Лукаш Бэндэ
Лука́ш Апана́савіч Бэ́ндэ (1 лістапада 1903, вёска Шчакоцк, цяпер Янаўскі раён Берасьцейскай вобласьці — 23 сьнежня 1961, Ленінград) — беларускі літаратурны крытык і літаратуразнавец.

ЖыцьцяпісРэдагаваць
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас расейскай рэвалюцыі ваяваў у Чырвонай арміі на Ўрале і ў Сыбіры. Чалец РКП(б) з 1922. У 1922 быў пераведзены на Беларусь, дзе займаўся «ліквідацыяй бандытызму» на Барысаўшчыне. Скончыў Камуністычны ўнівэрсытэт Беларусі (1926). Працаваў у Віцебскім вэтэрынарным інстытуце, Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адказны рэдактар часопісаў «Комуністычнае выхаваньне»[a] і «Напагатове» і Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградзкім тэатральным інстытуце. Сябра БелАПП. Уваходзіў у камісіі па рэформе беларускага правапісу, па выданьні твораў клясыкаў марксізму-ленінізму, па выняцьці клясава варожай літаратуры.
Сябра СП СССР (з 1934). У 1934 зьехаў у Ленінград, ратуючыся ад рэпрэсіяў. Працаваў намесьнікам дырэктара па мастацкай частцы кінафабрыкі «Советская Белоруссия» (1934—1935), у Інстытуце расейскай літаратуры («Пушкінскі Дом», 1936—1938), загадваў катэдрай расейскай літаратуры Ленінградзкага абласнога настаўніцкага інстытуту. У 1937 выключаны з ВКП(б), у 1938 — з Саюзу пісьменьнікаў БССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у войсках НКУС (Ленінград). З 1946 — выкладчык у пэдагагічных і настаўніцкіх інстытутах Дзьвінску, Ленінграду, Выбаргу, Жытоміру, рэдактар Ленінградзкага аддзяленьня Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва.
У 1957 адноўленае ягонае сяброўства ў кампартыі.
Пахаваны на Шувалаўскіх могілках у Ленінградзе.
ТворчасьцьРэдагаваць
Друкавацца пачаў у 1927 року. Аўтар кніг «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у пэрыядычным друку. Ягоныя артыкулы і рэцэнзіі былі складзеныя ў адпаведнасьці з тагачаснай афіцыйнай лініяй, крытыкавалі беларускіх творцаў, з-за чаго яго называюць «палачом вучоным», «скуралупам», «монстрам аглобельнай крытыкі»[1].
У 30-я гады склаў шэраг чытанак, хрэстаматыяў па беларускай літаратуры для школ.
Крыніцы і заўвагіРэдагаваць
- ^ раней «Асьвета»
ЛітаратураРэдагаваць
- Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 3. — Мн., 1996.
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Менск: БелЭн, 1992—1995.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Васюченко П. Сервилизм в беларуской советской литературе // Деды. — 2011. — № 8. — С. 45-66.
- Корбут В. Бенде. Исполнитель и жертва : [О бел. лит. критике 1920-1930-х гг. Л. А. Бенде] / В. Корбут, В. Скалабан // Советская Белоруссия : СБ : Беларусь Сегодня. 2004, 13 марта. — С. 26.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Лукаш Бэндэ — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў