Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Вільня)

помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні (Летува)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава
Віленская Катэдра
Віленская Катэдра
Краіна Летува
Места Вільня
Адрас Катэдральны пляц
Каардынаты 54°41′09.20″ пн. ш. 25°17′16.36″ у. д. / 54.685889° пн. ш. 25.2878778° у. д. / 54.685889; 25.2878778Каардынаты: 54°41′09.20″ пн. ш. 25°17′16.36″ у. д. / 54.685889° пн. ш. 25.2878778° у. д. / 54.685889; 25.2878778
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Вільнюса[d] 
Архітэктурны стыль клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Лаўрын Гуцэвіч
Дата заснаваньня 1387
Сайт katedra.lt (лет.)
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава на мапе Летувы
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава
Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава на Вікісховішчы

Катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце на Катэдральным пляцы[a], пры падэшве Замкавай гары. Дзее як катэдра Віленскай архідыяцэзіі. Твор архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Віленская Катэдра — найбольш значны касьцёл Вялікага Княства Літоўскага. Тут ўрачыста каранаваліся вялікія князі ад Вітаўта да Жыгімонта Аўгуста. Утварае адзіны ансамбль з званіцай, з усходняга боку злучаецца праходам з разьмешчаным побач Дольным замкам. Мае тытул малой базылікі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Мураваны касьцёл на гэтым месцы збудавалі, відаць, у сярэдзіне — другой палове XIV ст. Аднак некаторыя дасьледнікі спрабуюць датаваць рэшткі пачатковага мураванага будынка сярэдзінай XIII стагодзьдзя[1].

 
Касьцёл у 1387 г. (рэканструкцыя 1-й пал. XIX ст.)

Па пажары, які моцна пашкодзіў будынак, у 1387—1388 гадох з фундацыі Ягайлы яго рэканструявалі пад катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава. Па пажары ў 1419 годзе будынак касьцёла пашырылі і перабудавалі на загад вялікага князя Вітаўта. Касьцёл атрымаў статус галоўнага ў гаспадарстве. У ім Вітаўт меў намер каранавацца каралеўскай каронай. У капліцы Сьвятога Міхала Арханёла, збудаванай пры касьцёле, спачылі жонка Вітаўта Ганна Сьвятаслаўна (1418 год) і сам гаспадар (1430 год). Пры касьцёле таксама збудавалі больш за 10 капліцаў, у тым ліку Мантвідаўскую[2] (1423 год), Гаштольдаўскую (1436 год), Кезгайлаўскую (1436 год), Каралеўскую (1474 год).

 
Касьцёл у 1407 г. (рэканструкцыя 1-й пал. XIX ст.)

У XV ст. літоўскія князі і баяры склалі на лацінскай мове шэраг дароўных грамат Віленскай Катэдры, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаюцца выняткова беларускія словы і выразы[3]. У грамаце ад 1434 году, якой Жыгімонт Кейстутавіч ужо будучы вялікім князем запісаў касьцёлу наданьні ў Медніцкай, Дубінскай, Лынгмянскай і Немянчынскай валасьцях, згадваліся загароджы на рацэ, якія па-народнаму называліся «язы»[b] (vulgariter jazi). У 1423 годзе Вітаўт зацьвердзіў грамату на касьцельную капліцу віленскага ваяводы Альбэрта Манівіда, дзе загадвалася тром «сем’ям» (familiae vulgariter siemie) Цярэнцевічаў (Terentiewiczy) даваць «лукно пяціпяднае» (lukno petypedne) мёду, а братам Львовічам (Lwowiczy) і Небутовічам (Nebutowiczy) — «лукно шасьціпяднае» (vulgariter lukno szescipedne) мёду на карысьць той капліцы[6]. У 1434 годзе ў грамаце, якой Андрэй Саковіч, дзедзіч Немянчына, надаваў касьцёлу дзесяціну з свайго двара ў Сьвянцянах, згадваліся мясцовыя жыхары Войтка, два Мікіты, Кузьма Сямашыч (Cusma Semaszicz), Кастусь Пуршка (Costhus alius Purschka) ды іншыя. Некаторыя зь іх былі ўдзельнікамі суполак бортнікаў, якія па-народнаму называліся «сябрылы» (alias sabrili); супольнік такой сябрылы называўся «сябрыч» (alias sabricz)[6]. У грамаце 1437 году Станіслаў Даўгайла, харужы віленскі, надаваў касьцёлу сваю зямлю Навіны (Nowiny) на дзесяць «бочак» (ad decem tunnas alias beczki)[7].

 
Касьцёл у 1538 г. (рэканструкцыя 1-й пал. XIX ст.)

У 1522 годзе пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара суседнюю вежу Дольнага замка рэканструявалі пад касьцельную званіцу. Па пажары 1530 году аднаўленьнем касьцёла ў стылі рэнэсансу з 1534 гады кіравалі італьянскія архітэктары — сьпярша Бэрнарда Занобі да Джаноці, потым Джавані Чыні зь Сіены.

 
Касьцёл у 1632 г. (рэканструкцыя 1-й пал. XIX ст.)

Па пажары 1610 году аднаўленьне касьцёла пад кіраўніцтвам архітэктара Вільгельма Поля працягвалася да 1632 году. У 1623—1636 гадох да паўднёва-ўсходняга кута намаганьнямі Жыгімонта Вазы (па яго сьмерці — Уладзіслава Вазы) прыбудавалі капліцу Сьвятога Казімера, кананізаванага ў 1603 годзе. Капліцу дэкараваў італьянскі архітэктар і скульптар Канстантына Тэнкала, аўтар Жыгімонтаўскай калёны ў Варшаве. Мяркуецца, што ён таксама стварыў мэмарыяльную дошку ў памяць заснаваньня капліцы Сьвятога Казімера, прымацаваную на вонкавай сьцяне і датаваную 1636 году.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) касьцёл моцна пацярпеў ад маскоўскай акупацыі 1655—1661 гадоў. Яго аднаўленьне праводзіў да 1666 году архітэктар Ян Вінцэнт Сальвэдэр.

Па Вялікай Паўночнай вайне праводзіўся чарговы рамонт касьцёла. 2 лістапада 1769 году абвалілася касьцельная вежа, у выніку чаго загінула 6 ксяндзоў[8].

У 1786—1801 гадох касьцёл перабудавалі ў стылі клясыцызму паводле праекту архітэктара Лаўрына Гуцэвіча. Па сьмерці апошняга (1798 год) працы праводзіў прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Міхал Шульц. У 1786—1791 гадох скульптар Караль Ельскі паводле малюнкаў Францішка Смуглевіча стварыў скульптуры дзеля аздабленьня франтону касьцёла: Сьвятой Алены з пазалочаным крыжам (у цэнтры), Сьвятога Станіслава (налева) і Сьвятога Казімера (направа).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе сюды перанесьлі скульптуры сьвятых-езуітаў з зачыненага расейскімі ўладамі касьцёла Сьвятога Казімера.

У 1857—1859 гадох на хорах усталявалі арган, перанесены з аўгустынскага касьцёла. У 1889 годзе майстар Юзэф Радовічам зрабіў новы арган.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1919 годзе ў касьцёле прайшло ўрачыстае набажэнства — інаўгурацыя ўнівэрсытэту Стэфана Баторага. У 1927 годзе тут адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, у якой бралі ўдзел Юзэф Пілсудзкі і прэзыдэнт міжваеннай Польскай Рэспублікі Ігнацы Масьціцкі. У 1931—1939 гадох праводзіліся рамонтна-аднаўленчыя працы і дасьледаваньні касьцёла.

У 1947 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад склад. У 1950 годзе з даху зьнялі крыжы, а скульптуры сьвятых зьнішчылі. З 1956 году ў будынку касьцёла працавала Карцінная галерэя Мастацкага музэя, дзе ў нядзелі праходзілі канцэрты арганнай музыкі. Першы канцэрт адбыўся 19 мая 1963 году ў капліцы Сьвятога Казімера.

У 1985 годзе савецкія ўлады Летувы дазволілі штотыднёвыя набажэнствы ў касьцёле, які афіцыйна заставаўся Карціннай галерэяй. 5 лютага 1989 году адбылося асьвячэньне касьцёла, вернутага каталікам. 4 сакавіка 1989 году сюды ўрачыста перанесьлі парэшткі Сьвятога Казімера, якія захоўваліся ў касьцёле Сьвятых Пятра і Паўла. У кастрычніку 1989 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё касьцёла. У 1990 годзе Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў тут імшу па-беларуску — упершыню па Другой сусьветнай вайне[9]. У 1993 годзе аднавілі скульптуры на фасадзе касьцёла (скульптар Станіславас Кузма). 4 верасьня 1993 году Папа Ян Павал II пачаў тут малітвай свой апостальскі візыт у Летуву.

9 жніўня 2022 году адбылася ўрачыстая беларуская імша, на якой палку імя Кастуся Каліноўскага перадалі асьвечаны сьцяг, зроблены віленскімі беларусамі. У выкананьні мужчынскага хору «Унія» прагучалі гімны Пагоня і Магутны Божа. Зачыталі зварот да байцоў ад старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы[10].

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу і барока, у архітэктурным абліччы якога па апошняй рэканструкцыі дамінуе стылістыка клясыцызму.

Ад пачатку гэты быў амаль квадратны ў пляне асноўны аб’ём, да якога з усходу далучаўся выцягнуты прэзьбітэрыюм з гранёнай апсыдай. Да паўночнай сьцяны бімы далучалася закрысьція. Восьсю сымэтрыі заходняга фасаду ўзвышалася шмат’ярусная вежа. Сьцены ўмацоўваліся контрфорсамі. Усярэдзіне чатыры слупы падзялялі асноўны аб’ём на тры нэфы. Падлога выкладалася з рознакаляровым паліваных керамічных плітак, многія зь якіх аздабляліся арнамэнтам, уласьцівым раманскаму мастацтву.

У выніку рэканструкцыі 1419 году будынак значна павялічылі (памеры 62 на 28 мэтраў). Жыльбэр дэ Лянуа адзначаў яго падабенства да катэдры ў Фромбарку (лічыцца, што яна выступіла архітэктурным прататыпам). Гэта была выцягнутая 3-нэфавая базыліка пад высокім гатычным дахам. Будынак меў аднолькавую вышыню асноўнага аб’ёму і прэзьбітэрыюму. На кутох узвышаліся чатыры вежы. Галоўны фасад завяршаўся трыкутным франтонам. Сьцены ўмацоўваліся масіўнымі контрфорсамі, паміж якімі месьцілася больш за 10 капліцаў (захавалася частка зь іх).

Інтэр’ер дабудаванай у XVII ст. да паўднёва-ўсходняга кута капліцы Сьвятога Казімера аздабляецца рознакаляровым мармурам, фрэскамі і скульптурай. Купал, аркады і алтар маюць рэльеф’ны дэкор (зьявіўся па рэстаўрацыі 1692 году). Бакавыя сьцены аздабляюцца фрэскамі «Адкрыцьцё труны Сьвятога Казімера» і «Цуд каля труны Сьвятога Казімера» канца XVII ст. У нішах сьценаў разьмяшчаюцца 8 драўляных пасрэбраных скульптураў вялікіх князёў літоўскіх[11].

У выніку рэканструкцыі канца XVIII ст. дзеля сымэтрыі з капліцай Сьвятога Казімера ў паўночна-ўсходнім куце прыбудавалі новую закрысьцію з купалам. Радыкальна зьмянілі галоўны заходні фасад: збудавалі з кутоў дзьве новыя капліцы і портык з шасьцю калёнамі дарычнага ордэру. Старыя і новыя капліцы аб’ядналі новымі вонкавымі сьценамі і агульным дахам. Калёны ўздоўж бакавых фасадаў злучылі будынак у адно цэлае. У захаванай унутранай структуры нанова дэкаравалі скляпеньні нэфаў, паставілі новы алтар.

У нішах фасаду ўсталявалі выкананыя італьянскім скульптарам Тамаза Рыгі фігуры чатырох эвангелістаў, над імі і над галоўным уваходам — чатыры барэльефы з сцэнамі дзеяньняў апосталаў: сашэсьце Сьвятога Духа, ачуньваньне кульгавага, пропаведзь Сьвятога Пятра, вылячэньне Сьвятым Паўлам хворага, сьмерць Ананіі і Сапфіры. Тымпан франтона аздабляе вялікая кампазыцыя, якая адлюстроўвае ахвярапрынашэньне Ноя. У нішах з абодвух бакоў портыка — вялікія скульптуры Майсея і Абрама. У нішах бакавых портыкаў месьцяцца гіпсавыя скульптуры работы Казімера Ельскага: з паўднёвага боку — сямі вялікіх князёў літоўскіх, з паўночнага — пяці сьвятых-езуітаў.

Асобна стаіць 4-ярусная званіца вышынёй 57 м. Найбольшая таўшчыня сьценаў першага паверху складае ад 2,8 да амаль 4 мэтраў[12]. Ніжняя круглая частка мае гатычнае аблічча, у двух сярэдніх ярусаў ёсьць рысы барока, у чацьвертым ярусе — клясыцызму. Верхні ярус зьмяшчае вежавы гадзіньнік, выраблены ў канцы XVII стагодзьдзя (мэханізм рэканструяваўся ў 1803 годзе). Чатыры цыфэрбляты дыямэтрам 2 м маюць толькі гадзіньнікавую стрэлку. Вялікі звон, які адбівае гадзіны, адлілі ў 1673 годзе; меншы звон, які адбівае чвэрці — у 1758 годзе[13].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Афіцыйны адрас — Katedros a. 2
  2. ^ Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, «Ез — 'перагародка, якую ставяць рыбакі на рацэ з праходам, у якім расстаўляюць нерат' <...> (гл. таксама яз)»[4], таксама шэраг прыкладаў ужываньня гэтага слова ў форме «яз» падае Гістарычны слоўнік беларускай мовы[5]
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 424.
  2. ^ Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle r. 1413 // Miesięcznik Heraldyczny. Organ Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. Nr 11—12, 1913. S. 183.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  4. ^ ЭСБМ. Т. 3. — Мн., 1985. С. 184.
  5. ^ ГСБМ. Вып. 37. — Менск: Беларуская навука, 2017. С. 300.
  6. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 176.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 177.
  8. ^ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione. — Wilno, 1937. S. 112.
  9. ^ Як ксёндз-паляк дапамог зрабіць касьцёл у Вільні цалкам беларускім, Радыё Свабода, 11 красавіка 2016 г.
  10. ^ Палку Каліноўскага ўручылі сьцяг ад імя Рады БНР, Радыё Свабода, 9 жніўня 2022 г.
  11. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 425.
  12. ^ Pavasarytė A. The Bell Tower // The Cathedral Basilica of St Stanislaus and St Ladislaus in Vilnius. A Guide. — Vilnius: Bažnytinio paveldo muziejus, 2017. P. 82.
  13. ^ Pavasarytė A. The Bell Tower // The Cathedral Basilica of St Stanislaus and St Ladislaus in Vilnius. A Guide. — Vilnius: Bažnytinio paveldo muziejus, 2017. P. 83.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць