Эўрапейская акадэмія
Эўрапейская акадэмія — міжнародная навуковая ўстанова, заснаваная ў верасьні 1988 году ў Кембрыджы (Ангельшчына). З 1997 году праводзіць узнагароджаньне залатым мэдалём за ахвяраваньне на дасьледаваньне. Таксама штогод уручае стыпэндыі Бургена 10 дактарам навук на дасьледаваньні. Мае галаўную сядзібу ў Лёндане (Ангельшчына), весткавы асяродак у Грацы (Аўстрыя) і 3 асяродкі ведаў: Барсэлёна (аўтаномная супольнасьць Каталёнія, Гішпанія), Бэрген (графства Хордалян, Нарвэгія) і Ўроцлаў (Ніжнесылескае ваяводзтва, Польшча). З 1993 г. выдае па-ангельску ў Кемрыджы штоквартальны навуковы часопіс «Эўрапейскі агляд»(en). На 2015 г. улучала 3261 навукоўца з 52 краінаў, якія праводзілі дасьледаваньні ў 20 галінах (багаслоўе, біяхімія, гісторыя, грамадазнаўства, землязнаўства, інфарматыка, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, матэматыка, мовазнаўства, мэдыцына, правазнаства, псыхалёгія, усходазнаўства, фізыка, фізыялёгія, хімія, цыталёгія, эвалюцыйная біялёгія, эканоміка). Найбольш (334; 10%) навукоўцаў працавалі ў галіне фізыкі. 3252 навукоўцы (99,7%) мелі ўзрост больш за 40 гадоў. 2917 (90%) навукоўцаў паходзілі з 36 краінаў Эўропы. З Брытаніі, дзе месьцілася галаўная сядзіба ўстановы, паходзілі 535 навукоўцаў (18% ад агульнага ліку навукоўцаў з Эўропы; найбольш). Па адным навукоўцы прадстаўлялі Беларусь (зь 2011 г. доктар тэхнічных навук Сяргей Абламейка; аддзел фізыкі), Люксэмбург і Чарнагорыю[3].
Эўрапейская акадэмія | |
лац. Academia Europaea | |
Абрэвіятура | ЭА |
---|---|
Дата ўтварэньня | 5 верасьня 1988 (36 гадоў таму) |
Тып | Навуковая |
Юрыдычны статус | Некамэрцыйная арганізацыя |
Мэта | Спрыяньне дасканаласьці дасьледаваньня |
Месцазнаходжаньне | Лёндан (Ангельшчына) |
Каардынаты | Каардынаты: 51°31′15″ пн. ш. 0°7′43″ у. д. / 51.52083° пн. ш. 0.12861° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Барсэлёна (Гішпанія), Бэрген (Нарвэгія), Грац (Аўстрыя), Уроцлаў (Польшча) |
Сяброўства | 3261 навуковец з 54 краінаў (2015) |
Афіцыйныя мовы | Ангельская |
Старшыня | Сірд Клётынг |
Кіроўны орган | Управа |
Бюджэт | £562,3 тыс.[1] (2014; $922,9 тыс.)[2] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 2 (2015) |
Сайт | www.ae-info.org |
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле 4-га пункту Мэмарандуму, Эўрапейская акадэмія мела паўнамоцтвы:
- распаўсюджваць вынікі дасьледаваньняў;
- ажыцьцяўляць агляд надзённых справаў, датычных навуковых дасьледаваньняў у Эўропе;
- заахвочваць міжгаліновыя міжнародныя дасьледаваньні, датычныя Эўропы;
- прадстаўляць зацікаўленасьці дасьледнікаў у заканадаўчых сходах, урадах, унівэрсытэтах, СМІ, гандлёвых, прамысловых і прафэсійных установах Эўропы;
- дапамагаць супрацы дасьледнікаў з навукова-дасьледчымі асяродкамі Эўропы ў галіне падрыхтоўкі;
- ладзіць навуковыя выставы, зьезды, нарады, сустрэчы, сэмінары і чытаньні;
- наймаць супрацоўнікаў, набываць і збываць уласнасьць, узводзіць будынкі;
- зьбіраць і перадаваць дабрачынныя ахвяраваньні, укладаць наяўныя сродкі і браць пазыкі[4].
Кіраваньне
рэдагаваць- Сход. Склікаецца штогод. Складаецца зь сябраў Акадэміі. Аднойчы на 3 гады абірае зь ліку эўрапейскіх сябраў старшыню, яго намесьніка, скарбніка і 3—5 сябраў у Раду.
- Рада. Абіраецца на 3 гады. Складаецца са старшыні, яго намесьніка, скарбніка, загаднікаў 20 навуковых аддзелаў і 3—5 абраных Сходам сябраў. Аднойчы на 3 гады абірае ва Ўправу 3—6 сябраў са свайго складу. Штогод з 1992 году выбірае навукоўца для ўзнагароджаньня мэдалём(de) Эразма.
- Управа. Абіраецца на 3 гады. Складаецца з старшыні, яго намесьніка, скарбніка і 3—6 сябраў, абраных Радай са свайго складу. Склікаецца прынамсі двойчы на год. Прымае новых сябраў у Акадэмію[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць5—6 верасьня 1988 году ў Кемрыджы адбыўся ўстаноўчы сход Эўрапейскай акадэміі. У чэрвені 1989 году ў Лёндане Сход сабраў 627 сябраў Акадэміі. 29 студзеня 1990 году 6 давераных асобаў — Арнольд Бурген (старшыня), Давід Магнусан(sv), Руд ван Лісхаўт, Майкл Ацья(en), Браян Флаўэрз(en) і Джордж Портэр — уклалі сабраныя 5000 фунтаў стэрлінгаў у фонд «Эўрапейская акадэмія», што Камісія па дабрачыннасьці Ангельшчыны і Ўэйлзу засьведчыла 18 лютага 1991 году[6].
На кастрычнік 2011 г. Акадэмія ўлучала больш за 2300 навукоўцаў, у тым ліку больш за 40 нобэлеўскіх ляўрэатаў з 35 краінаў Эўропы і 8 краінаў іншых частак сьвету. 21 кастрычніка сябрам Акадэміі стаўся беларускі акадэмік і рэктар БДУ Сяргей Абламейка[7].
Старшыні
рэдагаваць- Арнольд Бурген(en) (1988—1994; Ангельшчына)
- Юбэр Кюр’ян(fr) (1994—1997; Францыя)
- Стыг Стрэмгольм(sv) (1997—2003; Швэцыя)
- Юрген Мітэльштрас(de) (2003—2009; Нямеччына)
- Лярс Валоў(no) (2009—2014; Нарвэгія)
- Сірд Клётынг(nl) (з 2014 г.; Нідэрлянды)
Ляўрэаты мэдаля Эразма
рэдагавацьГод | Месца | Ляўрэат | Паходжаньне | Галіна |
---|---|---|---|---|
1992 | Будапэшт (Вугоршчына) | Януш Корнаі(hu) | Вугоршчына | Эканоміка |
1993 | Упсала (Швэцыя) | Эрнст Мэстмэкер(de) | Нямеччына | Правазнаўства |
1994 | Парма (Італія) | Лоўрэнс Фрыдман(en) | Брытанія | Грамадазнаўства |
1995 | Кракаў (Польшча) | Ален Турэн[прыбраць шаблён] | Францыя | Грамадазнаўства |
1996 | Барсэлёна (Гішпанія) | Губэрт Маркль(de) | Нямеччына | Эвалюцыйная біялёгія |
1997 | Гент (Бэльгія) | Паўль Крутцэн | Нідэрлянды | Землязнаўства |
1998 | Базэль (Швайцарыя) | Пітэр Бэрк(en) | Брытанія | Гісторыя |
1999 | Капэнгаген (Данія) | Раўль ван Канэгем(nl) | Бэльгія | Гісторыя |
2001 | Ратэрдам (Нідэрлянды) | Эдоарда Бончынэльлі(it) | Італія | Цыталёгія |
2001 | — | Джорджыё Бэрнардзі(it) | Італія | Біяхімія |
2002 | Лісабон (Партугалія) | Гаральд Крота(en) | Брытанія | Хімія |
2003 | Грац (Аўстрыя) | Карл Джэрасі(en) | Аўстрыя | Хімія |
2004 | Хэльсынкі (Фінляндыя) | Стыг Стрэмгольм | Швэцыя | Правазнаўства |
2005 | Патсдам (Нямеччына) | П’ер Лена(fr) | Францыя | Землязнаўства |
2006 | Будапэшт (Вугоршчына) | Бэрт Закман | Нямеччына | Фізыялёгія |
2007 | Таледа (Гішпанія) | Францыска Маркес-Вільянуэва(es) | Гішпанія | Літаратуразнаўства |
2008 | Лівэрпул (Брытанія) | Сэмір Зэкі(en) | Брытанія | Фізыялёгія |
2009 | Нэапаль (Італія) | Карлё Гінзбург(it) | Італія | Гісторыя |
2010 | Лёвэн (Бэльгія) | Жан Фрэшэ(fr) | Францыя | Хімія |
2011 | Парыж (Францыя) | Мануэль Кастэльс(es) | Гішпанія | Грамадазнаўства |
2012 | Бэрген (Нарвэгія) | Джэфры Бэрнсток(en), Томас Гёкфэльт(sv) |
Брытанія, Швэцыя |
Фізыялёгія |
2013 | Уроцлаў (Польшча) | Норман Дэвіс | Брытанія | Гісторыя |
2014 | Барсэлёна (Гішпанія) | Курт Мэльгорн(de) | Нямеччына | Інфарматыка |
2015 | Дармштат (Нямеччына) | Эдыта Гол(en) | Брытанія | Літаратуразнаўства |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Эўрапейская акадэмія (анг.) // Камісія па дабрачыннасьці Ангельшчыны і Ўэйлзу(en), 15 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Сярэднегадавы абменны курс наперад даляра ЗША на фунт стэрлінгаў за 2014 год (1,6414) (анг.) // Банк Англіі, 2 студзеня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Статыстыка (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 23 сакавіка 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Мэмарандум аб'яднаньня (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Статут (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Арнольд Бурген, Давід Магнусан, Руд ван Лісхаўт, Майкл Ацья, Браян Флаўэрз, Джордж Портэр. Спачатны давераны чын (анг.) // Эўрапейская акадэмія, 22 верасьня 2015 г. Праверана 21 кастрычніка 2015 г.
- ^ Надзея Нікалаева Рэктар БДУ — дзейны член Эўрапейскай акадэміі // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2011. — № 204 (27068). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Уроцлаўскі асяродак ведаў (анг.)
- Часопіс «Эўрапейскі агляд» (анг.)