Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў
Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА) — незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі й на эміграцыі ў 1924—1938 гадох і аб’ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыяналістаў. Старшыні: Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі (з 1926), Вячаслаў Лаўскі (з 11 лістападу 1927), Тамаш Грыб (з 1930), Аляксандар Вітушка (з 1932)[1][2][3].
Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў | |
Урад Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у 1928 годзе: (зьлева направа) Францішак Грышкевіч — сакратар, Васіль Русак — скарбнік, Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Адольф Клімовіч — аддзел міжнародных зносінаў, Тамаш Грыб — віцэ-старшыня | |
Чэхаславаччына 1928—1938 | |
Дата ўтварэньня | жнівень 1924 |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1938 |
Штаб-кватэра | Прага, па-чэску: Praha II, Wenzigova 4, pro «ABSA» |
Месцазнаходжаньне | Чэхаславаччына |
Каардынаты | 50°04′13.78″ пн. ш. 14°25′46.85″ у. д. / 50.0704944° пн. ш. 14.4296806° у. д. |
Сяброўства | у 1930 годзе 540 сяброў, у пэрыяд з 1924 па 1938 год тысячы |
Афіцыйныя мовы | беларуская мова, чэская мова, француская мова |
Старшыня | Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Міхась Гузоўскі, Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб, Аляксандар Вітушка |
Віцэ-старшыні | Вячаслаў Лаўскі, Тамаш Грыб |
Сакратар | Мікола Чарнецкі, Мікола Ільяшэвіч, Францішак Грышкевіч, Міхал Вітушка, Аляксандар Калоша |
Кіраўнік адзьдзелу міжнародных зносін | Вячаслаў Лаўскі, Адольф Клімовіч, Хведар Клаўсуць, Аляксандар Вітушка |
Кіроўны орган | зьезд, прэзыдыюм, рэвізыйная камісыя, суд гонару |
Зьвязаныя кампаніі | Беларускі студэнцкі саюз, студэнцкая арганізацыя «Аб'яднаньне» у Коўне |
Гісторыя
рэдагавацьЗаснаваная 20 жніўня 1924 року на канфэрэнцыі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе[4]. Устаноўчы зьезд адбываўся з 29 чэрвеня 1926 року, на якім быў створаны Цэнтар беларускага студэнцтва Заходняе Беларусі й эміграцыі АБСА пад кіраўніцтвам часовага прэзыдыюму ў складзе: Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня, Міхась Гузоўскі, Міхась Каберац, Мікола Манастырскі й Кірыл Янкоўскі — чальцы прэзыдыюму. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацыяў для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэньня.
Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі й сакратарыят. Прэсавы, эканамічны й спартовы аддзелы нa V зьезьдзе «АБСА» перанесены ў Вільню.
У 1924 року АБСА прынятая ў склад Аб’яднаньня студэнцкіх эмігранцкіх арганізацыяў Усходняй Эўропы. У 1925 годзе, падчас VII зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (CIE)(fr) ў Варшаве, на якім АБСА было прадстаўленае сваім дэлегатам Уладзімерам Жылкаю, была зробленая спроба ўступу АБСА ў CIE, але бяз рэзультату. Пачынаючы ад 1925 году, да кожнага зьезду Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі выдаваўся кіраўніцтвам АБСА бюлетэнь на францускай мове.
15 траўня 1926 году чэская ўлада афіцыйна пацьвердзіла статут, а тым і права на самую шырокую працу ў рамках студэнцкае арганізацыі Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. У 1926 годзе адбыўся II зьезд АБСА (статутадаўчы), які абраў да кіраўніцтва арганізацыяй асобы: Міхась Гузоўскі — старшыня, Вячаслаў Лаўскі — віцэ-старшыня й кіраўнік аддзелу міжнародных зносінаў, Міхась Каберац — скарбнік, Васіль Русак — вольны сябра й Мікола Чарнецкі — сакратар.
18—30 жніўня 1926 г. адбыўся VIII зьезд Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі (МСК) у Празе, на якім 27 жніўня 1926 АБСА аднагалосна было прынята сябрам у МСК, пры адсутнасьці ў залі паседжаньняў дэлегацыяў: польскай, баўгарскай, югаслаўскай і расейскай. На гэтым зьезьдзе АБСА было прадстаўленае дэлегацыяй у наступным складзе: Вячаслаў Лаўскі, Іван Ермачэнка й Тамаш Грыб. Перад прыняцьцем расейскія чарнасоценцы й беларускія зьменатычнікі злажылі кіраўніцтву Бюро Прапаганды пратэсты, на якія не зьвярнулі ўвагі[5]. У цягу працоўнага году на месца былых сябраў прэзыдыюму АБСА Міколы Чарнецкага й Міхася Каберца былі абраныя Мікола Ільяшэвіч і Адольф Клімовіч. Супрацоўнічала ў пэрыядычных выданьнях Міжнароднае студэнцкае канфэдэрацыі, на яе зьездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены й падзелены расейска-бальшавіцкімі акупантамі беларускі народ і Беларусь.
На ІX зьезьдзе МСК 24 жніўня — 4 верасьня 1927 году ў Рыме АБCА было прадстаўленае дэлегацыяй у складзе Адольфа Клімовіча й Казімера Кулака.
11 лістападу ў 1927 годзе ў Празе адбыўся III зьезд АБСА, на якім у кіраўніцтва АБСА абраны Вячаслаў Лаўскі — старшыня, д-р Тамаш Грыб — віцэ-старшыня й кіраўнік прэсавага аддзелу, Адольф Клімовіч — кіраўнік аддзелу міжнародных зносін, Васіль Русак — кіраўнік эканамічнага аддзелу, Францішак Грышкевіч — сакратар[6].
16-га лістападу 1928 году адбыўся ІV зьезд АБСА ў Паляўнічай залі Народнага Дому на Каралеўскіх Вінаградах у Празе. На зьезд прыбылі ўсе дэлегаты беларускіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у «Аб’яднаньне», за выняткам дэлегацыі Беларускага студэнцкага саюзу (БСС) ў Вільні, якому пашпартныя цяжкасьці не дазволілі прыняць чыннага ўдзелу ў зьезьдзе.
- Урад АБСА: Вячаслаў Лаўскі — старшыня, д-р Тамаш Грыб — віцэ-старшыня й кіраўнік прэсавага аддзелу, Хведар Клаўсуць — кіраўнік міжнародных зносін, Лявон Гірыс — кіраўнік эканамічнага аддзелу, Францішак Грышкевіч — сакратар, кандыдат да ўраду Аляксандар Вітушка.
- Рэвізыйная камісія: Мікола Чарнецкі — старшыня, Аляксандар Орса — сакратар, Янка Сак — сябра.
- Суд гонару: Аляксандар Вітушка, Мікола Чарнецкі, Юрка Бурак[7].
20 лістападу 1927 агульны сход БСС у Вільні прыняў рашэньне пра ўваход у склад АБСА[8].
Ha V зьезд «АБСА», які адбыўся ў студзені 1929 году ў Празе, ад БСС у Вільні была высланая дэлегацыя ў складзе Аўгена Бартуля й Станіслава Станкевіча[9].
XII Кангрэс адбываўся з 12 да 26 жніўня 1930 году ў Брусэлі, на якім прымалі ўдзел прадстаўнікі студэнцкае моладзі 35 розных народаў з усіх часьцей сьвету. Ад беларускага студэнцтва (АБСА) была дэлегацыя ў складзе старшыні міжнароднага аддзелу Аляксандра Вітушкі й Зьмітра Касмовіча. Вячаслаў Лаўскі, скончыўшы высокую школу, выехаў з Прагі на бацькаўшчыну, заступіў яго віцэ-старшыня д-р Тамаш Грыб. 29 й 30 сьнежня 1930 году адбыўся VI зьезд АБСА[10].
У 1933 годзе з прычыны немагчымасьці склікаць штогодні зьезд АБСА новы ўрад выбраны шляхам рэфэрэндуму. Выбраныя ў склад ураду былі: старшыня — Аляксандар Вітушка, першы заступнік — Наталя Гаўрылічанка, скарбнік — Аляксандар Калоша, сакратар — Міхал Вітушка. Замежны, эканамічны й прававы рэфэрэнты: Іван Ермачэнка, Янка Шутовіч, Станіслава Станкевіча. АБСА высылае сваю дэлегацыю ў ліку 5 асоб на XV кангрэс у Вэнэцыі[11].
Ha падставе рэфэрэндуму з дня 25 лістапада 1934 году выбраны наступны ўрад АБСА: старшыня — Аляксандар Вітушка, віцэ-старшыня — Тамаш Грыб; загранічны рэфэрэнт — Іван Ермачэнка; сакратар і скарбнік — Аляксандар Калоша. Вольныя сябры: Анатоль Шкутка (прадстаўнік Ураду АБСА ў Нямеччыне), Зьміцер Касмовіч (прадстаўнік АБСА ў Бэльгіі). Рэвізыйная камісія: Мікола Манастырскі, П. Астапкевіч і Ксенафонт Буська. Ганаровы суд: Алесь Шах, Хведар Клаўсуць і Міхась Маскалік.
У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня — тысячы маладых людзей. Наладзіла сувязь з арганізацыямі беларускіх студэнтаў у Амэрыцы, Нямеччыне, Латвіі, Летуве, шэрагу местаў Эўропы. У АБСА ўвайшлі Таварыства беларусазнаўства пры Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзыдыюму АБСА на чале з Станіславам Станкевічам), гурткі беларускіх студэнтаў Бэльгіі ў Брусэлі й Льежы (арганізаваны ў 1930 г.), Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне (БСС існаваў ад 1931 г.)[12], гурток беларускіх студэнтаў у Рызе — Мяжэцкі К., Журкоўскі П., Віткоўскі[13] (арганізаваны — ад 1934 г.). Далучыцца да АБСА беларускім студэнцкім арганізацыям у Польшчы не дазволіў польскі міністар асьветы ў 1934 годзе[14].
З АБСА выйшлі дзясяткі дзеячоў беларускага супраціву: Аляксандар Вітушка, Міхал Вітушка, Зьміцер Касмовіч, Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Мікола Чарнецкі, Мікалай Шкялёнак ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаваньне ў 1938 годзе ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Эўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацыяў.
Бібліяграфія
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
- ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39.
- ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31.
- ^ Хроніка. Жыцьцё студэнтаў-беларусаў у Празе. // Студэнцкая думка : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 39.
- ^ Андрэй Буча. Дзейнасць беларускіх прасавецкіх арганізацый у Чэхаславакіі ў 1920-я гады. (бел.) // Przegląd Środkowo-Wschodni. — Warszawa: 2019. — № 4. — С. 449—477. — ISSN 2543-618X.
- ^ Хроніка. З жыцьця АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 1 (8). — С. 30.
- ^ Хроніка. ІѴ-ты зьезд АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 31, 32.
- ^ Хроніка. З жыцьця Беларускага студэнцкага саюзу. // Студэнская думка : часопіс. — 1929. — № 1 (11). — С. 30.
- ^ Удзел БСС на V зьезьдзе АБСА. Перанос некаторых адзьдзелаў АБСА ў Вільню. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 2 (13). — С. 36, 37.
- ^ Хроніка. Аб’ядна́ньне белару́скіх студэ́нцкіх арганіза́цыяў (АБСА). // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 3 (14). — С. 38, 39, 42.
- ^ З Беларускага жыцьця. У Чэхаславаччыне. Бюлетэнь АБСА № 5. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 15. — С. 6.
- ^ З Беларускага жыцьця. У Нямэччыне. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 15. — С. 6.
- ^ З Беларускага жыцьця. У Латвіі. Беларусы ў Латвійскім Унівэрсытэце. // Родны край : часопіс. — 1933. — № 23. — С. 6—7.
- ^ Студэнцкае жыцьцё. Справы АБСА. // Студэнская думка : часопіс. — 1935. — № 1 (15). — С. 31, 32.
Літаратура
рэдагаваць- Васілеўскі, Ю. Р. Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 1: А — Аршын. — С. 55. — С. 55.
- Сяргей Ёрш. Пражскае аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1999 Т. 5: М — Пуд. — С. 560. — С. 560 .
- Уладзімер Калесьнік. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзі. — Менск: Мастацкая літаратура, 1977. — С. 111—124. — 328 с.
- Уладзімер Калесьнік. Пражскі эпісталярый // Усё чалавечае: літаратурныя партрэты. — Менск: Мастацкая літаратура, 1993. — С. 244—357. — ISBN 5-340-00932-7.
- Кароткі нарыс беларускага пытаньня = Sztab generalny. Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. Warszawa, 31 stycznia 1928 r. / Пераклад з польскай, прадмова, рэдакцыя: Андрэй Вашкевіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Чарнякевіч. — Мінск: Логвінаў, І. П., 2008. — С. 261. — 396 с. — (Кнігарня Наша Ніва). — ISBN 978-985-6901-22-8
- Уладзімер Ляхоўскі. Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX— I-й палове XX ст. (да 1939г.) / навуковы рэдактар Сідарэвіч А. М.. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Смаленск: Інбелкульт, 215. — ISBN 978-5-00076-019-2
- Беларускі нацыяналізм. Даведнік, Беларуская палічка/ref>