Алег Лойка
Але́г Анто́навіч Ло́йка (1 траўня 1931, Слонім, Гарадзенская вобласьць — 19 лістапада 2008, Слонім) — беларускі паэт, пісьменьнік, крытык, літаратуразнавец, навуковец, пэдагог. Доктар філялягічных навук (1969). Прафэсар (1971). Сябра-карэспандэнт АН Беларусі.[3] Яго пяру належаць амаль 100 кнігаў, зь іх звыш 30 зборнікаў паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных дасьледваньняў, шматлікія пераклады, рэцэнзіі, эсэ.[4]
Алег Лойка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Алег Антонавіч Лойка |
Нарадзіўся | 1 траўня 1931 Слонім, Наваградзкае ваяводзтва, Польшча (цяпер — Гарадзенская вобласьць, Беларусь) |
Памёр | 19 лістапада 2008 (77 гадоў) Слонім, Беларусь |
Дзеці | Павал Лойка |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | беларускі паэт, пісьменьнік, крытык, літаратуразнавец, пэдагог, навуковец |
Гады творчасьці | 1940-я—2000-я |
Жанр | верш, раман, эсэ |
Мова | беларуская мова[1][2] і расейская мова[2] |
Значныя творы | раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1982), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990) |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і фэльчара. Чынны ўдзел у выхаваньні прыняў дзед па бацьку Цімох, які быў славутым у шчараўскіх ваколіцах знахарам. Маці Марыя Іванаўна любіла літаратуру, вусна-паэтычнае слова[4].
У 1953 годзе скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1956 годзе — асьпірантуру пры катэдры беларускае літаратуры ўнівэрсытэту. З 1956 году працаваў выкладчыкам беларускае літаратуры. З 1985 году — загадчык катэдры беларускае літаратуры БДУ. У 1991—1996 гадох — дэкан філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На працягу чвэрці стагодзьдзя кіраваў унівэрсытэцкім літаратурным аб’яднаньнем «Узьлёт» (1964—1989)[5].
Літаратурная і навуковая творчасьць
рэдагавацьДрукаваўся з 1951 году[3]. Ужо ў першых паэтычных кнігах «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пралескі» (1961), «Дарогі і летуценьні» (1963), «Блакітнае азерца» (1965) выявіліся шчырасьць і непасрэднасьць пачуцьця, прастата думкі, схільнасьць да выкарыстаньня ў творчасьці народных формаў і вобразаў. Патас паэтычных радкоў складае радасьць існаваньня лірычнага героя, сугучнасьць яго адчуваньняў тагачаснай рэчаіснасьці[4].
У пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе радуецца пераможнаму канцу вайны (вершы «Пралескі ў акопах», «І тост і песьні ўсе мае за вас», «Квітней, зямля!», «Каля вёскі Панары»). Для А.Лойкі вобраз маці-Радзімы нязьменна асацыіруецца з роднай маці, краявідамі дзяцінства, з адказнасьцю за лёс усяго жывога. Усё сапраўднае нараджаецца ў яго творчасьці з асабіста перажытага, асабіста перадуманага. Аднадушна высока крытыка ацаніла паэму «Лясная песьня», шчыры гімн жыцьцю, беларускай прыродзе, чалавеку стваральнай працы. Паэма стала сьведчаньнем паэтычнае сталасьці паэта. Вынікам дасьледваньняў творчасьць Якуба Коласа стала кніга «Новая зямля» Якуба Коласа. Вытокі, веліч, хараство" (1961). У 1963 годзе з друку выйшла манаграфія «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХХ ст.»[4].
Амаль ва ўсіх зборніках паэзіі адметнае месца займае жанр баляды. У сваіх лепшых творах («Баляда пра беленькія чаравічкі», «Баляда аб матчыным сэрцы», «Баляда аб першым дні», «Баляда пра свойскі хлеб» і інш.) падымаецца да шчымліва-ўзьнёслага апяваньня подзьвігу герояў, знаходзіць канкрэтныя характэрныя дэталі, якія садзейнічаюць нараджэньню мастацкага вобраза. У А.Лойкі балядны жанр цесна зьвязаны з гісторыяй, культурай. Дзіцячая паэзія — поўная сьветлых захапленьняў, багатых пачуцьцяў, радасьці жыцьця (кнігі «Дзе хто начуе?» і «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй»).[4]
Як паэт больш за ўсё хінецца да анталягічна-клясычнай традыцыі (выраз самога пісьменьніка). Аднак гэта традыцыя ў яго пастаянна знаходзіцца пад узьдзеяньнем двух сілавых полюсаў — вуснай народнай творчасьці і найноўшае эўрапейскае паэзіі, а таму часта парушаецца, дэфармуецца і, зразумела, узбагачаецца. У творчым акце паэта больш або менш відавочна, але заўсёды адчувальна праступае думка, рацыянальны пачатак. Сутнасьць яго лепшых вершаў побач з тонкім лірызмам, шчырасьцю пачуцьцяў, моцнай сувязьзю з народнай творчасьцю прадвызначаюць глыбокі роздум над праблемамі сучаснасьці, інтэлектуалізм, сталая філязофская развага.[5]
Аўтар перакладаў на беларускую мову кнігі выбраных твораў францускага паэта П.Вэрлена «У месяцовым зьзяньні» (1974), кнігі Ё. В. Гётэ «Спатканьне і ростань» (1981), Ф.Шылера «Улада песьнясьпеву» (1997), нямецкіх клясычных рамантыкаў Наваліса, Шлегеля, Шэлінга, Эйхендорфа і інш. («Сузор’е», (2001), «Маланкай загнаныя» (2004), паасобных твораў Р.Гамзатава, А.Міцкевіча, І. Крушальніцкага[4][5].
Як дасьледчыка цікавіўся праблемамі гістарычнага разьвіцьця беларускае літаратуры на працягу апошняга тысячагодзьдзя, пытаньнямі народнасьці, рэалізму і рамантызму, станаўленьнем мастацкай індывідуальнасьці пісьменьніка (Янкі Купалы, Якуба Коласа, М.Багдановіча, Максіма Танка і інш.), літаратурнымі ўзаемасувязямі, ўзаемадачыненьнямі мастацкай літаратуры і фальклёру і інш. Аўтар вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры ад самае старажытнасьці і да пачатку XX стагодзьдзя. Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для вышэйшых навучальных установаў «Беларуская літаратура XIX стагодзьдзя» (з С. Александровічам і В. Рагойшам, 1971, 2-е дапрацаванае выданьне з В. Рагойшам, 1988). Тэма кандыдацкай дысэртацыі — «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1956), доктарскай — «Максім Багдановіч і праблемы разьвіцьця беларускае літаратуры пачатку XX стагодзьдзя» (1969)[5].
Алег Лойка і Янка Купала
рэдагавацьАўтар дакумэнтальна-мастацкага рамана-эсэ «Янка Купала» (выдадзены ў Маскве ў 1982 годзе ў сэрыі «ЖЗЛ», на беларускай мове вядомы пад назваю «Як агонь, як вада…»). У манаграфіі «Беларуская паэзія пачатку ХХ стагодзьдзя» (1972) раскрыў ідэйна-мастацкую эвалюцыю лірыкі Я. Купалы, прааналізаваў яго паэмы ў рэчышчы станаўленьня беларускага нацыянальнага эпасу. У «Гісторыі беларускае літаратуры. Дакастрычніцкі пэрыяд» (ч. 2, 1980) зрабіў усебаковы аналіз творчасьці Я. Купалы, яго дарэвалюцыйнай лірыкі і паэмаў, драматургіі, яго ўнёску ў беларускую нацыянальную клясычную літаратуру. Прысьвяціў свае дасьледваньні розным аспэктам творчасьці Я. Купалы: праблемам ідэйна-творчай эвалюцыі, народнасьці, рамантызму, паэтыкі, стылю, аўтабіяграфізму лірыкі, фальклярызму, эпасу і інш. Укладальнік дзьвюх першых тамоў 3-томнага збору твораў Я. Купалы на расейскай мове (1982). Рэдактар тома Я. Купалы «Публіцыстыка» (1972). Прысьвяціў Купалу свае вершы «Сьлёзы Купалы», «Сосны Купалы», «Песьня пра Янку Купалу», «На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме», «Янка Купала перакладае „Магабгарату“».[6]
Прафэсійныя адзнакі і ўзнагароды
рэдагаваць- Ордэн Дружбы народаў
- Мэдаль Францыска Скарыны
- Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (1990, за раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае»)
- Прэмія БДУ імя У.І.Пічэты
- Срэбны Ганаровы знак (Нямеччына)
- Мэдаль «Заслужаны перад польскай культурай» (Польшча)[5]
Выбраная бібліяграфія
рэдагаваць
Паэтычныя зборнікірэдагаваць
Дзіцячыя зборнікірэдагаваць
|
Прозарэдагаваць
Літаратуразнаўчыя творырэдагаваць
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Identifiants et Référentiels (фр.) — ABES, 2011.
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. — Мн., БелСЭ, 1984. — Артыкул «Лойка Алег Антонавіч». — С. 292—293.
- ^ а б в г д е Алег Антонавіч Лойка (Да 70-годзьдзя з дня нараджэньня) Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Праверана 25 траўня 2012 г.
- ^ а б в г д Алег Антонавіч Лойка (Да 75-годзьдзя з дня нараджэньня) Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Праверана 25 траўня 2012 г.
- ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Лойка Алег Антонавіч». — С. 358.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т.. Т. 3./ Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1984. — 751 с., 40 л. іл.; Артыкул «Лойка Алег Антонавіч» / Аўтар — І.У.Саламевіч. — С.292—293.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X; Артыкул «Лойка Алег».
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995; Артыкул «Лойка Алег».
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Лойка Алег Антонавіч» / Аўтар — І.У.Саламевіч. — С.358.
- Арочка М. Галоўная служба паэзіі. — Мн., 1974. — С. 141-152.
- Кароткая Л. «Я ўсім хачу дабра...» / Часопіс «Маладосьць». — Мн., 1981. — № 5.
- Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. — Мн., 1982. — С.187—205.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Вучоныя Беларусі:Алег Антонавіч Лойка (Да 75-годдзя з дня нараджэння) / Аўтар — В.Козіч. — Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — Мн., 2001. — №2. — С. 147—148
- Вучоныя Беларусі: Алег Антонавіч Лойка (Да 75-годдзя з дня нараджэння) / Аўтар — В.Рагойша. — Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — Мн., 2006. — №2. — С. 120—122
- Вянок памяці: Алег Лойка / Аўтар — В.Аксак. / Радыё Свабода. — 19 лістапада 2008 году