Койданаўская вуліца (Менск)
Вуліца Ко́йданаўская (з 1922 году — Рэвалюцы́йная[a]) — вуліца ў цэнтральнай частцы Менску, якая зьвязвае Высокі Рынак з Гарадзкім Валам. Існуе з XVI стагодзьдзя.
Койданаўская лац. Kojdanaŭskaja | |
вуліца | |
Койданаўская вуліца ў бок плошчы Свабоды | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Раён гораду | |
Былыя назвы |
|
Даўжыня | ~450 м |
Бліжэйшыя станцыі мэтро | Няміга |
На мапе | |
Google · Яндекс | |
Вуліца Койданаўская ў Вікісховішчы |
Дамінантамі вуліцы былі комплексы кляштараў бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і рохітаў з касьцёлам Сьвятой Вэранікі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама вежа-званіца калегіюму езуітаў, зруйнаваная савецкімі ўладамі. Да нашага часу захавалася мураваная забудова сярэдзіны XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў[1]. Паралельна вуліцы, непадалёк знаходзяцца такія славутасьці Менску, як архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі і сядзіба Пшазьдзецкіх.
Назва
рэдагавацьНазва Койданаўскай вуліцы ўтварылася ад мястэчка Койданава, кірунак на якое яна паказвае. Цяперашняя афіцыйная назва ўжываецца з савецкіх часоў, калі вуліцу перайменавалі, відаць, у гонар кастрычніцкага перавароту.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьВуліца ўзьнікла ў XVI ст., злучаючы пляц Нізкага Рынку і браму ў абарончым вале, ад якога зьлівалася з Койданаўскім трактам[2].
У пачатку XVII ст. магнаты пашырылі свае ўладаньні ў Менску. Пляцы на Койданаўскай сталі прэстыжнымі. Так, двума пляцамі каля брамы валодаў фэадал Лукаш Богуш-Шышка. У тэстамэнце ён перадаў іх шпіталю для немаёмных. З часам на гэтым месцы зьявілася дабрачынная ўстанова й невялікі касьцёл[2].
У 1650 годзе, у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, у Менску аселі езуіты паводле фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Ўладзіслава Сангушкі, які набыў для іх рэзыдэнцыі ў мешчаніна Ягора Гегера абнесеную каменнай агароджай мураваную рэнэсансную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і пляцу Высокага Рынку[3]. Комплекс паступова разрастаўся: тут зьявіліся будынкі школы (канец XVII ст.), касьцёл (пачатак XVIII ст., захаваўся да сёньня, Касьцёл імя Найсьвяцейшай Панны Марыі), калегіюм (сярэдзіна XVIII ст.). У глыбіні кварталу месьціліся гаспадарчыя будынкі. Двухпавярховы калегіюм знаходзіўся там, дзе цяпер стаіць жылы дом (плошча Свабоды, 11). Будынак меў чатырохпавярховую вежу з гадзіньнікам. Пазьней (у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў) тут працавала казённая палата. У 1951 годзе гэты будынак быў зьнесены, а на ягоныя месцы ўзьведзены іншы[2].
У глыбіні Койданаўскай, на скрыжаваньні зь Няміскім завулкам (сучасная вуліца Камсамольская) знаходзіўся кляштар бэнэдыктынаў. Пляц пад будынкі яны купілі ў пачатку XVIII ст. У 1773 годзе тут збудавалі драўляны касьцёл сьвятога Міхаіла Арханёла, які выходзіў паўночным фасадам на Койданаўскую. Побач зь ім месьціліся двухпавярховы дом ксяндза й фруктовы сад, абнесены плотам.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў у 1833 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а ягоную маёмасьць канфіскавалі. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сяр. XIX ст. усе будынкі кляштару разбурылі, а колішнюю ягоную тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[2].
У XIX ст. будынкамі на гэтай вуліцы валодалі заможныя службоўцы, купцы, мяшчане. У сярэдзіне 30-х гадоў XIX ст. вуліца ўпарадкавалі і забрукавалі. У гэты ж час на Койданаўскай заставаліся і драўляныя будынкі, але 21 чэрвеня 1881 году вялікі пажар зьнішчыў іх[2].
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1919 годзе савецкія ўлады перайменавалі Койданаўскую вуліцу ў гонар Фэрдынанда Лясаля, нямецкага сацыяліста й філёзафа. У час польскай акупацыі 1919—1920 гадоў вуліцы вярнулі гістарычную назву, аднак у 1922 годзе бальшавікі зноў перайменавалі Койданаўскую, на гэты раз у вуліцу Рэвалюцыйную[4].
У 1941—1944 гадах, у часы нямецкай акупацыі, вуліца насіла назву Кірхэнштрасэ (Царкоўная вуліца)[4], пры гэтым у беларускіх колах яна насіла назву вуліца Рагнеды[5]. У паваенны час істотных зьмяненьняў, зьвязаных з вуліцаю, не адбылося.
У сакавіку 2010 году Камісія па найменаваньні і перайменаваньні вуліцаў пры Менгарвыканкаме пастанавіла вярнуць вуліцы Рэвалюцыйнай назву Койданаўская, але гэтую пастанову на зацьвердзілі дэпутаты Менгарсавету[6].
-
Бурса езуіцкага калегіюму. Т. Крамэр, да 1801 г.
-
Дом Невахаў, 1860 г.
-
Дом Марсэнтаў, 1817 г.
-
Дом Вэндарфаў, 1849 г.
-
Дом Вэндарфаў, да 1850 г.
-
Дом Капланаў, 1879 г.
-
Дом Гурвічаў, да 1881 г.
-
Па пажары. М. Баярскі, 1881 г.
-
Дом Гальперынаў, 1881 г.
-
Дом Гендэляў, 1881 г.
-
Дом Капланаў 1881 г.
-
Дом Полякаў, 1881 г.
-
Дом Прушынскіх, 1881 г.
-
Дом Сьлёзбэргаў, 1881 г.
-
Дом Фогеляў, 1881 г.
-
Дом Фрыдманаў, 1881 г.
-
Дом Шульманаў, 1881 г.
-
Гатэль Лівадыя, 1893 г.
-
Дом Вечарэвінаў, 1900 г.
-
Дом Варгаўцічаў, 1906 г.
-
Пачатак вуліцы, 1914 г.
-
Пачатак вуліцы, да 1918 г.
-
Гатэль Лівадыя і жаночая гімназія, да 1918 г.
-
Пачатак вуліцы, 23 лютага 1918 г.
-
Былая жаночая гімназія, 1925 г.
-
У бок Высокага Рынку, 1920-я гг.
-
Дамы Капланаў і Сьлёзбэргаў, 1926 г.
-
Рог з Гарадзкім Валам, 1934 г.
-
Бурса езуіцкага калегіюму (па рэканструкцыі), 1938 г.
-
Фрагмэнт аэрафотаздымка, 1941 г.
-
У бок Нямігі, 1941—1943 гг.
-
З боку Фэліцыянаўскай,. 1943—1944 гг.
-
Рог з Фэліцыянаўскай, 1944 г.
-
Рог з Фэліцыянаўскай, ліпень 1944 г.
-
Рог з Фэліцыянаўскай, ліпень 1944 г.
-
Пачатак вуліцы, 4 ліпеня 1944 г.
Апісаньне
рэдагавацьПраходзіць у Цэнтральным раёне Менску ад плошчы Свабоды да вуліцы Гарадзкі Вал, перасякае вуліцу Камсамольскую. Нумарацыя дамоў — ад плошчы Свабоды.
Рух транспарту на працягу ўсёй вуліцы аднабаковы, маршруты грамадзкага транспарту на ёй адсутнічаюць, непадалёк месьціцца станцыя мэтро «Няміга».
Ляжыць паміж вуліцамі Няміга й Інтэрнацыянальнай.
Забудова
рэдагавацьВылучаюцца 3 ансамблі: першы — ад плошчы Свабоды да перакрыжаваньня з вуліцай Камсамольскай (дамы № 2—16); другі — ад Камсамольскай да вуліцы Гарадзкі Вал (№ 22—32); трэці — на гэтым жа ўчастку (№ 11—17); дом № 3 не ўваходзіць ні ў адзін з гэтых ансамбляў[1].
Дамы № 3, 4, 6, 6а, 6б, 6в, 8, 8а, 9, 10, 12, 13, 14, 15, 15а, 17, 22, 24, 24а, 24б, 26, 26а, 28, 32 уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі «Гістарычны цэнтар г. Менску»[8].
Цотны бок
рэдагаваць- № 2/13 — на рагу вул. Койданаўскай і пл. Свабоды. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы. Першапачаткова Г-падобны ў пляне, двухпавярховы з цокальным паверхам, быў паўднёвым флігелем гарадзкой сядзібы Пшазьдзецкіх. У канцы XIX стагодзьдзя рэканструяваны: стаў П-падобным ў пляне, у тарцовых частках надбудаваны 3-і паверх. У XIX — пачатку XX ст. у будынку быў інтэрнат мужчынскай духоўнай вучэльні. Пасьля кастрычніцкага перавароту месьціўся Наркамат асьветы БССР, у 1922—1925 гадах першая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова ў рэспубліцы, папярэднік Акадэміі Навук БССР — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1956 годзе тут месьціўся кінатэатар «Навіны дня», які быў разьлічаны на 200 месцаў і служыў для паказу паўторных фільмаў[9]. Цяпер у будынку месьцяцца дзяржаўныя ўстановы[1].
- № 4 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прастакутная ў пляне пабудова накрытая двухсхільным дахам. За савецкім часам у будынку месьцілася рамонтна-будаўнічая кантора Ленінскага раёну[10]. Цяпер у ім месьцяцца грамадзкія ўстановы[1].
- № 6 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак на глухім высокім цокалі. Ранейшы адрас — Койданаўская, 6, дом Грушкіна. У пачатку XX ст. тут месьцілася Прыватная лячэбніца па хваробах зроку С. Д. Камінскага. Адчыненая ў студзені 1903 году, была разьлічаная на 6 ложкаў, вёўся амбуляторны прыём[11]. За савецкім часам у будынку месьціўся трэст паказальных рэстаранаў Міністэрства гандлю БССР[10]. Цяпер у ім месьцяцца грамадзкія ўстановы[1].
- № 8 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Чатырохпавярховы ў пляне будынак з прастакутным арачным праездам у левай частцы. Чацьверты паверх надбудаваны ў пачатку XX ст[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 8, дом Аскельрода. Тут месьцілася банкірская кантора Г. А. Ліфшыц, вядомая таксама як гандлёвы дом «Г. А. Лішфыц». Заснаваны ў 1895 годзе, меў аддзяленьне ў Лібаве, карыстаўся замежнымі сувязямі. Разам з гандлем галава фірмы вяла ўлік вэксальных абавязацельстваў. У 1903 годзе грашовыя абароты дасягалі 1 мільёна рублёў[11]. За савецкім часам у будынку месьцілася рамонтна-будаўнічая кантора Варашылаўскага (цяпер Савецкі) раёну і трэст № 21 беларускага філіялу дзяржаўнага інстытуту па праектаваньні й электрыфікацыі сельскай гаспадаркі[10].
- № 8а — пабудаваны ў XIX ст. як жылы. Двухпавярховы будынак мае плян складанай формы, шчыльна прымыкае ў двары да дому № 10[1]. Ад 21 ліпеня 1995 году па 31 жніўня 1996 тут месьцілася рэдакцыя першай недзяржаўнай бесцэнзурнай беларускамоўнай радыёстанцыі 101,2[12].
- № 10 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова чатырохвугольная ў пляне, асноўны аб’ём падоўжаны ў глыбіню двара й накрыты двухсхільным дахам[1]. Цяпер у будынку месьціцца Музэй гісторыі гораду Менску.
- № 12 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова са складанай выцягнутай у глыбіню двара формай пляну, накрытая вальмавым дахам[1]. У наш час будынак рэканструяваны да непазнавальнасьці. Ранейшы адрас — Койданаўская, 12. У пачатку XX ст. у будынку месьцілася Электратэхнічнае бюро й склад электратэхнічных прыладаў інжынэра Ф. Я. Левіна[11]. За савецкім часам у будынку месьцілася тыпаграфія «Чырвоны друкар» і граверная майстэрня пры тыпаграфіі[10]. Цяпер у будынку месьцяцца крамы.
- № 14 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Шчыльна прымыкае да дому № 12. Двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сымэтрычную кампазыцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прастакутны арачны праезд, над якім навісае балькон, што аб’ядноўвае 2 дзьвярныя праёмы, абрамленыя паўкалёнкамі[1]. Цяпер у будынку месьцяцца грамадзкія ўстановы.
- № 22 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прастакутная ў пляне пабудова накрытая двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сымэтрычную кампазыцыю. Ранейшы адрас — Койданаўская, 20, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Лівадзія» Б. М. Футэра (11 нумароў)[11].
- № 24 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы будынак складанай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі, П-падобны ў пляне[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 22, дом Залкінда. 21 чэрвеня 1910 году ў гэтым доме была заснаваная Аляксееўская прыватная васьміклясная з правамі ўрадавай жаночая гімназія Е. Д. Рэйман. У 1913 годзе пераведзеная ў іншы будынак. Пасьля ў гэты будынак пераехала Другая вышэйшая пачатковая вучэльня, у якой у 1913 годзе налічвалася 207 вучняў[11]. Цяпер у будынку месьцяцца грамадзкія ўстановы.
- № 24а — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Будынак складаецца з двух самастойных аб’ёмаў, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Адзін з аб’ёмаў двухпавярховы, прастакутны ў пляне, другі аб’ём трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах[1].
- № 24б — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў пляне будынак зь неатынкаваным 2-м паверхам пакрыты двухсхільным дахам[1].
- № 26 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў пляне з вуглавой прыбудовай у дваровай частцы будынак пакрыты двухсхільным дахам[1].
- № 28 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў пляне падоўжаны ў глыбіню кварталу будынак накрыты вальмавым дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 26, дом Ельскіх. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Купецкая» А. Я. Ельскага (10 нумароў)[11].
- № 32 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы Т-падобны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам на дзьве часткі[1].
Няцотны бок
рэдагаваць- № 3 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы будынак з трохпавярховай цэнтральнай часткай, якая завершаная ў выглядзе трохвугольнага шчыта[1]. Будынак быў рэзыдэнцыяй віцэ-губэрнатара гораду[10]. За савецкім часам у будынку месьцілася выдавецтва «Полымя»[13].
- № 9 — ранейшы адрас — Койданаўская, 7. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца Крукоўскага (13 нумароў)[11].
- № 11 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае ў тарцы трохвугольны шчыт[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 9, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Нова-Варшаўская» Ш. Махцея (10 нумароў)[11]. За савецкім часам у будынку месьціўся Беларускі прамысловы мэблевы саюз і арцель «Чалюскінец», атэлье мод арцелі «Чырвоны Кастрычнік». Тут жа месьціўся цэх арцелі імя Кірава, які вырабляў шыльды, кватэрныя нумары, афішы, рэкляму[10]. На цяперашні час будынак займае адно з аддзяленьняў Інстытуту бізнэсу й мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ[14].
- № 13 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховая пабудова прымыкае да дому № 15, мае складаную замкнёную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю, накрытая двухсхільным дахам[1].
- № 15 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы Г-падобны ў пляне будынак пад двухсхільным дахам[1]. Стары адрас — Койданаўская, 19, дом Варгафціка. У пачатку XX ст. тут месьцілася прыватная хірургічная лячэбніца М. Н. Шапіры, якая была заснаваная ў 1912 годзе й была разьлічаная на 6 ложкаў. У 1922—1928 гадах дом займаў Інбелкульт, з 1929 году — Акадэмія навук[11]. У 1930 г. тут знаходзіўся інтэрнат студэнтаў і кватэры навуковых, тэхнічных работнікаў БДУ, а ў аднапавярховым каменным будынку па тым жа адрасе студэнцкая пральня. У 1933 г. у будынку месціўся інтэрнат Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, а ў 1935 г. — ваенная кафедра інстытута. У 1991—2004 гадах тут месьціўся Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны. Заходні бок пабудовы на цяперашні час займае амбасада Швэцыі ў Менску[15].
- № 15а — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы.
- № 17 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы строга прастакутны ў пляне кампактны будынак пакрыты двухсхільным дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 21, дом Бакштанскага. У пачатку XX ст. у гэтым будынку месьцілася бясплатная вячэрняя аднаклясная школа для навучаньня жыдоўскіх хлопчыкаў Т. А. Шабад. Таксама тут была Бібліятэка Таварыства прадстаўленьня бедным жыдам Менску сродкаў для навучаньня рамёствам[11].
-
Усходні канец вуліцы пры Плошчы Свабоды
-
Скрыжаваньне з Фэліцыянаўскай вуліцай
-
Участак вуліцы з дамамі 24 і 11
-
Заходні канец вуліцы пры вуліцы Раманаўская Слабада
Помнікі
рэдагавацьНа доме № 2/13 — на рагу вул. Койданаўскай і пл. Свабоды, дзе ў 1922—1925 гадах месьціўся Інбелкульт, знаходзіцца помнік Максіму Гарэцкаму. Максім Гарэцкі — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, правадзейны сябра Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытуту навуковай мовы Інбелкульту.
Транспарт
рэдагавацьУ наш час па вуліцы арганізаваны аднабаковы аўтамабільны рух. Грамадзкі транспарт па вуліцы ня ходзіць, аднак паблізу праходзіць шэраг маршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама месьціцца станцыя мэтро Няміга.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапаніміі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф
- ^ а б в г д Рэвалюцыйная вуліца. mensk.by. Праверана 5 чэрвеня 2014 г.
- ^ Улица Революционная
- ^ а б Вуліца Рэвалюцыйная. oldmensk.net. Праверана 6 чэрвеня 2014 г.
- ^ Сацукевіч, Іван Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі Сьвіслацкія аркушы. kalinouski.arkushy.by. Праверана 27 жніўня 2014 г.
- ^ Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца
- ^ Openstreetmap.org (рас.)
- ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014 г.
- ^ а б в г д е Улица Революционная (рас.) Мінск стары і новы. minsk-old-new.com. Праверана 28 ліпеня 2014 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
- ^ Менск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 8а Праграмы / 100 адрасоў Свабоды. Радыё Свабода. Праверана 23 лістапада 2009 г.
- ^ Минск. Краткая адресно-справочная книга. 1974 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014 г.
- ^ Институт бизнеса и менеджмента технологий БГУ. Контакты (рас.). Партал Інстытуту бізнэсу й мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ. Праверана 4 жніўня 2014 г.
- ^ Minsk (бел.). Партал амбасады Швэцыі ў Менску. Праверана 4 жніўня 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Е000001 |
- Улица Революционная (рас.) Мінск стары і новы. minsk-old-new.com.
- Рэвалюцыйная вуліца Менск.by. mensk.by.
- Вуліца Рэвалюцыйная Менск. Гісторыя па фатаздымках. oldmensk.net.
- Інфраструктура вуліцы Рэвалюцыйнай (рас.) Ato.by
- 3-D мапа вуліцы Рэвалюцыйнай (рас.) Interax.by
- Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921—1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — № 10 (267), кастрычнік. — С. 18-27.
Каардынаты: 53°54′05.5″ пн. ш. 27°32′57.5″ у. д. / 53.901528° пн. ш. 27.549306° у. д.