Северо-Западный край (газэта, 1902)

«Северо-Западный край» (па-беларуску: «Паўночна-Заходні край») — грамадзка-палітычная і літаратурная штодзённая газэта радыкальна-лібэральнага, рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Выходзіла ў Менску з 1 (14) лістапада 1902 по 8 (21) сьнежня 1905. Замяніла сабой Минскій листокъ.

Северо-Западный край
Тып штодзённая газэта
Выдавец Міхаіл Мысаўской
Заснаваная 14 лістапада 1902
Палітыка грамадзка-литаратурная газэта
Мова расейская
Штаб-кватэра Менск
Северо-Западный край у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Зь 1 лістападу 1902 году 28 кастрычнііка 1905 году газэта Минскій листокъ выходзіла пад назвай «Северо-западный край», №№ 1902 № 1 (1 лістапада) — 51; 1903, № 52—345; 1904, № 346—639; 1905, № 640—766 (10 чэрвеня), № 767 (28 кастрычніка) — № 801 (8 сьнежня). Дадатакі: «Телеграммы Северного телеграфного агентства». 1886—1888; «Телеграммы «Северо-западного края»». 1903 - 1905; «Утренние телеграммы типографии М. П. Мысаўскога»[1][2]. Выдаўцом і рэдактарам быў Міхаіл Паўлавіч Мысаўской[3], які ў 1902 годзе набыў права на выданьне «Мінскага лістка» за 5000 рублёў у папярэдняга рэдактара І. П. Фацінскага, а ў кастрычніку таго ж году Галоўнае ўпраўленьне па справах друку адобрыла яго хадайніцтва аб перайменаваньні газэты ў «Северо-Западный край» з адначасовым пашырэньнем праграмы і абʼёму газэты. Рэдактар М. Мысаўской апублікаваў у № 9 «Северо-Западного края» за 1902 год матэрыял «Злобы дня», у якім падрабязна растлумачыў: «Из маленькой газеты «Минскій листокъ», выходившей не ежедневно, выросла большая ежедневная газета, – газета всеми силами старающаяся отражать жизьнь того края, которому она должна служить и хочет служить…» (рас.)[4]. Газэта падвяргалася цэнзурным перасьледам. Усе нумары яе выходзілі зь белымі плямамі. 10 чэрвеня 1905 газэта была прыпыненая. 28 кастрычніка стала выходзіць зноў. Рэдактар-выдавец Міхаіл Мысаўской, з 28 кастрычника 1905 выдавец Міхаіл Мысаўской і рэдактар І. П. Фацінскі. Забаронена 8 (21) сьнежня 1905 (на № 801).

Распаўсюджвалася выданьне па ўсёй тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, на яго старонках друкаваліся артыкулы, карэспандэнцыі, лісты, заметкі з Бабруйску, Барысава, Вільні, Капыля, Пінску, Слуцку, Смаргоні, іншых местаў і мястэчак. Выданьне мела звыш 20 рубрык-разьдзелаў, якія дасталіся яму «ў спадчыну» ад «Мінскага лістка»: «Мясцовая хроніка», «Палітычны агляд», «Апошняя пошта», «Бельлетрыстыка», «Тэлеграмы», «Фельетоны» і інш. Паводле некаторых зьвестак тыраж газэты дасягаў амаль восем тысяч экзэмпляраў. Архіў газэты не захаваўся, многія матэрыялы ў газэце падпісваліся псэўданімамі (крыптонімамі) ці выходзілі бяз подпісу, прозьвішчы асобных аўтараў і нават супрацоўнікаў рэдакцыі застаюцца невядомымі. Рэдактарамі выданьня былі І. П. Сітніч, К. І. Зіноўеў, В. М. Шчагляцьеў, І.П. Фацінскі, Міхаіл Паўлавіч Мысаўской, О. П. Мысаўская. Супрацоўнікі – Казімір Юльянавіч Чапінскі (сакратар рэдакцыі), Міхаіл Паўлавіч Лукоўскі, Якаў Маркавіч Окунеў — Янкель Шлеймавіч Окунь. Друкаваліся Ф. Ястрэмскі, А. Анекштэйн (псэўданім Арк. А–н.), Я. Чымішлійскі, М. Ржэвускі, М. Караліцкі, Казімер Кастравіцкі, С. Барташэвіч, Рыгор Цягла, Л. Радзін, А. Мікульчык, С. Лукашын, С. Някрасаў і інш.

Прытрымлівалася левых поглядаў. Сярод супрацоўнікаў газэты былі чальцы Менскай групы РСДРП. Публікацыі эканамічнага характару ня мелі выразна выяўленай накіраванасьці: ад лібэральна-буржуазнага да марксісцкага. Друкаваліся Ф. Н. Ястрэмскі, К. П. Чаплінскі, А. Анекштейн, Я. Чымішлійскі. Крытыкавала ўрадавыя меры, распрацоўваные С. Ю. Вітэ, як няздольныя радыкальна падняць прадукцыйныя сілы ў Расеі, а таксама народніцкую эканамічную плятформу, абгрунтаваную Ю. Пемскановым і А. Качароўскім. Перадрукавала шэраг эканамічных работ Леніна, С. Н. Булгакава, А. Аксэльрод па гістарычным матэрыялізму.

Найбольш значнай эканамічнай публікацыяй зьяўляецца курс лекцыяў па палітэканоміі, напісаны А. Анекштэйном, азагалоўлены «Научные беседы». Гэты курс быў распрацаваны на аснове прац расейскіх эканамістаў, якія прытрымліваюцца па многіх пытаньнях эканамічнага вучэньня Маркса — В. Жэлязнова, А. Ісаева, А. Багданава, Н. Зібера, А. Скварцова, І. Іванюкова, а таксама тэарэтыкаў Захаду: Джона Міля(en), Джона Гобсона(en), Вэрнэра Зомбарта(de), Карла Бюхэра(de). Асноўная ўвага пры разглядзе асноў палітэканоміі аўтарам было нададзена палеміцы паміж клясычнай школай на чале з Адамам Сьмітам і Дэвіда Рэкарды(en) і гістарычнай школай на чале з Вільгэльмам Рашэрам(de) і Карлам Кнісам(de), а таксама рускіх марксістаў і народнікаў на чале з Н. Міхайлаўскім і В. Варанцовым. Праца А. Анекштэйна зьяўляўся адным зь першых марксісцкіх дасьледаваньняў па палітэканоміі, напісаных у асноўным з марксісцкіх пазыцый.

Па аграрным пытаньні сурʼёзнымі дасьледаваньнямі зьяўляліся артыкулы К. Чапінскага, прысьвечаныя крытыцы падыходаў расейскіх народнікаў і якія блізка стаялі да распрацовак Леніна, Г. Пляханава, Н. Іярданскага, А. Луначарскага, абгрунтоўваюць безгрунтоўнасьць прапаноў А. Пешехонова і А. Качароўскага па затрымцы ў вёсцы разьвіцьця капіталізму ў Расеі («Благородство вместо программы», 1904, № 603; к. ч. «Характеристика угасающего народничества», 1904, № 564; к. ч. «К аграрному вопросу», 1904, № 629).

У шэрагу публікацый падымаліся й тэарэтычныя пытаньні па паняцьці «грамадзкі кляс», крэдыце, падатках, каапэрацыі, суадносінах палітыкі і эканомікі, пратэкцыянізму, працоўнага пытаньня, сэрвітуту, беспрацоўі, руска-германскага гандлёвага дагавора 1904 году, хутарызацыі. Прычым у некаторых зь іх давалася і крытычная ацэнка эканамічнага вучэньня Маркса (гл. Литературное обозрение, 1904, № 384; Литературное обозрение, 1903, № 105)[5].

У 1905 газэту выкарыстоўвалі бальшавікі. Газэта апублікавала праграму РСДРП, прынятую на II зьезьдзе партыі. У № 782, 783, 785 (1905) быў перадрукаваны з газэты «Пралетар» артыкул Леніна «Дробнабуржуазны і пралетарскі сацыялізм» пад назвай «Марксізм і неанародніцтва».

Апублікаваў артыкулы, якія тлумачаць праграму сацыял-дэмакратыі («Кто такие социал-демократы?"— №796; «Чего хочет Российская социал-демократическая партия для крестьян?» — №800). 3 сьнежня 1905 (у № 797) газэта надрукавала памфлет Максіма Горкага «И еще о чорте».

У разьдзелах «Апошняя Пошта», «Мясцовая Хроніка» газэта, умела падбіраючы факты, давала перадрукі з газэт, выкрывалі самавольства самадзяржаўя, капіталістаў і памешчыкаў, паказвала разьвіцьцё масавага рэвалюцыйнага руху ў краіне. Зь лістапада 1905 (з № 788) сыстэматычна друкавала матэрыялы пад рубрыкай «Сярод рабочых», якія асьвятлялі барацьбу пралетарыяту за дэмакратычныя свабоды, рост яго арганізаванасьці.

Беларускі зьмест газэты

рэдагаваць

Газэта «Паўночна-Заходні край» адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці беларускай нацыянальнай культуры й нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народа. Вядома, што імпэрскае самадзяржаўе жорстка падаўляла ўсе нацыянальныя культуры. Яшчэ ў 1867 годзе ўрад пазбавіў права грамадства на мову й культуру беларускага народа й пасьля прымалі ўсе захады да таго, каб не дапускаць літаратуры на беларускай мове. Чыноўнікі цэнзурнага камітэта, выканаўцы русіфікатарскай палітыкі, калі забаранілі друкаваць аповесьць «Беларуская ластаўка», сьцьвярджалі, што «беларусы могуць свабодна разумець чыста расейскую мову, ня маючы патрэбы ў спэцыяльных для сябе кнігах» і на працягу наступных 30 гадоў не было надрукавана ніводнай беларускай кнігі[6].

Нягледзячы на ​​найстрогую забарону, накладзеную царскім самадзяржаўем на беларускае друкаванае слова, «Паўночна-Заходні край» на сваіх старонках апублікаваў на беларускай мове цэлы шэраг казак, легенд, песень, абрадаў, запісаных Карусём Каганцом, С. Барташэвічам, Рыгорам Цяглым і іншымі. З публікацый Каруся Каганца цікавасьць уяўляе казка «Чым болей хто мае, тым болей жадае»[7][8], легенды «Прылукі», «Засульскіэ турэ», запісаны ў Віленскай губэрні фрагмэнт паэмы «Чужазем», песьню «Сын Даніла» і інш. С. Барташэвіч апублікаваў апісаньне абрадаў сустрэчы Новага году сялянамі Магілёўскай губэрні, а Рыгор Цягла — народныя песьні, запісаныя ў Глыбоцкай воласьці, Дзісенскага павету, Віленскай губэрні[9]. Традыцыям беларускага народа былі прысьвечаны артыкулы Дарафея Бохана «Два слова о пережитках язычества у белорусов» [10] і Каруся Каганца «Яшчэ некалькі словаў пра перажыткі паганства ў беларусаў»[11]. Вершы паэткі Цёткі «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам» і «Мора (Рэвалюцыя народная)» — ня толькі адзін зь лепшых у яе паэзіі, але і адзін зь лепшых водгукаў беларускай паэзіі на падзеі 1905 году [12]. У № 644 за 1905 год у рэдакцыйным артыкуле газэты адзначалася, што галоўнай прычынай «нездавальняючай становішчы тэатральнай справы ня толькі ў Менску, але і ва ўсім паўночна-заходнім краі, зьяўляюцца адміністрацыйныя распараджэньні, па якіх тэатральныя відовішчы даюцца толькі на рускай ці замежных мовах… Тэатар перасьледуе ў нас так званыя абрусьліўныя мэты, чым абязьлічваюцца жыхары іншых нацыянальнасьцяў». У газэце зьявіўся першы верш клясыка беларускай літаратуры Янкі Купала «Мужык»[13] (15 мая 1905).

  1. ^ Газеты Беларусі, 1776—1975: Рэтрасп. бібліягр. паказ. / Склад. Л. М. Няхайчык і інш.; Навук. рэд. В. У. Скалабан. — Менск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. — С. 142 (№ 1199). — 322 с. — 700 ас. — ISBN 985-6020-28-X
  2. ^ Газеты дореволюционной России 1703 — 1917. Каталог. / Т.В. Акопян і інш.. — Санкт-Петербург: «Российская национальная библиотека», 2007. — С. 338 (№ 4331). — 592 с. — 500 ас. — ISBN 978-5-8192-0343-9
  3. ^ Уладзімір Конан. Міхаіл Паўлавіч Мысаўской (псеўд. М.Ржевусский, М. Ольшанский, М. П., М. М., Петр Чёрный; 1856—?). // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1 — С. 507—508
  4. ^ Міхаіл Мысаўской. Злобы дня.  (рас.) // Северо-западный край : газэта. — 1902. — № 9.
  5. ^ Бусько В.Н. Прогрессивная экономическая мысль Белоруссии в начале XX в (по страницам газеты «Северо-Западный край») //Политэкономия. Сб. Мн., 1988; Бусько В.Н. Зато читал Адама Смита//Беларуская думка. Мн., 2003, № 11. — С.83—89
  6. ^ О недозволенной рукописи «Белоруская ластоувка»… Представленная студентамъ Полинковскимъ. (рас.). Российский государственный исторический архив (РГИА).. — Ф. 777. Петербургский комитет по делам печати (С 6 апреля 1865 г. — 3 мая 1906 г. — Петербургский цензурный комитет Главного управления по делам печати МВД). Оп. 4 Отчеты Петербургского цензурного комитета; дела о рассмотрении книг и рукописей, разрешении и запрещении разных сочинений к печати и распространении книг, аресте изданий, запрещении переиздания, судебном преследовании и уничтожении изданий… Ст. 167, Д. 64, лист 1.
  7. ^ К. Каганец. Бѣлорусскія легенды. ІІІ. «Чимъ болей хто мае, тымъ болей жадае», або «Адкуль медвѣдзи на свѣци узялися». // Северо-западный край : газэта. — 1902. — № 48. — С. 3.
  8. ^ Карусь Каганец. «Чимъ болей хто мае, тымъ болей жадае» // Северо-западный край : газэта. — 1903. — № 168.
  9. ^ Рыгор Цягла. Народныя песьні… // Северо-западный край : газэта. — 1902. — № 20.
  10. ^ Дарафей Бохан. Два слова о пережитках язычества у белорусов.  (рас.) // Северо-западный край : газэта. — 1903. — № 88.
  11. ^ Карусь Каганец. Яшчэ некалькі словаў пра перажыткі паганства ў беларусаў. // Северо-западный край : газэта. — 1903. — № 113.
  12. ^ Цётка. «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам» і «Мора (Рэвалюцыя народная)». Вершы. // Северо-западный край : газэта. — 1905. — № 787.
  13. ^ А. А. Лойка. «Мужык». / галоўны рэдактар І. П. Шамякін і інш. // Янка Купала : энцыкляпэдычны даведнік. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 407, 408.

Літаратура

рэдагаваць

  • В. М. Конон. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. / под редакцией С. Х. Александровича. — Менск: Наука и техника, 1985. — 198 с. — 1000 ас.
  • С. В. Марцелев. Печать Советской Белоруссии: исторический очерк. — Менск: Беларусь, 1967. — С. 39—47. — 510 с. — 2000 ас.
  • Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.) / Ред. коллегия: К. П. Буслов (гл. ред.). — Менск: Наука и техника, 1973. — С. 425, 505—508. — 556 с. — 1100 ас.
  • Рожин Н.В. Газета «Северо-западный край». Очерк общественно-политической, философской и эстэтической позиции. 1902—1905 годы. — Менск: БДУ, 1970. — 169 с. — 500 ас.
  • Рожин Н.В. Философская, общественно-политическая и эстетическая мысль Белоруссии в 1902―1905 годах (по материалам газеты «Северо-западный край»): автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата философских наук. — Менск: БДУ, 1965. — 23 с.
  • Рожин Н.В. Философская, общественно-политическая и эстетическая мысль Белоруссии в 1902―1905 годах (по материалам газеты «Северо-западный край»):диссертация кандидата философских наук. — Менск: БДУ, 1965. — 283 с.