Чэмпіянат сьвету па футболе
Чэмпіянат сьвету па футболе (таксама вядомы як Кубак сьвету па футболе, Чэмпіянат сьвету ФІФА, афіцыйны назоў Кубак сьвету ФІФА) — найважнейшае міжнароднае футбольнае спаборніцтва. За правядзеньне чэмпіянату сьвету адказвае кіроўны орган сусьветнага футболу ФІФА, і ўдзельнічаць у ім могуць мужчынскія й жаночыя футбольныя нацыянальныя зборныя ўсіх краін-чальцоў ФІФА.
Фінальныя турніры чэмпіянатаў сьвету праводзяцца раз на чатыры гады, аднак разам з рэгіянальнымі адборачнымі турнірамі чэмпіянат сьвету працягваецца 3 гады. У адборачных спаборніцтвах чэмпіянату сьвету 2014 году ўдзельнічалі 203 каманды. У фінальным турніры, які праходзіць раз на 4 гады на працягу 4 тыдняў у загадзя абранай краіне-гаспадары чэмпіянату, прымаюць удзел 32 каманды (31 пераможца адборачнага турніру і зборная краіны-гаспадара; да 2002 году яшчэ і пераможца папярэдняга розыгрышу чэмпіянату сьвету таксама ўдзельнічаў у фінальным турніры па-за адборачнымі спаборніцтвамі).
Фіналы чэмпіянату сьвету па футболе, якія праводзяцца з 1930 году, зь перапынкам у 1942 і 1946 гадах з-за Другой сусьветнай вайны, маюць вялікую глядацкую аўдыторыю і прыцягваюць увагу ва ўсім спартовым сьвеце, часам пераўзыходзячы па колькасьці гледачоў Алімпійскія гульні.
За ўсю гісторыю чэмпіянатаў сьвету восем краін атрымлівалі званьні чэмпіёнаў. Найбольшая колькасьць тытулаў на ліку Бразыліі — пяць разоў. Італія і Нямеччына — па чатыры разы; Аргентына — па тры разоў; Францыя й Уругвай станавіліся чэмпіёнамі па два разы, і па адным разе пераможцамі чэмпіянату станавіліся Ангельшчына ды Гішпанія.
Гісторыя
рэдагавацьПершыя міжнародныя спаборніцтвы
рэдагавацьЧэмпіянат сьвету — ня самае першае футбольнае спаборніцтва ў сусьветнай футбольнай гісторыі. Аматарскі футбол стаў часткай праграмы Алімпійскіх гульняў з 1908 году.
У 1909 годзе ў Турыне буйны прадпрымальнік сэр Томас Ліптан арганізаваў турнір, які пазьней звалі «Самы першы чэмпіянат сьвету». Італьянцы, немцы і швайцарцы даслалі на гэты турнір найбольш прафэсійныя клюбы, аднак Ангельская фэдэрацыя футболу ў адказ на прапанову зрабіць тое ж самае адмовіла. Разумеючы, што без удзелу родапачынальнікаў футболу брытанцаў турнір ня можа лічыцца сур’ёзным, Ліптан запрасіў для ўдзелу ў турніры аматарскі футбольны клюб з паўночнага ўсходу Ангельшчыны пад назвай «Ўэст Оклэнд» (West Auckland FC). Вялікую частку складу гэтай каманды складалі працоўныя вугальных шахтаў, аднак «Ўэст Оклэнд» выйграў турнір з удзелам прафэсіяналаў з кантынэнту. У 1911 годзе ангельцы вярнуліся ў Італію абараняць тытул, заваяваны двума гадамі раней, і ізноў выйгралі турнір, перамогшы ў фінале «Ювэнтус» з разгромным лікам 6:1.
Футбольны турнір на Алімпійскіх гульнях, на якіх маглі ўдзельнічаць футбалісты розных краін, быў адзіным афіцыйным спаборніцтвам. У 1924 і 1928 гадах выйгравала каманда Ўругваю. Шырокае разьвіцьцё прафэсійнага спорту й імклівае нарастаньне парыву паміж узроўнем гульні «профі» і аматараў прымусіла ФІФА прыступіць да арганізацыі чэмпіянату сьвету.
На кангрэсе ФІФА 1926 году Анры Дэлянэ заявіў: «Сёньня ўжо немагчыма трымаць футбол за сьценамі Алімпійскіх гульняў». Тады ж выканкам ФІФА ўтварыў камісію, у якую ўвайшлі швайцарац Ж. Бонэ (старшыня), аўстрыец Х. Майлз (сакратар), француз А. Дэлянэ, немец Ф. Лінэман і італьянец Д. Фэрэці, і даручыў ёй вывучыць магчымасьць арганізацыі Кубка сьвету. Канчатковае рашэньне аб сусьветным чэмпіянаце прыняў кангрэс ФІФА ў Амстэрдаме 29 траўня 1928 году.
Першы чэмпіянат
рэдагавацьДзякуючы перамогам на папярэдніх чэмпіянату дзьвюх Алімпійскіх гульнях Уругвай стаў месцам правядзеньня першага афіцыйнага чэмпіянату сьвету пад эгідай ФІФА[1]. Спачатку прэтэндэнтаў на правядзеньне першага чэмпіянату сьвету было пяць — Італія, Гішпанія, Швэцыя, Нідэрлянды і Ўругвай. У выніку большасьць прагаласавала за Ўругвай. Фэдэрацыя Ўругваю дала цьвёрдае абяцаньне выканаць усе фінансавыя ўмовы ФІФА.
Аднак выбар Уругваю ў якасьці арэны турніру згуляў з арганізатарамі злы жарт: вандраваньне ва Ўругвай з Эўропы атрымлівалася доўгім і дарагім, і ўсяго за 2 месяцы да пачатку турніру ні адна эўрапейская фэдэрацыя не плянавала пасылаць сваю каманду на чэмпіянат. У выніку грандыёзнымі высілкамі Рымэ атрымалася схіліць да ўдзелу ў турніры 4 эўрапейскія каманды: зборныя Францыі, Бэльгіі, Румыніі й Югаславіі. Агулам у турніры прыняло ўдзел усяго 13 камандаў — сем з Паўднёвай Амэрыкі, 4 з Эўропы і 2 з Паўночнай Амэрыкі. Гэта найменшы лік удзельнікаў чэмпіянату сьвету ў яго гісторыі (гэтулькі жа было ў фінальным турніры чэмпіянату сьвету 1950 году), і адзіны раз у гісторыі розыгрышаў, калі не паўстала неабходнасьці ў адборачным турніры.
13 камандаў былі падзеленыя на чатыры групы. Пераможцы груп выходзілі ў паўфінал. Новы стадыён «Сэнтэнарыё» быў пушчаны ў эксплюатацыю толькі на шосты дзень турніру. Да гэтага на матчах зьбіралася часам па 800—1000 гледачоў.
Першыя матчы ў гісторыі чэмпіянатаў сьвету былі адначасова выйграныя Францыяй і ЗША, якія перамаглі Мэксыку зь лікам 4:1 і Бэльгію 3:0 адпаведна. Першы гол у гісторыі чэмпіянатаў сьвету быў забіты французам Люсьенам Ляранам, першы хэт-трык зрабіў Бэрт Патэна з зборнай ЗША ў матчы супраць Парагваю (ЗША перамаглі зь лікам 3:0).
Паколькі самыя моцныя эўрапейскія зборныя ў турніры ня ўдзельнічалі, як і вынікала чакаць, у фінале турніру сустрэліся дзьве паўднёваамэрыканскія каманды — у прысутнасьці 93 тысяч гледачоў на стадыёне «Сэнтэнарыё» ў Мантэвідэо зборная Ўругваю стала першым чэмпіёнам сьвету, абгуляўшы зборную Аргентыны зь лікам 4:2[2].
Алімпійскія гульні 1932 году праводзіліся ў Лос-Анджэлесе (ЗША), дзе значна больш папулярны амэрыканскі футбол. Адсутнасьць цікавасьці да эўрапейскага футболу з боку амэрыканцаў, а таксама рознагалосьсі паміж МАК і ФІФА ў пытаньнях азначэньня статусу гульцоў-прафэсіяналаў прывялі да таго, што футбол быў выключаны з праграмы Алімпійскіх гульняў 1932 году.
Разьвіцьцё
рэдагавацьГалоўнымі праблемамі, зь якімі сутыкаліся арганізатары пры правядзеньні першых чэмпіянатаў сьвету, былі высокі кошт праезду да месца правядзеньня фінальнага турніру для камандаў зь іншых кантынэнтаў, і вайна: чэмпіянаты сьвету 1942 і 1946 гадоў былі адмененыя з-за Другой сусьветнай вайны.
Родапачынальнікі футболу з Брытанскіх выспаў ігнаравалі першыя 3 чэмпіянаты сьвету. Упершыню брытанцы прынялі ўдзел у чэмпіянаце сьвету толькі ў 1950 годзе, пасьля дасягненьня дамовы зь ФІФА аб сваім адмысловым статусе.
У фінальных турнірах чэмпіянатаў з 1934 па 1978 гады прымалі ўдзел 16 камандаў (акрамя рэдкіх выпадкаў, калі нейкія каманды адмаўляліся ад удзелу ў турніры ўжо пасьля заканчэньня кваліфікацыі). Большасьць удзельнікаў пападала ў фінал з Эўропы ды Паўднёвай Амэрыкі, зь невялікім дадаткам самых моцных камандаў Афрыкі, Азіі й Акіяніі. Звычайна гэтыя каманды станавіліся пастаўшчыкамі ачкоў для эўрапейцаў і паўднёваамэрыканцаў, хоць былі і выключэньні — напрыклад, каманда КНДР у 1966 годзе выйшла ў чвэрцьфінал.
У 1982 годзе склад удзельнікаў фінальнага турніру быў пашыраны да 24 камандаў, а ў 1998 — да 32. Дадатковыя месцы ў асноўным аддаваліся прадстаўнікам Афрыкі, Азіі й Паўночнай Амэрыкі. На апошніх турнірах каманды з гэтых рэгіёнаў, якія раней лічыліся нефутбольнымі, сталі выступаць ўсё больш і больш пасьпяхова, напрыклад Камэрун у 1990 годзе, Паўднёвая Карэя, Сэнэгал і ЗША на чэмпіянаце ў 2002 годзе. Чэмпіянаты сьвету сталі сапраўды змаганьнем камандаў са ўсяго сьвету — 197 каманд прымалі ўдзел у адборачных спаборніцтвах да чэмпіянату сьвету 2006 году, 204 прынялі ўдзел у чэмпіянату сьвету 2010, і сьпіс фаварытаў чэмпіянату не абмяжоўваецца больш камандамі толькі з Эўропы й Паўднёвай Амэрыкі.
Формула правядзеньня
рэдагавацьАдборачны турнір
рэдагавацьАдборачныя, або кваліфікацыйныя, спаборніцтвы праводзяцца для таго, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў і адабраць самых моцных для ўдзелу ў фінальным турніры. Адзіны ЧС, перад якім не праводзілася кваліфікацыйных спаборніцтваў — самы першы чэмпіянат 1930 году.
Адборачныя спаборніцтвы праводзяцца па занальным прынцыпе ў адпаведнасьці з рэгіёнамі ФІФА: Афрыка, Азія, Паўднёвая Амэрыка, Акіянія, Эўропа й Паўночная Амэрыка); арганізацыяй адборачных турніраў займаюцца рэгіянальныя фэдэрацыі (у Эўропе, напрыклад, УЭФА) у адпаведнасьці з агульнымі прынцыпамі ФІФА. Перад чарговым турнірам ФІФА вызначае колькасьць месцаў у фінальным турніры, якія атрымлівае кожны рэгіён; асноўным крытэрам зьяўляецца «сіла» футболу ў рэгіёне, але таксама ўлічваецца той факт, што дадатковыя месцы ў фінале ЧС стымулююць разьвіцьцё футболу ў рэгіёне, і, вядома, мае месца лабіяваньне сваіх інтэрасаў рэгіянальнымі канфэдэрацыямі.
Ад 1938 году краіна-арганізатар турніру аўтаматычна атрымлівае месца ў фінале. Больш таго, да 2002 году пераможца папярэдняга чэмпіянату сьвету таксама атрымліваў месца ў фінале без папярэдняга адбору. Падчас азначэньня рэглямэнту ЧС-2006, аднак, гэтае правіла было адменена, і чэмпіён сьвету 2002 году Бразылія ўдзельнічала ў адборачным турніры на агульных падставах.
У нашы дні адборачны турнір стартуе амаль за тры гады да фінальнага і працягваецца больш за два гады. Фармат адборачных спаборніцтваў моцна адрозьніваецца паміж рэгіёнамі, а таксама зьмяняецца ад турніру да турніру. Як правіла, акрамя спаборніцтваў усярэдзіне рэгіёнаў праводзіцца некалькі дадатковых міжкантынэнтальных стыкавых матчаў, пераможцы якіх выходзяць у фінал. Напрыклад, пераможца адборачнай зоны Акіяніі адстойваў сваё права ўдзелу ў фінальным турніры ЧС-2006 у двух матчах з камандай, якая заняла пятае месца ў турніры краін Паўднёвай Амэрыкі.
Фінальны турнір
рэдагавацьФормула, якая выкарыстоўваецца для правядзеньня чэмпіянатаў свету з 1998 году, прадугледжвае 32 удзельнікі фінальнага турніру. Фінальны турнір праходзіць у загадзя абранай краіне на працягу месяца і складаецца з 2 стадыяў — групавога турніру і гульняў па кубкавай сыстэме на выбываньне.
На стадыі групавога турніру каманды дзеляцца на 8 груп па 4 каманды. Склад груп вызначаецца лёсаваньнем, падчас якой 8 камандаў («сеяныя») становяцца першым нумарам у групе, а астатнія 24 каманды падзяляюцца на 3 кошыкі ў адпаведнасьці з геаграфіяй і рэйтынгам зборных-удзельніц. З кожнага кошыка ў кожную групу пападае ў выніку адна каманда, аднак ёсьць дадатковыя правілы, якія ўскладняюць працэдуру лёсаваньня: напрыклад, у адной групе ня можа быць больш за дзьве эўрапейскія каманды, або больш за адну каманду зь любога іншага рэгіёну.
У кожнай групе каманды праводзяць аднакругавы турнір з 3 тураў. Матчы апошняга туру, каб выключыць магчымасьць змовы, праводзяцца ў адзін дзень у адзін час. За перамогу ў матчы каманда атрымлівае 3 пункты, за нічыю — адзін. З кожнай групы ў другі раўнд выходзяць каманды, якія занялі першыя два месцы — усяго 16 удзельнікаў чэмпіянату.
У другім раўндзе каманды гуляюць матчы на выбываньне. Той, хто саступіў, сканчае свой удзел у турніры. У выпадку, калі лік пасьля 90 хвілін гульні застаецца нічыйным, гуляецца дадатковы час, і ў выпадку неабходнасьці праводзіцца сэрыя пэнальці. У 1/8 фіналу пераможца кожнай з груп першага раўнду гуляе з другой камандай зь іншай групы, далей пераможцы выходзяць у 1/4 фіналу, паўфінал і фінал. Пераможцы фіналу становяцца чэмпіёнамі сьвету. Каманды, якія прайгралі ў паўфіналах, разгульваюць трэцяе месца ў матчы паміж сабой.
Вынікі
рэдагавацьУсе чэмпіянаты сьвету
рэдагавацьНайлепшыя зборныя
рэдагавацьУ агульнай складанасьці 207 розных зборных прымалі ўдзел у чэмпіянатах сьвету, аднак толькі дванаццаць зь іх даходзілі да фінальнага матчу, і з дванаццаць камандаў-фіналістаў восем краін станавіліся чэмпіёнамі. Таму заваёва Кубка сьвету лічыцца вялікім дасягненьнем і нязьменна выклікае гонар у заўзятараў зборнай, якая перамагла.
Найлепшая зборная чэмпіянатаў сьвету — Бразылія. Бразыльцы — адзіная ў сьвеце зборная, якая ўдзельнічала ў фінальных турнірах усіх чэмпіянатаў сьвету, пры гэтым яны 5 разоў выйгравалі чэмпіянат і яшчэ двойчы былі фіналістамі.
Эўрапейскія каманды выйгравалі чэмпіянат сьвету 11 разоў, а паўднёваамэрыканскія — 9. Найбольшую колькасьць разоў у фінал выходзілі Нямеччына (8 разоў) і Бразылія (7 разоў). Пры гэтым Бразылія перамагала ў 5 фіналах, Нямеччына — у 4.
У 1970 годзе Бразылія й Італія адначасова вышлі ў фінал чэмпіянатаў сьвету, маючы па 2 перамогі ў чэмпіянатах сьвету, у 1994 — па тры перамогі. Абодва разы ў фінале перамагалі бразыльцы.
Упершыню эўрапейская каманда перамагала ў чэмпіянаце сьвету за межамі Эўропы ў 2010 годзе. Паўднёваамэрыканская каманда змагла заваяваць Кубак сьвету ў Эўропе толькі аднойчы — Бразылія на чале з Пэле ў 1958 годзе.
* — гаспадары чэмпіянату сьвету
Шэсьць з васьмі камандаў, якія перамагалі на чэмпіянаце сьвету, хоць бы раз дамагаліся гэтага ў якасьці гаспадароў турніру. Гэта адзін з галоўных чыньнікаў таго, чаму розныя краіны настолькі актыўна дамагаюцца правы праводзіць чэмпіянат у сябе. У той жа час, гэта адзін з кірункаў крытыкі турніру і ФІФА як яго арганізатараў: крытыкі паказваюць на рэжым празьмернай спрыяльнасьці да гаспадароў турніру, што выяўляецца ў прывілеяваным становішчы гаспадароў пры лёсаваньні й добразычлівасьці да іх судзьдзяў. Нават традыцыйна «слабыя» футбольныя нацыі, праводзячы чэмпіянат сьвету ў сябе, нярэдка дамагаліся добрых вынікаў: апошні прыклад таму — посьпех зборнай Паўднёвай Карэі на чэмпіянаце сьвету 2002 году (пры гэтым да 2002 году паўднёвакарэйцы ні разу не змаглі нават выйсьці ў другі раўнд спаборніцтваў).
Зборныя Ангельшчыны й Францыі дамагаліся званьня чэмпіёнаў толькі на «хатніх» чэмпіянатах сьвету.
Усяго ў фінальных турнірах чэмпіянатаў сьвету ўдзельнічалі зборныя 77 краін. Ніжэй пералічаныя 10 камандаў, якія маюць найбольшую колькасьць выхадаў у фінальную частку ЧС:
Удзелаў у фінале |
Зборная |
---|---|
21 | Бразылія |
19 | Нямеччына |
18 | Італія |
17 | Аргентына |
16 | Мэксыка |
15 | Ангельшчына Гішпанія Францыя |
13 | Бэльгія Уругвай |
Найлепшыя зборныя кантынэнтаў
рэдагавацьНа сёньняшні дзень Кубак сьвету заваёўвалі толькі каманды з Эўропы і Паўднёвай Амэрыкі. Самым вялікім дасягненьнем каманды з КОНКАКАФ быў выхад у паўфінал у 1930 годзе зборнай ЗША.
Першай азіяцкай камандай, якая выйшла ў паўфінал, стала зборная Паўднёвай Карэі на ЧС-2002. Турэцкая зборная таксама выйшла ў паўфінал на тым жа чэмпіянаце, але Турэччына зьяўляецца чальцом УЭФА і таму традыцыйна лічыцца эўрапейскай камандай.
Тры афрыканскія каманды дасягалі стадыі чвэрцьфіналаў: Камэрун на ЧС-1990, Сэнэгал на чэмпіянаце 2002 году, Гана на чэмпіянаце 2010 году.
З прадстаўнікоў Акіяніі найлепшы вынік у Аўстраліі, якая ў 2006 годзе выйшла ў другі раўнд, але ўжо з наступнага чэмпіянату Аўстралія прадстаўляе Азіяцкую канфэдэрацыю.
Прыз
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Кубак сьвету ФІФА (прыз)
На чэмпіянатах сьвету з 1930 па 1970 пераможцу ўручаўся Кубак Жуля Рымэ (першапачаткова яго звалі проста Кубак сьвету або Coupe du Monde; у 1946 годзе ён атрымаў імя прэзыдэнта ФІФА, які арганізаваў першы чэмпіянат сьвету). Было загадзя абумоўлена, што зборная, якая выйграла чэмпіянат сьвету 3 разы, атрымае гэты кубак навечна. Трэцяй перамогі першымі дамагліся бразыльцы ў 1970, і Кубак Жуля Рымэ адправіўся ў офіс Фэдэрацыі футболу Бразыліі. Аднак у 1983 годзе кубак быў выкрадзены, і яго пошукі так і не прывялі ні да якога выніку.
Пачынаючы з 1974 году пераможцу ўручаецца новы кубак, які завецца Прыз кубка сьвету ФІФА. Гэты кубак ніколі ня будзе ўручаны на вечнае захоўваньне, колькі б чэмпіянатаў ня выйграла якая-небудзь зборная. Аргентына, Нямеччына й Бразылія ўжо выйгравалі новы кубак па 2 разы. Гэты прыз ня будзе заменены датуль, пакуль дошчачка з імёнамі пераможцаў чэмпіянатаў сьвету на ім ня будзе запоўненая, што адбудзецца не раней 2038 году (калі кубак ня стануць разгульваць часьцей).
Узнагароды
рэдагавацьПа выніках кожнага фінальнага турніру чэмпіянату ўручаюцца некалькі індывідуальных і камандных узнагародаў тым, хто асоба выявіў сябе ў нейкім з аспэктаў гульні.
Узнагарод на сёньняшні дзень шэсьць:
- Залатая буца (упершыню ўручаная ў 1930 годзе): прыз найлепшаму бамбардзіру турніру
- Залаты мяч (уручаецца з 1982 году): прыз найлепшаму гульцу турніру
- Залатая пальчатка (раней — прыз Льва Яшына): найлепшаму галкіпэру (упершыню ўручаны ў 1994 годзе)
- Прыз сумленнай гульні ФІФА: камандзе, лепш за ўсё выконвала прынцыпы справядлівай гульні (упершыню ўручаная ў 1978 годзе)
- Прыз відовішчнай гульні: камандзе, якая паказала самы відовішчны футбол на чэмпіянаце, вынік вызначаецца народным галасаваньнем (упершыню ўручаны ў 1994 годзе)
- Найлепшы малады гулец чэмпіянату: узнагарода для найлепшага гульца чэмпіянату з тых, хто не старэй за 21 год на пачатак году чэмпіянату (упершыню ўручаная ў 2006 годзе)
Рэкорды
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Рэкорды чэмпіянатаў сьвету па футболе
- Самая буйная перамога: Вугоршчына — Паўднёвая Карэя 9:0, 1954; Югаславія — Заір 9:0, 1974; Вугоршчына — Сальвадор 10:1, 1982
- Самы хуткі гол: Хакан Шукюр, 10,89 сэкунды, Турэччына — Паўднёвая Карэя 3:2, 2002
- Самая вялікая колькасьць удзелаў у ЧС: Антоніё Карбахаль (Мэксыка, 1950—1966) і Лётар Матэўс (Нямеччына, 1982—1998), 5
- Найбольшая колькасьць гульняў на ЧС: Лётар Матэўс, 25
- Найлепшы бамбардзір: Міраслаў Клёзэ (Нямеччына, 2002—2014), 16
- Найбольшы лік галоў у адным турніры: Жуст Фантэн (Францыя), 13, 1958
- Найбольшы лік галоў у адным матчы: Алег Саленка (Расея), 5, Расея — Камэрун 6:1, 1994
- Самы стары гулец: Фарыд Мандрагон, 43 гады і 3 дні, Калюмбія — Японія, 2014
Тэлебачаньне й прэса
рэдагавацьЧэмпіянаты сьвету па футболе — спартовыя спаборніцтвы з самай вялікай гледачовай аўдыторыяй з усіх якія праводзяцца ў сьвеце. Колькасьць гледачоў тэлетрансьляцыяў з чэмпіянатаў сьвету перавышае нават гледачовую аўдыторыю Алімпійскіх гульняў[3]. Сумарная аўдыторыя чэмпіянату сьвету 2002 году склала прыкладна 2,88 млрд чалавек. 1,1 мільярда глядзелі фінальны матч гэтага турніру. Лёсаваньне фінальнага турніру чэмпіянату сьвету — 2006 назіралі 300 мільёнаў гледачоў па ўсім сьвеце[4].
Пачынальна з 1966 году ў кожнага чэмпіянату сьвету ёсьць свой талісман (першым талісманам, на ЧС-1966, быў ільвяня Вілі).
Выбар месца правядзеньня чэмпіянату
рэдагаваць- Глядзіце сьпіс гаспадароў чэмпіянату ў разьдзеле Усе чэмпіянаты сьвету.
На цяперашні момант месца правядзеньня чарговага чэмпіянату сьвету вызначаецца за 6 гадоў да турніру галасаваньнем чальцоў выканаўчага камітэту ФІФА.
Усе чэмпіянаты сьвету з 1930 па 1998 праводзіліся або ў Эўропе, або ў Амэрыцы. Пры гэтым было прынята чаргаваць месца правядзеньня — адзін чэмпіянат праводзіўся ў Эўропе, наступны ў Амэрыцы, потым ізноў надыходзіла чаргу Эўропы і г. д. Адзіны раз, калі гэты парадак быў парушаны — 1938 год; нягледзячы на тое, што чэмпіянат сьвету 1934 году праводзіўся ў Італіі, у 1938 месца правядзеньня турніру ізноў стала Эўропа.
Чэмпіянат 2002 году ўпершыню быў праведзены за межамі Эўропы і Амэрыкі — гаспадарамі турніру сталі Рэспубліка Карэя й Японія. Першапачаткова карэйцы і японцы былі канкурэнтамі, але ў апошні момант яны пад націскам ФІФА пагадзіліся правесьці турнір сумесна. Аднак з-за гістарычна няпростых адносін паміж Карэяй і Японіяй, а таксама з-за таго, што гэтыя краіны падзяляе мора, пры правядзеньні чэмпіянату паўстаў цэлы шэраг праблем. У сувязі з гэтым па канчатку турніру службоўцы ФІФА неаднаразова заяўлялі, што больш не дапусьцяць сумеснага правядзеньня чэмпіянату сьвету[5].
Рашэньне аддаць права правядзеньня ЧС-2006 Нямеччыне было сустрэта неадназначна, бо ўсімі чакалася, што правядзеньне турніру будзе даверанае Паўднёвай Афрыцы. Пры фінальным галасаваньні галасы разьмеркаваліся 12 да 11 на карысьць Нямеччыны. Дэлегат ФІФА з Новай Зэляндыі Чарлз Дэмпсі, які атрымаў указаньне ад Фэдэрацыі футболу Акіяніі галасаваць за ПАР, у апошні момант устрымаўся ад галасаваньня. Калі бы ён не зрабіў гэтага, галасы бы разьмеркаваліся пароўну, і рашэньне ў гэтым выпадку павінен быў прыняць глава ФІФА Зэп Блятэр, які быў прыхільнікам кандыдатуры Паўднёвай Афрыкі[6]. Дэмпсі растлумачыў свой крок тым, што выпрабоўваў занадта вялікі ціск з боку і Нямеччыны і ПАР, уключаючы нават спробы подкупу[7], і таму палічыў, што ня зможа застацца бесстароньнім.
У выніку ўзьніклага скандалу ФІФА заявіла, што ізноў вяртаецца да прынцыпу ратацыі паміж кантынэнтамі ў азначэньні гаспадароў чэмпіянату сьвету; зараз, аднак, у ратацыі будуць удзельнічаць усе кантынэнты, а ня толькі Эўропа й Амэрыка.
Для чэмпіянату сьвету 2010 году ў якасьці кантынэнту правядзеньня была абраная Афрыка, і ПАР усё-ткі займела для сябе чэмпіянат сьвету, абышоўшы чатырох іншых прэтэндэнтаў. Такім чынам, чэмпіянат сьвету 2010 году стаў першым буйным спартовым спаборніцтвам, праведзеным на Чорным кантынэнце.
Чэмпіянат сьвету 2014 году прайшоў у Бразыліі.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ у 1930 годзе — паўфіналісты
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Уругвай 1930 — Афіцыйны сайт Чэмпіянату сьвету ФІФА
- ^ Вытокі Чэмпіянату сьвету ФІФА Прэс-рэліз ФІФА.
- ^ Навіны ФІФА. Зэп Блятэр, генэральны сакратар ФІФА, чэрвень 1997 г.
- ^ «Хиддинк: Нас чакае сур'ёзнае выпрабаваньне», ABC Sport, 10 сьнежня 2005 г.
- ^ Арганізатарам ЧС-2010 стала ПАР, Прэс-рэліз ФІФА ад 15 траўня 2004 г.
- ^ «Прэзыдэнт ФІФА Блятэр аддае ЧС-2006 Нямеччыне і прайгравае» Робэрт Ўогмэн, «Сокер Таймз», 7 ліпеня 2000 г.
- ^ «Нямецкі часопіс бярэ на сябе адказнасьць за ўяўную спробу подкупу», IOL, 7 ліпеня 2000 г.