Белая Сарока
Бе́лая Саро́ка[1] — былая вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзіла ў склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 43 км на паўднёвы ўсход ад Нароўлі, за 68 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч); на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Палявая дарога злучае вёску з шашой Даўляды — Бабчын.
Белая Сарока лац. Biełaja Saroka | |
Першыя згадкі: | 1486 год |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Нараўлянскі |
Сельсавет: | Вербавіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2355 |
СААТА: | 3238804011 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°29′25″ пн. ш. 29°54′7″ у. д. / 51.49028° пн. ш. 29.90194° у. д.Каардынаты: 51°29′25″ пн. ш. 29°54′7″ у. д. / 51.49028° пн. ш. 29.90194° у. д. |
± Белая Сарока |
Белая Сарока — даўняе сяло, пазьней мястэчка, зноў сяло ў частцы Палесься[a], што на самай поўначы гістарычнай Кіеўшчыны.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ пісьмовых крыніцах Белая Сарока ці не ўпершыню згаданая 14 ліпеня 1486 году, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер перадаў сяло ключніку кіеўскаму Гарнастаю дзеля выбіраньня пазасталых 40 коп грошаў гаспадарскага доўгу[3]. На 1514 і 1516 гады маюцца найранейшыя зьвесткі пра Беласароцкую воласьць Кіеўскага павету[4].
23 лістапада 1522 году кароль Жыгімонт Стары загадаў намесьніку чарнобыльскаму пану Міхайлу Паўшы «подать дворянину Матфею Заморенку человека путнаго въ Чернобыльскомъ повете въ Белойсороце Мартина Зеньковича и зъ землею Крывскою, на которой тотъ человекъ седить»[5].
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, сярод іншых, названая і Беласароцкая нядзеля[b] ды патужнікі зь сёлаў, што да яе належалі, – Даўглядцы, Тоўстыя (яны — патужнікі) Лес, Шэпелічы, Масановічы, Кажушкавічы[c][7].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Беласароцкая воласьць[d]) было далучана да Кароны Польскай[9].
Карона Каралеўства Польскага
рэдагаваць12-м сакавіка 1574 году пазначана каралеўская «Данина мыта водного Щасному Харлинскому, хорунжому киевскому, в ыменю его власном в селе Белои Сороце в повете Киевскомъ»[10].
З рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзенага 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што слабада Беласарока была ўласнасьцю пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага. Зь яе 4 агароднікаў выбіралася па 6 грошаў, з тутэйшага сьвятара — 2 флярыны падатку[11].
26 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі запісаў усе свае маёнткі сынам Станіславу, Мікалаю і Рыгору з абавязкам выплаты іхным сёстрам па 3 000 польскіх злотых. Сярод добраў названыя вёска Даўляды з рачным перавозам і сяло Беласарока з млынам па-над Прыпяцю, якія дасталіся Станіславу. 10 жніўня 1624 году, на заяву архімандрыта кіева-пячэрскага Елісея Плетэніцкага і капітулы, складзены судовы дэкрэт аб наезьдзе падданых Станіслава Харлінскага з Даўлядоў і Белай Сарокі на манастырскую Амялянаўшчыну[12].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 2 дымоў асадных сялянаў, 1 агародніка і сьвятара ў Белай Сароцы нябожчыка пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, нашчадкамі якога апекаваўся пан Хведар Станецкі, выплачвалася адпаведна па тры, паўтара і шэсьць злотых[13].
10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гаспадароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названае сяло Белая Сарока з 20 дварамі[e] і царквой[14].
16 сакавіка 1706 году япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ.. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ у арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[15].
На 1734 год Беласароцкі ключ, у тым ліку wieś Białosoroka, належаў Кіеўскай мітраполіі[16].
У матэрыяле Генэральнай візытацыі Брагінскага дэканату 1743 году занатавана, што прыход Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Белая Сарока, які ўзначальваў настаяцель а. Кміта (Цімафей?), налічваў усяго 30 двароў (×6 — каля 180 душ), а верных да споведзі дапушчаных — 139 душ[17].
Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[18].
У 1754 годзе з 7 двароў (прыкладна 42 жыхароў) мястэчка Białosoroka выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 6 гр.[19].
Ад 1759 году, калі настаяцелем Беласароцкай Мікалаеўскай царквы быў сьвятар Анікій Кмета (Кміта), мэтрычныя кнігі вяліся спраўна, а таму значная іх частка захавалася да нашых дзён.
Габрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Беласароцы адпаведна 4 і 5 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[20].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Беласароцкім ключом, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[21].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Беласарока – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[22].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што сяло Беласарока на той час была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[23]. Але ўжо ў 1796 годзе ў мэтрычных кнігах Беласароцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы сяло, іншыя паселішчы ключа і прыхода, названыя прыналежнымі да казённага ведамства. Згодна з мэтрыкамі 1797 — 1802 гг., усе яны сталі ўласнасьцю расейскага генэрала графа (фон) Сакена. У запісе тае ж царквы 1832 г. сказана, што Белай Сарокай, Даўлядамі, Вяпрамі і інш. валодаў граф Арлоў[24]. У рэвізіі 1834 году уладальнікам добраў названы пан Горват. Празь мястэчка праходзіў гасьцінец зь Міхалкаў у Чарнобыль[8].
У парэформавы пэрыяд Белая Сарока адміністрацыйна належала да Дзёрнавіцкай воласьці. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Мікалаеўскай царквы ў Белай Сароцы названыя настаяцель а. Іаан Белякоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Стафан Мігай, пазаштатны псаломшчык Іван Смародзкі[25]. На 1879 год прыход аб'ядноваў 684 верных мужчынскага і 765 жаночага полу зь сяла Белая Сарока, вёсак Даўляды, Надтачэеўка, Вяпры, Рожава, сяла Дзёрнавічы[26].
На 1886 год у Белай Сароцы налічваўся 21 двор з 212 жыхарамі, працавалі бровар і 2 смалярні[27]. Паводле перапісу 1897 году — 39 двароў, існавалі царква, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, карчма. На 1909 год у сяле ў 71 двары было 322 жыхарыі[28].
Найноўшы час
рэдагавацьЗа часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Белую Сароку занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Белая Сарока ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[29].
1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Белую Сароку вярнулі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Пераможца», працавала кузьня.
На 1986 год у Белай Сароцы было 83 двары, працавала пачатковая школа. У зьвязку з радыяцыйным забруджваньнем па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС усіх жыхароў перасялілі ў чыстыя месцы, пераважна ў вёску Бабоўку.
Насельніцтва
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 212 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 657 чал.; 1959 год — 294 чал.; 1986 год — 201 чал. (усе пераселеныя)[8]
Забудова
рэдагавацьПлян складаецца з трохі выгнутай, амаль мэрыдыянальнай вуліцы, забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьАдметныя мясьціны
рэдагавацьСелішча эпохі мэзаліту за 1—1,5 км на паўночны захад ад вёскі.
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Царква Сьвятога Міколы (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
Заўвагі
рэдагаваць- ^ «Ono Pinsk, Owrucze, Mozyr etc. na Polesiu»[2]
- ^ Нядзелі »альбо« чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
- ^ Яшчэ ў пераліку названы Андрон у Гатчыну (Гатчыпу). П. Г. Кляпацкі[6] ўважаў, што вядзецца пра патужніка Андрона ў Гажыну. Але Гажын мог належаць хіба да Оўруцкай нядзелі, побач з Антонавічамі, Смалігавічамі, Белым Берагам, а не да Беласароцкай. Магчыма, ў тэксьце публікацыі зьвестка памылкова зрушаная.
- ^ Насуперак таму, што напісана С. В. Марцэлевым, Белая Сарока ніколі не належала да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.[8]
- ^ У гэтай крыніцы па ўсіх паселішчах падаецца неверагодна вялікая колькасьць дароў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 246.
- ^ Документы объясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше. — С.-Петербург, 1865. С. 292, 293
- ^ Lietuvos Metrika. Kn. 4 (1479—1491): Užrašymų knyga 4 / parengė Lina Anužytė. — Vilnius, 2004. С. 47
- ^ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 9 (1511—1518). Užrašymų knyga 9 / Metryka Litewska. Księga Nr 9 / 9 księga wpisów / Księga-kontynuacja (1508—1518). Wydał K. Pietkiewicz (Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. С. 169, 286
- ^ Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки / М. К. Любавский – Москва: Университетская типография, 1892. С. 240
- ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Литовский период. – Одесса, 1912. С. 310
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 132
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 250
- ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
- ^ ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 61 — 62, 377
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 381
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 357—363
- ^ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1111, 1161, 1179, 1268
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ^ Візыты Брагінскага дэканату 1743 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. І. 2461. А. 297-297адв.
- ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1444
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 170
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). — Киев, 1871. С. 642 — 644
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп 13. Спр. 350, 493, 494 — 500
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463
- ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. – Минск, 1879. С. 39
- ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 23
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.