Дукора
Дуко́ра[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Сьвіслачы. Цэнтар сельсавету Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1304 чалавекі. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Менск — Бабруйск і Рудзенск — Сьмілавічы.
Дукора лац. Dukora | |
Брама сядзібы Ашторпаў | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Пухавіцкі |
Сельсавет: | Дукорскі |
Вышыня: | 174 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1304 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1713 |
Паштовы індэкс: | 222840 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°40′21.0″ пн. ш. 27°57′31.0″ у. д. / 53.6725° пн. ш. 27.958611° у. д.Каардынаты: 53°40′21.0″ пн. ш. 27°57′31.0″ у. д. / 53.6725° пн. ш. 27.958611° у. д. |
± Дукора | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дукора — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Ашторпаў і царква Сьвятога Ільлі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся клясыцыстычны палац Ашторпаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі партызанамі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ XVI стагодзьдзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтку Бакштаў і належала Кезгайлам, з 1554 году — у валоданьні іхных нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Першы пісьмовы ўпамін пра Дукору як уласнасьць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж упамінаецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасьці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.
З 1606 году Дукора знаходзілася ў супольным валоданьні ўдоваў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялянаў-кунічнікаў. Пазьней уласьнікамі маёнтку сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімер.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дукора апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. З канца 1790-х гадоў маётак перайшоў да Францішка Ашторпа — сына аселага на Літве швэдзкага жаўнера арміі Карла ХІІ. У 1800 годзе Дукора складалася зь сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела Ўзьвіжанскую царкву, юдэйскую школу, будаваўся мураваны касьцёл; штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1-й палове XIX ст. Ашторпы (сыны Францішка Лявона, 1786—1851) збудавалі мураваны палац, у гэты ж час працавалі цырк з замежнымі акторамі, аркестар, бібліятэка.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галяндца Канстантына Гартынга (памёр у 1891 годзе), радзіна якога ўсталявалася на Меншчыне ў пачатку XIX ст. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка зьлілося зь сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дукору занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дукора абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят БНР скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[2]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дукора ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году Дукора знаходзілася пад польскай уладай і было цэнтрам гміны.
20 жніўня 1924 году Дукора стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1970 год у Дукоры было 797 двароў, на 1993 год — 652, на 1997 год — 596. У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Брама сядзібы Ашторпаў, 1914 г.
-
Палац Ашторпаў, 1914 г.
-
Бакавы фасад палаца, 1914 г.
-
Школа ў палацы, 1932 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1861 год — 225 чал. у мястэчку Дукоры і 133 чал. у сяле Дукоры; 1881 год — 842 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 102 чал. у маёнтку Дукоры і 1444 чал. у мястэчку Дукоры; 1970 год — 2258 чал.; 1993 год — 1588 чал.[5]; 1997 год — 1429 чал.[6]; 1999 год — 1331 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1304 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Дукоры працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Могілкі юдэйскія
- Палацава-паркавы комплекс Ашторпаў і Гартынгаў (XVIII ст.)
- Царква Сьвятога Ільлі (XIX ст., Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Палац Ашторпаў (XVIII ст.)
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (XVIII ст.)
Галерэя
рэдагаваць-
Брама і стайня сядзібы Ашторпаў
-
Стайня
-
У цэнтры вёскі
Асобы
рэдагаваць- Васіль Гарбацэвіч (1893—1985) — драматург, мэмуарыст, пэдагог
- Шмуэль Нігер (1883—1955) — літаратурны крытык і публіцыст
- Аляксандар Чарвякоў (1892—1937) — дзяржаўны дзяяч БССР, публіцыст
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 377.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Jelski A. Dukora // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 212.
- ^ Насевіч В. Дукора // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 313.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 256.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.