныя казармы жандармэрыі ў Абіджане працягваўся да сярэдзіны раніцы, але да абеду ўрадавыя войскі замацаваліся ў горадзе. Аднак, яны страцілі кантроль над поўначчу краіны, такім чынам, паўстанцы замацаваліся ў паўночным горадзе Буаке. Паўстанцы пагражалі зноў рушыць на Абіджан, але Францыя разгарнула войскі з сваёй базы ў краіне, каб спыніць іхнае прасоўваньне. У краіне ўспыхнула грамадзянская вайна паміж палітычнымі групоўкамі поўначы і поўдня краіны. У студзені 2003 году Гбагбо і лідэры паўстанцаў склалі ўгоду аб стварэньні ўраду нацыянальнага адзінства, але ён апынуўся нестабільным. Не зважаючы на тое, што сілы міратворцаў ААН былі разгорнутыя дзеля падтрыманьня зоны замірэньня, стасункі паміж Гбагбо і апазыцыяй працягвалі пагаршацца. У пачатку лістапада 2004 году, пасьля таго, як мірнае пагадненьне фактычна развалілася праз тое, што паўстанцы адмовіліся раззброіцца, Гбагбо загадаў нанесьці авіяўдары па паўстанцам. Падчас аднаго з гэтых налётаў у Буаке былі забітыя францускія жаўнеры. Вясной 2007 году атрымалася дасягнуць мірнага пагадненьня. Прэм’ер-міністрам краіны стаў прадстаўнік паўстанцаў Гіём Саро, але Гбагбо ўмацаваў свае пазыцыі, захаваўшы пасаду прэзыдэнта.
Прэзыдэнцкія выбары, якія павінны былі быць арганізаваныя ў 2005 годзе, былі адкладзеныя да лістапада 2010 году. Папярэднія вынікі паказалі паразу Гбагбо на карысьць былога прэм’ер-міністра Уатары[28]. Кіроўная ІНФ аспрэчыла вынікі перад Канстытуцыйнай радай, абвінаваціўшы ў масавым махлярстве ў паўночных дэпартаментах, якія кантраляваліся паўстанцамі. Гэтыя абвінавачваньні былі аспрэчаныя назіральнікамі ад ААН, але не назіральнікамі Афрыканскага зьвязу. Паведамленьне аб выніках прывяло да моцнай напружанасьці і гвалтоўных інцыдэнтаў. Канстытуцыйная рада, якая складалася з прыхільнікаў Гбагбо, абвесьціла вынікі сямі паўночных дэпартамэнтаў незаконнымі і што Гбагбо здабыў перамогу ў выбарах з вынікам у 51% галасоў. Аднак, выбарчая камісія аб’явіла аб перамозе Ўатары з колькасьцю галасоў у 54%[28]. Пасьля інаўгурацыі Гбагбо, Уатара, якога большасьць краінаў сьвету і ААН прызналі пераможцам, арганізаваў альтэрнатыўную інаўгурацыю. Гэтыя падзеі выклікалі засьцярогі ўзнаўленьня грамадзянскай вайны. Тысячы уцекачоў зьбеглі з краіны[28]. Пасярэднікам выступіў Афрыканскі зьвяз, які накіраваў у Кот д’Івуар былога прэзыдэнта ПАР Таба Мбэкі дзеля ўлагоджаньня канфлікту. Рада Бясьпекі ААН выдала рэзалюцыю аб прызнаньні Ўатары пераможцам на выбарах, грунтуючыся на пазыцыі Эканамічнай супольнасьці дзяржаваў Заходняй Афрыкі, якая адхіліла Кот д’Івуар ад усіх сваіх органаў[29]. Зь сьпісу сваіх сябраў адхіліў краіну і Афрыканскі зьвяз[30]. Прэзыдэнцкія выбары 2010 году прывялі да івуарыйскага крызісу 2010—2011 гадоў і Другой грамадзянскай вайны.
Прэзыдэнт Уатара быў пераабраны на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году[31]. У лістападзе 2020 году ён выйграў на выбараз у чарговы раз, абраўшыся на трэці тэрмін. Выбары байкатавала апазыцыя, якая зьвяртала ўвагу на незаконнасьць балятаваньня на трэці тэрмін[32]. Тым ня менш, Канстытуцыйная рада Кот д’Івуару афіцыйна ратыфікавала пераабраньне прэзыдэнта на трэці тэрмін у лістападзе 2020 году[33].
Геаграфія
рэдагавацьКраіна месьціцца ў заходняй частцы Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Мяжуе зь Лібэрыяй і Гвінэяй на захадзе, Малі і Буркіна-Фасо на поўначы, Ганай на ўсходзе і абмываецца Гвінэйскай затокай на поўдні, то бок мае выхад да Атлянтычнага акіяну. Большая частка паверхні краіны гэта ўзвышшы. На захадзе, на мяжы з Гвінэяй, знаходзіцца горны сьцяг Німба (найвышэйшы пункт — 1752 м). У паўднёвай частцы паверхня паступова пераходзіць у прыбярэжныя нізіны. Каля 64,8% зямель складаюць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, пры гэтым ворныя землі займаюць 9,1% зямлі, сталыя пашы — 41,5 %, сталыя пасевы — 14,2 %.
На поўдні краіны клімат экватарыяльны, вільготны, зь сярэднегадавымі ападкамі 1500—2300 мм. На астатняй частцы краіны клімат субэкватарыяльны, ападкі складаюць ад 1000 да 1800 мм. Сярэдняя тэмпэратура вагаецца ад 24—25°С у жніўні да 28—30°С у сакавіку. У краіне існуе вялікая колькасьць рэкаў, асноўнымі зь якіх ёсьць Бамдана, Камоэ, Сасандра. Забруджваньне вады ёсьць адной з найвялікшых праблемаў, зь якімі цяпер сутыкаецца краіна[14].
Расьліннасьць саванная. На поўдні краіны растуць экватарыяльныя лясы (каля 22% паверхні). Каля 6% паверхні адведзеныя пад нацыянальныя паркі, некаторыя зь якіх знаходзяцца ў сьпісе Сусьветнай спадчыны культуры і прыроды ЮНЭСКО.
Біяразнастайнасьць
рэдагавацьУ Кот д’Івуары налічваецца больш за 1200 відаў жывёлаў, у тым ліку 223 сысуны, 702 птушкі, 161 паўзун, 85 земнаводных і 111 відаў рыбаў, а таксама 4700 відаў расьлінаў. Краіна вылучаецца найбольшай біяразнастайнасьцю ў Заходняй Афрыцы, прычым большасьць папуляцыяў дзікай прыроды жыве ва ўнутраных рэгіёнах краіны[34]. У краіне налічваецца дзевяць нацыянальных паркаў, найбуйнейшым зь якіх зважаецца нацыянальны парк Асньі, які займае плошчу блізу 17 тысяч гектараў[35].
Краіна складаецца з шасьці наземных экарэгіёнаў, як то лясы Усходняй Гвінеі, горныя лясы Гвінэі, раўнінныя лясы Заходняй Гвінэі, мазаіка гвінейскіх лясоў і саванны, саванна Заходняга Судану і мангравыя зарасьнікі Гвінэі[36]. Індэкс цэласнасьці ляснога ляндшафту ў 2018 годзе меў сярэдні бал 3,64/10, што ставіла краіну на 143-е месца ў сьвеце сярод 172 краінаў сьвету[37].
Палітыка
рэдагавацьКот д’Івуар ёсьць рэспублікай. Канстытуцыя была прынятая ў 1960 годзе. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, які выбіраецца на пяцігадовы тэрмін. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парлямэнту, вядомаму як Нацыянальная асамблея. У парлямэнце засядаюць 255 дэпутатаў, якія таксама як і прэзыдэнт абіраюцца на пяцігадовы тэрмін. Выканаўчая ўлада належыць ураду, які кіруецца прэм’ер-міністрам прызначаемым прэзыдэнтам.
З 1983 году сталіцай краіны ёсьць места Ямусукра, але адміністрацыйным цэнтрам дасюль зважаецца Абіджан. Менавіта ў Абіджане месьціцца большасьць амбасадаў іншых краінаў. Зважаючы, што большасьць баявых сутыкненьняў скончылася да канца 2004 году, краіна доўгі час заставалася падзеленай на дзьве часткі, а поўнач кантралявалася паўстанцамі. Паводле зьвестак міжнародных праваахоўных арганізацыяў, палітычныя правы грамадзянаў краіны значна абмежаваныя.
Замежныя дачыненьні
рэдагавацьКіраўніцтва краіны мае шырокую эканамічную і палітычную супрацу ў рэгіёне. У 1959 годзе Кот д’Івуар ладзіў стасункі з Дагамэяй (сучасны Бэнін), Верхняй Вольтай (сучаснае Буркіна-Фасо), Нігерам і Тога. У 1965 годзе краіна далучылася да Афрыканска-мадагаскарскай агульнай арганізацыі. У 1972 годзе стала сябрам Эканамічная супольнасьці Заходняй Афрыкі, якая была замененая на Эканамічную супольнасьць дзяржаваў Заходняй Афрыкі (ЭКОВАС) у 1975 годзе. Кот д’Івуар быў адным з заснавальнікаў Арганізацыі афрыканскага адзінства ў 1963 годзе, а затым Афрыканскага зьвязу ў 2000 годзе. Кот д’Івуар абараняе павагу да дзяржаўнага сувэрэнітэту і мірную супрацу між краінамі Афрыкі.
Кот д’Івуар падтрымлівае дыпляматычныя дачыненьні з міжнароднымі арганізацыямі і краінамі ва ўсім сьвеце. У прыватнасьці, івуарыйскі урад ратыфікаваў дамовы ААН, як то канвэнцыю аб статусе ўцекачоў, пратакол 1967 году і канвэнцыю 1969 году, якая рэгулюе асобныя аспэкты праблемаў уцекачоў у Афрыцы. Краіна ёсьць сябрам Арганізацыі ісламскай супрацы, Афрыканскага зьвязу, Франкафоніі, Лацінскага зьвязу, Эканамічнай супольнасьці дзяржаваў Заходняй Афрыкі ды іншых. Кот д’Івуар супрацоўнічае з краінамі рэгіёну на поўдзень ад Сахары дзеля ўмацаваньня інфраструктуры водазабесьпячэньня і каналізацыі.
Адміністрацыйны падзел
рэдагавацьЗ 2011 году Кот д’Івуар адміністрацыйна падзелены на 14 аўтаномных акругаў. Пры гэтым усе акругі, акрамя сфармаваных вакол Ямусукра і Абіджана, падзяляюцца на рэгіёны на агулам 31 рэгіён, а гэтыя рэгіёны, у сваю чаргу, падзеленыя 108 дэпартамэнтаў. Дэпартамэнты таксама фармуюцца з 510 субпрэфэктураў. У некаторых выпадках некалькі вёсак могуць быць арганізаваныя ў грамады.
Сьпіс аўтаномных акругаў прадстаўлены ніжэй:
Нумар | Акруга | Цэнтар | Насельніцтва (2014) |
---|---|---|---|
1 | Абіджан | Абіджан | 4 707 404 |
2 | Ба-Сасандра | Сан-Пэдра | 2 280 548 |
3 | Камаэ | Абэнгуру | 1 203 052 |
4 | Дэнгеле | Адыенэ | 289 779 |
5 | Го-Джыбуа | Ганьёа | 1 605 286 |
6 | Ляк | Дымбакро | 1 258 604 |
7 | Лягюн | Дабу | 1 478 047 |
8 | Мантань | Ман | 2 371 920 |
9 | Сасандра-Мараўэ | Далёа | 2 293 304 |
10 | Саван | Караго | 1 607 497 |
11 | Вале-дзю-Бандама | Буаке | 1 440 826 |
12 | Вараба | Сэгеля | 845 139 |
13 | Ямусукра | Ямусукра | 355 573 |
14 | Занзан | Бандуку | 934 352 |
Эканоміка
рэдагавацьПа здабыцьці незалежнасьці ў краіне была праведзена электрыфікацыя, палепшаная сетка чыгункі і дарогаў.
Кот д’Івуар мае адносна высокі паказьнік прыбытку на душу насельніцтва ў рэгіёне і адыгрывае ключавую ролю ў транзытным гандлі для суседніх краінаў, якія ня маюць выхаду да мора. Паводле зьвестак апытанкі 2016 году, 46,1% насельніцтва па-ранейшаму пакутуюць ад шматмернай беднасьці[13]. Краіна ёсьць найбуйнейшай эканомікай у Заходнеафрыканскім эканамічным і валютным зьвязе, фармуючы 40% ад агульнага СУП валютнага зьвязу. Кот д’Івуар ёсьць чацьвертым паводле велічыні экспартэрам тавараў агульнага карыстаньня ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары пасьля ПАР, Нігерыі і Анголы[39]. Краіна зважаецца сусьветным лідэрам паводле вытворчасьці какава-бабоў. Гэтак у 2009 годзе фэрмэры, якія вырошчвалі какава-бабы, зарабілі 2,53 мільярдаў даляраў ЗША на экспарце какава[40][41]. У Кот д’Івуары таксама маюцца вытворцы каўчуку, якія ў 2012 годзе зарабілі на ім 105 мільёнаў даляраў ЗША[42][43]. Цесныя сувязі з Францыяй з моманту атрыманьня незалежнасьці ў 1960 годзе, дывэрсіфікацыя экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і заахвочваньне замежных інвэстыцыяў былі фактарамі эканамічнага росту. У апошнія гады край падвяргаецца большай канкурэнцыі і падзеньню коштаў на сусьветным рынку асноўных культураў кавы і какава. Гэта ў спалучэньні з высокім узроўнем унутранай карупцыі ўскладняе жыцьцё вытворцам, і тым, хто экспартуе на замежныя рынкі.
Працоўная сіла пацярпела ад шматлікіх эканамічных крызісаў з 1999 году, асабліва ў прыватным сэктары ў пачатку 2000-х гадоў. Акрамя таго, гэтыя крызісы змусілі кампаніі зачыняцца і перамяшчаць працоўныя месцы, асабліва ў сфэры турызму, прамысловасьці, транзытных і банкаўскіх кампаніяў. Памяншэньне рынкаў працы выклікала велізарную праблему з ростам беспрацоўя. У 2012 годзе ўзровень беспрацоўя павялічыўся да 9,4%[44]. Большасьць насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.
Дэмаграфія
рэдагавацьНасельніцтва Кот д’Івуару | |||
---|---|---|---|
Год | Колькасьць | ||
1960 | 3 709 000 | ||
1975 | 6 709 600 | ||
1988 | 10 815 694 | ||
1998 | 15 366 672 | ||
2014 | 22 671 331 | ||
2021 | 29 389 150 |
Паводле перапісу 14 сьнежня 2021 году колькасьць насельніцтва складала 29 389 150 чалавек[45]. Першы нацыянальны перапіс насельніцтва, які ладзіўся ў 1975 годзе, налічыў 6,7 мільёнаў жыхароў[46]. Згодна з агульнанацыянальным дасьледаваньнем дэмаграфічных і мэдычных дасьледаваньняў, агульны каэфіцыент нараджальнасьці складаў 4,3 дзіцяці на жанчыну ў 2021 годзе (з 3,6 у гарадах і 5,3 у сельскай мясцовасьці), зьнізіўшыся з 5,0 дзіцяці на жанчыну, які быў у 2012 годзе[47].
Этнічныя групы
рэдагавацьДа макраэтнічных суполак у краіне адносяць аканаў (42,1%), гураў (17,6%), паўночных мандэ (16,5%), народы кру (11%), паўднёвых мандэ (10%) ды іншыя (2,8%). Большасьць з узгаданых групаў падзяляюцца на меншыя этнічныя групы. Каля 77% насельніцтва ёсьць івуарыйцамі. Паколькі Кот д’Івуар зарэкамендаваў сябе як адна з самых пасьпяховых краінаў Заходняй Афрыкі, каля 20% насельніцтва складаюць рабочыя з суседніх Лібэрыі, Буркіна-Фасо і Гвінэі. Блізу 4% насельніцтва маюць неафрыканскае паходжаньне. Многія зь іх ёсьць грамадзянамі Францыі, Лібану[48][49], Віетнаму і Гішпаніі, а таксама ў краіне жывуць і працуюць шэраг эвангельскіх місіянэраў з розных куткоў сьвету. У лістападзе 2004 году каля 10 тысячаў французаў і іншых замежных грамадзянаў былі эвакуяваныя з Кот д’Івуару з прычыны нападаў праўрадавых моладзевых атрадаў[50]. Акрамя грамадзянаў Францыі, у краіне жывуць нашчадкі францускіх засельнікаў, якія прыбылі ў краіну ў каляніяльны час.
Рэлігія
рэдагавацьНасельніцтва краіны рэлігійна досыць разнастайнае. Паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2021 году, мусульмане, пераважна суніты, складалі 42,5% ад агульнай колькасьці насельніцтва, у той час як хрысьціянскіх вернікаў, зь якіх большасьць ёсьць каталікамі, складалі 39,8% насельніцтва. Яшчэ 12,6% насельніцтва ня былі залучаныя да якой-небудзь рэлігіі, у той час як 2,2% паведамілі, што прытрымліваюцца традыцыйных афрыканскіх рэлігіяў[10]. У Ямусукра быў пабудаваны найвялікшы касьцёл ў сьвеце, вядомы як базыліка Нотр-Дам-дэ-ля-Пэ[51].
Культура
рэдагавацьКожная з этнічных групаў Кот д’Івуары мае свае традыцыйныя музычныя жанры, большасьць зь якіх базуецца на моцнай вакальнай поліфаніі. Шырока распаўсюджаны токінг-драм, асабліва сярод народу нзыма, а полірытмія, яшчэ адная афрыканская асаблівасьць, сустракаецца ва ўсёй краіне, асабліва часта на паўднёвым захадзе. Кот д’Івуар мае ўласныя папулярныя музычныя жанры. Некаторыя івуарыйскія выканаўцы атрымалі міжнародны посьпех, як то Альфа Блёндзі, Дабэ Гнаарэ, Тыкен Джа Факалі ды іншыя.
Спорт
рэдагавацьСамым папулярным відам спорту зважаецца футбол. Мужчынская нацыянальная зборная па футболе некалькі разоў спаборнічала на чэмпіянаце сьвету, першы раз у Нямеччыне ў 2006 годзе. Каманда тройчы здабывала перамогу ў Кубку афрыканскіх нацыяў, апошні раз у 2023 годзе, калі Кот д’Івуар ладзіў гэты чэмпіянат на сваіх стадыёнах. Сярод вядомых івуарыйскіх футбалістаў усіх часоў вылучаюцца Дыд’е Драгба і Яя Турэ, якія шмат гадоў гулялі ў моцных клюбах Ангельшчыны. Жаночая зборная па футболе брала ўдзел у чэмпіянаце сьвету ў Канадзе ў 2015 годзе. Краіна была гаспадаром некалькіх буйных афрыканскіх спартовых пяршынстваў, то бок як чэмпіянат Афрыкі па баскетболе 2013 году. Баскетбольная каманда здабывала залатыя мэдалі на чэмпіянаце Афрыкі 1985 году, які праходзіў на івуарыйскіх арэнах.
Бягун на 400 мэтраў Габрыель Тыяко здабыў срэбраны мэдаль у мужчынскім бегу на 400 мэтраў на Алімпійскіх гульнях 1984 году. У 2017 годзе краіна ладзіла Франкафонскія гульні. У лёгкай атлетыцы сярод вядомых удзельнікаў вылучаюцца Мары-Жазэ Та Лю-Сьміт і Мюрыель Аўрэ. Рэгбі таксама карыстаецца папулярнасьцю, а нацыянальная зборная па рэгбі кваліфікавалася дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце сьвету па рэгбі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў 1995 годзе. З Кот д’Івуару паходзіць шэраг вядомым тэквандыстаў.
Кухня
рэдагавацьТрадыцыйная кухня вельмі падобная на кухню суседніх краін Заходняй Афрыкі ў тым, што палягае на збожжавых і клубневых культурах. Маніёк і плянтан зважаюцца выжнымі складнікамі івуарыйскай кухні. Гатунак кукурузнай пасты, вядомай як аіцю, выкарыстоўваецца дзеля падрыхтоўкі кукурузных шарыкаў. Таксама ў многіх стравах выкарыстоўваецца арахіс. Папулярным гарнірам ёсьць ачэке, які гатуецца зь цёртага маніёку і кускуса на агародніннай аснове. Распаўсюджанай вулічнай ежай ёсьць алёка, то бок смажаны ў пальмавым алеі плянтан, затоўчаны тушанай цыбуляй і перцам-чылі. Алёку ядуць разам з рыбай, прыгатаванай на грылі, або варанымі яйкамі. Звычайна ў ежу яшчэ ўжываецца курыца. Сярод морапрадуктаў ядуць тунец, сардзіны і крэветкі. Звычайнай стравай ёсьць арахісавае рагу.
Тушаныя на павольным агні рагу з рознымі складнікамі ёсьць яшчэ адным распаўсюджаным прадуктам харчаваньня. Кеджэну — страва, якая складаецца з курыцы і гародніны, прыгатаваных на павольным агні ў закрытым рондалі зь невялікай колькасьцю вадкасьці альбо навогул безь яе. У выніку гародніна робіць курыцу мяккай. Звычайна кеджэну вараць у ганчарным збанку, які мае назоў канары, на павольным агні альбо запякаюць у духоўцы. У Кот д’Івуары маецца асаблівы від невялікіх рэстаранаў пад адкрытым небам пад назвай макі, які ёсьць унікальным для рэгіёну. У іх падаюць курыныя і рыбныя стравы, а таксама ачэке і кеджэну.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ а б Сусьветная арганізацыя здароўя — 1948.
- ^ а б в г «World Economic Outlook Database, October 2023 Edition. (CI)». International Monetary Fund.
- ^ а б 2020 Democracy Index
- ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
- ^ а б Human Development Report — Праграма разьвіцьця ААН, 2022.
- ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
- ^ «2023 World Population Data Sheet». Population Reference Bureau.
- ^ «Recensement general de la population et de l’habitat 2021 resultats globaux definitifs». Institut National de la Statistique
- ^ а б «Resultats globaux definitifs du RGPH 2021: la population vivant habituellement sur le territoire ivoirien se chiffre a 29 389 150 habitants». Le portail officiel du Gouvernement de Côte d’Ivoire.
- ^ «Ivory Coast backs new constitution in landslide vote, opposition cries foul». France24.
- ^ «World Economic Outlook database: October 2023». IMF.
- ^ а б «Multidimensional Poverty Index 2023 Côte d’Ivoire». United Nations Development Programme Human Development Reports.
- ^ а б «Côte d’Ivoire». The World Factbook.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Warner 1988. С. 5.
- ^ а б Warner 1988. С. 6.
- ^ а б в г д е ё ж з Warner 1988. С. 7.
- ^ а б Warner 1988. С. 7—8.
- ^ а б в г д е ё ж з Warner 1988. С. 8.
- ^ а б в «Background Note: Cote d’Ivoire». U.S. Department of State.
- ^ а б в г д е ё ж з і Warner 1988. С. 10.
- ^ а б Warner 1988. С. 11.
- ^ «Slave Emancipation and the Expansion of Islam, 1905–1914». 2013. — С. 11.
- ^ а б в г д е ё ж Warner 1988. С. 12.
- ^ «Ivory Coast — The Economy». Country Studies.
- ^ McGovern, Mike (2011). «Making War in Côte d’Ivoire». University of Chicago Press. — С. 16. — ISBN 978-0226514604.
- ^ Appiah, Anthony; Gates, Henry Louis, eds. (2010). «Encyclopedia of Africa». Vol. 1. Oxford University Press. — С. 330. — ISBN 978-0195337709.
- ^ а б в «Thousands flee Ivory Coast for Liberia amid poll crisis». BBC News.
- ^ «Final Communique on the Extraordinary Session of the Authority of Heads of State and Government on Cote D’Ivoire». ECOWAS.
- ^ «Communique of the 252nd Meeting of the Peace and Security Council». African Union.
- ^ «Ivory Coast’s Ouattara re-elected by a landslide». Al Jazeera.
- ^ «Ivory Coast election: Alassane Ouattara wins amid boycott». BBC News.
- ^ «Ivory Coast Constitutional Council confirms Ouattara re-election». Al Jazeera.
- ^ «Côte d’Ivoire (Ivory Coast)». Monga Bay.
- ^ «Parc national d’Azagny». United Nations Environment Programme.
- ^ Dinerstein, Eric; Olson, David; et al. (2017). «An Ecoregion-Based Approach to Protecting Half the Terrestrial Realm». BioScience. 67 (6): 534—545. — doi:10.1093/biosci/bix014. PMID 28608869.
- ^ Grantham, H. S.; Duncan, A.; et al. (2020). «Anthropogenic modification of forests means only 40% of remaining forests have high ecosystem integrity — Supplementary Material». Nature Communications. 11 (1): 5978. — doi:10.1038/s41467-020-19493-3. PMID 33293507
- ^ «Ivory Coast’s former president Laurent Gbagbo oversaw 'unspeakable crimes', says ICC». The Daily Telegraph.
- ^ «Côte d’Ivoire: Financial Sector Profile». MFW4A.org.
- ^ «Ivory Coast Makes 1st Cocoa Export Since January». Associated Press
- ^ Monnier, Olivier (27.03.2013). «Ivory Coast San Pedro Port Sees Cocoa Exports Stagnating». Bloomberg.
- ^ «Ivory Coast reaps more rubber as farmers shift from cocoa». Reuters.
- ^ «Office of the United States Trade Representative». Ustr.gov.
- ^ «Ivory Coast Unemployment Rate. 1998—2017». Trading Economics.
- ^ «Institut National de la Statistique de Côte d’Ivoire». RGPH 2021 Résultats globaux.
- ^ «Ivory Coast — Population». Country Studies.
- ^ «Enquête Démographique et de Santé — Côte d’Ivoire — 2021». Institut National de la Statistique de Côte d'Ivoire.
- ^ «Des investisseurs libanais à Abidjan pour investir en Afrique». VOA Afrique.
- ^ «From Lebanon to Africa». Al Jazeera.
- ^ Gregson, Brent (30.11.2004). «Rwanda Syndrome on the Ivory Coast». World Press Review.
- ^ Mark, Monica (15.05.2015). «Yamoussoukro’s Notre-Dame de la Paix, the world’s largest basilica — a history of cities in 50 buildings, day 37». The Guardian.
Літаратура
рэдагаваць- Warner, Rachel Historical Setting. — Cote d’Ivoire: a country study. — Washington, D.C.: Library of Congress, 1988.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (фр.)
- Кот д’Івуар на бачыне Curlie