Гатычная архітэктура Вялікага Княства Літоўскага

архітэктурны стыль храмаў у XV—XVI стагодзьдзях
(Перанакіравана з «Гатычная архітэктура ВКЛ»)

У ХІІ стагодзьдзі готыка пачала прыходзіць на зьмену раманскаму стылю ў эўрапейскай архітэктуры. А ў канцы ХІІІ стагодзьдзя была ўзьведзена першая гатычная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Камянецкая вежа-стоўп.

Касьцёл Сьвятой Ганны ў Вільні

Абарончая архітэктура

рэдагаваць
 
Луцкі замак

Паўстаньне Вялікага Княства Літоўскага — новай дзяржавы ўва Ўсходнеэўрапейскім рэгіёне адбывалася ў надзвычай складаных зьнешнепалітычных умовах, што прымушала зьвяртаць увагу найперш на абарону краіны. Ва ўмовах адноснага заняпаду сакральнага мураванага будаўніцтва на землях ВКЛ у другой палове ХІІІ — XIV стагодзьдзях хуткімі тэмпамі разьвівалася будаўніцтва абарончых збудаваньняў — замкаў. Магутны ланцуг змураваных з каменю і цэглы замкаў быў узьведзены на паўночным захадзе краіны, там дзе актыўна дзейнічалі варожыя крыжацкія войскі. На ўсходзе былі ўзьведзены мураваныя замкі ў Віцебску і Воршы, на поўдні — у Луцку і Астрогу. У гэты час манаполія на будаўніцтва замкаў належала вялікім князям ці прадстаўнікам роду Гедзімінавічаў.

Мураваныя гатычныя замкі будаваліся звычайна на тэрыторыі былога драўлянага грода старажытнарускага часу (Віцебск, Наваградак, Горадня, Вільня) ці новым месцы ў выглядзе прамавугольнай кастэлі. Гэта форма замкаў была запазычана з крыжацкай абарончай архітэктуры і была найбольш прыдатная для раўніннай балоцістай мясцовасьці (замкі ў Крэва, Лідзе, Медніках, два замкі ў Троках, Коўна).

Сакральная архітэктура

рэдагаваць
 
Царква ў Кодне

Зь перамогай ў Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе і ўмацаваньнем зьнешнепалітычнага становішча ВКЛ адпала неабходнасьць у масавым мураваным абарончым будаўніцтве, якое істотна занепадае ў XV ст. На гэты час прыпадае роськвіт сакральнага дойлідзтва. З прыняцьцем Ягайлай польскай кароны і хрышчэньнем Літвы па каталіцкім абрадзе на землях ВКЛ пашыраецца каталіцкае мураванае храмабудаўніцтва. Найбольш у гэтым шчыравалі вялікія князі Ягайла і Вітаўт, за час панаваньня якіх было заснавана мноства каталіцкіх парафіяў, у шэрагу зь іх былі ўзьведзены мураваныя касьцёлы (Вільня, Трокі, Коўна, Горадня, Берасьце і іншыя).

Зь сярэдзіны XV стагодзьдзя асобныя магнаты Вялікага княства дасягаюць істотнай матэрыяльнай і палітычнай магутнасьці, што яны дэманструюць будаўніцтвам у сваіх асабістых маёнтках, як прыкладам род Няміравічаў, з ініцыятывы якіх былі збудаваныя першыя мураваныя прыватнаўласьніцкія храмы ў ВКЛ ва Ўселюбе і Ішкальдзі.

Праваслаўнае гатычнае храмабудаўніцтва

рэдагаваць

Праваслаўнае мураванае будаўніцтва падтрымлівалася Гедзімінавічамі да канчатковага павароту да каталіцтва, шмат мураваных цэркваў былі збудаваны Альгердам, яго жонкамі і сынамі, якія былі праваслаўнымі. Пасьля пераходу Гедзімінавічаў у каталіцтва хваля праваслаўнага мураванага сакральнага будаўніцтва аднавілася ў XVI ст. з ініцыятывы праваслаўных магнатаў.

Абарончыя храмы

рэдагаваць
 
Царква ў Мураванцы

У гэты ж час паўстае выбітны фэномэн сакральнага гатычнага дойлідзтва ВКЛ — абарончыя храмы. Справа ў тым, што абарончыя храмы існавалі і ў іншых частках Эўропы (да прыкладу ў Сяміградзьдзі), аднак гатычныя храмы збудаваныя ў Вялікім княстве выдзяляліся своеасаблівай формай і значэньнем. Найлепшымі прыкладамі абарончай сакральнай архітэктуры ВКЛ зьяўляюцца праваслаўныя цэрквы першай паловы XVI стагодзьдзя ўзьведзеныя ў Супрасьлі, Сынковічах, Мураванцы (Маламажэйкаве) і Вільні. Паводле меркаваньня Міхася Ткачова нават Полацкая Сафія ў гэты час была перабудавана ў форме абарончага храма.

Традыцыя абарончага сакральнага будаўніцтва праявілася і ў каталіцкіх і пазнейшых пратэстанцкіх храмах.

Позьнія гатычныя замкі

рэдагаваць

Апошняга росквіту гатычная замкавая архітэктура дасягнула ў канцы XV—XVI стагодзьдзяў, калі магнаты ВКЛ атрымалі права на будаўніцтва і ўтрыманьне прыватнаўласьніцкіх замкаў. Да прыкладу можна прывесці замкі ў Любчы, Геранёнах, Міры, апошні ўключаны ЮНЭСКО ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны.

За готыкай на землі ВКЛ прыйшоў рэнэсанс, а затым барока. Гэтыя стылі аднак зазналі моцны ўплыў гатычнай традыцыі, якая, відаць, стала атаясамлівацца з часамі роськвіту Вялікага Княства Літоўскага.

Глядзіце таксама

рэдагаваць