Алякса́ндар О́рса (24 ліпеня 1896 — 2 лістапада 1959) — беларускі пэдагог і грамадзка-культурны дзеяч. Выкладчык Наваградзкай беларускай гімназіі.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў мястэчку Нягневічы Наваградзкага раёну ў сялянскай сям’і. Скончыў у Наваградку гарадзкую вучэльню (1913) і 2-х гадовыя настаўніцкія курсы. З 1915 году — у войску, скончыў там вайсковую вучэльню. Ваяваў на франтах Першае сусьветнае вайны. Вярнуўся на радзіму ў 1918 годзе, настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Вераб’евічы (цяпер Слонімскі раён). Удзельнічаў у беларускім грамадзкім і культурным руху. У 1923—1928 гадах вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Карлава ўнівэрстытэту ў Празе. Доктар прыродазнаўства (1928). Пасьля вяртаньня на радзіму працаваў настаўнікам Беларускай гімназіі ў Наваградку. Пасьля яе закрыцьця ў 1934 годзе настаўнічаў у польскай пачатковай школе ў Наваградку. У 1938—1939 гадах быў настаўнікам у Келецкім ваяводзтве ў Польшчы. У 1939—1941 гадах — на настаўніцкай працы ў Наваградзкай беларускай гімназіі (сярэдняй школе), пэдагагічнай вучэльні. У час Другой сусьветнай вайны быў школьным інспэктарам Наваградзкае акругі. У 1944 годзе разам зь сям’ёй выехаў у Нямеччыну. У Рэгенсбургу арганізаваў беларускую гімназію і працаваў яе дырэктарам (1945—1949). З 1949 году — у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, арганізаваў тут першыя беларускія школы. Адзін з заснавальнікаў «Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня», першай у Нью-Ёрку парафіі Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Працаваў у камісіі па рэдагаваньні падручнікаў для беларускіх школаў у эміграцыі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць