Дружба (фабрыка)
Каардынаты: 53°8′3″ пн. ш. 25°50′13″ у. д. / 53.13417° пн. ш. 25.83694° у. д.
«Дружба» — найбольшая дзяржаўная птушкафабрыка Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1980 году ў пасёлку Жамчужны (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць)[3]. На 2013 г. мела 158 птушнікаў агульнай зьмяшчальнасьцю на 3 млн куранятаў. Цэх забою і перапрацоўкі меў магутнасьць 9000 птушанятаў за гадзіну. Выраб кармоў ажыцьцяўляўся на даччыных Баранавіцкім і Новаельнянскім (Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобласьць) камбінатах хлебапрадуктаў. Увесну і ўлетку збываліся сутачныя кураняты. Збытавая сетка налічвала 32 уласныя крамы, у тым ліку 21 у Берасьцейскай вобласьці (Баранавічы, Белаазёрск, Берасьце, Бяроза, Дарагічын, Івацэвічы, Кобрынь), 7 у Менску і 4 у Гарадзенскай вобласьці (Ліда, Наваградак і Слонім). Таксама вырабляліся газаваныя напоі.
«Дружба» | |
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 5 лістапада 1980 (44 гады таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | пасёлак Жамчужны, Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь |
Ключавыя фігуры | Васіль Маркевіч, Віталь Горбань |
Галіна | Птушкаводзтва |
Прадукцыя | вэнджаніна, вяндліна, кілбаса, курыны фарш, мяса птушкі, паштэт |
Абарачэньне | ▲1295,365 млрд рублёў[1] (2014; $126,252 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲147,073 млрд руб. ($14,334 млн) |
Чысты прыбытак | ▲147,026 млрд руб. ($14,330 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 3129 (2014) |
Матчына кампанія | Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь |
Вырабы
рэдагавацьНа 2013 г. асноўнымі вырабамі птушкафабрыкі былі ахалоджаныя і замарожаныя тушкі куранятаў, курыныя субпрадукты (галава, нага, страўнік, печань, сэрца, шыя) і паўфабрыкаты (галёнка, грудка, крыло, сьпіна, філе, сьцягно, чвэрцінка, шынка), курыныя вэнджаніна, вяндліна, кілбаса і фарш.
Мінуўшчына
рэдагавацьУ красавіку 1979 году ў пасёлку Жамчужны (Баранавіцкі раён, Беларуская ССР) пачалося будаўніцтва птушкафабрыкі паводле кантракту з Вугоршчынай. 5 лістапада 1980 г. пасадзілі першае куранё. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складаў 28 гадоў. У 1981 годзе вырабілі 9949 тонаў мяса птушкі. 20 траўня 1981 г. Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР зацьвердзіла Загад № 108 аб стварэньні бройлернай птушкафабрыкі «Дружба». У 1993 годзе ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) адчынілі першую ўласную краму. У траўні 1996 году да прадпрыемства далучылі птушкафабрыку «Палонка» (Баранавіцкі раён) з 17 птушнікамі на 300 тыс. куранятаў. У сьнежні 1999 году далучылі саўгасп «Прыазёрны» (Навамыскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У жніўні 2000 г. — калгасп «Цяплівады» (Жамчужненскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У выніку агульны збор зерня перавысіў 12 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці звыш 50 цэнтнэраў/га. Вытворчасьць малака перасягнула 4 тыс. тонаў пры сярэднім гадавым надоі на фуражную карову 7 тыс. кг (літраў)[4].
У 2005 г. даччыныя падразьдзяленьні «Прыазёрны» і «Цяплівады» стваралі 8% вырабаў прадпрыемства. Далучэньне земляробчых гаспадарак прывяло да самастойнага забесьпячэньня звыш паловы патрэбаў у зерні (пшаніца, трыцікале, ячмень). Для вытворчасьці камбінаванага корму за мяжой закупаліся соевы шрот (Аргентына), рыбная мука (Маўрытанія) і большасьць кукурузы (Украіна). На пачатку лістапада 2005 году ў п. Жамчужны ўвялі ў дзеяньне новы забойны цэх на 6000 птушанятаў за гадзіну. Цэх стаў першым у Беларусі з паветрана-кропельным спосабам ахалоджваньня птушкі, што ажыцьцяўлялася да тэмпэратуры тушкі +4 °C цягам 82 хвілінаў патокам вільготнага паветра (бяз дотыку вады) тэмпэратурай ад 0°C да +2 °C. Таксама ў забойным цэху паставілі 2 пакоі хуткай замарозкі з тэмпэратурай −35 °C. Будаўніцтва цэха ажыцьцявілі за кошт €4,293 млн пазыкі пад 10,5% гадавой ліхвы ад Нямецкага цэнтральнага каапэратыўнага банка (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн). Савет міністраў Рэспублікі Беларусь узяў на сябе вяртаньне 7% гадавой ліхвы. На 2005 г. птушкафабрыка мела закончаны цыкль вытворчасьці мяса куранятаў. Прадпрыемства ўлучала цэх бацькоўскага статка і рамонтнага маладняку, інкубатар, бройлерны цэх, цэх забою і паглыбленай перапрацоўкі мяса птушкі, сетку ўласных крамаў. Налічвалася 137 птушнікаў для адначаснага ўтрыманьня 2,2 млн куранятаў. На прадпрыемстве працавалі амаль 2000 чалавек. Штодзённы выраб мяса куранятаў перавышаў 55 тонаў у забойнай вазе. Таксама ў 2005 г. сумесна з кампаніямі «Яравіт» (Менск) і «Белптушкапрам» (Менск) адчыніла гандлёвы дом «Белая вежа» ў Маскве (Расея)[4].
У 2006 годзе да птушкафабрыкі «Дружба» далучылі Гарадзішчанскі племянны птушкаводчы рэпрадукар (Баранавіцкі раён). У 2008 годзе ўвялі ў дзеяньне цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, што дазволіла вырабляць мяса-косную муку і зрабіць забой безадкідным. У 2009 годзе далучылі сельскагаспадарчае прадпрыемства «Пачапаўскі» (Баранавіцкі раён). У сьнежні 2009 г. у забойным цэху пусьцілі лінію забою магутнасьцю перапрацоўкі 3000 асобінаў матачнага пагалоўя за гадзіну. У 2010 годзе далучылі прадпрыемства «Агра-Стайкі» (Сталовіцкі сельсавет, Баранавіцкі раён) і адчынілі першую чаргу новага племяннога рэпрадуктара «Дзераўная» (Навамыскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У сьнежні 2010 г. дадалі ААТ «Застарынскае» (Пачапаўскі сельсавет, Баранавіцкі раён). За 2010 г. з племянных яек вырасьцілі 18 млн куранятаў, вырабілі 15,2 тыс. тонаў малака і збылі 840 тонаў ялавічыны. У чэрвені 2011 году далучылі гаспадарку «Зара» прадпрыемства «АграЭлітПрадукт» (вёска Гавінавічы, Баранавіцкі раён), у выніку чаго землі птушкафабрыкі «Дружба» сталі разьмяшчацца ў 7 з 21 сельсавету Баранавіцкага раёну[5].
На 2011 г. птушкафабрыка «Дружба» зьяўлялася закрытым прадпрыемствам з закончаным цыклем вытворчасьці мяса куранятаў і ўлучала цэх рамонтнага маладняку, цэх інкубацыі (магутнасьць 27 млн яек за год), племянны рэпрадуктар, бройлерны цэх, цэх забою (9 тыс. куранятаў за гадзіну) і паглыбленай перапрацоўкі мяса (30 тонаў за зьмену), цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, вытворчыя падразьдзяленьні і сетку з 48 крамаў. Прадпрыемства зьяўлялася найбольшым у Беларусі вытворцам мяса птушкі (30 тонаў за зьмену): галёнка, грудка, крыло, сьцягно, філе, шынка. Таксама выраблялася кілбаса (30 тонаў за зьмену). Звыш 85% вытворчасьці складалі вырабы птушкаводзтва. Для вырошчваньня выкарыстоўваўся рамонтны маладняк амэрыканскага кроса(en) «Рос-308» (прадпрыемства «Авіяген»; Хантсвіл(en), акруга Мэдысан(en), штат Алабама), які быў найбольш распаўсюджаным у сьвеце гібрыдам куранятаў з найбольшым паказьнікам прыросту вагі на адзінку корму. У 2011 г. прадпрыемства стала найбольшым падаткаплатнікам Баранавіцкага раёну. Збыт сутачных куранятаў для дарошчваньня перавысіў 250 тысячаў асобінаў. Асноўную пляцоўку ў п. Жамчужны пераабсталявалі для адкорму куранятаў. Птушнікі для ўтрыманьня і бацькоўскага статка перамясьцілі за межы галаўнога прадпрыемства. Камбікармы (звыш 92 тыс. тонаў за год) склалі звыш 40% усіх выдаткаў прадпрыемства. Звыш паловы кармоў выраблялася самастойна. Збор збожжа перавысіў 40 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці звыш 50 цэнтнэраў/га. Ураджай зерневых і зернебабовых склаў 25 тыс. тонаў. Збор кукурузы — каля 18 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці 90 ц/га, зерня рапсу — 2253 тоны пры ўраджайнасьці 19 ц/га. З адведзеных пад пасевы кукурузы 3200 га 63% (2000 га) пайшлі на зерне. Рэшта пайшла на сілас[5].
На лістапад 2011 г. налічвалася 176 птушнікаў для ўтрыманьня 2,9 млн куранятаў, 170 тыс. нясушак племяннога статка, 89 тыс. асобінаў рамонтнага маладняку. Агульная плошча зямельных угодзьдзяў складала 226 км², у тым ліку 193 км² (85%) сельскагаспадарчых. 125 км² (55%) адводзілася пад ральлю для вырошчваньня сакавітых кармоў для буйной рагатай жывёлы. Будынкі для вырошчваньня і забою птушкі займалі 224 га. Налічвалася каля 7000 асобінаў буйной рагатай жывёлы (БРЖ), у тым ліку 3084 — дойнага статка. Ва ўласнасьці знаходзіліся каля 500 аўтамабіляў і сельскагаспадарчых самаходаў. У межах Баранавіцкага раёну працавалі 8 даччыных падразьдзяленьняў: «Гарадзішча», «Заастрынскае», «Зара», «Палонка», «Пачапаўскі», «Прыазёрны», «Стайкі» і «Цяплівады». Уласная гандлёвая сетка з 48 крамаў, што мела звыш 500 супрацоўнікаў, ахоплівала 11 гарадоў Берасьцейскай (Баранавічы, Берасьце, Бяроза, Івацэвічы, Ляхавічы, Пінск), Гарадзенскай (Ліда, Наваградак, Слонім) і Менскай вобласьцяў (Клецак, Менск). За 2011 г. праз уласныя крамы збылі каля 30% вырабаў прадпрыемства. У Расею экспартавалі звыш 30% вырабаў[5]. Гадавая вытворчасьць склала 50 тыс. т мяса птушкі. У 2012 г. плошчу ральлі павялічылі да 136 км². Ва ўласнасьці птушкафабрыкі таксама знаходзіліся 12 жывёлагадоўчых фэрмаў з агульным пагалоўем у 7175 асобінаў БРЖ, зь іх 2965 (41%) кароваў[6]. У 2014—2015 гг. ураджай збожжа перавышаў 40 тыс. тонаў[7], што рабіла прадпрыемства найбольшай гаспадаркай паводле яго збору ў Баранавіцкім раёне[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2014 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 29 траўня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 руб за $) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ «Дружба», птушкафабрыка (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2005 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ а б Уладзімер Здановіч. За чвэрць стагодзьдзя мы навучыліся вырошчваць птушку па лепшых эўрапейскіх стандартах // Зьвязда : газэта. — 4 лістапада 2005. — № 216 (25548). — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Уладзімер Здановіч. Да новых мэтаў празь бездакорную якасьць прадукцыі // Зьвязда : газэта. — 5 лістапада 2011. — № 212 (27076). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вольга Кабяк. Большасьць сельгасарганізацыяў рэканструюе фэрмы ва ўстаноўленыя тэрміны - А.Якабсон // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 чэрвеня 2013 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ Алена Клімушка. Жніво паказала нашыя сілы і магчымасьці // Газэта «Навіны Палесься», 15 верасьня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ Сьвятлана Бяляк. Хлеб сабралі, у Іванаве сьпявалі // Газэта «Сельская праўда», 23 верасьня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Алена Грамацкая, Людміла Салдзіна. Птушкафабрыка «Дружба» // Тэлерадыёкампанія «Берасьце», 20 верасьня 2013 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.