Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў — грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае ў траўні 1921 году[3] ў якасьці Саюзу паляўнічых Беларусі.
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў | |
Эмблема | |
Абрэвіятура | БТПР |
---|---|
Дата ўтварэньня | 15 траўня 1921 (103 гады таму) |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Задавальненьне патрэбаў сябраў у паляваньні і рыбалоўстве |
Штаб-кватэра | Савецкі раён, Лагойскі тракт, д. 5[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Каардынаты | 53°56′28″ пн. ш. 27°36′24″ у. д. / 53.94111° пн. ш. 27.60667° у. д.Каардынаты: 53°56′28″ пн. ш. 27°36′24″ у. д. / 53.94111° пн. ш. 27.60667° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | Міжнародная рада паляваньня і аховы жывёльнага сьвету (Аўстрыя), Міжнародны саюз спартовай рыбалкі (Італія) |
Старшыня | Ігар Шуневіч |
Намесьнікі | Анатоль Малажаўскі, Вадзім Мурын[2] |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь |
Колькасьць супрацоўнікаў | 700 (2022 год) |
Колькасьць валянтэраў | 70 000 (2022 год) |
Сайт | rgooboor.by |
Колішняя назва | Саюз паляўнічых Беларусі (да 1933 году) |
З 17 ліпеня 2006 году падпарадкоўваецца ўраду[4]. Бярэ ўдзел у Міжнароднай канфэдэрацыі рыбалоўнага спорту[5]. У красавіку 2021 году на пасаду старшыні таварыства быў абраны Ігар Шуневіч[6]. БТПР было сябрам Міжнароднай рады паляваньня і аховы жывёльнага сьвету (МРПАЖС; Аўстрыя), Міжнароднага саюзу спартовай рыбалкі ў прэснай вадзе (МССЛРПВ; Італія) і Міжнароднага кіналягічнага саюзу (МКС; Бэльгія)[7].
Задачы
рэдагавацьПаводле Статуту задачамі таварыства ёсьць:
- вядзеньне паляўнічай і рыбалоўнай гаспадарак;
- ладжаньне гаспадарак у арандаваных паляўнічых і рыбалоўных угодзьдзях дзеля стварэньня сябрам таварыства ўмоваў для паляваньня і рыбалоўства;
- навучаньне грамадзянаў правілам паляваньня і рыбалоўства;
- спрыяньне ўраду ў ажыцьцяўленьні міжнародных прыродаахоўных пагадненьняў;
- ладжаньне паляўнічай сабакагадоўлі(en).
Дзейнасьць
рэдагавацьПаводле Статуту таварыства ажыцьцяўляе наступныя віды дзейнасьці:
- правядзеньне спабораў па стральбе, кіналёгіі(en) і рыбалоўству, сэмінараў па падрыхтоўцы адпаведных судзьдзяў і трэнэраў, стварэньне зборных стралкова-паляўнічых, рыбалоўных і кіналягічных дружынаў;
- падтрыманьне кармавых, гнездавых і ахоўных умоваў для дзікіх жывёлаў, зарыбленьне арандаваных рыбалоўных угодзьдзяў;
- ладжаньне паляваньня і рыбалоўства ў арандаваных паляўнічых і рыбалоўных угодзьдзях;
- папярэджаньне захворваньняў дзікіх жывёлаў, ахова арандаваных паляўнічых і рыбалоўных угодзьдзяў ад браканьераў(en);
- падрыхтоўка грамадзянаў да здачы іспыту для атрыманьня дзяржаўнага пасьведчаньня на права паляваньня;
- здабыча, закуп і продаж пушніны, мяса дзікіх жывёлаў, паляўнічых трафэяў, рыбы, лекавых расьлінаў, грыбоў, ягадаў і паляўніча-рыбалоўнага рыштунку;
- будаваньне стрэльбішчаў(en), стралковых стэндаў, вальераў і штучных нораў(be);
- стварэньне музэяў і майстэрняў паляўніча-рыбалоўнага, кіналягічнага рыштунку і адпаведных сувэніраў, як і крамаў і кіёскаў для адпаведнага гандлю;
- стварэньне зьверагадоўчых, трусагадоўчых і птушкагадоўчых фэрмаў, гадавальнікаў дзікіх жывёлаў і паляўнічых сабакаў, рыбагадавальнікаў ды інкубацыйных цэхаў;
- улік паляўнічых сабакаў і лоўчых птушак, правядзеньне выставаў, вывадак, палявых выпрабаваньняў і спабораў паляўнічых сабакаў;
- правядзеньне іспытаў інструктараў, трэнэраў і судзьдзяў па паляўнічай сабакагадоўлі;
- правядзеньне спабораў на найлепшага егера, найлепшы паляўнічы трафэй, найлепшы паляўніча-рыбалоўны выраб, фатаздымак і кінафільм;
- выданьне бюлетэняў, зборнікаў, брашураў, буклетаў, плякатаў, улётак, як і выпуск кінафільмаў аб прыродаахове;
- забесьпячэньне ўдзелу гульнявых дружынаў і судзьдзяў, гульцоў і трэнэраў таварыства ў міжнародных спаборах;
- узнагароджаньне за вядзеньне паляўнічай і рыбалоўнай гаспадарак ды прыродаахову;
- падарожніцкае прадпрымальніцтва;
- супраца з паляўніча-рыбалоўнымі таварыствамі іншых краінаў;
- прыцягненьне грамадзянаў да паляваньня, рыбалоўства і падарожніцтва;
- правядзеньне дасьледніцкіх нарадаў аб паляваньні, рыбалоўстве і падарожніцтве;
- заснаваньне сродкаў масавай інфармацыі.
Кіраваньне
рэдагаваць- Зьезд. Склікаецца аднойчы на 5 гадоў. Правамоцны пры наяўнасьці 2/3 прадстаўнікоў. Абірае старшыню на прапанову ўраду пры згодзе прэзыдэнта.
- Рада. Абіраецца Зьездам. Зьбіраецца штогод. Правамоцная пры наяўнасьці 2/3 удзельнікаў. Вядзе зносіны зь іншымі ўстановамі, ладзіць выкананьне пастановаў Зьезду.
- Управа. Абіраецца Радай на прапанову старшыні. Склікаецца штоквартал. Правамоцны пры наяўнасьці 2/3 сябраў. Вядзе рахункі і ажыцьцяўляе гаспадарчыя дамовы таварыства.
- Рэвізійная камісія. Абіраецца Зьездам. Зьбіраецца штогод. Наглядае за выкарыстаньнем грошай установамі таварыства[8].
Мінуўшчына
рэдагаваць15 траўня 1921 году адбыўся ўстаноўчы сход Белпаляваньнесаюзу, які адкрыў паляваньне на эўрапейскую казулю. У чэрвені 1921 году ў яго прынялі 20 паляўнічых, у тым ліку старшыню Міхаіла Кляменцевіча Лісоўскага. 27 сьнежня 1921 году адбыўся І зьезд Цэнтральнага беларускага саюзу паляўнічых[7]. У 1925 годзе на прапанову Белпаляваньнесаюзу стварылі Бярэзінскі запаведнік, які стаў першым у Савецкім Саюзе бабровым запаведнікам. У красавіку 1927 году заснавалі штомесячную газэту «Паляўнiчы Беларусi», якая выходзіла да 1933 году накладам каля 15 000 асобнікаў. У 1929 годзе на 8-м зьезьдзе адбылося перайменаваньне ў Беларускі прамысловы саюз паляўнічых і зьверагадоўчай каапэрацыі (БПСПЗК). У 1932 годзе лік сябраў дасягнуў 40 000 чалавек. У 1933 годзе ў выніку роспуску сябраў саюзу ўлучылі ва Ўсесаюзную раду фізычнай культуры. 18 ліпеня 1955 году Савет міністраў Беларускай ССР ўхваліў Пастанову № 399 аб узнаўленьні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР). 27-29 сьнежня 1956 году правялі 1-ю Рэспубліканскую канфэрэнцыю, дзе зацьвердзілі Статут і выбралі Рэспубліканскую раду і Прэзыдыюм[9]. Зь сярэдзіны 1950-х пасаду старшыні таварыства займаў расеец Аляксей Андрэевіч Сяргееў (нар. 1905; в. Радыёнаўка, Серпухаўскі павет, Маскоўская губэрня), які са жніўня 1936 году быў начальнікам аддзяленьня 4-га Сакрэтна-палітычнага аддзелу Ўправы дзяржаўнай бясьпекі НКУС БССР і катаваў на допытах падсьледных дзеячоў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 году[10].
На 6 красавіка 2010 году на долю таварыства прыпадала 60% ад агульнай плошчы паляўнічых угодзьдзяў[11]. На 2 лютага 2011 году таварыства налічвала 63 тысячы сябраў[12]. На сьнежань 2011 году Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў арандавала звыш 100 000 кв.км (48 % земляў Беларусі) паляўнічых угодзьдзяў Беларусі[13]. На 10 лютага 2012 году мела 104 паляўнічыя гаспадаркі, дзе працавала каля 900 чалавек[14]. На сакавік 2013 году налічвалася 70 000 сябраў[15]. Галаўная сядзіба месьцілася ў Першамайскім раёне Менску вул. Калініна, д. 16.
У 1959 годзе за БТПР пачалі замацоўваць паляўнічыя ўгодзьдзі. На пачатак 1960 году БТПР налічвала 69 200 сябраў. У траўні 1965 году адбыўся І зьезд БТПР. Лік сябраў дасягнуў 82 000 чалавек. Стварылі 7 паляўнічых гаспадарак і пачалі рэакліматызаваньне аленя. У ліпені 1969 году прайшоў ІІ зьезд. За БТПР замацавалі 80 % паляўнічых угодзьдзяў. Лік сябраў склаў 89 800 чалавек. У 1971 годзе БТПР узнагародзілі дыплёмам І ступені на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве. У ліпені 1973 году прайшоў ІІІ зьезд. Стварылі 22 прыпісныя паляўнічыя гаспадаркі. У 1981 годзе на Сусьветнай выставе паляўнічых трафееў у Баўгарыі беларускія трафеі ўганаравалі 21 залатым і 6 срэбранымі мэдалямі. У 1990 годзе заснавалі газэту «Паляўнiчы i рыбалоў» накладам 10 000 асобнікаў[9].
У 1992 годзе 7-ы зьезд ухваліў новы Статут. На ўліку стаяла 162 000 сябраў (1,6 % насельніцтва Беларусі). У 1997 годзе БТПР налічвала 116 паляўнічых гаспадарак, за якімі замацавалі 131 000 кв.км (64 % земляў Беларусі) паляўнічых угодьдзяў. На ўліку стаяла 121 400 сябраў. У 1999 годзе ў Буйнічах (Магілёўскі раён) правялі І нацыянальнае сьвята паляваньня і рыбалоўства «Ліс-99» з удзелам каля 2000 чалавек. На сьвяце ўпершыню правялі першынство «Найлепшы егер» і конкурс выканаўцаў рагавых паляўнічых сыгналаў. У 2000 годзе на Міжнароднай выставе паляўнічай гаспадаркі і рыбалоўства «Жывая прырода» ў Чэхіі трафэі беларускіх паляўнічылі адзначылі Галоўнай узнагародай, 51 залатым, 11 срэбранымі і 2-ма бронзавымі мэдалямі. У 2001 годзе ў сьвяце паляваньня і рыбалоўства ў Раўбічах узялі ўдзел каля 5000 чалавек. У 2002 годзе прайшоў 9-ы зьезд. На ўліку стаяла 88 000 сябраў. Налічвалася 110 паляўніча-рыбалоўных гаспадарак, якія арандавалі 120 000 кв.км угодзьдзяў. 4 красавіка 2006 году 13-ы зьезд пераўтварыў БТПР у дзяржаўна-грамадзкае аб'яднаньне. У 2009 годзе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі надаў БТПР пасьведчаньне таварыства рыбалоўнага спорту для прадстаўніцтва Беларусі ў адпаведным міжнародным спартовым аб'яднаньні. У 2010 годзе ў Беларусі ўпершыню зладзілі міжнароднае першынство норных сабакаў з краінаў Балтыі, Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны[9].
У 2014 годзе ўпершыню ў Беларусі правялі ХІ першынство сьвету па лоўлі рыбы на мармышку з ільда пры ўдзеле 14 дружынаў, што было рэкордам. Упершыню правялі агульнакраёвае мерапрыемства «Чысты вадаём»[9], якое старшыня БТПР Юры Шумскі прапанаваў пасьля наведваньня Міжнароднага зьезду рыбалоўнага спорту. У ім штогод сталі браць удзел каля 5000 чалавек з ахопам звыш 1000 км берагоў вадаёмаў і вадацёкаў. За грошы рыбаловаў пачалі закупаць сьмецьцевыя пакеты і пальчаткі, аплачваць інфатаблічкі, вываз сьмецьця і дастаўку людзей[16]. У 2015 годзе ўпершыню ў Беларусі зладзілі 17-е першынство Эўропы вабільшчыкаў аленя. 22—28 чэрвеня 2015 году ўпершыню правялі ХХІ першынство Эўропы па лоўлі рыбы летняй паплавецкай вудой. 2—3 чэрвеня 2018 году на ІІ першынстве сьвету па лоўлі рыбы фідэрам сярод клюбаў, якое прайшло ў Беларусі, беларуская дружына стала чэмпіёнам сьвету[9]. У 2014 годзе БТПР пачало штогадовае зарыбленьне вадаёмаў. За 2019 год БТПР выпусьціла звыш 40 тонаў рыбы ў 16 вадаёмаў. За кошт сяброўскіх унёскаў рыбаловаў правялі зарыбленьне Арэхаўскага возера і кар'ера Булькова ў Берасьцейскай вобласьці, возера Суя і Полацкага вадасховішча ў Віцебскай вобласьці, Велікаборскага вадасховішча і Белага возера ў Гомельскай вобласьці, Зэльвенскага і Яноўскага вадасховішчаў, Моладзевай сажалкі ў Гарадзенскай вобласьці. Таксама зарыбілі Вялейскае вадасховішча, раку Цітаўка і сажалку Багушы ў Менскай вобласьці, вадасховішча Дняпрэц і Цяцерынскае вадасховішча, Тупічынскую і Хоцімскую сажалкі ў Магілёўскай вобласьці. У вадаёмы выпусьцілі 285 000 лічынак рыбы і 150 000 рыбапасадачных асобінаў такіх відаў, як белы амур, карп, лінь, сом і шчупак. За 2014—2019 гады на рыбалоўных угодзьдзях пасялілі звыш 200 тонаў рыбы на 900 000 асобінаў. Таксама выпусьцілі звыш 2,5 млн лічынак сома і шчупака[17].
За 2014—2020 гады зарыбілі 92 вадаёмы, у тым ліку Вялейскае, Заслаўскае, Салігорскае і Чыгірынскае вадасховішчы, Лепельскае возера, рэкі Дняпро і Прыпяць. У 2019 годзе паляўнічыя гаспадаркі БТПР зарабілі на прыезьдзе замежнікаў 1,3 млн эўра. За 2015—2020 гады стварылі звыш 40 новых папуляцыяў аленя з засяленьнем 2323 асобінаў. Гэта павялічыла іх колькасьць больш як утрая да звыш 11 000 асобінаў. За 2020 год у паляўнічых гаспадарках БТПР усталявалі 16 900 саланцоў для капытных, 1950 кармушак для аленя і казулі, 625 кармасховішчаў і 460 біятэхнічных збудаваньняў. Для качак зрабілі 6000 гняздоўяў. Каля 25 % унёскаў рыбаловаў ішло на зарыбленьне вадаёмаў. На травень 2021 год БТПР налічвала 736 першасных суполак у 106 раёнах Беларусі. З пачатку году стварылі звыш 3000 гагалятнікаў[16].
За 2019 год здабылі 9000 касуляў, 6700 баброў, 3800 ласёў, каля 500 аленяў, 150 цецерукоў і 50 глушцоў. Прынялі каля 2000 замежных паляўнічых. На пачатак 2020 году налічвалася каля 75 000 сябраў, зь іх каля 40 000 паляўнічых. Арандавалі каля 110 000 кв.км або 64 % паляўнічых угодзьдзяў Беларусі. У складзе БТПР было 107 раённых суполак. Наймалі каля 600 супрацоўнікаў. У паляўнічых угодзьдзях пражывала 60 800 эўрапейскіх касуляў, 31 700 баброў, 28 300 цецерукоў, 20 800 ласёў, 8100 высакародных аленяў і каля 700 ваўкоў. Таварыства мела 23 паляўнічыя базы[18]. На травень 2021 год БТПР налічвала каля 80 000 сябраў, зь іх амаль 40 000 паляўнічых[7]. 22 чэрвеня 2022 году БТПР пераехала ў новую галаўную сядзібу ў выглядзе 2-павярховага будынка па Лагойскім тракце, д. 5. Таварыства налічвала каля 70 000 сябраў у 107 раёнах[19]. 1 ліпеня 2022 году долю ўнёскаў рыбаловаў, якая ідзе на зарыбленьне, павялічылі да паловы. У БТПР налічвалася 700 супрацоўнікаў. У Рэестар падводных паляўнічых унесьлі 1300 чалавек, зь іх пасьведчаньні выдалі 5 жанчынам[20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Кіраўніцтва (рас.) // Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Зьміцер Ісайчук, «Менск-Навіны». Беларускіх паляўнічых — 63,5 тысячы // Зьвязда. — 29 сьнежня 2010. — № 255 (26862). — С. 7.
- ^ Аляксандар Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г. № 450 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 12 траўня 2009 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ Юлія Ваніна. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў атрымала статус нацыянальнай фэдэрацыі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 сьнежня 2009 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ Шуневіч узначаліў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў // Зьвязда, 20 кастрычніка 2021 г. Праверана 21 кастрычніка 2021 г.
- ^ а б в Сяргей Расолька. Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў — 100 гадоў // Газэта «Зьвязда», 14 траўня 2021 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2006 г. № 1348 (рас.) // НЦПІ Беларусі, 16 сакавіка 2013 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ а б в г д Гісторыя (рас.) // Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Леанід Маракоў. Яны вынішчалі нашых продкаў // Толькі адна ноч. — Менск: Зьміцер Колас, 2006. — С. 142. — 180 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6783-16-X
- ^ Марына Носава. У 2009 годзе даходы ад дзейнасьці паляўнічых гаспадарак вырасьлі ў 1,5 разу // БелаПАН, 6 красавіка 2010 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ Сяргей Шуманскі. За апошнія 5 гадоў у краіне зьявілася больш як 20 рыбалоўна-паляўнічых базаў // Белтэлерадыёкампанія, 2 лютага 2011 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ Ганна Чакур. У беларускіх паляўнічых і рыбаловаў – юбілей // Газэта «Астравецкая праўда», 22 сьнежня 2011 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ А.Лукашэнка запатрабаваў навесьці парадак у сфэры паляваньня і паляўнічай дзейнасьці // БелТА, 10 лютага 2012 г. Праверана 2 красавіка 2013 г.
- ^ Яраслаў Лыскавец. У 2014 годзе ў нас пройдзе Чэмпіянат сьвету. Па рыбалцы // Зьвязда : газэта. — 30 сакавіка 2013. — № 59 (27424). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Вераніка Коласава. Добрыя справы для прыроды // Зьвязда : газэта. — 29 траўня 2021. — № 100 (29469). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ БТПР за год выпусьціла ў 16 вадаёмаў больш як 40 т рыбы // БелТА, 19 лістапада 2019 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Што такое БТПР (рас.) // Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Ганна Лагун. Паляўнічыя і рыбаловы справілі навасельле і займелі сваю ікону // Родная прырода : часопіс. — Чэрвень 2022. — № 6. — ISSN 1994-7828.
- ^ Вольга Мядзьведзева. «Таварыства падобнае на карабель» // Зьвязда. — 22 ліпеня 2022. — № 142 (29764). — С. 1, 4.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў // Беларускае радыё «Рацыя», 19 лістапада 2019 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- Тэкст(недаступная спасылка) і гуказапіс(недаступная спасылка) гімна таварыства