Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў
Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА) — незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі й на эміграцыі ў 1924—1938 гадах і аб’ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыяналістаў. Старшыні: Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі (з 1926), Вячаслаў Лаўскі (з 11 лістападу 1927), Тамаш Грыб (з 1930), Аляксандар Вітушка (з 1932)[1][2][3].
Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў | |
![]() Урад Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у 1928 годзе: (зьлева направа) Францішак Грышкевіч — сакратар, Васіль Русак — скарбнік, Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Адольф Клімовіч — адзьдзел міжнародных зносін, Тамаш Грыб — віцэ-старшыня | |
![]() Чэхаславаччына 1928—1938 | |
Дата ўтварэньня | жнівень 1924 |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1938 |
Штаб-кватэра | Прага, па-чэску: Praha II, Wenzigova 4, pro «ABSA» |
Месцазнаходжаньне | Чэхаславаччына |
Каардынаты | 50°04′13.78″ пн. ш. 14°25′46.85″ у. д. / 50.0704944° пн. ш. 14.4296806° у. д. |
Сяброўства | у 1930 годзе 540 сяброў, у пэрыяд з 1924 па 1938 год тысячы |
Афіцыйныя мовы | беларуская мова, чэская мова, француская мова |
Старшыня | Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі, Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб, Аляксандар Вітушка |
Віцэ-старшыні | Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб |
Сакратар | Мікола Чарнецкі, Мікола Ільяшэвіч, Францішак Грышкевіч, Аляксандар Калоша |
Кіраўнік адзьдзелу міжнародных зносін | Вячаслаў Лаўскі, Адольф Клімовіч, Хведар Клаўсуць, Аляксандар Вітушка |
Кіроўны орган | зьезд, прэзыдыюм, рэвізыйная камісыя, суд гонару |
Зьвязаныя кампаніі | Беларускі студэнцкі саюз, студэнцкая арганізацыя «Аб'яднаньне» у Коўне |
Гісторыя Рэдагаваць
Заснаваная 20 жніўня 1924 року на канфэрэнцыі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе[4]. Устаноўчы зьезд адбываўся з 29 чэрвеня 1926 року, на якім быў ствараны Цэнтар беларускага студэнства Заходняе Беларусі й эміграцыі АБСА пад кіраўніцтвам часовага прэзыдыюму ў складзе: Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня, Міхась Гузоўскі, Міхась Каберац, Мікола Манастырскі й Кірыл Янкоўскі — чальцы прэзыдыюму. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацыяў для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэньня.
Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі й сакратарыят. Прэсавы, эканамічны й спартовы адзьдзелы нa V зьезьдзе «АБСА» перанесены ў Вільню.
У 1924 року АБСА прынятая ў склад Аб’яднаньня студэнцкіх эмігранцкіх арганізацый Усходняй Эўропы. У 1925 годзе, падчас VII зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) ў Варшаве, на якім АБСА было прадстаўлена сваім дэлегатам Уладзімерам Жылкаю, была зроблена спроба ўступу АБСА ў (CIE)(fr), але бяз рэзультату. Пачынаючы ад 1925 году, да кожнага зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) выдаваўся кіраўніцтвам АБСА бюлетэнь у францускай мове.
15 траўня 1926 году Чэская ўлада афіцыйна пацьвердзіла статут, а тым і права на самую шырокую працу ў рамках студэнцкае арганізацыі Аб’яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў. У 1926 годзе адбыўся II зьезд АБСА (статутадаўчы), які абраў да кіраўніцтва арганізацыяй асобы: Міхась Гузоўскі — старшыня, Вячаслаў Лаўскі — віцэ-старшыня й кіраўнік адзьдзелу міжнародных зносін, Міхась Каберац — скарбнік, Васіль Русак — вольны сябра й Мікола Чарнецкі — сакратар.
18—30 жніўня 1926 г. адбыўся VIII зьезд Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) ў Празе, на якім 27 жніўня 1926 АБСА аднагалосна было прынята сябрам у Міжнародную студэнцкую канфэдэрацыю (CIE)(fr), пры адсутнасьці ў залі паседжаньняў дэлегацыяў: Польскай, Баўгарскай, Югаслаўскай і Расейскай. На гэтым зьезьдзе, АБСА было прадстаўлена дэлегацыяй у складзе: Вячаслаў Лаўскі, Іван Ермачэнка й Тамаш Грыб. Перад прыняцьцѳм, расейскія чарнасоценцы й беларускія зьменатычнікі злажылі кіраўніцтву Бюро Прапаганды (CIE)(fr) пратэсты, на якія ня зьвярнулі ўвагі[5]. У цягу працоўнага году, на мейсца выйшаўшых са складу прэзыдыюму АБСА Міколы Чарнецкага й Міхася Каберца былі абраны: Мікола Ільяшэвіч і Адольф Клімовіч. Супрацоўнічала ў пэрыядычных выданьнях Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі, на яе зьездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены й падзелены расейска-бальшавіцкімі акупантамі беларускі народ і Беларусь.
На ІX зьезьдзѳ Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) 24 жніўня — 4 верасьня 1927 году ў Рыме АБCА было прадстаўлена дэлегацыяй у складзе: Адольф Клімовіч і Казімер Кулак.
11 лістападу 1927 годзе ў Празе адбыўся III зьезд АБСА, на якім у кіраўніцтва АБСА абраны Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Д-р Тамаш Грыб — віцэ-старшыня й кіраўнік прэсавага адзьдзелу, Адольф Клімовіч — кіраўнік адзьдзелу міжнародных зносін, Васіль Русак — кіраўнік эканамічнага адзьдзелу, Францішак Грышкевіч — сакратар[6].
16-га лістапада 1928 году адбыўся ІV-ты зьезд АБСА ў Паляўнічай залі Народнага Дому на Каралеўскіх Вінаградах у Празе. На зьезд прыбылі ўсе дэлегаты беларускіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у «Аб’яднаньне», за выняткам дэлегацыі Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, якому пашпартныя цяжкасьці не дазволілі прыняць чыннага ўдзелу ў зьезьдзе.
Урад АБСА: Вячаслаў Лаўскі — старшыня, д-р. Тамаш Грыб — віцэ-старшыня й кіраўнік прэсавага адзьдзелу, Хведар Клаўсуць — кіраўнік міжнародных зносін, Лявон Гірыс — кіраўнік эканамічнага адзьдзелу, Францішак Грышкевіч — сакратар, кандыдат да ўраду Аляксандар Вітушка.
Рэвізыйная камісія: Мікола Чарнецкі — старшыня, Аляксандар Орса — сакратар, Янка Сак — сябра.
Суд гонару: Аляксандар Вітушка, Мікола Чарнецкі, Юрка Бурак[7].
20 лістапада 1927 агульны сход БСС у Вільні прыняў рашэньне пра ўваход у склад АБСА[8].
Ha V зьезд «АБСА», які адбыўся ў студзені 1929 году ў Празе, ад Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні была выслана дэлегацыя ў складзе Аўгеня Бартуля й Станіслава Станкевіча[9].
XII Кангрэс Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) адбыўся ад 12 да 26 жніўня 1930 году ў Брусэлі, на якім прымалі ўдзел прадстаўнікі студэнцкае моладзі 35 розных народаў з усіх часьцей сьвету. Ад беларускага студэнцтва (АБСА) была дэлегацыя ў складзе старшыні міжнароднага адзьдзелу Аляксандра Вітушкі й Зьміцера Касмовіча. Вячаслаў Лаўскі скончыўшы высокую школу выехаў з Прагі на Бацькаўшчыну, заступіў яго віцэ-старшыня д-р. Тамаш Грыб. 29 і 30 сьнежня 1930 году адбыўся VI зьезд АБСА[10].
Ha падставе рэфэрэндуму з дня 25 лістапада 1934 году выбраны наступны ўрад АБСА: старшыня — Аляксандар Вітушка, віцэ-старшыня — Тамаш Грыб; загранічны рэфэрэнт — Іван Ермачэнка; сакратар і скарбнік — Аляксандар Калоша. Вольныя сябры: Анатоль Шкутка (прадстаўнік Ураду АБСА ў Нямеччыне), Зьміцер Касмовіч (нрадстаўнік АБСА ў Бэльгіі). Рэвізыйная Камісія: Мікола Манастырскі, П. Астапкевіч і Ксенафонт Буська. Ганаровы суд: Алесь Шах, Хведар Клаўсуць і Міхась Маскалік.
У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня — тысячы маладых людзей. Наладзіла сувязь з арганізацыямі беларускіх студэнтаў у Амэрыцы, Нямеччыне, Латвіі, Летуве, шэрагу местаў Эўропы. У АБСа ўвайшлі Таварыства беларусазнаўства пры Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзыдыюму АБСА на чале з Станіславам Станкевічам), гурткі беларускіх студэнтаў Бэльгіі ў Брусэлі і Льежы (арганізаваны ў 1930 г.), Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне(Беларускі Студэнцкі Саюз існаваў ад 1931 г.), гурток беларускіх студэнтаў ў Рызе (арганізаваны — ад 1934). Далучыцца да АБСА беларускім студэнцкім арганізацыям у Польшчы не дазволіў Польскі Міністар Асьветы ў 1934 годзе[11].
З АБСА выйшлі дзясяткі дзеячоў беларускага супраціву: Аляксандар Вітушка, Зьміцер Касмовіч, Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Мікола Чарнецкі, Мікалай Шкялёнак ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаваньне ў 1938 годзе ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Эўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацыяў.
Бібліяграфія Рэдагаваць
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
- ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39.
- ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31.
- ^ Хроніка. Жыцьцё студэнтаў-беларусаў у Празе. // Студэнцкая думка : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 39.
- ^ Андрэй Буча. Дзейнасць беларускіх прасавецкіх арганізацый у Чэхаславакіі ў 1920-я гады. (бел.) // Przegląd Środkowo-Wschodni. — Warszawa: 2019. — № 4. — С. 449—477. — ISSN 2543-618X.
- ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
- ^ Хроніка. ІѴ-ты зьезд АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 31, 32.
- ^ Хроніка. З жыцьця Беларускага студэнцкага саюзу. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 30.
- ^ Удзел БСС на V зьезьдзе АБСА. Перанос некаторых адзьдзелаў АБСА ў Вільню. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 2 (13). — С. 36, 37.
- ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39, 42.
- ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31, 32.
Літаратура Рэдагаваць
- Васілеўскі, Ю. Р. Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 1: А — Аршын. — С. 55. — С. 55.
- Сяргей Ёрш. Пражскае аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1999 Т. 5: М — Пуд. — С. 560. — С. 560 .
- Уладзімер Калесьнік. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзі. — Менск: Мастацкая літаратура, 1977. — С. 111—124. — 328 с.
- Уладзімер Калесьнік. Пражскі эпісталярый // Усё чалавечае: літаратурныя партрэты. — Менск: Мастацкая літаратура, 1993. — С. 244—357. — ISBN 5-340-00932-7.
- Кароткі нарыс беларускага пытаньня = Sztab generalny. Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. Warszawa, 31 stycznia 1928 r. / Пераклад з польскай, прадмова, рэдакцыя: Андрэй Вашкевіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Чарнякевіч. — Мінск: Логвінаў, І. П., 2008. — С. 261. — 396 с. — (Кнігарня Наша Ніва). — ISBN 978-985-6901-22-8
- Уладзімер Ляхоўскі. Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX— I-й палове XX ст. (да 1939г.) / навуковы рэдактар Сідарэвіч А. М.. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Смаленск: Інбелкульт, 215. — ISBN 978-5-00076-019-2
- Беларускі нацыяналізм. Даведнік, Беларуская палічка/ref>