Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі
Каардынаты: 45°30′1″ пн. ш. 73°33′48″ у. д. / 45.50028° пн. ш. 73.56333° у. д.
Міжнаро́дная арганіза́цыя грамадзя́нскай авія́цыі — установа ААН, заснаваная ў чэрвені 1945 году ў Манрэалі (Канада).
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі | |
анг. International Civil Aviation Organization | |
Сьцяг МАГА | |
Дзяржавы-ўдзельніцы МАГА (2018 год) | |
Абрэвіятура | МАГА |
---|---|
Дэвіз | Яднаем авіяцыю |
Дата ўтварэньня | 6 чэрвеня 1945 (79 гадоў таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | бясьпека міжнародных грамадзянскіх палётаў |
Штаб-кватэра | правінцыя Квэбэк, Манрэаль, акруга Віль-Мары, бульв. Рабэра Бурасы, д. 999 |
Месцазнаходжаньне | Канада |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Кітай, Тайлянд, Мэксыка, Пэру, Кенія, Сэнэгал, Эгіпет, Францыя[1] |
Сяброўства | 193 дзяржавы (2021 год)[2] |
Афіцыйныя мовы | ангельская, гішпанская, расейская і француская[3] |
Генэральны сакратар | Фан Лю[4] |
Старшыня Рады | Сальваторэ Шакітана[5] |
Старшыня Аэранавігацыйнай камісіі | Набіль Наўмі[6] |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Арганізацыя аб'яднаных нацыяў (ЗША) |
Сайт | icao.int |
Колішняя назва | Часовая міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (да 4 красавіка 1947 г.) |
Усталёўвае міжнародныя нормы для грамадзянскай авіяцыі і каардынуе яе разьвіцьцё з мэтай падвышэньня бясьпекі і эфэктыўнасьці палётаў. Заснаваная Канвэнцыяй «Аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі» 1944 году. У 1992 годзе (Рэзалюцыя A29-1) Абвесьціла 7 сьнежня Днём грамадзянскай авіяцыі. Пазьней гэтае рашэньне падтрымала ААН. На 2021 год месьцілася ў Канадзе. Галаўная сядзіба знаходзілася ў Манрэалі (правінцыя Квэбэк) па бульвары Рабэра Бурасы, д. 999. Таксама дзейнічала 8 рэгіянальных прадстаўніцтваў: 1) Бангкок (Тайлянд) — Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, 2) Мэхіка (Мэксыка) — Паўночная Амэрыка, 3) Пэкін (Кітай), 4) Ліма (Пэру) — Паўднёвая Амэрыка, 5) Найробі (Кенія) — Усходняя і Паўднёвая Афрыка, 6) Дакар (Сэнэгал) — Заходняя і Сярэдняя Афрыка, 7) Нёі-сюр-Сен (Францыя) — Эўропа і Паўночная Атлянтыка, 8) Каір (Эгіпет) — Блізкі Ўсход[1].
Кіраваньне
рэдагаваць- Сход. Склікаўся аднойчы на 3 гады. Паўнамоцны пры ўдзеле пасланьнікаў большасьці дзяржаваў-удзельніц, якіх могуць суправаджаць тэхнічныя дарадцы. Кожная дзяржава мела па адным голасе. Прымаў рашэньні большасьцю пададзеных галасоў. Выбіраў Раду і зацьвярджаў штогадовы каштарыс, выкананьне якога разглядў. Даваў даручэньні Радзе. Прадстаўнікі дзяржаваў, якія зацьвердзілі Пагадненьні «Аб міжнароднай паветраных перавозках» і «Аб транзыце ў міжнародных паветраных зносінах» ад 7 сьнежня 1944 году, галасавалі датычна адпаведных справаў.
- Рада. Складалася з прадстаўнікоў 36 дзяржаваў. Абірала ўласнага старшыню бяз права голасу са свайго складу, а таксама яго намесьніка. Ухваляла рашэньні большасьцю галасоў. Яе сябры ўстрымліваліся ад галасаваньня пры разглядзе датычнай іх справы. Выконвала распараджэньні Рады. Утварала Камітэт паветраных перавозак са свайго складу і Аэранавігацыйную камісію, у тым ліку яе старшыню. Прызначала генэральнага(-ую) сакратара(-ку) для найму пэрсаналу і выконвала каштарыс, аб чым нёс справаздачу перад Сходам. Апавяшчала дзяржавы пра парушэньні Чыкаскай канвэнцыі. Ухваляла міжнародныя стандарты на прапанову Камісіі аэранавігацыі.
- Аэранавігацыйная камісія. Складалася зь 19 авіяпілётаў. Разглядала і раіла Радзе зьмяненьні ў Дадаткі да Чыкаскай канвэнцыі. Прапаноўвала Радзе збор і пашырэньне сярод дзяржаваў зьвестак пра палёты. Утварала тэхнічныя падкамісіі з удзелам усіх дзяржаваў[3].
- Сакратарыят. Складаўся зь 5 бюро: 1) аэранавігацыі, 2) паветраных перавозак, 3) тэхнічнай супрацы, 4) праўных справаў і вонкавых зносін, 6) кіраваньня і паслуг. Генэральная сакратарка таксама кіравала Канцылярыяй фінансаў, адзнакі, ўнутранага аўдыту і зносін, як і 8 рэгіянальнымі прадстаўніцтвамі[7].
Задачы
рэдагавацьПаводле 44-га артыкула Чыкаскай канвэнцыі «Аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі» 1944 году, «Мэтамі і задачамі Арганізацыі ёсьць распрацоўка прынцыпаў і спосабаў міжнароднай аэранавігацыі, а таксама спрыяньне плянаваньню і разьвіцьцю міжнародных паветраных перавозак з тым, каб:
- а) забясьпечыць бясьпечны і ўпарадкаваны рост міжнароднай грамадзянскай авіяцыі ва ўсім сьвеце;
- б) заахвочваць мастацтва канструяваньня і выкарыстаньня летакоў дзеля мірных задачаў;
- в) заахвочваць разьвіцьцё паветраных шляхоў, лётнішчаў і сродкаў аэранавігацыі для міжнароднай грамадзянскай авіяцыі;
- г) задавольваць патрэбы народаў сьвету ў бясьпечных, пастаянных, выніковых і ашчадных паветраных перавозках;
- д) прадухіляць марнатраўства, выкліканае неразумнай спаборнасьцю;
- е) забясьпечваць поўную павагу правоў Дамоўных дзяржаваў і справядлівыя магчымасьці выкарыстоўваць міжнародныя авіялініі для кожнай Дамоўнай дзяржавы;
- ё) пазьбягаць рознага стаўленьня да Дамоўных дзяржаваў;
- ж) спрыяць бясьпецы палётаў у міжнароднай аэранавігацыі;
- з) спрыяць агулам разьвіцьцю ўсіх бакоў міжнародных грамадзянскіх палётаў»[3].
Дзяржавы-ўдзельніцы
рэдагавацьПаводле 91-га артыкула Чыкаскай канвэнцыі «Аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі» 1944 году, «як толькі гэтую Канвэнцыю ратыфікуюць або далучацца да яе 26 дзяржаваў, яна набудзе моц між імі на 30-ы дзень пасьля ўкладаньня 26-й прылады». У выніку 4 красавіка 1947 году заснавальнікамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (МАГА) сталі ўрады 26 краінаў:
- 4 з Азіі — Брытанская Індыя, Кітай, Турэччына і Філіпіны;
- 1 з Акіяніі — Аўстралія;
- 3 з Афрыкі — Лібэрыя, Паўднёвая Афрыка і Этыёпія;
- 4 з Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына, Бразылія, Парагвай і Пэру;
- 5 з Паўночнай Амэрыкі — Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Канада, Мэксыка і Нікарагуа;
- 9 з Эўропы — Вялікабрытанія, Гішпанія, Данія, Ірляндыя, Партугалія, Польшча, Швайцарыя, Швэцыя і Югаславія[8].
27 жніўня 1948 году Аўстрыя стала 50-й дзяржавай-удзельніцай МАГА. 2 сакавіка 1964 годуСамалі стала 100-м сябрам МАГА. 2 лістапада 1984 году Тонга стала 150-м сябрам Арганізацыі. 4 чэрвеня 1993 году ўрад Беларусі 180-м удзельнікам МАГА. Урады ўсіх 5 суседніх зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яе ўдзельнікамі: Польшча — ад 6 красавіка 1945 году сярод заснавальнікаў, Расея — ад 15 кастрычніка 1970 году ў якасьці правапераемніка Савецкага Саюзу, Летува — ад 8 студзеня 1992 году, Латвія — ад 13 ліпеня 1992 году і Ўкраіна — ад 10 жніўня 1992 году[8].
Беларусь
рэдагаваць27 траўня 2021 году Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (МАГА) ўхваліла Рашэньне аб расьсьледаваньні да 25 чэрвеня пасадкі самалёта «Раянэйр» у Нацыянальным аэрапорце «Менск»[9].
Гісторыя
рэдагавацьЦягам 1944 году прадстаўнікі 44 дзяржаваў склалі праект Канвэнцыі «Аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі». Урад ЗША запрасіў у Чыкага (штат Іліной, ЗША) прадстаўнікоў 55 дзяржаваў на Міжнародную нараду па грамадзянскай авіяцыі 1944 году. Яе наведалі прадстаўнікі 54 дзяржаваў. 7 сьнежня 1944 году прадстаўнікі 52 дзяржаваў падпісалі па-ангельску Канвэнцыю «Аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі», якая налічвала 96 артыкулаў. Другая частка Канвэнцыі зь 7 разьдзелаў (7—13) у складзе 24 артыкулаў (43—66) тычылася ўласна Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. 6 чэрвеня 1945 году заснавалі Часовую міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (ЧМАГА). 5 сакавіка 1947 году 26-я дзяржава ратыфікавала Чыкаскую канвэнцыю, пасьля чаго тая набыла моц. 4 красавіка 1947 году ЧМАГА пераўтварылі ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (МАГА). У траўні 1947 году ў Манрэалі (правінцыя Квэбэк, Канада) адбыўся 1-ы Сход МАГА. У кастрычніку 1947 году МАГА стала ўстановай Арганізацыі аб'яднаных нацыяў (Нью-Ёрк, ЗША) у вядзеньні Эканамічнай і сацыяльнай рады ААН[10].
24 верасьня 1968 году ў Буэнас-Айрэсе (Аргентына) падпісалі Пратакол аб слушным трохмоўным тэксьце Чыкаскай канвэнцыі з даданьнем гішпанскай і францускай моваў. Гэты Буэнас-Айрэскі пратакол набыў моц 24 кастрычніка 1968 году. 30 верасьня 1977 году ў Манрэалі падпісалі Пратакол аб слушным 4-моўным тэксьце Канвэнцыі з даданьнем расейскай мовы. Гэты Пратакол набыў моц 16 верасьня 1999 году[3]. 1 кастрычніка 2019 году Сход МАГА абраў прадстаўнікоў 36 дзяржаваў у Раду ў 3 колы: 11 ад ключавых у паветраных перавозках дзяржаваў, сярод якіх была Расея, 12 ад дзяржаваў з найбольшым унёскам у забесьпячэньне сродкаў міжнародных грамадзянскіх палётаў і 13 ад дзяржаваў паводле мацерыкоў. Сярод 36 прадстаўнікоў у Радзе МАГА па 9 былі ад дзяржаваў Азіі і Эўропы, 8 — з Афрыкі, 5 — з Паўднёвай Амэрыкі і 4 — з Паўночнай Амэрыкі, а таксама Аўстралія[11]. На 2021 год Дадаткі да Чыкаскай канвэнцыі ўлучалі звыш 12 000 міжнародных стандартаў і рэкамэндаваных практык, распрацаваных у МАГА[12].
Старшыні Рады
рэдагаваць- Сальваторэ Шакітана (зь 2020 году)
- Алумуіва Бэнард Алю (Нігерыя, 2014—2019)
- Рабэрта Кобэ-Гансалес (Мэксыка, 2006—2013)
- Асад Котайтэ (Лібан, 1976—2006)
- Вальтэр Бінагі (Аргентына, 1957—1976)
- Эдвард Ўорнэр (ЗША, 1947—1957)[13]
Генэральныя сакратары
рэдагаваць- Фан Лю (Кітай, 2015—2020)
- Раймон Бэнжамін (Францыя, 2009—2015)
- Таеб Шэрыф (Альжыр, 2003—2009)
- Рэната Кляўдыё Коста-Пэрэйра (Бразылія, 1997—2003)
- Філіп Роша (Швайцарыя, 1991—1997)
- Шывіндэр Сінгх Сідху (Індыя, 1988—1991)
- Іў Лямбэр (Францыя, 1976—1988)
- Асад Котайтэ (Лібан, 1970—1976)
- Бэрнардус Цільман-Твігт (Нідэрлянды, 1964—1970)
- Рональд Макалістэр-Макдонэл (Канада, 1959—1964)
- Карл Люнгбэрг (Швэцыя, 1952—1959)
- Альбэр Ропэр (Францыя, 1944—1951)[14]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Зьвяжыцеся з намі (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Дзяржавы-ўдзельніцы (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 1 кастрычніка 2019 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ а б в г Канвэнцыя аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі (9-е выд., 2006 г.) (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Генэральная сакратарка (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Старшыня Рады (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Аэранавігацыйная камісія (рас.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Сакратарыят (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ а б Статус (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Гендырэктар «Белавія»: «васількі» застануцца ў небе, мы будзем лётаць // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 траўня 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Канвэнцыя аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі — Дакумэнт 7300 (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Энтані Філбін, Ўільям Рэйрант-Кларк. Сход абірае новую Раду на 3-гадовы тэрмін (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Гісторыя (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Былыя старшыні Рады (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- ^ Былыя генэральныя сакратары (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Апошнія навіны і галоўныя падзеі (анг.) // Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, 27 траўня 2021 г. Праверана 31 траўня 2021 г.
- Запрошаныя арганізацыі (анг.)