Даўляды
Даўляды́[1] — былая вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзілі ў склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 52 км на паўднёвы ўсход ад Нароўлі, за 160 км ад Гомеля; за 65 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч), аўтамабільная дарога зьвязвае вёску з Хвойнікамі[2].
Даўляды лац. Daŭlady | |
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Нараўлянскі |
Сельсавет: | Вербавіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2355 |
СААТА: | 3238804076 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°31′22″ пн. ш. 29°52′6″ у. д. / 51.52278° пн. ш. 29.86833° у. д.Каардынаты: 51°31′22″ пн. ш. 29°52′6″ у. д. / 51.52278° пн. ш. 29.86833° у. д. |
± Даўляды |
4 траўня 1986 году, у зьвязку з радыяцыйным забруджаньнем па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, да якой менш за 15 км, жыхароў вёскі (183 сям’і) вывезьлі ў пасёлак Ператрутаўскі Варатын (Савіцкі сельсавет, Каленкавіцкі раён)[3]. Зь ліпеня 1988 году знаходзіцца ў складзе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, што да Беласароцкай нядзелі[a], названыя Даўгляды, ясачнікі на Прыпяці князя Сенскага[b] альбо ў іншым месцы — Даўглядцы, патужнікі[5]. Магчыма, гэта і ёсьць найранейшая пісьмовая згадка пра паселішча[c].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Беласароцкая воласьць з Даўлядамі[d]) было далучана да Кароны Польскай[6].
Карона Каралеўства Польскага
рэдагавацьЗ падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзенага 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Даўляды былі ўласнасьцю пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага. Зь іх 8 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 грошаў, з аднаго каморніка — 2 грошы падатку[7].
26 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі запісаў усе свае маёнткі сынам Станіславу, Мікалаю і Рыгору з абавязкам выплаты іхным сёстрам па 3 000 польскіх злотых. Сярод добраў названыя вёска Даўляды з рачным перавозам і сяло Беласарока з млынам па-над Прыпяцю, якія дасталіся Станіславу. 2 і 11 траўня 1607 году ўладальнік Хабнага пан Станіслаў Харлінскі судзіўся з князем Янушам Астроскім і зь Сьвята-Мікольскім Пустынскім манастыром што да зьбеглых падданых вёскі Даўлядоў адпаведна да новаасаджанай Альшаніцы і Коваліна. 10 жніўня 1624 году, на заяву архімандрыта кіева-пячэрскага Елісея Плетэніцкага і капітулы, складзены судовы дэкрэт аб наезьдзе падданых Станіслава Харлінскага з Даўлядоў і Белай Сарокі на манастырскую Амялянаўшчыну[8].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 3 дымоў osiadłych і з 2 агароднікаў sioła Dowladów нябожчыка пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, нашчадкамі якога апекаваўся пан Хведар Станецкі, выплачвалася адпаведна па тры і па паўтара злотых[9].
10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гаспадароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названыя Даўгляды з рудняй і млынам на два жораны, але зь неверагодна вялікай колькасьцю двароў — ажно 106[e][10]. У 1683 годзе, калі добрамі Кіеўскай мітраполіі і Пячэрскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат япіскапа, з 7 дымоў у Даўлядах Пячэрскага манастыра выплачваліся 3 злотыя[11]. Згаданыя Даўляды[f] ў рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[12].
16 сакавіка 1706 году япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Даўляды. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Даўлядамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[13].
На 1734 год Даўляды ў складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належаў Кіеўскай мітраполіі[14]. Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Белай Сарокай і Даўлядамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[15].
У 1754 годзе з 25 двароў[g] (×6 — прыкладна 150 жыхароў) вёскі Dowhlady выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 3 злотыя і 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 зл. і 16 гр.[16]
Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Даўлядах адпаведна 3, 5 і 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[17].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Даўлядамі ў складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[18].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Даўляды – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[19].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Даўляды з рудняй на той час была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[20]. Але ўжо ў 1796 годзе ў мэтрычных кнігах Беласароцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы Даўляды, іншыя паселішчы ключа і прыхода, названыя прыналежнымі да казённага ведамства. Згодна з мэтрыкамі 1797 — 1802 гг., усе яны сталі ўласнасьцю расейскага генэрала графа (фон) Сакена. У запісе тае ж царквы 1832 г. сказана, што Даўлядамі, Белай Сарокай, Вяпрамі і інш. валодаў граф Арлоў[21]. У рэвізіі 1834 году уладальнікам добраў названы пан Горват. Тады ў Даўлядах налічвалася 64 двары[2].
У парэформавы пэрыяд Даўляды адміністрацыйна належалі да Дзёрнавіцкай воласьці.
На 1909 год у вёсцы Даўляды налічвалася 74 двары з 544 жыхарамі[22].
У лютым 1918 году Даўляды занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Даўляды, якія знаходзіліся пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Даўляды абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[23]. Тым часам Даўляды ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету ўлучылі ў часова створаную 15 чэрвеня Палескую губэрню з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[24].
З 20 жніўня 1924-га па 1927 год — цэнтар сельсавета ў Нараўлянскім раёне (Гомельская губэрня, Расейская СФСР). 4 сьнежня 1926 году вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У 1929 годзе ў вёсцы стварылі калгас, працавала школа і паштовае аддзяленьне. Да 26 ліпеня 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 году ў складзе Мазырскай акругі БССР. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці БССР. Падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гг. нямецкія акупанты забілі 28 жыхароў вёскі. У лістападзе 1943 году ў баях за вёску загінулі 10 савецкіх вайскоўцаў, якіх пахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. 30 лістапада 1943 г. савецкае войска заняло вёску. На фронце загінулі 70 вяскоўцаў. Ад 8 студзеня 1954 году вёска ў складзе Гомельскай вобласьці БССР. З 25 сьнежня 1962 году ў складзе Ельскага раёну (Гомельская вобласьць). Паводле перапісу 1959 г. налічвала 498 жыхароў. 6 студзеня 1965 г. вёску вярнулі ў склад Нараўлянскага раёну. На пачатак 1986 г. налічвала 183 двары і 474 жыхары, была цэнтрам саўгаспа «Прыпяць». У вёсцы месьціліся 8-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, аддзяленьне сувязі, швейная майстэрня і крама[2].
Забудова
рэдагавацьАд цэнтру вёскі ў некалькі бакоў адыходзяць кароткія вуліцы. На паўночным захадзе дугападобная вуліца. Двухбаковая, драўляная забудова сядзібнага тыпу[2].
Насельніцтва
рэдагаваць- 1986 год — 474 жыхары (183 сям’і і двары)
- 1959 год — 498 жыхароў
Славутасьці
рэдагавацьСтаянка бронзавага веку і селішча жалезнага веку за 1,5 км на поўнач ад вёскі.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
- ^ Відавочна, князя Рыгора, сына князя Івана Рыгоравіча Сенскага і пані Фенны Сямёнаўны Палазоўны[4].
- ^ Не з XVII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
- ^ Насуперак таму, што напісана С. В. Марцэлевым, яны ніколі не належалі да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.[2]
- ^ Нават, калі б вялося пра колькасьць падданых, а не двароў, для таго часу ўсяроўна зашмат.
- ^ Назва перайначаная на Довсоды.
- ^ Усяго ў вёсцы налічвалася «szesnastka» дыму «i chałup pięć», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 246.
- ^ а б в г д е Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005. С. 140—141.
- ^ Анатоль Кляшчук. Цяпер і 15 гадоў таму // Зьвязда : газэта. — 19 лютага 2012. — № 80 (27195). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гл.: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. – Warszawa, 1895. S. 456 — 458
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
- ^ ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 61 — 62, 100, 111, 377
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 381
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 357—363
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 495
- ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 986
- ^ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1111, 1161, 1179, 1268
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1444
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 170
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392, 712
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). — Киев, 1871. С. 642 — 644
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп 13. Спр. 350, 493, 494 — 500
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 52.
- ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne. Nr. 15.
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.