Леў Кішка
Леў Кішка[a] (у сьвеце Лука; 1668, места Ковель Валынскага ваяводзтва — 19 сьнежня 1728, сяло Кулечаў Валынскага ваяводзтва) — царкоўны дзяяч Рэчы Паспалітай, пісьменьнік і перакладнік. Уніяцкі біскуп уладзімерскі і берасьцейскі (з 1711), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1714). Доктар багаслоўя (1691)
Леў Кішка | |
Герб «Дуброва» | |
X мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1714 — 1728 | |
Папярэднік | Юры Віньніцкі |
Наступнік | Атанас Шаптыцкі |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1668 |
Памёр | 19 сьнежня 1728 |
Пахаваны | |
Род | Кішкі |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, каталіцкі біскуп |
Біяграфія
рэдагавацьЗ шляхецкага роду Кішкаў гербу «Дуброва». З 1683 году навучаўся ў Быцені, дзе ўступіў у ордэн базылянаў (1684 год). Працягваў адукацыю ў Калегіюме прапаганды веры ў Рыме, па сканчэньні якога атрымаў ступень доктара багаслоўя. У 1694—1696 гадох выкладаў рыторыку і філязофію ў базылянскай школе ў месьце Ўладзімер.
У 1696 годзе прапаведнік і вікары, у 1697—1699 гадох ігумен Віленскага Траецкага манастыра. Абараніў гэты цэнтар вуніяцтва ад дамаганьняў япіскапаў і канчаткова падпарадкаваў яго базылянскаму ордэну (1703 год).
У 1699—1708 гадох архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. У 1703—1713 гадох протаархімандрыт (генэрал) ордэна базылянаў, у 1709—1728 гадох архімандрыт Супрасьльскага манастыра.
Далучыў да ордэна базылянаў некалькі манастыроў, раней падпарадкаваных біскупам, умацаваў аўтарытэт і ўладу протаархімандрыта (палічыў несапраўднымі выбары мітрапаліта Юрыя Віньніцкага ў 1708 годзе, якія адбыліся безь ягонага ўдзелу, дамогся паўторнага галасаваньня). Падрыхтаваў і правёў Замойскі сабор (1720 год).
Рэгулярна наведваў манастыры, у тым ліку архімандрыі, што не ўваходзілі ў ордэн. Адбудаваў некалькі зруйнаваных манастыроў і цэркваў, у тым ліку ў Беразьвеччы і Супрасьлі, аднавіў дзейнасьць Супрасьльскай друкарні, заснаваў паперню.
Клапаціўся пра адукацыю белага духавенства. Выдаў на старабеларускай мове[1] дапаможнік для сьвятароў з катэхізмам для вернікаў «Собрание припадков краткое» (Супрасьля, 1722), «Букварь языка словенского» (Супрасьля, 1727).
Быў прыхільнікам частковага захаваньня ўсходняй абраднасьці ў Грэка-Каталіцкай Царкве, імкнуўся пераадолець абрадавую разнастайнасьць і брак богаслужбовай літаратуры — з гэтай мэтай выйшаў вялікім накладам уніфікаваны для ўсіх парафіяў «Служэбнік» (Супрасьля, 1727—1732)[1].
Пакінуў некалькі тэалягічных працаў і апісаньне Замойскага сабору. Спачыў ва Ўладзімеры
Галерэя
рэдагаваць-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Невядомы мастак, 1890 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Іншая форма імя: Лявон Кішка
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Казуля С. Кішка Леў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 100.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2