Манрэаль
Манрэа́ль (па-француску: Montréal) — горад у Канадзе, найбуйнейшы горад правінцыі Квэбэк. Знаходзіцца на высьпе Манрэаль, абкружаным ракой Сьв. Ляўрэнція і ракой Рыўер дэ Прэры. У цэнтры гораду стаіць гара Мон Руаяль (фр. Mont-Royal) на сярэдняй францускай мове гэта гучала як Монт Рэаль, адсюль назва. Насельніцтва ў межах гораду на 2006 год — 1 620 693 жыхары. Разам з прыгарадамі насельніцтва Манрэаля складае 3 814 000 чалавек. Манрэаль — культурны, турысцкі, адукацыйны, гандлёвы, фінансавы і прамысловы цэнтр. Другая, паводле велічыні, мэтраполія Канады, і другі, паводле велічыні, франкамоўны горад у сьвеце (для 59,8 % насельніцтва француская мова зьяўляецца роднай, для 19,4 % — ангельская мова). Большасьць гараджан ведаюць дзьве мовы.
Манрэаль | |
Montréal | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Канада |
Правінцыя | Квэбэк |
Вобласьць | Манрэаль |
Статус | горад ці мястэчка ў Квэбэку[d], мэтраполіс[d], territory outside RCM[d] і унівэрсытэцкае места[d] |
Уваходзіць у | Вялікі Манрэаль[d] і Манрэальская аглямэрацыя[d] |
Дата ўтварэньня | 16 траўня 1642 |
Мэр | Жыральд Трамбле |
Афіцыйныя мовы | француская |
Мовы ва ўжытку | француская, ангельская |
Насельніцтва (2006) | 1 620 693 |
Шчыльнасьць | 4439 чал./км² |
Плошча | 363,13 км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 31 м |
Месцазнаходжаньне Манрэаля | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | -5 |
Тэлефонны код | 514, 438 і 263 |
Паштовыя індэксы | H |
Геаграфічны код | +1 514 і +1 438 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьБудучы Манрэаль быў заснаваны французамі ў 1642 годзе ў выглядзе каталіцкай місіі пад назваю Віль Мары (фр.: Ville Marie). Віль Мары паступова ператварыўся ў важны гандлёвы цэнтр і пункт адпраўленьня французаў у глыбіню Новай Францыі. У 1760 годзе, пасьля таго, як брытанскія войскі захапілі Квэбэк, Віль Мары таксама трапіў пад брытанскую ўладу.
Віль Мары атрымаў статус гораду ў 1832 годзе пад назваю Манрэаль. З 1844 па 1849 год Манрэаль быў сталіцаю Правінцыі Канада. Да 1860 году Манрэаль стаў найбуйнейшым горадам у Брытанскай Паўночнай Амэрыцы. З усталяваньнем незалежнай Канадзкай канфэдэрацыі ў 1867 годзе, Манрэаль стаў галоўным эканамічным цэнтрам новай краіны.
Насельніцтва Манрэалю перавысіла мільён чалавек у пачатку 1950-х гг. Горад атрымаў міжнародную вядомасьць, стаўшы гаспадаром Экспо-67 і Летніх Алімпійскіх гульняў 1976. Падчас 1970-х гг., дамінуючая роля ў манрэальскім палітычным жыцьці перайшла ад англамоўнага насельніцтва гораду да франкамоўнага, якое складала большасьць жыхароў правінцыі Квэбэк. Манрэаль таксама страціў сваю вядучую эканамічную ролю ў Канадзе, якая адышла да Таронта.
З канца 1990-х гг., у горадзе назіраецца новы эканамічны росквіт.
Клімат
рэдагавацьКлімат Манрэаля лічыцца вільготным кантынэнтальным. Зімою там у сярэднім падае 2,25 м сьнегу. У год у Манрэалі падае ў сярэднім 900 мм дажджу. Найхалоднейшы месяц у Манрэалі — студзень, з сярэдняю тэмпэратураю −10.4 °C. Найцяплейшы — ліпень, з сярэдняю тэмпэратураю 20.9 °C.
Дэмаграфія
рэдагавацьУ 2006, француская мова, была роднаю моваю 66,5% жыхароў Манрэаля разам з прыгарадамі, ангельская — 13,2% жыхароў. За імі шлі італьянская мова, з 3,5% жыхароў, арабская з 3,1%, гішпанская з 2,6%, крэол з 1,4%, кітайская з 1,2% і грэцкая з 1,2%.
Для 115 жыхароў Манрэаля і прыгарадаў роднаю зьяўляецца беларуская мова.[1]
Паводле перапісу 2006, у Манрэалі разам з прыгарадамі жывуць 740 тыс. імігрантаў, якія складаюць 20,4% ад усяго насельніцтва. Найвялікшая суполка сярод імігрантаў — людзі, якія нарадзіліся ў Італіі, якія складаюць 1,7% ад агульнага насельніцтва Манрэаля разам з прыгарадамі і 8,5% ад усіх імігрантаў. Затым ідуць выхадцы з Гаіці (1,5% ад усіх жыхароў і 7,3% ад імігрантаў) і Францыі (1,1% ад усіх жыхароў і 5,6% ад імігрантаў).
820 жыхароў Манрэаля і прыгарадаў нарадзіліся на Беларусі (0,1% ад імігрантаў). З іх 115 чалавек прыехалі ў Канаду да 1991, 90 чал. у перыяд 1991—1995, 215 чал. у перыяд 1996—2000 і 400 чал. у перыяд 2001—2006.[2]
Паводле перапісу 2001, 84,6% жыхароў — хрысьціяне (74,5% — католікі, 7% — пратэстанты, 3% — праваслаўныя і іншыя), 3% — мусульмане. Манрэаль таксама мае вялікую суполку габрэяў.
Адукацыя
рэдагавацьУ Манрэалі знаходзяцца 4 унівэрсытэты:
- МакГілаўскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1821 годзе, навучаньне па-ангельску
- Манрэальскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1878 годзе, навучаньне па-француску
- Квэбэцкі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1968 годзе, навучаньне па-француску
- Унівэрсытэт Канкордыя, заснаваны ў 1974 годзе, навучаньне па-ангельску
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Detailed Mother Tongue (148), Single and Multiple Language Responses (3) and Sex (3) for the Population of Canada, Provinces, Territories, Census Metropolitan Areas and Census Agglomerations, 2006 Census — 20% Sample Data»
- ^ «Place of birth for the immigrant population by period of immigration, 2006 counts and percentage distribution, for census metropolitan areas and census agglomerations — 20% sample data»
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМанрэаль — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў