Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў

Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА) — незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі й на эміграцыі ў 1924—1938 гадох і аб’ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыяналістаў. Старшыні: Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі (з 1926), Вячаслаў Лаўскі (з 11 лістападу 1927), Тамаш Грыб (з 1930), Аляксандар Вітушка (з 1932)[1][2][3].

Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў

Урад Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у 1928 годзе: (зьлева направа)

Францішак Грышкевіч — сакратар, Васіль Русак — скарбнік, Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Адольф Клімовіч — аддзел міжнародных зносінаў, Тамаш Грыб — віцэ-старшыня

Чэхаславаччына 1928—1938
Дата ўтварэньня жнівень 1924
Дата спыненьня існаваньня 1938
Штаб-кватэра Прага, па-чэску: Praha II, Wenzigova 4, pro «ABSA»
Месцазнаходжаньне Чэхаславаччына
Каардынаты 50°04′13.78″ пн. ш. 14°25′46.85″ у. д. / 50.0704944° пн. ш. 14.4296806° у. д. / 50.0704944; 14.4296806
Сяброўства у 1930 годзе 540 сяброў, у пэрыяд з 1924 па 1938 год тысячы
Афіцыйныя мовы беларуская мова, чэская мова, француская мова
Старшыня Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі, Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб, Аляксандар Вітушка
Віцэ-старшыні Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб
Сакратар Мікола Чарнецкі, Мікола Ільяшэвіч, Францішак Грышкевіч, Міхал Вітушка, Аляксандар Калоша
Кіраўнік адзьдзелу міжнародных зносін Вячаслаў Лаўскі, Адольф Клімовіч, Хведар Клаўсуць, Аляксандар Вітушка
Кіроўны орган зьезд, прэзыдыюм, рэвізыйная камісыя, суд гонару
Зьвязаныя кампаніі Беларускі студэнцкі саюз, студэнцкая арганізацыя «Аб'яднаньне» у Коўне

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваная 20 жніўня 1924 року на канфэрэнцыі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе[4]. Устаноўчы зьезд адбываўся з 29 чэрвеня 1926 року, на якім быў створаны Цэнтар беларускага студэнцтва Заходняе Беларусі й эміграцыі АБСА пад кіраўніцтвам часовага прэзыдыюму ў складзе: Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня, Міхась Гузоўскі, Міхась Каберац, Мікола Манастырскі й Кірыл Янкоўскі — чальцы прэзыдыюму. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацыяў для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэньня.

Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі й сакратарыят. Прэсавы, эканамічны й спартовы аддзелы нa V зьезьдзе «АБСА» перанесены ў Вільню.

У 1924 року АБСА прынятая ў склад Аб’яднаньня студэнцкіх эмігранцкіх арганізацыяў Усходняй Эўропы. У 1925 годзе, падчас VII зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) ў Варшаве, на якім АБСА было прадстаўленае сваім дэлегатам Уладзімерам Жылкаю, была зробленая спроба ўступу АБСА ў CIE, але бяз рэзультату. Пачынаючы ад 1925 году, да кожнага зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі выдаваўся кіраўніцтвам АБСА бюлетэнь на францускай мове.

15 траўня 1926 году чэская ўлада афіцыйна пацьвердзіла статут, а тым і права на самую шырокую працу ў рамках студэнцкае арганізацыі Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. У 1926 годзе адбыўся II зьезд АБСА (статутадаўчы), які абраў да кіраўніцтва арганізацыяй асобы: Міхась Гузоўскі — старшыня, Вячаслаў Лаўскі — віцэ-старшыня й кіраўнік аддзелу міжнародных зносінаў, Міхась Каберац — скарбнік, Васіль Русак — вольны сябра й Мікола Чарнецкі — сакратар.

18—30 жніўня 1926 г. адбыўся VIII зьезд Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (МСК) у Празе, на якім 27 жніўня 1926 АБСА аднагалосна было прынята сябрам у МСК, пры адсутнасьці ў залі паседжаньняў дэлегацыяў: польскай, баўгарскай, югаслаўскай і расейскай. На гэтым зьезьдзе АБСА было прадстаўленае дэлегацыяй у наступным складзе: Вячаслаў Лаўскі, Іван Ермачэнка й Тамаш Грыб. Перад прыняцьцем расейскія чарнасоценцы й беларускія зьменатычнікі злажылі кіраўніцтву Бюро Прапаганды пратэсты, на якія не зьвярнулі ўвагі[5]. У цягу працоўнага году на месца былых сябраў прэзыдыюму АБСА Міколы Чарнецкага й Міхася Каберца былі абраныя Мікола Ільяшэвіч і Адольф Клімовіч. Супрацоўнічала ў пэрыядычных выданьнях Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі, на яе зьездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены й падзелены расейска-бальшавіцкімі акупантамі беларускі народ і Беларусь.

На ІX зьезьдзе МСК 24 жніўня — 4 верасьня 1927 году ў Рыме АБCА было прадстаўленае дэлегацыяй у складзе Адольфа Клімовіча й Казімера Кулака.

11 лістападу ў 1927 годзе ў Празе адбыўся III зьезд АБСА, на якім у кіраўніцтва АБСА абраны Вячаслаў Лаўскі — старшыня, д-р Тамаш Грыб — віцэ-старшыня й кіраўнік прэсавага аддзелу, Адольф Клімовіч — кіраўнік аддзелу міжнародных зносін, Васіль Русак — кіраўнік эканамічнага аддзелу, Францішак Грышкевіч — сакратар[6].

16-га лістападу 1928 году адбыўся ІV зьезд АБСА ў Паляўнічай залі Народнага Дому на Каралеўскіх Вінаградах у Празе. На зьезд прыбылі ўсе дэлегаты беларускіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у «Аб’яднаньне», за выняткам дэлегацыі Беларускага студэнцкага саюзу (БСС) ў Вільні, якому пашпартныя цяжкасьці не дазволілі прыняць чыннага ўдзелу ў зьезьдзе.

20 лістападу 1927 агульны сход БСС у Вільні прыняў рашэньне пра ўваход у склад АБСА[8].

Ha V зьезд «АБСА», які адбыўся ў студзені 1929 году ў Празе, ад БСС у Вільні была высланая дэлегацыя ў складзе Аўгена Бартуля й Станіслава Станкевіча[9].

XII Кангрэс адбываўся з 12 да 26 жніўня 1930 году ў Брусэлі, на якім прымалі ўдзел прадстаўнікі студэнцкае моладзі 35 розных народаў з усіх часьцей сьвету. Ад беларускага студэнцтва (АБСА) была дэлегацыя ў складзе старшыні міжнароднага аддзелу Аляксандра Вітушкі й Зьмітра Касмовіча. Вячаслаў Лаўскі, скончыўшы высокую школу, выехаў з Прагі на бацькаўшчыну, заступіў яго віцэ-старшыня д-р Тамаш Грыб. 29 й 30 сьнежня 1930 году адбыўся VI зьезд АБСА[10].

У 1933 годзе з прычыны немагчымасьці склікаць штогодні зьезд АБСА новы ўрад выбраны шляхам рэфэрэндуму. Выбраныя ў склад ураду былі: старшыня — Аляксандар Вітушка, першы заступнік — Наталя Гаўрылічанка, скарбнік — Аляксандар Калоша, сакратар — Міхал Вітушка. Замежны, эканамічны й прававы рэфэрэнты: Іван Ермачэнка, Янка Шутовіч, Станіслава Станкевіча. АБСА высылае сваю дэлегацыю ў ліку 5 асоб на XV кангрэс у Вэнэцыі[11].

Ha падставе рэфэрэндуму з дня 25 лістапада 1934 году выбраны наступны ўрад АБСА: старшыня — Аляксандар Вітушка, віцэ-старшыня — Тамаш Грыб; загранічны рэфэрэнт — Іван Ермачэнка; сакратар і скарбнік — Аляксандар Калоша. Вольныя сябры: Анатоль Шкутка (прадстаўнік Ураду АБСА ў Нямеччыне), Зьміцер Касмовіч (прадстаўнік АБСА ў Бэльгіі). Рэвізыйная камісія: Мікола Манастырскі, П. Астапкевіч і Ксенафонт Буська. Ганаровы суд: Алесь Шах, Хведар Клаўсуць і Міхась Маскалік.

У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня — тысячы маладых людзей. Наладзіла сувязь з арганізацыямі беларускіх студэнтаў у Амэрыцы, Нямеччыне, Латвіі, Летуве, шэрагу местаў Эўропы. У АБСА ўвайшлі Таварыства беларусазнаўства пры Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзыдыюму АБСА на чале з Станіславам Станкевічам), гурткі беларускіх студэнтаў Бэльгіі ў Брусэлі й Льежы (арганізаваны ў 1930 г.), Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне (БСС існаваў ад 1931 г.)[12], гурток беларускіх студэнтаў у Рызе — Мяжэцкі К., Журкоўскі П., Віткоўскі[13] (арганізаваны — ад 1934 г.). Далучыцца да АБСА беларускім студэнцкім арганізацыям у Польшчы не дазволіў польскі міністар асьветы ў 1934 годзе[14].

З АБСА выйшлі дзясяткі дзеячоў беларускага супраціву: Аляксандар Вітушка, Міхал Вітушка, Зьміцер Касмовіч, Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Мікола Чарнецкі, Мікалай Шкялёнак ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаваньне ў 1938 годзе ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Эўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацыяў.

Бібліяграфія

рэдагаваць

  1. ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
  2. ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39.
  3. ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31.
  4. ^ Хроніка. Жыцьцё студэнтаў-беларусаў у Празе. // Студэнцкая думка : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 39.
  5. ^ Андрэй Буча. Дзейнасць беларускіх прасавецкіх арганізацый у Чэхаславакіі ў 1920-я гады.  (бел.) // Przegląd Środkowo-Wschodni. — Warszawa: 2019. — № 4. — С. 449—477. — ISSN 2543-618X.
  6. ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
  7. ^ Хроніка. ІѴ-ты зьезд АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 31, 32.
  8. ^ Хроніка. З жыцьця Беларускага студэнцкага саюзу. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 30.
  9. ^ Удзел БСС на V зьезьдзе АБСА. Перанос некаторых адзьдзелаў АБСА ў Вільню. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 2 (13). — С. 36, 37.
  10. ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39, 42.
  11. ^ З Беларускага жыцьця. У Чэхаславаччыне. Бюлетэнь АБСА № 5. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 15. — С. 6.
  12. ^ З Беларускага жыцьця. У Нямэччыне. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 15. — С. 6.
  13. ^ З Беларускага жыцьця. У Латвіі. Беларусы ў Латвійскім Унівэрсытэце. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 23. — С. 6—7.
  14. ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31, 32.

Літаратура

рэдагаваць