Аўген Бартуль
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бартуль.
Аўген Бартуль (пс. А. Бужанскі 26 лютага 1908, Пецярбург,[1] Расейская імпэрыя — 22 чэрвеня 1992, Лэмбарк, Польшча,) — юрыст, беларускі паэт і грамадзкі дзяяч.
Аўген Бартуль | |
Аўген Данатаў Бартуль | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аўген Данатаў Бартуль |
Псэўданімы | А. Бужанскі |
Нарадзіўся | 26 лютага 1908 Пецярбург, Расейская імпэрыя |
Памёр | 22 чэрвеня 1992 (84 гады) Лэмбарк, Польшча |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, публіцыст, юрыст |
Гады творчасьці | 1925 — канец 1930-х |
Жанр | Паэзія, публіцыстыка |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | часопіс «Шлях моладзі», 1925 |
Значныя творы | Машэка (1927) |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Пецярбургу 26 лютага 1908 году. Ягоным бацькам быў фармацэўт Данат Бартуль, які працаваў у аптэцы Пельля ў Пецярбургу, а маці — Юлія Бонфэльдт была хатняй гаспадыняй.[1]
У 1917 годзе Аўген Бартуль паступіў у першую клясу школы імя Сестранцэвіча пры касьцёле сьв. Станіслава. Але праз год вымушаны быў пакінуць вучобу там, бо ягоныя бацькі з прычыны рэвалюцыйных падзеяў і голаду выехалі на радзіму ў вёску Русакова Прыдруйскай воласьці Дзісенскага павету Віцебскай губэрні, дзе ў іх быў кавалак зямлі, на якой яны і пасяліліся. Вёска Русакова апынулася ў межах Латвіі й цяпер у Індраўскай воласьці Краслаўскага павету (55°52′31.30″ пн. ш. 27°30′09.68″ у. д. / 55.8753611° пн. ш. 27.5026889° у. д.)[2]. Да восені 1922 году навучаўся дома, пад кіраўніцтвам бацькі.[1] У 1922 годзе бацькі Аўгена Бартуля паслалі вучыцца сына ў Дзьвінскую дзяржаўную беларускую гімназію. У 1925 годзе будучы вучнем гімназіі, пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Быў у складзе рэдакцыі выдаванага там часопіса «Школьная праца» і дзейнічаў у скаўтынгу. Няма ніякіх сумненьняў, што пасьля навукі ў ёй Аўген падаваў сваю нацыянальнасць як беларускую[2].
У 1926 годзе паступіў на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя, дзе на працягу году студыяваў хімію. Да 1927 годуе памерлі яго бацькі і юнаком апекаваўся Ўладзіслаў Камараневіч. У 1928 годзе перавёўся на юрыдычны факультэт.[1] Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу, у Раду якога быў абраны ў 1928 годзе. Нa V зьездзе «АБСА», які адбыўся ў студзені 1929 году ў Празе, Аўген Бартуль і Станіслаў Станкевіч былі ў складзе дэлегацыі ад Беларускага студэнцкага саюзу[3].
Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту ў 1931 годзе і атрымаў ступень магістра права. Пасьля ўнівэрсытэту працаваў сьледчым на Лідчыне і ў Вільні[4].
Друкавацца пачаў з 1925 году. Зь вершамі, апавяданьнямі і крытычнымі артыкуламі выступаў у шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах Заходняй Беларусі, у часопісах «Шлях моладзі» і «Калосьсе».
Уладзімер Калесьнік лічыў, што Бартуль падпісваў шмат сваіх крытычных і публіцыстычных артыкулаў у 1930 годзе псэўданімам «А. Бужанскі». Аднак з гэтым быў нязгодны Максім Танк[5].
Напрыканцы 1930-х гадоў пакінуў пісаць. Акрамя таго, забараніў перадрукоўваць свае творы. З-за гэтага нават судзіўся. Максім Танк узгадваў ў 1935 годзе: "Каля «Бара Акацімскага» ледзь не напароўся на Х. Ільяшэвіча і А. Бартуля — не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў. Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку «Незалежнасць», разьвітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, разьвітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачваньня супраць нас. Помню, у 1930 г. мяне зь імі пазнаёміла сястра Лю — Зося. А. Бартуль тады, здаецца, адзначаў пяцігодзьдзе сваёй дзейнасьці. (...) Другая сустрэча была праз год, калі мяне ў наручніках прывезьлі з Глыбокага ў Вільнюскі акруговы суд і прывялі на допыт да сьледчага, у пакоі якога я неспадзявана ўбачыў А. Бартуля. Ён увесь час, пакуль мяне дапытвалі, сядзеў за сталом, апусьціўшы галаву, не адрываючы вачэй ад нейкіх папер. І вось — трэцяя сустрэча з памочнікам сьледчага. Добра, што не заўважылі мяне. Я спыніўся каля вітрыны кніжнага магазіна, у якой, быццам у люстры, бачыў, як яны перайшлі на другую старану вуліцы. Ля старой камяніцы, дзе, здаецца, мясьцілася калісьці славутая друкарня Мамонічаў, стаяла некалькі рамізнікаў. У двух яны, уваліўшыся ў сані, паехалі ў бок Нямецкай вуліцы. Можа, куды зноў піць" [6].
Для дзеячаў БССР творчасьць Бартуля была чужою. У 1932 годзе Алесь Салагуб у ЛіМе напісаў, што Бартуль, разам з Арсеньневай, Ільяшэвічам і Машарам "актыўныя аружжаносцы беларускай контррэвалюцыі ў літаратуры, сьпявакі беларускай «Пагоні» — сымбалю беларускай буржуазнай дзяржаўнасьці, рэакцыйныя пісакі, паборнікі рэакцый і папоўшчыны — актыўныя ворагі Совецкай Беларусі". Пра верш Бартуля аб старой вёсцы Салагуб згадаў: <...>так ные па старой вёсцы Бартуль — гэты абнаглелы нацыяналфашыст, які «левай» і «рэвалюцыйнай» фразыолёгіяй хоча здабыць сябе званьня пралетарскага поэты, каб з большым посьпехам «акалпачваць», зацямняць сьвядомасьці працоўных.[7]
Невядома, дзе знаходзіўся Барталь пасьля верасьня 1939 году, бо за працу ў польскіх органах яму мусіў пагражаць арышт.
Пад час Другой сусьветнай вайны Бартуль жыве і працуе на Лідчыне. Адсюль ён зь пісьмовай просьбай зьвяртаецца да старшыні Віленскага беларускага камітэта доктара-стаматоляга Баляслава Грабінскага, каб той выслаў яму ліст-пацьвярджэньне, што Бартуль зьяўляецца беларускім пісьменьнікам. На што Грабінскі адпісаў: «Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі?..» [4]
Пасьля вайны Бартуля выехаў у Польшчу, дзе працаваў на розных пасадах.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Аўген Бартуль. Русалкі. Бацьку. Досыць. (Вершы). // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, сакавік. — № 1. — С. 4—7.
- Аўген Бартуль. Князёўна: з паэтычнай спадчыны / укладанне, прадмова и каментар Сяргея Чыгрына. — Менск: Кнігазбор, 2017. — 107 с. — 60 ас. — ISBN 978-985-7144-98-3
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Александр Ильин Приватизированный поэт Евгений Бартуль // Гістарычная брама, №1 (25), 2010.
- ^ а б Лена Глагоўская. Аўген Бартуль на фоне польскабеларускіх адносінаў XX ст. / рэдкалегія: I. Э. Багдановіч (гал. рэд.) і інш. // Беларусіка-Albaruthenica. Кніга 38. Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурный сувязі. Да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча : Зборнік артыкулаў па матэрыялах міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Менск: БДУ, 2018. — С. 391—417. — ISBN 978-985-566-676-0.
- ^ Удзел БСС на V зьезьдзе АБСА. Перанос некаторых адзьдзелаў АБСА ў Вільню. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 2 (13). — С. 36, 37.
- ^ а б Сяргей Чыгрын Прыгадаем Аўгена Бартуля // Ніва, № 5 (2281), 30 студзеня 2000
- ^ Арсень Ліс. На разломе эпохі (штрыхі да партрэта Максіма Танка) // ТЭРМАПІЛЫ. №6 / 2002 г.
- ^ Максім Танк «Лісткі календара» — 1935 год
- ^ Алесь Салагуб. Літаратурны фронт Заходняй Беларусі // ЛіМ, 26 лютага 1932
Літаратура
рэдагаваць- Лена Глагоўская. Аўген Бартуль на фоне польскабеларускіх адносінаў XX ст. / рэдкалегія: I. Э. Багдановіч (гал. рэд.) і інш. // Беларусіка-Albaruthenica. Кніга 38. Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурный сувязі. Да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча : Зборнік артыкулаў па матэрыялах міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Менск: БДУ, 2018. — С. 391—417. — ISBN 978-985-566-676-0.