Казімер Ельскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ельскі.
Казіме́р Е́льскі (1782, Эйсманты пад Горадняй — 1867, Вільня) — скульптар, архітэктар і мастак; выхаванец Віленскага ўнівэрсытэту й яго прафэсар; прадстаўнік клясыцызму; сын мастака й скульптара Караля Ельскага.
Біяграфія
рэдагавацьВучыўся спачатку ў бацькі. У 1801—1808[1] (ці ў 1800—1809[2]) гадах навучаўся ў Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт — жывапісу ў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма, архітэктуры ў Міхала Шульца, скульптуры ў Андрэ Лебруна, прыдворнага скульптара караля Станіслава Аўгуста, які ў 1803 годзе заняў зноў створаную катэдру скульптуры ў Віленскім унівэрсытэце.
У 1809 годзе атрымаў ступень кандыдата мастацтва, у 1810 годзе — ступень магістра мастацтва. У 1809[2] ці 1810[1] годзе ўдасканальваў сваё майстэрства ў імпэратарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.
З 1811 году выкладаў скульптуру, на пасадзе ад’юнкта (з 1822 году), затым з 1829 году прафэсар. Стварыў бюсты прафэсараў для новай залі ўнівэрсытэцкай бібліятэкі, працаваў над рознымі элемэнтамі дэкору для будынкаў унівэрсытэту.
Заснаваў кабінэт скульптуры ў Віленскім унівэрсытэце. Напісаў працу пра сувязь архітэктуры, скульптуры й жывапісу (па-польску: O związku architektury, skulptury i malarstwa, Вільня, 1822) — першую працу такога роду на польскай мове[3]. Са скасаваньнем катэдры скульптуры з 1826 году быў захавальнікам кабінэту скульптуры (да скасаваньня ўнівэрсытэту ў 1832 годзе)[4].
Творчасьць
рэдагавацьУ 1826—1832 гадах працаваў над дэкорам унівэрсытэцкіх будынкаў. Аўтар рэльефных кампазыцыяў, якія адлюстроўваюць заснаваньне Віленскага ўнівэрсытэту ў 1803 годзе, заключэньне Парыскага міру ў 1813 годзе. Стварыў мноства пераважна камэрных і дэкаратыўных скульптурных твораў — бюсты прафэсараў унівэрсытэту, віленскіх вяльможаў, дзяржаўных дзеячаў (Людвіг Генрых Баянус, Францішак Смуглевіч, Адам Бялькевіч, Яўхім Храптовіч, Адам Чартарыйскі, Юзэф Панятоўскі), рэльефныя кампазыцыі, мэдальёны (Юстын Грабніцкі, Ян Сьнядэцкі). Ельскаму належаць ляпныя ўпрыгожваньні й бюсты прафэсараў калённай залі ўнівэрсытэту (1818). Апроч таго, аўтар паркавых скульптураў, надмагільных помнікаў (Юзэфа Касакоўскага, Тамаша Ваўжэцкага ў катэдральным саборы, Міхала Ромера й яго жонкі Р. Ромэравай у радавой капліцы прыхадзкога касьцёла ў Новых Троках), чатырох скульптураў прарокаў цэнтральнага алтара ў касьцёле Сьвятых Пятра й Паўла (1804), фігураў сьвятых у касьцёле місіянэраў у Краславе (1807), барэльефа «Хрыстос прапаведуе народам» у тымпане эвангеліка-рэфармацкага храма ў Вільні і іншых твораў інтэр’ернай і экстэр’ернай плястыкі.
У 1837 годзе рэстаўрыраваў ковенскую Ратушу, у 1839 годзе — ляпныя ўпрыгожваньні Пажайскага кляштара.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Kazimieras Jelskis (лет.)
- ^ а б Piotr Szubert. Kazimierz Jelski(недаступная спасылка) (пол.)
- ^ Piotr Szubert Kazimierz Jelski(недаступная спасылка) (пол.)
- ^ Jelskis, Kazimieras (лет.)
Літаратура
рэдагаваць- Rūta Janonienė. Kazimieras Jelskis. Vilniaus: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2003. ISBN 9986-571-94-4. (лет.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Kazimieras Jelskis (лет.)
- Jelski Kazimierz (пол.)
- Piotr Szubert Kazimierz Jelski(недаступная спасылка) (пол.)