Дукора — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Ашторпаў і былы касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся клясыцыстычны палац Ашторпаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі партызанамі.

Сядзіба. Н. Орда, 1876 г.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Сядзіба, 1914 г.

У XVI стагодзьдзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтку Бакштаў і належала Кезгайлам, з 1554 году — у валоданьні іхных нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Першы пісьмовы ўпамін пра Дукору як уласнасьць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж упамінаецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасьці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.

З 1606 году Дукора знаходзілася ў супольным валоданьні ўдоваў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялянаў-кунічнікаў. Пазьней уласьнікамі маёнтку сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімер.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Сядзіба, 1929 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дукора апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. З канца 1790-х гадоў паселішча перайшло да Францішка Ашторпа — сына аселага на Літве швэдзкага жаўнера арміі Карла ХІІ. У 1800 годзе Дукора складалася зь сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела Ўзьвіжанскую царкву, юдэйскую школу, будаваўся мураваны касьцёл; штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1-й палове XIX ст. Ашторпы (сыны Францішка Лявона, 1786—1851) збудавалі мураваны палац, у гэты ж час працавалі цырк з замежнымі акторамі, аркестар, бібліятэка.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галяндца Канстантына Гартынга (памёр у 1891 годзе), радзіна якога ўсталявалася на Меншчыне ў пачатку XIX ст. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка зьлілося зь сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.

У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 году Дукору займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дукора абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[1]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году Дукора знаходзілася пад польскай уладай і было цэнтрам гміны. Пазьней зноў у БССР, дзе 20 жніўня 1924 году яна стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1970 год у Дукоры было 797 двароў, на 1993 год — 652, на 1997 год — 596. У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

  1. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Дукорысховішча мультымэдыйных матэрыялаў