Вуліца Камсамольская (Менск)
Ву́ліца Камсамо́льская, гістарычная Фэліцыя́наўская — вуліца ў цэнтральнай частцы Менску, якая зьвязвае Нямігу зь Верхняй Ляхаўкай праз Высокі Рынак і Новае Места. Існуе з XVI ст. Гістарычная назва ўтварылася ад капліцы Сьвятога Фэліцыяна пры Катэдральным касьцёле. Цяперашняя афіцыйная назва ўжываецца з савецкіх часоў, калі вуліцу перайменавалі ў гонар Камуністычнага саюзу моладзі.
Камсамольская | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Раён гораду | |
Былыя назвы | Фэліцыянаўская, Багадзельная |
Даўжыня | 800 м[a] |
На мапе | |
Google · Яндекс | |
Вуліца Камсамольская ў Вікісховішчы |
Дамінантай вуліцы быў кляштар бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі. У наш час на вуліцы месьціцца клюб імя Дзяржынскага, грамадзкая прыёмная КДБ Беларусі, гімназія, цэнтральная кнігарня.
Гісторыя
рэдагавацьУзьнікла ў XVI ст. Першапачаткова мела назву Фэліцыянаўская. Вуліца праходзіла каля Марыінскага касьцёла (Катэдральны касьцёл на Высокім Рынку), у адной вежы якога захоўваліся мошчы Сьвятога Фэліцыяна, абаронцы места[1]. У пачатку XIX ст. у выніку ажыцьцяўленьня першага праектнага пляну Менску, зацьверджанага 21 лютага 1817 году, вуліцу выпрасталі[2].
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе з мэтай маскалізацыі краю ўлады Расейскай імпэрыі перайменавалі вуліцу ў Багадзельную. Афіцыйную назву надалі паводле багадзельні, што ў той час знаходзілася на вуліцы[1]. Па ўсталяваньні савецкай улады вуліцу ў 1922 годзе перайменавалі ў Камсамольская.
-
Дрэварыт, 1881 г.
-
Малюнак, 1899 г.
-
Абмеры, XIX ст.
-
Паштоўка, 1910 г.
-
Паштоўка, 1910 г.
-
Паштоўка, 1913 г.
-
Паштоўка, 1915 г.
-
Здымак, да 1950 г.
Будынкі
рэдагавацьНяцотны бок
рэдагаваць- № 5 — будынак, збудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў пляне, зь неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты двухсхільным дахам. Сымэтрыя кампазыцыі галоўнага фасаду парушаная арачным праездам у вуглавой частцы. Плоскія сьцены без дэкору прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцы будынку завершаныя трохвугольнымі шчытамі[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2]
- № 7 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 5. Тут месьціўся цэнтральны вінны склад братоў Хаецкіных. У магазыне мелася й аддзяленьне цэйлёнскага чаю, кавы й какава слыннай маскоўскай фірмы М. Пажывю[4]. Двухпавярховы прамавугольны ў пляне будынак зь неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад несымэтрычны, па вуглах крапаваны плоскімі пілястрамі, на другім паверсе члянёны вялікімі прамавугольнымі вокнамі зь ліштвамі. У трохвугольным шчыце тарцовай часткі будынку сэгмэнтная люкарня[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 9/16 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Аднапавярховы Г-падобны ў пляне будынак накрыты вальмавым дахам. Фасады вырашаныя строга, збаўленыя дэкору. Па вуглах сьцены ўмацаваныя плоскімі лапаткамі. Аконныя праёмы прамавугольныя. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 11 (вуліца Рэвалюцыйная, 7) — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 15. Першапачаткова ў гэтым будынку месьцілася гасьцініца Дрэйцэра на 40 нумароў[4]. У савецкі час тут месьцілася «Першая савецкая гасьцініца»[5]. Трохпавярховы, трохчасткавая асымэтрычная кампазыцыя. Складаецца з трох рознавысокіх пабудоваў, якія шчыльна прымыкаюць адна да адной[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 13 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Першапачаткова выкарыстоўваўся як гасьцініца. Трохпавярховы з паўпадвалам прамавугольны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад строга сымэтрычны. Помнік архітэктуры эклектызму з элемэнтамі клясыцызму[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 15 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы, амаль квадратны ў пляне будынак, з мансардай. Помнік архітэктуры эклектызму з выкарыстаньнем элемэнтаў стыляў клясыцызму й ампір[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
Цотны бок
рэдагаваць- № 6 — будынак, пабудаваны ў канцы XVIII ст. з цэглы, перабудаваны ў XIX ст. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў пляне, накрыты сыстэмай аднасхільных дахаў. Кампазыцыя галоўнага фасаду сымэтрычная. Помнік грамадзянскай архітэктуры з элемэнтамі клясыцызму[3]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 8 (Рэвалюцыйная, 18) — будынак, пабудаваны ў 1954—1955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[2].
- № 12 — будынак, гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 14 — будынак, пабудаваны ў 1954—1955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[2].
- № 16 — пабудаваны ў 1951 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[2].
- № 18 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 20а — гісторыка-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі[2].
- № 22 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[2].
- № 24 — будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. Стары адрас — Багадзельная, 28. У гэтым будынку прадпрымальнікі І. Ш. Блох і І. Я. Ісакаў прымалі замовы па будове вадаправодаў, каналізацыяў, артэзіянскіх калодзежаў, утрымлівалі склад тэхнічнага абсталяваньня[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[2].
Сквэр імя Дзяржынскага
рэдагавацьСквэр месьціцца на скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Камсамольскай. Сквэр атрымаў сваю назву ў гонар Фэлікса Дзяржынскага, рэвалюцыянэра, савецкага дзяржаўнага дзеяча, заснавальніка УНК.
У сквэры ў 1955 годзе ўсталяваны бюст Ф. Дзяржынскаму (скульптар — З. Азгур, архітэктар — В. Волчак); граніт, бронза; вышыня бюста 1,5 м., пастамэнту 2,5 м.)[3]. Сквэр зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю рэспубліканскага значэньня[2].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ ад вуліцы Нямігі да вуліцы Кірава
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Сацукевіч І.. Тапанімія вуліцаў і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст. // Беларускі калегіюм Праверана 27 жніўня 2013 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ а б в г д е ё
- ^ а б в Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- ^ Ад гасцініцы «Белорусь» да гасцініцы Crowne Plaza(недаступная спасылка)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВуліца Камсамольская (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў