Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1381—1384 гадоў

Грамадзя́нская вайна́ ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім 1381—1384 гадо́ў — першы эпізод барацьбы за ўладу паміж стрыечнымі братамі: вялікім князем літоўскім Ягайлам і князем Вітаўтам. Вайна пачалася пасьля падпісаньня Давыдзішкаўскай дамовы між Ягайлам і вялікім магістрам Тэўтонскага Ордэну Вінрыхам фон Кніпродэ. Дамова была накіраваная супраць дзядзькі Ягайлы Кейстута, бацькі Вітаўта.

Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1381—1384 гадоў
Барацьба Вітаўта і Кейстута з аднаго боку, і Ягайлы зь іншага, за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім
Мапа канфлікту Тэўтонскага Ордэну супраць ВКЛ і Польшчы
Дата: 1381—1384 гады
Месца: Вялікае Княства Літоўскае, Жамойць
Вынік: Часовае замірэньне, пазьнейшае падпісаньне Крэўскай уніі (1385)
Супернікі
Войскі Кейстута, Вітаўта, Любарта
Тэўтонскі Ордэн
Жамойць
Прыхільнікі Ягайлы
Камандуючыя
Кейстут, Вітаўт, Любарт
Вінрых фон Кніпродэ,
Конрад Цёльнэр
Ягайла, Скіргайла

Кейстут хутка атрымаў уладу ў Літве, аднак падчас мірных перамоваў яны з сынам былі запалоненыя і перавезеныя ў Крэўскі замак. Праз тыдзень Кейстут сканаў, Вітаўт жа здолеў зьбегчы, пасьля чаго ён зьвярнуўся па падтрымку да тэўтонскіх рыцараў. Хоць уварваньне ў Літву аб’яднаных войскаў Вітаўта і крыжакоў скончылася няўдачай, з дапамогай Ордэну Вітаўту ўдалося замацавацца ў Жамойці. Ва ўмовах неабходнасьці нутранай стабільнасьці перад пачаткам перамоваў зь Вялікім Княствам Маскоўскім і Каралеўствам Польскім з нагоды хрышчэньня Літвы ён пайшоў на падпісаньне замірэньня зь Вітаўтам.

Вайна ня вырашыла супярэчнасьцяў, наступны этап дынастычнай барацьбы прыйшоўся на 1389—1392 гады і завяршыўся падпісаньнем Востраўскага пагадненьня. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім, а той, у сваю чаргу, прызнаў Ягайлу вярхоўным сюзэрэнам Літвы.

Перадгісторыя канфлікту рэдагаваць

У 1345 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім адбыўся дзяржаўны пераварот, падчас якога была ўсталяваная дыя́рхія (двоеўладзьдзе) князёў Альгерда й ягонага брата Кейстута. Браты падзялілі паўнамоцтвы такім чынам, што Альгерд, які быў вялікім князем літоўскім, займаўся пераважна справамі Русі (усходнімі), а Кейстут — заходнімі, ведучы барацьбу з крыжакамі[1]. Мірнае й даволі плённае сукіраваньне скончылася ў 1377 годзе па сьмерці Альгерда. Пераемнікам стаў ягоны сын ад другога шлюбу (зь Іўліяніяй Цьвярской) — 27-гадовы Ягайла[2]. Кейстут і Вітаўт прызналі Ягайлу вялікім князем літоўскім і падтрымалі яго, нават тады, калі права Ягайлы на вялікакняжацкі стол было аспрэчанае старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу (з Марыяй Віцебскай) Андрэем Полацкім, якому на той час ужо споўнілася 52 гады[3].

Узімку 1378 году Ордэн арганізаваў буйную ваенную кампанію супраць Літвы. Крыжакі дайшлі да Берасьця й выйшлі да Прыпяці[4]. Лівонскі Ордэн уварваўся ва Ўпіцкую зямлю. Чарговая кампанія пагражала сталіцы Княства — Вільні[3].

Улетку 1379 году Скіргайла (родны брат Ягайлы) адправіўся да крыжакоў, каб абгаварыць сытуацыю, магчымыя шляхі хрысьціянізацыі Літвы, а таксама дамагчыся спыненьня падтрымкі Андрэя Полацкага з боку Лівонскага Ордэну[5]. Дэталі паездкі невядомыя. Ёсьць зьвесткі, што Скіргайла таксама наведаў імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі[6]. Нягледзячы на тое, што мэта й вынікі паездкі няясныя, часта адзначаецца, што гэта была першая інтрыга, зьдзейсьненая за сьпінай у Кейстута[7].

Кейстут прапанаваў скласьці перамір’е й абмяняцца ваеннапалоннымі. 29 верасьня 1379 году ў Троках было падпісанае дзесяцігадовае перамір’е[4]. Гэта была апошняя дамова, падпісаная Ягайлам і Кейстутам сумесна[4]. Пасьля гэтага адбыліся таемныя перамовы між Ягайлам і крыжакамі ў Вільні[8]. Тым ня менш, перамір’е з Ордэнам гарантавала бясьпеку толькі хрысьціянскім землям Вялікага Княства на поўдні й на ўсходзе, тады як паганскія тэрыторыі на паўночным захадзе заставаліся пад пагрозай з боку крыжакоў[9].

Каля 1379 году Ягайла выдаў сваю аўдавелую сястру Марыю за свайго дарадцу Вайдылу. Некалі Вайдыла быў простым пекарам, але пры Альгердзе ўзвысіўся й атрымаў ад вялікага князя горад Ліду. Пры Ягайлу ўплыў Вайдылы дасягнуў піку. Як паведамляе хроніка Быхаўца, Кейстут быў вельмі незадаволены тым, што Ягайла аддаў ягоную пляменьніцу «за халопа», і палічыў гэта асабістай абразай[10].

 
Уяўная прычына вайны: Давыдзішкаўская дамова

У лютым 1380 году Ягайла без узгадненьня з Кейстутам склаў перамір’е тэрмінам на пяць месяцаў зь Лівонскім Ордэнам для абароны сваіх спадчынных земляў у Літве, а таксама Полацку, які ён толькі што адабраў у свайго брата й канкурэнта Андрэя Полацкага[3]. 31 траўня 1380 году Ягайла й вялікі магістар Тэўтонскага Ордэну Вінрых фон Кніпродэ падпісалі таемную Давыдзішкаўскую дамову. У цэлым, умовы яе былі заблытаныя й неадназначныя[11]. Ягайла й Ордэн дамовіліся аб сумесным ненападзе, Ягайла згаджаўся не перашкаджаць Тэўтонскаму Ордэну ў барацьбе з Кейстутам і ягонымі дзецьмі. Аднак, калі аказаньне дапамогі Кейстуту было б неабходным, каб пазьбегнуць падазрэньняў, гэты крок не зьяўляўся б парушэньнем пагадненьня[12].

Некаторыя гісторыкі лічаць, што ініцыятыва падпісаньня дамовы зыходзіла ад маці Ягайлы Іўліяніі Цьвярской або ад Вайдылы[13]. Іншыя паказваюць на тое, што Кейстуту было 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысьціянства, тады як Ягайлу было каля трыццаці й ён шукаў шляхі мадэрнізацыі дзяржавы[14]. Існуе таксама вэрсія, што дамова была першапачаткова скіраваная супраць Андрэя Полацкага й ягоных саюзьнікаў: брата Дзьмітрыя Бранскага й вялікага князя маскоўскага Дзьмітрыя Данскога[9]. Лічаць, што напярэдадні Кулікоўскай бітвы Ягайла, засьцярогшы ад небясьпекі заходнія межы Княства, аб’яднаўся з Залатой Ардой супраць Вялікага Княства Маскоўскага[3].

Барацьба Кейстута й Ягайлы рэдагаваць

Посьпех Кейстута рэдагаваць

У лютым 1381 году крыжакі ўварваліся ў землі Кейстута й рушылі ў кірунку Трокаў. Войска Ордэну ўпершыню выкарыстала бамбарды[15]. Быў разбураны Наўяпіліс і ўзятыя ў палон каля 3 тыс. чалавек[9]. У чэрвені была разрабаваная Жамойць да Меднікаў уключна.

Да Кейстута сталі даходзіць новыя акалічнасьці ўтворанай палітычнай сытуацыі. Комтур Остэродэ Гюнтар Гоенштайн апавясьціў Кейстута аб таемнай дамове зь Ягайлам[9]. Паводле хроніцы Быхаўца, остэродзкі комтур сказаў Кейстуту: «Ты таго ня ведаеш, што князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу й ужо змовіўся з намі, як цябе зьвесьці з тваіх княжаньняў»[10]. Відавочна, што Ордэну была выгадная грамадзянская вайна ў Літве, хоць дзеяньні Гоенштайна можна расцэньваць і як асабістую паслугу (Гюнтэр быў хросным бацькам дачкі Кейстута Дануты). Кейстут вырашыў параіцца зь Вітаўтам[12], той адказаў: «Ня вер таму, ня думаю, каб гэта так было, таму што ён [Ягайла] са мной жыве ў сяброўстве, і сказаў бы мне»[10].

У той час Ягайла быў заняты задушэньнем паўстаньня палачан супраць свайго брата й паплечніка Скіргайлы. Кейстут зноў стаў жаліцца сыну на Ягайлу: «Ён перш зрабіў мне вялікія страты, аддаў маю пляменьніцу, а сваю сястру за халопа, я добра ведаю, што зараз ён уступіў у змову зь немцамі супроць нас; а апошняе: мы трэці раз ваюем зь немцамі, а ён зь імі Полацак здабывае, які належыць майму сыну, а твайму брату, Андрэю Гарбатаму. Гэта ўжо другі знак яго непрыязнасьці да нас. Ужо гэтым цалкам ясна паказана, што яны разам зь немцамі сталі супроць нас»[10]. Аднак і гэтыя словы не пахіснулі ўпэўненасьці Вітаўта ў невінаватасьці Ягайлы[10].

Скарыстаўшыся адсутнасьцю пляменьніка, Кейстут вырашыў распачаць вайну. У канцы 1381 году ён на чале войска скіраваўся ў Прусію, але дарогаю рэзка зьвярнуў да Вільні[13]. Незадаволены Вітаўт адбыў «да Гародні й да Дарагічыну»[10]. Цалкам не гатовы да абароны горад быў зь лёгкасьцю ўзяты такім загартаваным вайскаводам, як Кейстут[13]. На шляху да сталіцы быў запалонены й Ягайла[14]. У Вільні быў знойдзены рукапіс Давыдзішаўскай дамовы. Вітаўт быў тэрмінова выкліканы ў сталіцу й, верагодна, садзейнічаў таму, што Кейстут абыйшоўся зь Ягайлам даволі мякка. Адзіным сур’ёзным патрабаваньнем да яго было пісьмовае прызнаньне Кейстута вялікім князем. Ягайла быў адпушчаны, яму таксама былі вернутыя яго вотчынныя землі (Крэва й Віцебск)[3][16]. Войска Скіргайлы, якое стаяла пад Полацкам, таксама прызнала вялікім князем Кейстута й, па яго патрабаваньні, зьняло аблогу[16]. Скіргайла быў змушаны зьбегчы ў Лівонію, а Андрэй Альгердавіч змог вярнуцца ў Полацак, прызнаўшы ўладу дзядзькі. Астатнія Гедзімінавічы таксама прызналі Кейстута вялікім князем. З Масквой удалося дамовіцца за конт адмовы ад прэтэнзіі на Смаленск і Вярхоўскія княствы.

Кейстут аднавіў ваенныя дзеяньні супраць крыжакоў[9]. Ён спустошыў навакольлі Вэлаў, Тапіаў, Фрыдлянду й Альтэнбургу, дасягнуўшы берагоў Прэгэля. Контрнаступ Ордэну, які рушыў сьледам, быў адбіты Вітаўтам. У красавіку Кейстут распачаў паход на Георгэнбург[9]. Гэтыя паходы былі настолькі пасьпяховымі, што цалкам скавалі дзеяньні Ордэну.

Посьпех Ягайлы рэдагаваць

Шматлікія Гедзімінавічы заставаліся незадаволеныя сваім становішчам. У траўні 1382 году мяцеж супраць Кейстута падняў ноўгарад-северскі князь Карыбут (у хрышчэньні — Дзьмітры). Вайдыла, меўшы дачыненьне да пачатку мецяжу, патрапіў у палон і быў павешаны[17]. Кейстут з малым атрадам выступіў на Карыбута, аднак быў разьбіты. У гэты час у Вільні ўспыхнула паўстаньне прыхільнікаў Ягайлы пад правадырствам віленскага намесьніка й старасты ­нямецкай грамады купца Га́нуля[3][18]. Купецтва было незадаволенае антынямецкай палітыкай Кейстута, які перашкаджаў гандлю[3]. Паводле хронікі Быхаўца, віленскіх месьцічаў падгаварыў сам Ягайла[16]. Паўстанцы авалодалі горадам, увесь гарнізон быў зьнішчаны. У той час Вітаўт быў у Троках і ня мог умяшацца ў падзеі[6]. 12 чэрвеня ў сталіцу зь Віцебску[19] прыбыў Ягайла. Вітаўт паспрабаваў сабраць войскі й атакаваць горад, але быў разьбіты й змушаны вярнуцца ў Трокі[3]. У канцы чэрвеня ў Літву ўварваліся крыжакі пад камандаваньнем маршала Конрада Гатэнштайна. Тэўтонцы прасоўваліся да Трокаў з поўначы, у то час як войскі Ягайлы й Скіргайлы надыходзілі з боку Вільны. Па прычыне надыходзячай небясьпекі Вітаўт прыняў рашэньне сысьці разам з маці ў Горадню[19]. 6 ліпеня Ягайла склаў з Ордэнам перамір’е ў замку Бражуоль. Крыжакі абавязаліся не падтрымліваць Кейстута[4]. 18 ліпеня былі абложаныя Трокі, а ўжо 20 ліпеня гарнізон пагадзіўся пакінуць горад[20]. Ягайла пакінуў у якасьці намесьніка Скіргайлу, зрабіўшы яго князем троцкім. Пасьля ўзяцьця гораду крыжакі вярнуліся ў Прусію.

 
Войцэх Гэрсон, Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы, 1873

Атрымаўшы экстранае пасланьне ад Вітаўта, Кейстут прыбыў у Горадню, дзе акрэсьліў наступны плян дзеяньняў. Сваю жонку Біруту ён адправіў у Берасьце, Вітаўта пакінуў у Горадні, а сам накіраваўся ў Жамойць для збору новага войска. Пасьля да яго павінныя былі далучыцца Вітаўт і Любарт з падмацаваньнямі адпаведна з Горадні й Валыні[9]. Жамойты ня мелі асаблівага жаданьня ўмешвацца ў дынастычныя войны, але Кейстуту ўдалося схіліць іх на свой бок. Верагодна, на язычнікаў паўплывала тое, што на пытаньне, ці не зьбіраецца ён хрысьціцца, Ягайла адказаў сьцьвярджальна. Тым часам слабасьцю Вялікага Княства вырашыў скарыстацца мазавецкі князь Януш, які заняў Дарагічын і Млынар, але быў адкінуты ад Берасьця[19].

3 жніўня войска Кейстута, Вітаўта й Любарта, з аднаго боку, і Ягайлы й магістра Лівонскага ордэну Вільгельма фон Фрымэрсгайма, зь іншага, сустрэліся каля Трокаў. Паводле нямецкіх крыніцаў вядома, што Кейстут выдатна ўсьведамляў, што шанцы на перамогу ў адкрытай бітве невялікія: у суперніка было большае войска, да таго ж ваяры-жамойты зусім не рваліся ў бой[3]. У лягер Кейстута прыбыў Скіргайла, які пераканаў Вітаўта пачаць перамовы. Ягайла прыняў сябра дзяцінства й абяцаў яму мір на ўмовах узнаўленьня свайго status quo на лістапад 1381 году. Скіргайла разам зь Вітаўтам накіраваліся да Кейстута й пераканалі яго распачаць перамовы зь Ягайлам, даўшы пры гэтым гарантыі бясьпекі ад імя апошняга[19]. Перамовы ў лягеры Ягайлы скончыліся, нават не пачаўшыся: прыбыўшыя Кейстут і Вітаўт былі тут жа схопленыя й кінутыя пазьней у Крэўскі замак[13]. Войскам было абвешчана, што князі працягнуць перамовы ў Вільні[19]. Празь пяць дзён (15 жніўня[3]) прыбыўшы ў замак Скіргайла знайшоў Кейстута мёртвым[14]. Ягайла абвясьціў, што Кейстут павесіўся, аднак хутка распаўсюдзіўся слых аб тым, што стары князь быў забіты[6]. У беларуска-літоўскіх летапісах Ягайлу адкрыта вінавацяць у арганізацыі забойства Кейстута й нават называюцца імёны забойцаў: «великого князя Кейстута удавили коморники великого князя Ягайло, один из них назывался Прокша, который давал ему воду, а были и другие: брат Мостер и Кучук и Лисица Жибентяй»[21]. Ягайла арганізаваў у Вільні пышныя пахаваньні па паганскім абрадзе: было складзенае вялікае пахавальнае вогнішча, на якім, акрамя цела Кейстута, былі спаленыя коні, зброя й каштоўныя аздабленьні[6].

Барацьба Вітаўта й Ягайлы рэдагаваць

Вітаўту ўдалося зьбегчы. Уцёкі былі арганізаваныя жонкай Вітаўта Ганнай. Паводле розных дадзеных, Вітаўт абмяняўся адзежай з наведваўшай яго ў зьняволеньні Ганнай (або адной зь яе прыслужніц Аленай[22]) і здолеў непазнаным пакінуць замак[23]. Згодна з паведамленьнем Віганда Марбургскага, неўзабаве пасьля ўцёкаў (нібы за іх арганізацыю) была ўтопленая жонка Кейстута Бірута[24], а яе дзядзька Відымонт[21] і сваяк Бутрым былі закатаваныя[17]. Першапачаткова Вітаўт шукаў дапамогі ў сваёй сястры Дануты й яе мужа Януша Мазавецкага[25], затым у плоцкага князя Земавіта IV[25], аднак яны адмовілі. У гэтых умовах у канцы 1382 году Вітаўт прыняў рашэньне зьвярнуцца да сваіх нядаўніх ворагаў — тэўтонскіх рыцараў[25].

Вітаўт і ягоны брат Таўцівіл (ахрышчаны ў Мазовіі пад імем Кон­рада) былі прынятыя новым вялікім магістрам Конрадам Цёльнэрам фон Ротэнштайнам, але безь вялікага энтузіязму[4]. У гэты час Ягайла вёў перамовы з Ордэнам з нагоды заключэньня дамовы, палажэньні якой былі сфармуляваныя 31 кастрычніка 1382 году[26]. Дамова была платай Ягайлы за дапамогу крыжакоў у барацьбе з Кейстутам і Андрэем Полацкім[6]. Паводле ўмоваў дамовы, Ягайла абавязаўся на працягу чатырох гадоў хрысьціянізаваць Княства, перадаць Ордэну Жамойць аж да рэчышча Дубісы, а таксама на працягу чатырох гадоў захоўваць з крыжакамі саюзьніцкія адносіны й не пачынаць войнаў бязь іх згоды[26], што было відавочным абмежаваньнем сувэрэнітэту Вялікага Княства Літоўскага[27]. Тым ня менш, дамова не была ратыфікаваная. Крыжакі пяць разоў прызначалі дату ратыфікацыі, але Ягайла заўсёды адмаўляў[28]. Заключная сустрэча была прызначаная на 19 ліпеня 1383 году, аднак таксама не адбылася па прычыне затрымкі тэўтонцаў з-за няплыткасьці Нёману[29]. Іншым фактарам таго, што дамова так і не была ратыфікаваная, было тое, што Ягайла без узгадненьня з Ордэнам пачаў вайну супраць Януша Мазавецкага й адабраў у яго Драгічын і Мельнік[25]. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ўжо ў той час Ягайла плянаваў стратэгічны саюз з Масквой або Польшчай[9]. Крыжакі разьлічвалі сапхнуць Ягайлу й Вітаўта ў барацьбе адзін з адным. 30 ліпеня яны абвясьцілі Ягайлу вайну[25].

Вітаўт зрабіў усё магчымае, каб ізноў схіліць на свой бок жамойтаў. 11 верасьня 1383 году войска крыжакоў пад камандаваньнем вялікага магістра Конрада Цёльнэра фон Ротэнштайна ўступіла ў межы Вялікага Княства. Неўзабаве да яго далучыўся й Вітаўт, які прывёў з сабой 3 тыс. жамойтаў. Аблога Трокаў была ўдалай, але Вільню ўзяць не ўдалося й ужо 22 верасьня кампанія была завершаная[25]. Аднак 25 верасьня Ягайла й Скіргайла аблажылі Трокі. 3 лістапада пазбаўлены падтрымкі гарнізон здаў горад па дамове аб свабодным выйсьці.

21 кастрычніка ў Тапіаў Вітаўт быў ахрышчаны па каталіцкім абрадзе пад імем Віганд. Гэтае імя ён атрымаў у гонар свайго хроснага бацькі — рагніцкага комтура Віганта[30]. Крыжакі перадалі Вітаўту замак Новы Марыенбург на Нёмане, каля вусьця Дубісы. Да Вітаўта далучыліся ягоныя сваякі й прыхільнікі, пазбаўленыя сваіх вотчынных земляў Ягайлам. Сярод іх былі Таўцівіл, Ганна, брат Ганны Судымонт і Іван Альгімундавіч Гальшанскі[31].

30 студзеня 1384 году ў Кёнігсбэргу Вітаўт склаў пісьмовую дамова з крыжакамі, паводле якой ён станавіўся васалам Ордэну як законны князь троцкі й перадаваў яму Жамойць да ракі Нявежы й Ковенскую вобласьць[30]. У траўні 1384 году крыжакі пачалі будаўніцтва новага замку ў Коўне, названага Новы Марыенвэрдэр[31]. Гэты замак таксама быў перададзены пад кіраваньне Вітаўта. Тут 14 ліпеня была пацьверджаная Кёнігсбэрская дамова, дапоўненая пунктам пра спадчыну дачкі й братоў Вітаўта, а таксама пра пераход ягоных земляў у маёмасьць Ордэну ў выпадку адсутнасьці спадчыньнікаў[32].

У гэты час Ягайла (верагодна, пад ціскам маці[26]) склаў саюз зь вялікім князем маскоўскім. Вялася падрыхтоўка да ягонай жаніцьбы з дачкой Дзьмітрыя Данскога Соф’яй і хрышчэньня па праваслаўным абрадзе[33]. Каб рэалізаваць азначаны плян, Ягайлу было неабходна скончыць вайну зь Вітаўтам[14]. Увесну 1384 году пачаліся таемныя перамовы. Ягайла прапанаваў Вітаўту ў валоданьне Валынь з Луцкам[21]. Вітаўт адмовіўся, настойваючы на вяртаньні ўсёй сваёй вотчыны, уключаючы занятыя Скіргайлам Трокі. Ягайла абяцаў вярнуць Трокі, як толькі Скіргайла зможа адабраць у Андрэя Альгердавіча Полацак[4]. У ліпені Вітаўт даў згоду й вырашыў пазбавіцца ад апекі Тэўтонскага Ордэну. Ён спаліў Георгэнбург і Новы Марыенбург і з войскам перабраўся ў Літву[31]. У палон да яго патрапіў кашталян Новага Марыенбургу Марквард фон Зальцбах, які пасьля стаў ягоным сябрам і згуляў значную ролю ў будучых падзеях. У канцы верасьня Ягайла й Вітаўт аблажылі Новы ­Марыенвэрдэр. 6 лістапада замак быў узяты й разбураны[15].

Наступствы рэдагаваць

Асноўны артыкул: Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1389—1392 гадоў

Вітаўт вярнуўся ў Літву без пісьмовай дамовы зь Ягайлам. Ён ўступіў у валоданьне Гарадзенскую й Берасьцейскую землі (Падляшша) з Горадняй, Берасьцем, Ваўкавыскам, Суражам, Бельскам, Дарагічынам, Камянцом[30][34]. Для таго, каб успадкаваць Валынь пасьля сьмерці свайго дзядзькі Любарта, Вітаўт быў ахрышчаны па праваслаўным абрадзе[32][35] пад імем Аляксандар[34]. Ён прызнаў вяршэнства Ягайлы й стаў адным са шматлікіх князёў у Вялікім Княстве. Скіргайла працягваў княжыць у Троках.

Першапачаткова прыхільны да Масквы, Ягайла ўступіў у перамовы з палякамі. Польская шляхта шукала падыходзячага кандыдата на ролю караля краіны й жаніха маладой каралевы Ядзьвігі. 14 жніўня 1385 году была складзеная Крэўская унія, якая дэкляравала асабістую унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Адной з умоваў уніі была хрысьціянізацыя Літвы. У 1386 годзе Ягайла быў ахрышчаны пад імем Уладзіслаў і каранаваны. Намесьнікам на Літве ён пакінуў Скіргайлу[36]. Скарыстаўшыся адсутнасьцю Ягайлы, барацьбу за ўладу ў Княстве аднавіў Андрэй Полацкі. Вітаўт увесь гэты час заставаўся ляяльным да ўлады Ягайлы й дапамагаў у барацьбе з Андрэем[4].

Пасьля паразы й паланеньня Андрэя Полацкага Скіргайла адмовіўся перадаць Вітаўту Троцкае княства, тым самым парушыўшы абяцаньне. У якасьці кампэнсацыі Ягайла перадаў Вітаўту Луцак і Уладзімер[4][32], аднак гэта не дапамагло палепшыць адносіны паміж стрыечнымі братамі. У той жа час расла незадаволенасьць ліцьвінаў палітыкай Ягайлы: стратай сувэрэнітэту й ростам уплыву палякаў[37]. Ашуканыя крыжакі не пакінулі прэтэнзіяў на Жамойць і працягвалі весьці вайну. Гэтыя акалічнасьці дазвалялі Вітаўту разьлічваць на спрыяльны зыход у выпадку паўстаньня. У 1389 годзе ён зьбег да Ордэну, дзе зноў знайшоў падтрымку. Распачалася чарговая грамадзянская вайна, у якой Вітаўт дамогся значных посьпехаў. Гэта дазволіла яму падпісаць Востраўскае пагадненьне зь Ягайлам на выгадных для сабе ўмовах. Ягайла прызнаваў Вітаўта вялікім князем літоўскім і кіраўніком Троцкага княства, Вітаўт, у сваю чаргу, прызнаваў уладу Ягайлы ў якасьці вярхоўнага князя літоўскага. Фармальна залежны, на практыцы Вітаўт дзейнічаў самастойна. Больш за тое, шмат у чым Ягайла сам залежаў ад Вітаўта[38]. Усталяваныя адносіны праіснавалі да 1430 году, калі пасьля 38 гадоў кіраваньня вялікі князь Вітаўт сканаў.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Rowell S. C. Baltic Europe // Michael Jones. The New Cambridge Medieval History c. 1300—c. 1415. — Vol. VI. — Cambridge University Press, 2000. — P. 709—710. — ISBN 0-521-36290-3.  (анг.)
  2. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 64 — ISBN 5-17-035350-2.  (рас.)
  3. ^ а б в г д е ё ж з і Kiaupa Z. Kiaupienė J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 / English ed. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 124—126. — ISBN 9986-810-13-2(анг.)
  4. ^ а б в г д е ё ж Ivinskis Z. Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m. // Paulius Šležas. Vytautas Didysis. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — P. 7—32. (лет.)
  5. ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.168. (анг.)
  6. ^ а б в г д Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.170—171 (анг.)
  7. ^ Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 159. — ISBN 5-420-00623-5(лет.)
  8. ^ Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 161. — ISBN 5-420-00623-5(лет.)
  9. ^ а б в г д е ё ж Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademij, 1978. — P. 271—273. (лет.)
  10. ^ а б в г д е Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 62. (рас.)
  11. ^ Baranauskienė I. Kas buvo Kęstučio nužudymo organizatorius? // Naujasis židinys — aidai. — 5 (173). — May 2005 — P. 180—186. (лет.)
  12. ^ а б Jonynas I. Dovydiškės sutartis // Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. — T. VI. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1937. — P. 1341—1344. (лет.)
  13. ^ а б в г Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. — Miami: Franklin Press, 1964. — P. 21—23. (анг.)
  14. ^ а б в г Jakštas J. Lithuania to World War I // Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis — 6-th ed. — New York: Manyland Books, 1984. — P. 57—58. — ISBN 0-87141-028-1(анг.)
  15. ^ а б Christiansen E. The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — P. 164—165. — ISBN 0-14-026653-4(анг.)
  16. ^ а б в Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 63. (рас.)
  17. ^ а б Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography 15 (1): 25. — Spring 1994. — ISBN 0198-9405(анг.)
  18. ^ Semkowicz W. Hanul, namiestnik wilehski (1382—1387) i jego rod // Ateneum Wilenskie, 1830. — N 1-2. (пол.)
  19. ^ а б в г д Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 64. (рас.)
  20. ^ Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — P. 173. — ISBN 5-420-00623-5(лет.)
  21. ^ а б в Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — М.: 1966. — З. 65. (рас.)
  22. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 67 — ISBN 5-17-035350-2.  (рас.)
  23. ^ Jonynas I. Vytauto šeimyna. Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — P. 35—38. (лет.)
  24. ^ Gudavičius E. Birute. // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 74—75. — ISBN 5-420-01535-8(лет.)
  25. ^ а б в г д е Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.173—174 (анг.)
  26. ^ а б в Kiaupa Z. Kiaupienė J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 / English ed. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 127—128. — ISBN 9986-810-13-2.
  27. ^ Ivinskis Z. Dubysos sutartys // Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. — T. VII. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933—1944. — P. 94—96.
  28. ^ Ivinskis Z. Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m. // Paulius Šležas. Vytautas Didysis. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — P. 20—22.
  29. ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.174
  30. ^ а б в Sužiedėlis S. Vytautas the Great // Encyclopedia Lituanica. — VI. — Boston, Massachusetts: Juozas Kapoc(ius, 1970—1978. — P. 208—209.
  31. ^ а б в Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.175—177
  32. ^ а б в Gudavičius E. Vytautas Didysis // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 79—80. — ISBN 5-420-01535-8.
  33. ^ Gieysztor A. The kingdom of Poland and the grand duchy of Lithuania, 1370—1506 // The New Cambridge Medieval History c.1415-c.1500. — Vol. VII. — Cambridge University Press, 1998. — P. 731. — ISBN 0-521-38296-3.
  34. ^ а б Анатоль Грыцкевіч. Вітаўт // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 С. 447—448.
  35. ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P.178
  36. ^ Davies N. God’s Playground: A History of Poland. The Origins to 1795. — Vol. I. — Oxford University Press, 2005. — P. 94—95. — ISBN 978-0-19-925339-5.
  37. ^ Stone D. Z. The Polish-Lithuanian State, 1386—1795. — Seattle: University of Washington Press, 2001. — P. 18. — ISBN 0-295-98093-1.
  38. ^ Барбашёв А. И. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) (рас.) — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. — P.10

Літаратура рэдагаваць