Інтэрнацыянальная вуліца (Менск)

(Перанакіравана з «Вуліца Зборавая (Менск)»)

Інтэрнацыяна́льная ву́ліца, гістарычныя Збо́равая[a] і Вало́цкая[b][1]вуліца ў цэнтральнай частцы Менску, якая зьвязвае Гарадзкі Вал з Лавамі праз Высокі Рынак і Валокі Полацкія. Існуе з XVI ст. Гістарычна складалася зь дзьвюх вуліцаў, першая зь якіх атрымала назву ад збудаванага на ёй кальвінскага збору, другая — ад мясцовасьці Валок Полацкіх. Цяперашняя афіцыйная назва ўжываецца з савецкіх часоў, калі вуліцу перайменавалі, відаць, у гонар камуністычнага інтэрнацыяналу.

Інтэрнацыянальная

Частка вуліцы за Палацам Рэспублікі
Агульная інфармацыя
Раён гораду
Былыя назвы
  • Валоцкая
  • Зборавая
  • Хрышчэнская
  • Турэмная
  • Праабражэнская
Даўжыня 994 м
Бліжэйшыя станцыі мэтро
На мапе
Google · Яндекс
Вуліца Інтэрнацыянальная ў Вікісховішчы

Асноўны комплекс вуліцы склаўся на канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў. Усе будынкі шчыльна прылягаюць адзін да аднаго, арыентаваныя галоўнымі фасадамі на лінію забудовы, утвараючы ўраўнаважаную кампазыцыю[2]. Дамінантай вуліцы Зборавай быў комплекс кляштару бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха ў стылі віленскага барока, вуліцы Валоцкай — комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага ў стылі барока, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, часткова зруйнаваныя расейскімі і зьнішчаныя да падмуркаў савецкімі ўладамі. У наш час на вуліцы месьцяцца будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адноўлены гатэль «Эўропа», будынак кінатэатру «Перамога», дом-музэй Ваньковічаў і іншыя. Побач з вуліцаю знаходзяцца некалькі паркаў і сквэраў.

У 2013 годзе Інтэрнацыянальная вуліца заняла 4-е месца ў Менску паводле цаны прапановы жытла, якая склала $3023 за квадратны мэтар. Кватэры на вуліцы большасьцю набывалі мясцовыя арэндаздавальнікі і замежныя перасяленцы[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Зборавая вуліца

рэдагаваць

З XVI ст. заходняя частка вуліцы звалася Зборавай ад збудаванага на ёй у той жа час[4] кальвінскага збору пры агульнай падтрымцы князя Мікалая Радзівіла «Чорнага» і фундацыяў менскіх заможных пратэстантаў. Гэтую назву яна захавала да 1866 году[4].

У 1673 годзе тут збудавалі мураваныя касьцёл Сьвятога Войцеха й кляштар бэнэдыктынак у стылі віленскага барока. Да 1830-х гадоў вуліца ўпіралася ў земляны гарадзкі вал, які праходзіў кірункам сучаснай Раманаўскай Слабады. Калі вал зрылі, вуліца працягнулася ў Раманаўскае прадмесьце. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі касьцёл й кляштар бэнэдыктынак у каталікоў й перадалі Расейскай праваслаўнай царкве. На іх базе адкрылі Праабражэнскі манастыр. У 1872 годзе пачалася перабудова барочнага комплексу ў псэўдарускім стылі. З мэтай маскалізацыі ў 1866 годзе вуліцу перайменавалі ў Турэмную, бо яна ішла да турэмнага замка, а ў 1882 годзе зноў перайменавалі — у Праабражэнскую[5]. У 1899 годзе ў раёне турмы адкрылася жаночая ўрадавая гімназія, у якой пазьней навучалася Стэфанія Станюта. Праабражэнская была адной з цэнтральных вуліцаў губэрнскага Менску[4]. Даўжыня вуліцы ад Губэрнатарскай да Нова-Раманаўскай складала 175 сажняў (367,5 мэтры). Гэтая вуліца была брукаванай, мела тратуары й вячэрняе асьвятленьне. Забудоўваць яе можна было толькі камяніцамі. Частка Інтэрнацыянальнай ад Гарадзкога Валу да сучаснай вуліцы Леніна зьяўляецца адной з найстарэйшых вуліцаў Менску[4].

Валоцкая вуліца

рэдагаваць

Усходняя частка вуліцы першапачаткова называлася Валоцкай. На скрыжаваньні з вуліцай Зыбіцкай знаходзілася мясцовасьць, якую называлі Валокамі Полацкімі, да яе з цэнтру й вяла вуліца Валоцкая. Паводле меркаваньня некаторых гісторыкаў, туды полацкія купцы маглі цягнуць «волакам» па Сьвіслачы ладзьдзі са сваім таварам, бо рака не заўсёды была паўнаводнай. Па здушэньні паўстаньня ў 1866 годзе расейскія ўлады перайменавалі Валоцкую ў Хрышчэнскую[5].

Па ўсталяваньні савецкай улады Валоцкую аб’ядналі з Зборавай і перайменавалі ў Інтэрнацыянальную. Найбольш цікавы комплекс вуліцы склаўся на канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў. Усе будынкі шчыльна прылягаюць адзін да аднаго, арыентаваныя галоўнымі фасадамі на лінію забудовы і ўтвараюць ураўнаважаную кампазыцыю[2].

Апісаньне

рэдагаваць

Праходзіць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Працягвае вуліцу Валадарскага (ад скрыжаваньня з Гарадзкім Валам). Вуліцу перасякаюць вуліцы Камсамольская, Леніна, Энгельса, далей ад вуліцы Інтэрнацыянальнай пачынаецца вуліца Зыбіцкая й ідзе на захад.

Сканчаецца Т-падобным скрыжаваньнем з вуліцай Янкі Купалы. Ляжыць паміж Рэвалюцыйнай і праспэктам Незалежнасьці. Нумарацыя дамоў вядзецца ад Гарадзкога Валу.

За 250 мэтраў ад скрыжаваньня з вуліцай Энгельса знаходзіцца станцыя мэтро «Кастрычніцкая»/Купалаўская, за 310 мэтраў ад скрыжаваньня з вуліцай Леніна — станцыя «Няміга».

Вуліца Інтэрнацыянальная і суседнія вуліцы
Мапа Openstreetmap.org[6], жнівень 2013 году
Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′02″ пн. ш. 27°33′05″ у. д. / 53.9004709° пн. ш. 27.5513951° у. д. / 53.9004709; 27.5513951
Каардынаты канца вуліцы: 53°54′22″ пн. ш. 27°33′51″ у. д. / 53.906118° пн. ш. 27.5640718° у. д. / 53.906118; 27.5640718

Няцотны бок

рэдагаваць
 
Вул. Інтэрнацыянальная № 1
 
Вул. Інтэрнацыянальная № 9, былая гасьцініца «Мачыз»
 
Дамы № 11, 13, 15, 17
  • Будынак Менскага пажарнага дэпо (зараз Дэпо № 1), хоць і знаходзіцца па адрасе Гарадзкі Вал, 12/1, таксама адносіцца да комплексу архітэктурнай забудовы на Інтэрнацыянальнай. Дэпо было пабудаванае на рагу тагачасных Праабражэнскай (Інтэрнацыянальнай) і Нова-Раманаўскай па ініцыятыве вольна-пажарнага таварыства, якое адкрылася 21 студзеня 1885 году. Каб зарабіць грошы, пажарнае таварыства плянавала ледзяную коўзанку, вечары й гуляньні, здавала ў арэнду пляц пад цырк і зьвярынец. Зараз тут месьціцца музэй пажарнай справы[7].
  • № 1 (Гарадзкі Вал № 10)
  • № 3 — недабудаваны бізнэс-цэнтар. Пры рэканструкцыі будынка ў катлаване, на глыбіні чатырох мэтраў былі знойдзеныя дзьве 400-кіляграмовыя 6-фунтовыя палявыя гарматы 18-га стагодзьдзя, якія стралялі на 2-2,5 кілямэтры суцэльналітымі ядрамі, разрыўнымі гранатамі й карцеччу[8].
  • № 5 — будынак «Менскрамбуда» (другая палова XIX ст.)[9], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 7 (Камсамольская № 16) — будынак Дзяржаўнага камітэту па гідрамэтэаралёгіі РБ (1951[10] ці 1952[11]), гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[10].
  • № 9 — гасьцініца «Мачыз» Махліна (XIX ст.)[12], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]. Перабудаваны.
  • № 11 — гатэль «Гарні» ці гасьцініца купца Б. А. Суціна (1880-я)[12], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10] ў стылі эклектыка. У вайну будынак амаль не пацярпеў, але яго аблічча зьмянілася ў 1960-я: зьніклі бальконы й частка дэкору, зьявілася ўязная арка[13]. У канцы ХХ стагодзьдзя ў ім знаходзілася кавярня «Адпачынак», а таксама гатэль «Мінатэль». У 2008 было вырашана вярнуць будынку яго першапачатковую функцыю й выгляд 1887 году. У кастрычніку 2011 году скончана рэканструкцыя (арх. С. В. Машковіч), якая вярнула гэтаму будынку ўсе архітэктурныя асаблівасьці[13]. У трохзоркавым гатэлі «Гарні» 70 нумароў рознай утульнасьці са стылізаванымі пад XIX стагодзьдзе інтэр’ерамі. Дабудаваныя дадатковыя два паверхі, а на чацьвёртым паверсе зробленая мансарда, з прычыны чаго вышыня будынка павялічылася на 8 мэтраў. На даху — назіральная пляцоўка[13][14][15][16]
  • № 11а — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 11б
  • № 13 — дом Берлянда, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня (канец XIX ст.)[10]. У 1908 годзе ў гэтым будынку адкрылася банкірская кантора Берлянда. З 1911 году — таксама Менскае гандлёва-прамысловае таварыства ўзаемнага крэдыту[4]. У 1916 — сталовая Менскага земскага й гарадзкога саюзаў[12].
  • № 13а — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 15 — жылы дом.
  • № 17 (пл. Свабоды № 5) — жылы дом. У будынку месьціцца мастацкая галерэя «Верхні горад» і «Беларускі саюз кампазытараў».
 
вул. Інтэрнацыянальная з прыступак Палаца Рэспублікі
  • № 19
 
Дамы № 21 — 31
  • № 21 (вул. Энгельса № 3) — дом Фрэнкеля[12] ці «Дом Манюшкі»[2] (1797[17]), унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]. Будынак упершыню пазначаны на пляне Менску 1797 г. З боку двара паўночна-ўсходні фасад узмоцнены масіўнымі контрфорсамі. З боку вул. Інтэрнацыянальнай разьмешчаныя два бальконы на адліваных чыгунных кранштэйнах. Першы й другі паверхі падзеленыя двума карнізнымі паясамі. У канцы 1820-х гадоў дом належаў нейкаму Клімкевічу.[18], напачатку XX стагодзьдзя да першапачаткова двухпавярховага будынка быў надбудаваны трэці паверх. Тут у 1830—1831 гг. жыў кампазытар Станіслаў Манюшка[2].
 
Дамы № 23 — 31
  • № 23 — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 25 — будынак забаўляльнага комплексу «Журавінка» (арх. Эркут Шахінбаш), унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 27 — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 29 — будынак Кіраваньня ваеннай контрразьведкі КДБ Рэспублікі Беларусь (XIX ст.)[19], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 29а — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
 
Дамы № 31 і № 33
 
Гарадзкая сядзіба Ваньковічаў
 
Дом № 33 — паўднёва-заходні флігель сядзібы
  • № 31 — дом Ленскай (XIX ст.), унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]. Сюды (тады гэта частка вуліцы насіла назву Хрышчэнская) ў 1904 з вуліцы Захар’еўскай (цяпер пр. Незалежнасьці) пераведзеная Мінская гарадзкая публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна. У 1916—1917 гадах чытачом бібліятэкі быў клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч. У падвале гэтага дома месьцілася падпольная тыпаграфія адной з рэвалюцыйных газэтаў[20] У сакавіку 1938 году бібліятэка была рэарганізаваная ў Менскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна. Падчас Другой сусьветнай вайны рэдкія выданьні твораў Пушкіна, успаміны, дзёньнікі сучасьнікаў паэта й дакумэнты былі або зьнішчаныя, або вывезены ў Нямеччыну. У лістападзе 1971 году бібліятэка пераехала ў новае памяшканьне[21], але пра яе нагадвае мэмарыяльная дошка на будынку[4]. У бліжэйшай будучыні ў доме разьмесьціцца аддзел рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[22].
  • № 31а
  • № 33 — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
  • № 33а — дом-музэй Ваньковічаў, помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]. У двары сядзібы ўстаноўленая скульптурная кампазыцыя «Раніца мастака» — бронзавая фігура Валенція Ваньковіча, з палітрай і пэндзьлем (2010, скульптар У. І. Слабодчыкаў)[23]. Сядзіба гэтая была пабудаваная ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагодзьдзя, мела ўнікальны фруктовы сад, у якім расьлі нават валоскія арэхі, з насеньня якіх у Батанічным садзе АН была высаджаная цэлая алея[4].
 
Сядзіба Ваньковічаў. З правага боку адноўлены флігель кіраўніка
У 1848 годзе сядзіба складалася з жылога дома, двух флігеляў, стайні (якія прылягаюць да былой Пушкінскай бібліятэкі), у двары расьлі пірамідальныя таполі, а ў сядзібу вяла каменная брама, якую «вартавалі» скульптуры сабачак. Пасьля рэвалюцыі дом падзялілі на камунальныя кватэры. У канцы 1970-х будынак зьбіраліся зьнесці, але ўмяшаўся першы сакратар ЦК КПБ Ціхан Кісялёў.
У 1990-я гады мінулага стагодзьдзя сядзіба, якая знаходзілася ў запусьценьні, рэканструяваная паводле праекту архітэктара І. Дорахавай.[24]
  • № 33б — будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10].
 
Дамы № 8-10-12-14
 
Банкірская кантора Лур’е (1913)
 
Будынак Пракуратуры Рэспублікі Беларусь
  • № 33в — паўночна-ўсходні флігель кіраўніка гарадзкая сядзіба Ваньковічаў. Першы паверх яго быў мураваны, другі — з дрэва. Па цэнтры месьціўся пяцігранны мураваны эркер зь вежападобным завяршэньнем, якое зьяўлялася своеасаблівай дамінантай у абрысе гістарычнага цэнтру Менску, надавала строгаму ансамблю рамантычны характар. Зруйнаваны, паводле некаторых зьвестак, у 1975, адноўлены ў 2008 турыстычнай кампаніяй «АлатанТур»[17].

Цотны бок

рэдагаваць
 
Дом № 2
  • № 2 (Гарадзкі Вал № 8) — жылы дом (1954)[25]
  • № 4 — жылы дом[26], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 6 — жылы дом[26] (пачатак XX ст.)[27], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 8 — адміністрацыйны будынак, унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10] У будынку месьціцца Кіраваньне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. У 2011 пачалася рэстаўрацыя: было замененае крыцьцё, нарошчаны парапэт, адноўленая тынкоўка, ліквідаваны гараж у праёме аркі.[28].
  • № 10 — адміністрацыйны будынак (сярэдзіна XIX ст.)[29], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 12 — жылы дом, адміністрацыйны будынак[26] (1917)[30], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 14 — жылы дом[26] (1917)[31], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 16 — банкірская кантора Лур’е (1913)[12], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня.[10] Зьверху на фасадзе захаваўся надпіс «1913»[4]. Будынак уяўляе сабой адзін з найбольш цікавых і добра захаваных узораў менскай сэцэсіі[22].
 
Вуліца Інтэрнацыянальная ў кірунку да Гарадзкога Валу
  • № 18 (Камсамольская № 18) — дом Ліфшыца ці пякарня й кандытарская крама Офлі (XIX ст.)[12][32], унікальны аб’ект міжнароднага значэньня[10]
  • № 20 — кінатэатар «Перамога», гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[10] (1929[10];1947, арх. Ёсіф Лянгбард, Міхаіл Бакланаў)[33]. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаныя часткі разбуранага бамбёжкамі[c]</ref> Клюбу харчавікоў імя Сталіна[34] (1929), разьмешчанага ў адным з карпусоў былога Спаса-Праабражэнскага манастыра, які на пачатку ХХ стагодзьдзя займала гасьцініца «Бельвю», а пад час нямецкай акупацыі салдацкі клюб[34]. Будынак быў сярод першых у Менску, адноўленых пасьля вайны[35]. У вонкавым абліччы будынка адгадваюцца элемэнты палацавай архітэктуры 19-га стагодзьдзя й стыль канструктывізму 30-х гадоў 20-га стагодзьдзя[35].
  • № 22 — адміністрацыйны будынак Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. У 1633 годзе на гэтым месцы быў збудаваны касьцёл Сьвятога Войцеха, які ўваходзіў у комплекс кляштара бэнэдыктанак. Кляштар у 1871[34] годзе быў ліквідаваны й у 1872 на яго базе адкрылі Праабражэнскі жаночы манастыр[36]. У пачатку 1920-х гадоў савецкія ўлады ліквідавалі менскі жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква працягвала дзейнічаць у будынку былога касьцёла, але ў 1930-я гады яе прыстасавалі пад клюб. У 50-х гадах тагачасны дырэктар кінатэатру «Перамога» Ізраіль Кагановіч марыў аднавіць храм і рэканструяваць яго пад яшчэ адну кіназалю, але ў сярэдзіне 1960-х гадоў комплекс касьцёла й кляштара ўзарвалі. Пазьней зь левага боку ад падмуркаў касьцёла збудавалі сучасны адміністрацыйны будынак з чырвонай цэглы.
  • № 24 — адміністрацыйны будынак Пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
  • № 24а
  • № 26 — будынак (1956), частка архітэктурнага ансамблю (1947—1954, арх. Г. Заборскі), гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[10]. У гэтым доме з 1975 па 1983 гг. жыў выдатны дзеяч кінамастацтва, народны артыст БССР, ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, кінарэжысэр В. П. Чацверыкоў, пра што сьведчаць мэмарыяльная дошка[37].
  • № 26а
 
Будынак па цэнтры — гарадзкі тэатар. Справа — гатэль «Эўропа», пачатак XX ст.
 
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі й гатэль «Эўропа»
 
Гатэль «Эўропа» й будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
 
Гатэль «Эўропа» па рэканструкцыі ў 1906—1908 гг.
 
Палац Радзівілаў, фрагмэнт акварэлі Ю. Пешкі (кан. XVIII стагодзьдзя)
  • № 28 — Гатэль «Эўропа» (новы будынак паводле старога збудаваны ў 2007). Дарэвалюцыйная гасьцініца была ўзьведзеная на сродкі выхадца з найбагацейшай менскай купецкай дынастыі Веньяміна Поляка й належала яму. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя да паўночна-ўсходняй часткі гасьцініцы быў прыбудаваны трохпавярховы корпус. Пасьля пажару 1884 гасьцініца была рэканструяваная — вышыня ўсіх частак выраўнаваная да трох паверхаў . У 1906—1908 гадах была перабудаваная ў стылі мадэрн. «Эўропа» з шасьцю паверхамі, якой у той час валодалі браты Рыгор і Якаў Полякі, адразу стала найбуйнейшым грамадзкім збудаваньнем дарэвалюцыйнага Менску й найбуйнейшай гасьцініцай у тагачасным Паўночна-Заходнім краі. У 1913 годзе ў гасьцініцы працавалі першаклясны рэстаран А. Г. Саўлевіча, жаночая й мужчынская цырульня, чытальная заля. У кожным з 130 нумароў «Эўропы» былі тэлефон, рукамыйнік, электраасьвятленьне, вадзяное ацяпленьне, ванна, дзейнічаў першы ў горадзе ліфт. У 1925 годзе гасьцініца была перайменаваная ў «Цэнтральную гасьцініцу Менскай камунальнай гаспадаркі». У 1939 годзе ў будынку месьцілася менскае аддзяленьне Інтурысту. Гасьцініца была разбураная ў 1944 годзе падчас Другой сусьветнай вайны ў выніку савецкага наступу на горад.[38]
15 красавіка 2004 годзе была прынятае рашэньне наконт аднаўленьня гатэлю «Эўропа». Першых наведвальнікаў гатэль прыняў у 2007 годзе.
У XVII стагодзьдзі на месцы сёньняшняга гатэлю «Эўропа» існаваў мінскі палац Радзівілаў[39][40]., які ў канцы XVIII стагодзьдзя быў прададзены менскаму бурмістру Яну Байкову. У 1825[41] годзе адбылася рэканструкцыя будынка, пасьля якой у ім разьмясьціўся першы гарадзкі тэатар. Двухпавярховы будынак тэатру — помнік архітэктуры клясыцызму, меў сымэтрычную кампазыцыю з рызалітам (выступам) і трохвугольным франтонам пасярэдзіне галоўнага фасаду.[42] 30 траўня 1835 году тэатар згарэў, але быў адбудаваны. У памяшканьнях Менскага гарадзкога тэатру, акрамя спэктакляў, давалі балі й маскарады, зладжвалі аматарскія канцэрты.
Пасьля пажару 1884 году будынак неаднаразова перабудоўваўся, падвышаўся і паступова губляў свае першапачатковыя клясыцыстычныя рысы.[42]
З 1895 году ў ім знаходзілася менскае аддзяленьне Пецярбурска-Азоўскага банку, якое з 1901 году зьмяніла філія Паўночнага банку, а ў 1913 годзе тут разьмясьцілася аддзяленьне Расейска-Азіяцкага банку, які «праглынуў» Паўночны.[43] У 1920—1930-х гадах да будынка надбудавалі чацьверты паверх.
Менскі гарадзкі тэатар ня быў пашкоджаны падчас Другой сусьветнай вайны, аднак у 1984 годзе, нягледзячы на пратэсты грамадзкасці, савецкія ўлады зруйнавалі ўнікальны помнік культуры й архітэктуры.
  • № 30 — Будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, гісторыка-культурныя каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[10] (1958, арх. Р. Гегарт)[33]
  • № 32
  • № 40 — Гімназія № 24. Раней на гэтым месцы месьцілася гарадзкая амбуляторыя. Тут, у прыватнасьці, менчукам рабілі бясплатныя прышчэпкі ад воспы[4].
  • № 42

Сучасная Інтэрнацыянальная сканчаецца т-падобным скрыжаваньнем з вуліцай Янкі Купалы, але да рэвалюцыі, калі гэтая частка вуліцы яшчэ насіла назву Хрышчэнская, яна сыходзіла да Сьвіслачы. На беразе зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя працавалі лазьні Плаўскага. Непадалёк ад іх знаходзілася сядзіба братоў Луцкевічаў, Антона й Івана — дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. У 1905 годзе ў ёй месьціўся склад зброі. Напачатку XX стагодзьдзя Хрышчэнская адносілася да другога разраду гарадзкіх вуліцаў, мела маставую, а даўжыня складала 260 сажняў (546 мэтраў).[4]

Паркі й сквэры

рэдагаваць

Сквэр «Зялёны тэатар»[44]

рэдагаваць

На плошчы Свабоды, якая прылягае да вуліцы Інтэрнацыянальнай, за гарадзкой ратушай разьбіты невялікі сквэр. Беларускі этнограф і пісьменьнік П. Шпілеўскі, які бываў у Менску напачатку 50-х гадоў XIX стагодзьдзя, пісаў, што ў цэнтры плошчы

  … месьціцца невялікі круглы бульвар, абрамлены ў два шэрагі векавымі пірамідальнымі таполямі, якія ўтвараюць зь сябе даволі цяністую алею, у сярэдзіне бульвара разьведзены маленькі парк ці, правільней, кветнік. Бульвар наведваецца менчукамі больш улетку, калі каля ратушы грае гарадзкая музыка: тым часам па вечарах абедзьве алеі, круглая й папярочная, напаўняюцца лепшым сьветам гараджанаў і гараджанак, прыбраных не горш пецярбурскіх прыгажуняў[36].  
 
Сквэр, паштоўка пачатку ХХ ст.
 
Помнік Аляксандру II у сквэры

Менавіта ў гэтым сквэры ў студзені 1901 году быў адкрыты першы скульптурны помнік у Менску — Аляксандра II, на чорным гранітным пастамэнце якога былі выбітыя словы:


  Императору Александру II. Благодарные граждане города Минска. 1900 год
(па-беларуску: Імпэратару Аляксандру II. Удзячныя грамадзяне гораду Менску. 1900 год)
 

У адпаведнасьці з прадпісаньнем гарадзкога савета ў парк было забаронена ўпускаць асобаў «непрыстойна й брудна апранутых: гандляроў, чорнарабочых і майстравых».

Пасьля рэвалюцыі 1917 году, помнік новай уладай быў дэмантаваны. Замест яго быў усталяваны помнік «Салдат-рэвалюцыянэр» паводле праекту менскага архітэктара й скульптара А. Краснапольскага. Ён уяўляў сабой фігуру байца (хутчэй за ўсё з гіпсу) у салдацкім шынялі зь вінтоўкай у руках. Але гэты помнік прастаяў нядоўга — да нямецкай акупацыі 1918 г.. Ён быў разбураны — у лютым 1918 г., кайзэраўскія жаўнеры, якія ўвайшлі ў Менск, разьбілі скульптуру прыкладамі вінтовак.

З аднаўленьнем Менскай ратушы ў 2003 годзе сквэр быў рэканструяваны: былі разьбітыя дзьве авальныя алеі з высаджанымі пірамідальнымі таполямі, устаноўленыя чыгунныя ліхтары й лаўкі.

Сквэр на вуліцы Леніна

рэдагаваць

Зь іншага боку Інтэрнацыянальнай, уздоўж вуліцы Леніна, да вул. Карла Маркса цягнецца бульвар. Бульвар на вуліцы Леніна быў зроблены на аснове Генэральнага пляну гораду Менску 1946 году. Аўтарамі агульнага рашэньня былі арх. Н. Трахтэнбэрг і Г. Парсаданаў, аўтар праекту азеляненьня вуліцы Леніна арх. М. Андросаў; аўтар рашоткі агароджы бульвару — арх. Шміт; у 1949 г. архітэктарам Р. Абразцовай быў зроблены праект добраўпарадкаваньня бульвару. Да 1952 году рэканструкцыя вуліцы Леніна скончаная, вуліца была пашыраная амаль у два разы адносна першапачатковай шырыні, быў зроблены бульвар.[10] У 2002 годзе ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[45]. 3 ліпеня 2003 году была скончаная рэканструкцыя бульвару (арх. А. Сардараў). Былі створаныя два невялікія фантаны са скульптурамі, замененыя старыя й хворыя дрэвы ліпавай алеі, а таксама асфальт на ўзорыстую плітку[46].

Сквэр Адама Міцкевіча

рэдагаваць

Вуліца бярэ пачатак ад скрыжаваньня з Гарадзкім Валам каля сквэру Адама Міцкевіча, які атрымаў сваю назву ад імя беларуска-польскага паэта 23 верасьня 2003 году. У тым жа годзе ў парку ўстаноўлены бронзавы помнік (ляўрэат дзяржаўнай прэміі А. Заспіцкі, скульптар А. Фінскі, арх. Г. Фёдараў)[36].

Парк (сквэр) імя Янкі Купалы

рэдагаваць

Упіраецца Інтэрнацыянальная ў парк імя Янкі Купалы, разьбіты пасьля Другой сусьветнай вайны на месцы, дзе раней стаялі адна- двухпавярховыя хаты.

Помнікі, мэмарыяльныя дошкі й памятныя знакі

рэдагаваць

Транспарт

рэдагаваць

Аўтамабільны рух на ўсёй працягласьці вуліцы двухбаковы.

У 250 мэтрах ад скрыжаваньня з вуліцай Энгельса — «Кастрычніцкая», а ў 310 мэтрах ад скрыжаваньня з вуліцай Леніна знаходзіцца станцыя «Няміга».

Наземны грамадзкі транспарт

рэдагаваць

Трамвайная лінія, якая праходзіла па вуліцы Інтэрнацыянальнай, існавала з 1929 году. У паваенны час у 1949 годзе на вуліцы была адноўленая трамвайная лінія, але ў 1967 годзе падчас памяншэньня трамвайнай сеткі лінія была разбураная.[47]

Падземная вуліца

рэдагаваць

Пры будаўніцтве ведамасных гаражоў, у 1960-х, рабочыя раскапалі на тэрыторыі былога кляштара бэнэдыктанак сетку падземных хадоў[48], якія ішлі ў кірунку кінатэатру «Перамога» (вул. Інтэрнацыянальная, 20), а таксама да дамініканскага й францішканскага кляштараў. Большая частка падземных манастырскіх канструкцыяў была пазьней зьнішчаная падчас будаўніцтва пракуратуры.

У канцы 70-х — пачатку 80-х гг. XX стагодзьдзя, калі ў Менску каля будынка кансэрваторыі вяліся земляныя працы, коўш экскаватара нечакана натыкнуўся, як апынулася, на цагляныя скляпеньні падземнага ходу. Перад будаўнікамі адкрылася падземная галерэя, пабудаваная прыкладна ў XVIII стагодзьдзі[49]. Коўш экскаватара часткова пашкодзіў скляпеністую столь ходу, і археолягі змаглі прайсьці па ім ня больш за 7—10 мэтраў, а далей усё было заваленае. Вышынёй тунэль быў каля паўтара мэтраў, шырынёй — у мэтар. Меркавана гэты падземны ход, улічваючы яго кірунак, ішоў ад дамініканскага сабору пры мужчынскім манастыры да езуіцкага.

  1. ^ ад вуліцы Гарадзкога Вала да плошчы Свабоды
  2. ^ ад плошчы Свабоды да вуліцы Янкі Купалы
  3. ^ Паводле іншай вэрсіі, узарваны ўдзельнікамі падпольля ў 1943 годзе
  1. ^ вуліца Інтэрнацыянальная (ад 1919 года). oldmensk.net (30.01.2012). Праверана 3 верасьня 2013 г.
  2. ^ а б в г Афіцыйны сайт «Менскай Спадчыны» Улица Интернациональная (рас.) Праверана 5 ліпеня 2013 г.
  3. ^ Самая дарагая вуліца Менска — Піянэрская // Зьвязда : газэта. — 28 верасьня 2013. — № 183 (27548). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і Улица Интернациональная  (рас.)
  5. ^ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцаў і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст. // Беларускі калегіюм Праверана 27 жніўня 2013 г.
  6. ^ Openstreetmap.org  (рас.)
  7. ^ Сайт, прысьвечаны вуліцы Інтэрнацыянальнай  (рас.)
  8. ^ В Минске откопали две старинные пушки
  9. ^ Ахоўная таблічка, № 5(недаступная спасылка)
  10. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  11. ^ Ахоўная таблічка, № 7(недаступная спасылка)
  12. ^ а б в г д е Мінск // Глёбус Беларусі
  13. ^ а б в Гасьцініцу XIX стагодзьдзя ў Менску аднавілі па архіўных фота
  14. ^ Алег Сафронаў. Першая гасьцініца спэцыяльна да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года адкрыецца ўжо сёлета // Белтэлерадыёкампанія, 7 красавіка 2011 г. Праверана 27 жніўня 2013 г.
  15. ^ Гостиница «Гарни»: ул. Интернациональная, 11 АРХИТЕКТУРА И СТРОИТЕЛЬСТВО
  16. ^ Відэа пра будынак  (рас.)
  17. ^ а б Віктар Корбут. Здані муроў старога Менска // Турызм і адпачынак : газэта. — 11 верасьня 2008. — № 36 (671).
  18. ^ Вуліца Энгельса
  19. ^ Ахоўная таблічка на доме № 29(недаступная спасылка)
  20. ^ Аляксандар Парошын. Таямнічыя шкілеты ў цэнтры горада // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 9 жніўня 2011 г. Праверана 27 жніўня 2013 г.
  21. ^ Гісторыя бібліятэкі Менская абласная бібліятэка імя Пушкіна
  22. ^ а б Верхний город  (рас.)
  23. ^ Натальля Сычова. Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ ст. Менск // Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь, 27 кастрычніка 2010 г. Праверана 27 жніўня 2013 г.
  24. ^ Менская шляхта  (рас.)
  25. ^ Пашпарт дома № 2(недаступная спасылка)
  26. ^ а б в г Перечень жилых домов, включенных в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь по г. Минску
  27. ^ Ахоўная таблічка, № 6(недаступная спасылка)
  28. ^ Фасад дома № 8 на вуліцы Інтэрнацыянальнай адновяць да канца года(недаступная спасылка)
  29. ^ Ахоўная таблічка, № 10(недаступная спасылка)
  30. ^ Паспорт дома(недаступная спасылка)
  31. ^ Паспорт дома(недаступная спасылка)
  32. ^ Ахоўная таблічка, № 18(недаступная спасылка)
  33. ^ а б А.С. Шамрук Архітэктура Беларусі ХХ-пачатку ХХI ст.:эвалюцыя стыляў і мастацкіх канцэпцый = Архитектура Беларуси ХХ-начала ХХI в.:эволюция стилей и художественных концепций. — Мн.: Белорус. Наука, 2007. — 335 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-08-0868-4
  34. ^ а б в Дар’я Амяльковіч. Мультыплекс пасьляваеннага Менска // Культура : газэта. — 8 студзеня 2011. — № 1-2 / 973-974.
  35. ^ а б Освобождение Минска. День Победы  (рас.)
  36. ^ а б в Улица Интернациональная Менск стары і новы  (рас.)
  37. ^ мэмарыяльная дошка Чацьверыкова(недаступная спасылка)
  38. ^ Гісторыя гатэлю «Эўропа» (анг.)
  39. ^ Сяргей Харэўскі. Эўрапейскі фасад // Наша Ніва : газэта. — 13 верасьня 2007. — № 34 (536). — С. 14. — ISSN 1819-1614.
  40. ^ «Еўропа» ў цэнтры Мінску(недаступная спасылка) Polskie Radio S.A
  41. ^ В. М. Ярмалінская. Дзе нарадзілася «Ідылія» //Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 420
  42. ^ а б Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 99
  43. ^ Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 260
  44. ^ Схема культурна-гістарычнага цэнтру(недаступная спасылка)
  45. ^ До 1930 в Минске не было ни одного городского бульвара
  46. ^ Бульвар на улице Ленина в Минске будет реконструирован
  47. ^ Трамвайныя лініі Менску
  48. ^ (кляштор) ордена бенедиктинок(недаступная спасылка)  (рас.)
  49. ^ Археолягі шукаюць падземны ход у цэнтры Менску

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Каардынаты: 53°54′10.21″ пн. ш. 27°33′24.25″ у. д. / 53.9028361° пн. ш. 27.5567361° у. д. / 53.9028361; 27.5567361