Горадняэнэрга

вытворчае прадпрыемства Беларусі

Каардынаты: 53°40′27″ пн. ш. 23°51′59″ у. д. / 53.67417° пн. ш. 23.86639° у. д. / 53.67417; 23.86639

«Горадняэнэрга» — дзяржаўнае вытворчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў красавіку 1954 годзе ў якасьці Энэргаўправы Гарадзенскай вобласьці.

«Горадняэнэрга»
Тып унітарнае прадпрыемства
Дэвіз Зробім жыцьцё сьвятлей і цяплей
Заснаваная 6 красавіка 1954 (70 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет міністраў Беларускай ССР
Уласьнікі «Белэнэрга»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Горадня
Адрас Кастрычніцкі раён, прасп. Касманаўтаў, д. 64[1]
Ключавыя фігуры Віктар Жук (генэральны дырэктар), Юры Шмакаў (галоўны інжынэр)[2]
Галіна энэргетыка
Прадукцыя электраэнэргія
Паслугі ацяпленьне
Лік супрацоўнікаў 6101 (2022 год)
Матчына кампанія «Белэнэрга»[3]

На 2022 год забясьпечвала ацяпленьнем і электраэнэргіяй жытло і прадпрыемствы Гарадзенскай вобласьці. Улучала вытворчасьць, перадачу і разьмеркаваньне энэргіі. Мела ў сваім складзе 12 падразьдзяленьняў у галіне энэргетычнай вытворчасьці і будаўніцтва: Гарадзенскую цеплаэлектрацэнтраль-2; 4 электрычныя сеткі — Ашмянскія і Ваўкавыскія, Гарадзенскія і Лідзкія; 2 цеплавыя сеткі — Гарадзенскія і Лідзкія; «Прадпрыемства сродкаў дыспэтчарскага і тэхналягічнага кіраваньня» (Моладзевая вул., д. 2) і вытворчасьць «Энэргабудрамонт» (Скідальская шаша, д. 18). Сярод іншага, Гарадзенскай і Лідзкай цепласеткам належалі кацельні і малыя ЦЭЦ, а электрасеткамгідраэлектрастанцыі, у тым ліку Гарадзенская ГЭС на Нёмане. Падразьдзяленьні мелі ўласныя гуртажыткі, пункты аховы здароўя і ўстановы грамадзкага харчаваньня. У складзе прадпрыемства таксама працавалі Навучальны асяродак энэргетыкаў (вул. Будзёнага, д. 42), здраўніца «Энэргетык» у Ваўкавыскім раёне (Кавалі) і земляробчая фірма «Стары Дворац» у Бераставіцкім раёне[4].

Вытворчасьць

рэдагаваць

На 1 студзеня 2022 году «Горадняэнэрга» мела ўсталяваную электрычную магутнасьць 393,297 мэгаватаў (МВт), зь іх 93 % (365,238 МВт) на цеплаэлектрацэнтралях (ЦЭЦ), 5 % (19,059 МВт) на гідраэлектрастанцыях (ГЭС) і 2 % (9 МВт) на ветраэлектрычных устаноўках (ВЭУ) Наваградзкай ветраэлектрастанцыі. Усталяваная цеплавая магутнасьць кацельнага абсталяваньня на арганічным паліве складала 2 311,8 гігакалёрыяў/гадзіна (96 %), а электракатлоў — 86 Гкал/гадз. Налічвалася 166 электрападстанцыяў напругай 35—330 кілявольтаў (кВ) і агульнай магутнасьцю 4649 мэгавольт-ампэр (МВА). Агульная даўжыня лініяў электраперадачы (ЛЭП) складала 38 152 км, зь іх 73 % (28 050 км) прыпадала на паветраныя ЛЭП напругай 0,4—10 кВ, 14 % (5204 км) — на кабэльныя ЛЭП і 13 % (4898 км) — на паветраныя ЛЭП напругай 35—330 кВ. Цепласеткі мелі даўжыню 779,148 км, зь якіх 60 % (471,893 км) складалі папярэдне ізаляваныя трубы: 76 % (591,104 км) прыпадала на Гарадзенскія цепласеткі, 24 % (188,044 км) — на Лідзкія[5].

Асноўнымі цеплаэлекстрацэнтралямі былі: Гарадзенская ЦЭЦ-2 з усталяванай электрамагутнасьцю на 312,45 МВт (79 % усёй электрамагутнасьці «Горадняэнэрга»), Лідзкая цеплаэлектрацэнтраль на 43 МВт і Паўночная міні-ЦЭЦ у Горадні на 9,5 МВт. Дзейнічала 5 падстанцыяў напругай 330 кВ: Горадня — 800 МВА, Рось у Ваўкавыскім раёне і Смаргонь — па 325 МВА, Горадня Паўднёвая і Ліда — па 250 МВА. Таксама працавала 8 ГЭС: Гарадзенская гідраэлектрастанцыя на 17 МВт і Гезгальская ГЭС у Зьдзецельскім раёне на 0,72 МВт, Воўпенская ГЭС у Ваўкавыскім раёне на 0,509 МВт і Рачунская ГЭС у Смаргонскім раёне на 0,3 МВт, Навасёлкаўская ГЭС у Зьдзецельскім раёне на 0,22 МВт і Зэльвенская ГЭС на 0,11 МВт, а таксама Нёмнаўская і Янаўская ГЭС па 0,1 МВт[5]. За 2014—2017 гады выпрацоўка электраэнэргіі вырасла з 1876,2 да 2020,6 млн кіляват-гадзіна, пасьля чаго пасьлядоўна скарацілася да 1863,5 млн кіляват-гадзіна да 2020 году. Пры гэтым, выдатак паліва на выпуск электраэнэргіі за 2014—2017 гады упаў з 169,7 да 164,7 грам/кВт-гадз, пасьля чаго пасьлядоўная рос да 168,7 грам/кВт-гадз да 2021 году. У 2021 годзе 85 % выпрацоўкі электраэнэргіі прыпала на Гарадзенскую ЦЭЦ-2, 7 % — на Лідзкую ЦЭЦ, 5 % — на аднаўляльную энэргію і 2,5 % — на Паўночную міні-ЦЭЦ[6]. У 2014—2018 гадох выпуск цеплаэнэргіі складаў 3,8 млн гігакалёрыяў, зь іх 2,3 млн Гкал зь сеткавай вадой і 1,5 млн Гкал з парам. Да 2020 году выпуск цяпла скараціўся да 2,9 млн Гкал за кошт падзеньня яго выпуску з парам да 700 тыс. Гкал. У 2021 годзе Гарадзенская ЦЭЦ-2 выпусьціла 69 % цяпла, Лідзкая ЦЭЦ — 14 %, Паўночная міні-ЦЭЦ — 13 %, кацельны цэх «Смаргонь» — 3 % і кацельны цэх «Нёман» — 1 %. Выдатак паліва на выпуск цяпла ў 2014—2021 гадох складаў 167 кг/Гкал[7].

Мінуўшчына

рэдагаваць

6 красавіка 1954 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 315 аб утварэньні Энэргаўправы Гарадзенскай вобласьці, на балянс якой перадалі 11 дробных элеткрастанцыяў агульнай магутнасьцю 6,5 МВт і электрасеткі ў Скідзелі, Вялікай Бераставіцы і Зьдзецелі. Улетку 1956 году запусьцілі 1-ы параправод ад Лідзкай ЦЭЦ да «Лідзкай абутковай фабрыкі». У 1957 годзе адчынілі першыя падстанцыі на 35 кілявольтаў: «Станіславава» ў Горадні, у Сапоцкіне, Шчучыне і Скідзелі, а таксама пры Лідзкай цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ). Іх сілкавалі па новых паветраных лініях электраперадачы (ЛЭП) Горадня—Сапоцкін, Ліда—Шчучын і Горадня—Шчучын. У чэрвені 1957 году Савет народнай гаспадаркі БССР перадаў электрасеткі Гарадзенскай электрастанцыі і Лідзкай ЦЭЦ у кіраваньне Энэргаўправы Гарадзенскай вобласьці, у складзе якой ўтварылі Гарадзенскую і Лідзкую электрасеткі. Да канца сьнежня 1958 году Энэргаўправа Гарадзенскай вобласьці электрыфікавала ўсе 24 раённыя цэнтры вобласьці, а таксама паселішчы каля чыгуначных станцыяў і гідраэлектрастанцыяў, дызэльных электрастанцыяў і разьмеркавальных электрасетак. 13 лютага 1959 году Управа энэргетыкі Савету народнай гаспадаркі БССР зацьвердзіла Указ № 10 аб пераўтварэньні Энэргаўправы Гарадзенскай вобласьці ў прадпрыемства «Электрасеткі Гарадзенскай вобласьці». 7 лістапада 1959 году дыспэтчарская служба Гарадзенскіх абласных электрасетак прыступіла да кругласодневага дзяжурства. У Гарадзенскую энэргасыстэму злучылі 4 электрастанцыі і 2 энэргацягнікі з агульнай магутнасьцю 42,45 МВт. Пазьней падлучылі цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) «Скідзельскага цукровага камбінату» і «Мастоўскага фанэрна-дрэваапрацоўчага камбінату»[8].

У траўні 1960 году запусьцілі Гезгальскую ГЭС у Зьдзецельскім раёне на 0,56 МВт. У жніўні 1960 году на Лідзкай ЦЭЦ увялі ў лад турбагенэратар № 1 магутнасьцю 2,5 МВт. 1 лістапада 1960 году ўтварылі Ваўкавыскія электрасеткі. У кастрычніку 1961 году Гарадзенскую энэргасыстэму злучылі зь Беларускай па паветранай ЛЭП КарэлічыМір і СлонімБаранавічы на 35 кВ. У студзені 1962 году падстанцыю «Смаргонь-горад» перавялі з напругі 35 кВ на 110 кВ пры ўсталёўцы трансфарматара магутнасьцю 10 мэгавольт-ампэр (МВА). У верасьні 1962 году адчынілі паветраную ЛЭП Бярозаўская ДРЭСРось на 220 кВ і падстанцыю «Рось» на 220/110/35 кВ з трансфарматарам на 60 МВА. У 1962 годзе ўтварылі раённую энэргетычную ўправу (РЭУ) «Горадняэнэрга», у склад якой улучылі: 4 электрасеткавыя раёны — Ашмянскі і Ваўкавыскі, Гарадзенскі і Лідзкі; 3 цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) — Гарадзенскую, Лідзкую і Роскую; а таксама «Энэргазбыт». РЭУ «Горадняэнэрга» налічвала 1311 супрацоўнікаў. Для патрэбаў прамысловасьці Горадні ўвялі ў дзеяньне паветраную лінію электраперадачы (ЛЭП) Рось—Горадня напругай 220 кілявольтаў (кВ) і «Ўсходнюю» падстанцыю аднолькавай напругі з трансфарматарам на 60 мэгавольт-ампэр (МВА). У выніку праз паветраную ЛЭП Рось—Баброўнікі (Беластоцкі павет) напругай 110 кВ Гарадзенскую энэргасыстэму злучылі з Польскай, празь якую з энэргасыстэмай «Мір» краінаў Рады эканамічнай ўзаемадапамогі (Савецкі Саюз)[8].

У студзені 1963 году падстанцыю «Станіславава» перавялі з напругі 35 кВ на 110 кВ з усталёўкай трансфарматара на 15 МВА. Адначасна ўвялі ў дзеяньне падстанцыю «Ільнокамбінат» на 110 кВ з трансфарматарам на 20 МВА. У выніку ўсе паселішчы Гарадзенскай вобласьці атрымалі сілкаваньне ад Беларускай дзяржаўнай энэргасыстэмы. 10 студзеня 1963 году Гарадзенскае аддзяленьне «Энэргазбыту» пераўтварылі ў Гарадзенскае прадпрыемства «Энэргазбыт» РЭУ «Горадняэнэрга». У сьнежні 1963 году ўзьвялі паветраную ЛЭП БаранавічыНаваградак на 110 кВ, якая злучыла Берасьцейскую і Гарадзенскую энэргасыстэмы. Пры гэтым, у Наваградку запусьцілі пастанцыі на 110/35/6 кВ магутнасьцю 15 МВА. Таксама паветраную ЛЭП Рось—МастыШчучын перавялі з 35 кВ на напругу 110 кВ, а ЛЭП Рось—Баброўнікі — на 220 кВ. У будынку РЭУ «Горадняэнэрга» ўсталявалі 1-ю аўтаматычную тэлефонную станцыю (АТС) на 100 нумароў для ўнутранай сувязі. На Лідзкай ЦЭЦ увялі ў дзеяньне кацёл № 3 магутнасьцю 75 тонаў пару за гадзіну, які забясьпечыў парам «Лідзкі лакафарбавы завод». Гарадзенскую ЦЭЦ перавялі на спальваньне мазуты і прыроднага газу з украінскага Дашава ў Львоўскай вобласьці. 1 лістапада 1964 году стварылі Навучальна-курсавы камбінат «Горадняэнэрга». 15 траўня 1965 году ўтварылі Ашмянскі раён электрасетак. У лістападзе 1965 году ў Горадні ўвялі ў дзеяньне падстанцыю «Фолюш» на 110 кВ зь сілкаваньнем ад паветранай ЛЭП Усходняя—Фолюш на 110 кВ. Таксама ўвялі ўчастак паветранай ЛЭП Фолюш—Ільнокамбінат на 110 кВ. У выніку ўтварылі Гарадзенскае кальцо паветранай ЛЭП на 110 кВ. Пры гэтым, узьвялі Паўночнае паўкальцо паветранай ЛЭП на 110 кВ з падстанцыямі «Станіславава», «Ільнокамбінат» і «Сынтвалакно». У сьнежні 1966 году ўвялі паветраную ЛЭП Бярозаўская ДРЭС—Рось—Горадня на 220 кВ. У выніку Гарадзенская вобласьць атрымала 2-е сілкаваньне ад Бярозаўскай ДРЭС у Берасьцейскай вобласьці. У ліпені 1967 году запусьцілі 1-ю чаргу «Паўднёвай» падстанцыі на 220 кВ[8].

28 сьнежня 1967 году РЭУ «Горадняэнэрга» выдала Загад № 186, якім са студзеня 1968 году Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі і Лідзкі раёных электрычных сетак (РЭСы) пераўтварылі ў прадпрыемствы электрасетак з самастойным балянсам. Гэтыя прадпрыемствы ўлучылі 18 раёнаў электрасетак і 56 апорна-эксплюатацыйных пунктаў. Да канца сьнежня 1969 году ў энэргасыстэме «Горадняэнэрга» працавала 35 каналаў высокачастасьцевай сувязі. Выкарыстоўвалі 64 радыёстанцыі на ўльтракароткіх хвалях (УКХ). На галоўны дыспэтчарскі пункт вывелі тэлевымярэньні і тэлесыгналізацыю з падстанцыяў «Горадня-Ўсходняя» і «Рось», тэлевымярэньні з Гарадзенскай ЦЭЦ-1, тэлесыгналізацыю зь 5 падстанцыяў на 110 кВ — «Станіславава» і «Фолюш», «Ільнокамбінат» і «Занёманская», а таксама «Смаргонь». Да 1970 году ўвялі ў дзеяньне паветраную ЛЭП на 110 кВ, якая зьвязала Гарадзенскую энэргасыстэму зь Летувіскай. У жніўні 1970 году запусьцілі 1-ю чаргу Гарадзенскай ЦЭЦ-2 магутнасьцю 60 мэгаватаў (МВт), а ў лістападзе — 2-і катлаагрэгат і 2-ю турбіну магутнасьцю 60 МВт. 31 жніўня 1970 году ўтварылі падразьдзяленьне «Гарадзенскай ЦЭЦ-2». Таксама стварылі Народны ўнівэрсытэт тэхніка-эканамічных ведаў РЭУ «Горадняэнэрга», які ахапіў усе падразьдзяленьні энэргасыстэмы. У 1971 годзе ў склад Гарадзенскай ЦЭЦ-1 перадалі кацельню баваўняна-прадзільнай фабрыкі пад назвай «Паўночная кацельня». У верасьні 1971 году на падстанцыі «Індура» на 35 кВ увялі ў дзеяньне 1-ы камплект прылады вызначэньня месцаў замыканьняў у разьмеркавальнай сетцы на 10 кВ. У 1972 годзе ў Горадні ўвялі ў дзеяньне 2,4 км цепламагістралі № 2 прамерам 50 см ад вуліцы Белуша да Гарадзенскай ЦЭЦ-1. Даўжня цепласетак склала 76 км, зь іх 46,4 км было на балянсе прадпрыемства. На 1 студзеня 1972 году на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 усталявалі 3 катлаагрэгаты БКЗ-320-140 ГМ, 2 турбіны ПТ 60-130/13 з генэратарамі ТВФ-60-2 і 2 трансфарматары сувязі ТДНГУ-63000/110[8].

У траўні 1973 году «Горадняэнэрга» адчыніла 1-ы ў Беларускай энэргасыстэме Навучальна-трэнавальны палігон, дзе прайшлі спаборніцтвы на найлепшых электрамантэра і майстра разьмеркавальных сетак Белгалоўэнэрга. 9 ліпеня 1972 году Гарадзенская ЦЭЦ-2 выпрацавала першы мільярд кіляват-гадзіна электраэнэргіі. Улетку 1973 году адчынілі піянэрскі летнік «Энэргетык» у Ваўкавыскім раёне (Кавалі), дзе за 2 наступныя гады дабудавалі яшчэ 2 корпусы па 80 месцаў і страўня. У кастрычніку 1973 году дабудавалі цепламагістралі № 1, 2 і 3, якія злучылі Гарадзенскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2 з кацельняй Паўночнага прамысловага вузла Горадні. У 1974 годзе кіраўніцтва «Горадняэнэрга» пераехала ў новы будынак па праспэкце Касманаўтаў. У 1975 годзе ўвялі ў дзеяньне 3,6 км цепламагістралі ; 4 прамерам 70 см ад вуліцы Белуша па вантавым мосьце празь Нёман да вуліцы Янкі Купалы ў Горадні. 1 верасьня 1975 году ўтварылі Гарадзенскае прадпрыемства цеплавых сетак з 4-ма падразьдзяленьнямі: Гарадзенская ЦЭЦ-1, Лідзкая ЦЭЦ з участкам цепласетак, Паўночны раён цепласетак з Паўночнай кацельняй і Цэнтральны раён цепласетак. У сьнежні 1975 году ўвялі турбіну Р-50-130/13 ст. №3 на Гарадзенскай ЦЭЦ-2. У 1976 годзе на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 сталі выкарыстоўваць генэратар № 3 у якасьці сынхроннага кампэнсатара рэактыўнай магутнасьці сеткі 220—330 кВ. У верасьні 1976 годзе ўвялі ў дзеяньне паветраную ЛЭП Аліта—Горадня на 330 кВ, а ў сьнежні — 1-ю чаргу падстанцыі «Горадня» на 330 кВ магутнасьцю 200 МВА. У Горадні пабудавалі 1,95 км цепласетак і увялі ў дзеяньне падпампоўвальную станцыю № 4 на вуліцы Пушкіна з 2-ма сеткавымі помпамі магутнасьцю 500 кубамэтраў/гадзіна. У 1977 годзе адчынілі паветраную ЛЭП Горадня—300—Паўднёвая на 220 кВ даўжынёй 37 км і 2-ю чаргу падстанцыі «Горадня» на 330 кВ з АТ-1 магутнасьцю 400 МВА. У верасьня 1977 году запусьцілі паветраную ЛЭП Горадня—300—Станіславава на 110 кВ з адпайкай на падстанцыю «Ільнокамбінат» на 110 кВ. У 1978 годзе ў «Горадняэнэрга» стварылі бюро аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня (АСК) і запусьцілі ЭВМ АС-1020 у вылічальным асяродку. У 1979 годзе ў будынку РЭУ «Горадняэнэрга» адчынілі музэй Гарадзенскай энэргасыстэмы[8].

У 1981 годзе запусьцілі падстанцыю «Ліда» на 330 кВ магутнасьцю 125 МВА і паветраную ЛЭП Маладэчна—Ліда на 330 кВ даўжынёй 124,9 км. У 1985 годзе «Горадняэнэрга» атрымала дыплём 1-й ступені на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі Савецкага Саюзу за распрацоўку тэлемэханізаваньня разьмеркавальных сетак сельскагаспадарчага прызначэньня. У 1986 годзе на падстанцыі «Горадня» на 330 кВ усталявалі сынхронны кампэнсатар магутнасьцю 50 рэактыўных МВА. 7 ліпеня 1988 году пэрсанал Ашмянскіх электрасетак упершыню замяніў ізалятар на паветранай ЛЭП Ігналінская АЭС—Маладэчна на 330 кВ пад напругай. 26 верасьня 1988 году Міністэрства энэргетыкі СССР ухваліла Загад № 485 аб пераўтварэньні «Горадняэнэрга» ў вытворчае аб’яднаньне. У сьнежні 1989 году ўвялі ў дзеяньне паветраную ЛЭП Горадня—Ліда на 330 кВ. У студзені 1990 году з Гарадзенскіх цепласетак вылучылі Лідзкія цепласеткі на самастойным балянсе. У лістападзе 1990 году на спальваньне прыроднага газу перавялі катлаагрэгатары № 2 і 4 Гарадзенскай ЦЭЦ-2 і кацёл ТП-35 № 1 Лідзкай ЦЭЦ. 1 сакавіка 1991 году ўтварылі «Прадпрыемства сродкаў дыспэтчарскага і тэхналягічнага кіраваньня». У 1995 годзе пры перабудове цепласетак на дзялянках цепламагістралі № 2 у Горадні даўжынёй 98 мэтраў і цепламагістралі № 5 у Лідзе даўжынёй 450 мэтраў упершыню скарысталі перадызаляваныя трубаправоды. 12 ліпеня 1996 году ўвялі ў лад 1-ю чаргу здраўніцы «Энэргетык». 30 сьнежня 1996 году ўтварылі прадпрыемства «Энэргабудрамонт». У 1997 годзе запрацавала Воўпенская міні-ГЭС магутнасьцю 9 кВт. У 1998 годзе адчынілі падстанцыю «Смаргонь» на 330 кВ з аўтатрансфарматарам магутнасьцю 200 МВА і заходамі на паветраную ЛЭП Ігналінская АЭС—Маладэчна на 330 кВ даўжынёй 34,9 км. Падстанцыю абсталявалі элегазавымі выключальнікамі[8].

У 2000 годзе зноў запусьцілі Рачунскую ГЭС у Смаргонскім раёне з генэратарам 0,2 МВА. У верасьні 2000 году «Энэргабудрамонт» адчыніў цэх жалезабэтонных вырабаў магутнасьцю 20 000 кубамэтраў за год. У кастрычніку 2000 году на Паўночнай кацельні Горадні ўпершыню ўсталявалі рэгулявальныя электрапрывады для выдзімальных вэнтылятараў. У студзені 2001 году адчынілі паветраную ЛЭП Баранавічы—Горадня з напругай 220 кВ да падстанцыі «Рось» на 220 кВ. У траўні 2001 году на Паўночнай кацельні пусьцілі турбаагрэгат магутнасьцю 3,5 МВт, а кацельню перайменавалі ў Паўночную міні-ЦЭЦ. У верасьні 2001 году на падстанцыях на 110 кВ у ячэйках РУ-10 кВ замянілі аліўныя выключальнікі на вакуўмныя. Адначасна на 4-х пастанцыях на 110 кВ замянілі вэнтыльныя разраднікі на абмежавальнікі перанапругі. У чэрвені 2002 году ўзнавілі Навасёлкаўскую ГЭС у Зьдзецельскім раёне магутнасьцю 0,22 МВт. У чэрвені 2003 году на «Прадпрыемстве сродкаў дыспэтчарскага і тэхналягічнага кіраваньня» стварылі Асяродак выпрабаваньня сродкаў уліку электраэнэргіі. У сьнежні 2003 году на «Энэргабудрамонце» пачаў працу цэх ячэістых блёкаў. На Гарадзенскай ЦЭЦ-2 увялі турбаагрэгат ТГ 0,75 ПА/6,3 Р13/4 магутнасьцю 0,75 МВт. На Рачунскай ГЭС запусьцілі гідраэнэргетычную ўстаноўку магутнасьцю 0,1 МВт. У ліпені 2004 году адчынілі Нёмнаўскую міні-ГЭС на Аўгустоўскім канале. У лістападзе 2004 году на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 ўсталявалі трансфарматары току на 110 кВ. У сьнежні 2004 году пабудавалі 94,4 км паветранай ЛЭП на дзялянцы Рось—Горадня на 330 кВ, а на падстанцыі «Рось» усталявалі ОРУ на 330 кВ з трансфарматарам на 200 МВА. У выніку падстанцыю перавялі на напругу 330 кВ. У Шчучынскім раёне электрасетак (РЭС) ўвялі 2 газапоршневя агрэгаты і стварылі Шчучынскую міні-ЦЭЦ з электрамагутнасьцю 0,288 МВт. 14 студзеня 2005 году ўтварылі земляробчае прадпрыемства «Стары Дворац» у Бераставіцкім раёне. 31 траўня 2005 году здраўніца «Энэргетык» атрымала 1-ю катэгорыю. У сьнежні 2005 году на Лідзкай ЦЭЦ увялі ў лад турбагенэратар магутнасьцю 12 МВт[8].

У 2006 годзе на Гарадзенскую ЦЭЦ-2 выканалі заходы паветранай ЛЭП на 110 кВ з заводу «Горадня Азот». На падстанцыі «Смаргонь» на 330 кВ Смаргонскага РЭС ўсталявалі модульныя кацельні на мясцовых відах біяпаліва. У сакавіку 2006 году на паветранай ЛЭП Баранавічы—Горадня на 330 кВ узьвялі валаконна-аптычную лінію сувязі (ВАЛС), а ў лістападзе яе праклалі па паветранай ЛЭП Горадня—Аліта на 330 кВ да беларуска-летувіскай мяжы. У кастрычніку 2006 году ўсталявалі цеплазабесьпячэньне падстанцыі «Горадня» на 330 кВ з дапамогай цеплавой помпы. У сьнежні 2006 году на Паўночнай міні-ЦЭЦ у Горадні запусьцілі 1-ю ў Гарадзенскай энэргасыстэме газатурбінную ўстаноўку магутнасьцю 6 МВт. Таксама дабудавалі Зэльвенскую ГЭС магутнасьцю 0,15 МВт. У ліпені 2007 году распрацавалі аўтаматычную сыстэму кантролю ўліку і кіраваньня эфэктыўнасьцю вытворчасьці энэргіі (АСКУКЭВЭ). У верасьні 2007 году індукцыйныя лічыльнікі замянілі на электронныя. На падстанцыях на 35—330 кВ усталявалі УСПД і стварылі мясцовыя АСКУЭПЭ. У лістападзе 2007 году ў здраўніцы «Энэргетык» усталявалі газапоршневы агрэгат магутнасьцю 0, 3 МВт. У сьнежні 2007 году на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 турбаагрэгат ПТ-60 перавялі на рэгулявальны адбор пару, што павялічыла магутнасьць ЦЭЦ на 10 МВт. На Лідзкай ЦЭЦ запусьцілі паравы кацёл Е-35 магутнасьцю 35 тона/гадзіна. У верасьні 2008 году на Лідзкай ЦЭЦ дабудавалі ГТУ на 25 МВт. У кастрычніку 2008 году ад Гарадзенскай ЦЭЦ-2 да помпавай станцыі № 1 у Горадні праклалі трубаправод прамерам 100 см для цепламагістралі № 1. У 2009 годзе ў «Старым Дворцы» перабудавалі кароўнік на 720 галоваў. У чэрвені 2009 году на «Прадпрыемстве сродкаў дыспэтчарскага і тэхналягічнага кіраваньня» запусьцілі праліўнуб паверачную ўстаноўку УПР-200 для выпрабаваньня выдаткамераў вадкасьці. У ліпені 2009 году пабудавалі новы Навучальна-трэнавальны палігон[8].

У сьнежні 2010 году падстанцыю «Горадня Паўднёвая» перавялі з напругі 220 кВ на 330 кВ. Пры гэтым выканалі заход і выхад на паветраную ЛЭП Рось—Горадня на 330 кВ з заменай паветраных шунтавальных выключальнікаў 110 кв на элегагазавыя. На цепламагістралі № 1 у Горадні аўтаматызавалі паніжальную пампавальную станцыю № 1. У падразьдзяленьнях «Горадняэнэрга» ўкаранілі электронны дакумэнтаабарот. Запусьцілі 1-ю чаргу новай вытворчай базы Гарадзенскіх цепласетак на вуліцы Багуцкага для цеплацетак № 2 і абанэнцкай службы, службы збыту і вытворча-тэхнічнага аддзелу. У красавіку 2011 году каля Грабнікаў у Наваградзкім раёне ўвялі ў дзеяньне 1-ю ў Беларусі ветраэнэргетычную ўстаноўку магутнасьцю 1,5 МВт. У лістападзе 2011 году перабудавалі 1-ю чаргу «Міжкалгаснай» падстанцыі на 110 кВ з трансфарматарам на 110/6/6 кВ магутнасьцю 63 МВА і 2-ма сэкцыямі шынаў 6 кВ, токаабмежавальнымі рэактарамі і элегазавым выключальнікам на 110 кВ, сумешчанымі з трансфарматарамі напругі і акумулятарнай батарэяй. У сьнежні 2011 году падлучылі новую падстанцыю «Вяльля» на 110 кВ з 2-ма трансфарматарамі 110/10 кВ магутнасьцю па 25 МВА кожны. У студзені 2012 году перабудавалі 2-ю чаргу «Міжкалгаснай» падстанцыі з падлучэньнем 2-га трансфарматара і 2-й часткі РУ-6 кВ. У лютым 2012 году «Энэргабудрамонт» дабудаваў 1-ю чаргу, а ў верасьні — 2-ю чаргу цепламагістралі ад вуліцы Славінскага па вуліцы Сакольскага да Окульнай вуліцы Горадні для пераключэньня з кацельні «Фолюш» на Гарадзенскую ЦЭЦ-2. У сакавіку 2012 году на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 запусьцілі катлаагрэгат № 3. У красавіку 2012 году падстанцыю «Бярозаўка» ў Лідзкім раёне на 110 кВ перабудавалі з новым трансфарматарам 110/35/10 кВ магутнасьцю 16 МВА. 31 жніўня 2012 году падпісалі акт аб прыёмцы ў дзеяньне Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 17 МВт. 11 верасьня 2013 году ўвялі ў эксплюатацыю ГТУ 121,7 МВт на Гарадзенскай ЦЭЦ-2. 1 лістапада 2013 году ў склад Лідзкіх цепласетак прынялі кацельню № 1 у Смаргоні[8].

На сакавік 2014 году ўсталяваная электрамагутнасьць «Горадняэнэрга» складала 376,1 мэгаватаў (МВт), зь іх 94,5 % (355,5 МВт) на цеплаэлектрацэнтралях (ЦЭЦ), 5,1 % (19 МВт) на гідраэлектрастанцыях (ГЭС) і 0,4 % (1,5 МВт) на ветраэлектрычных устаноўках (ВЭУ). Пры гэтым, сілу вады пераўтваралі 8 ГЭС — Гарадзенская гідраэлектрастанцыя магутнасьцю 17 МВт і 7 малых ГЭС магутнасьцю ад 0,1 МВт да 0,72 МВт. Каля Грабнікоў у Гарадзенскім раёне працавала ВЭУ[9]. 16 чэрвені 2013 году каля Грабнікаў запусьцілі 1-ю ветраэлектрастанцыю магутнасьцю 9 МВт. У студзені 2019 году ў Астраўцы пусьцілі «Юбілейную» падстанцыю на 110 кВ, якая стала 1-й у Гарадзенскай энэргасыстэме лічбавай падстанцыяй[8]. У 2020 годзе ўвялі ў дзеяньне электракатлы на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 на 60 МВТ у траўні, на Паўночнай міні-ЦЭЦ на 30 МВт у чэрвені і на Лідзкай ЦЭЦ на 10 МВт у верасьні[10].

  1. ^ Рэквізыты (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  3. ^ Найменьне і месцазнаходжаньне вышэйстаячых арганізацыяў (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  4. ^ Арганізацыйная будова (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 вераасьня 2022 г.
  5. ^ а б Вытворчая ўласьцівасьць (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  6. ^ Вытворчасьць электрычнай энэргіі (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  7. ^ Вытворчасьць цеплавой энэргіі (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  8. ^ а б в г д е ё ж з і Сьціслая даведка па гісторыі разьвіцьця энэргетыкі на Гарадзеншчыне (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.
  9. ^ Сяргей Куркач. Энэргія эфэктыўнасьці // Зьвязда : газэта. — 4 сакавіка 2014. — № 40 (27650). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Стратэгія разьвіцьця (рас.) // УП «Горадняэнэрга», 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць