Дудзічы
Ду́дзічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Пцічы. Уваходзяць у склад Навапольскага сельсавету Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 259 чалавек. Знаходзяцца за 54 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск.
Дудзічы лац. Dudzičy | |
Царква Сьвятой Ганны | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Пухавіцкі |
Сельсавет: | Навапольскі |
Насельніцтва: | 259 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1713 |
Паштовы індэкс: | 222839 |
СААТА: | 6244840031 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°35′7.01″ пн. ш. 27°39′46.01″ у. д. / 53.5852806° пн. ш. 27.6627806° у. д.Каардынаты: 53°35′7.01″ пн. ш. 27°39′46.01″ у. д. / 53.5852806° пн. ш. 27.6627806° у. д. |
± Дудзічы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дудзічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Покрыва Багародзіцы і сядзібна-паркавы комплекс Ельскіх, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Дудзічы датуецца 1600 годам, калі яны ўваходзілі ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У пачатку XVII ст. Дудзічамі валодалі Адахоўскія. У 1621 годзе Р. Адахоўскі прадаў маёнтак Я. Быхаўцу.
3 канца XVII ст. Дудзічы знаходзіліся ў закладзе Заранкаў-Горбаўцаў, якія збудавалі тут царкву. 3 1748 году імі валодала дачка К. Заранкі — Аляксандра. У 1766 годзе мястэчка атрымала прывілей на правядзеньне штогод 3 кірмашоў і адзін раз на тыдзень таржкоў. У 1767 годзе па замужжы Аляксандры Дудзічамі валодалі Прозары. У 1769 годзе Ю. Прозар збудаваў тут палац і парк, у 1780 годзе паводле тэстамэнту жонкі — Пакроўскую царкву на месцы старой. Пры царкве пачала працаваць пачатковая школа. 3 1785 году, калі дачка Прозара Ружа выйшла замуж, маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ельскіх. Станіслаў Ельскі запрасіў сюды замежных рамесьнікаў, якія навучалі сялянаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дудзічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні[2]. На 1800 год тут было 30 двароў, драўляная царква, млын, 3 карчмы, фруктовы і батанічны сад, аранжарэя, невялікі гарбарны завод. У Вайну 1812 году праз Дудзічы праходзілі напалеонаўскія войскі. У 1839 годзе расейскія ўлады гвалтоўна далучылі тутэйшую царкву да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Паводле інвэнтару 1844 году, існавалі аднайменныя мястэчка (12 двароў рамесьнікаў) і вёска (30 двароў сялянаў)[3]. 3 1857 году Дудзічамі валодаў Міхал Ельскі. На 1859 год у мястэчку было 5 двароў[4].
У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Дудзічах народную вучэльню. У 1879 годзе прыход Урадавага сыноду налічваў каля 1,8 тыс. вернікаў, пры царкве было папячыцельства. На 1886 год у мястэчку існавалі народная вучэльня, валасная ўправа, царква, капліца, лякарня, крама. У 1886 годзе ў вучэльні налічвалася 55 вучняў, зь іх 3 дзяўчынкі. Іх вучыў Макар Гладкі. Школа ўтрымлівалася на сродкі сялянаў і дзяржаўнага скарбу. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Дудзічах было 125 двароў, працавалі валасная ўправа, хлебазапасны магазын, народная вучэльня і 2 пітныя ўстановы, у кожную наваквадравую надзелю адбываўся кірмаш. У 1900 годзе ў народнай вучэльні займаліся 69 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў Д. Пыжэвіч. На 1901 год існавалі аднайменныя мястэчка (108 двароў) і маёнтак (1 двор). У 1905—1907 гадох і ўвесну 1917 у Дудзічах і населеных пунктах Дудзіцкай воласьці адбыліся масавыя сялянскія хваляваньні. На 1917 год існавалі аднайменныя мястэчка (15 двароў), сяло (106 двароў) і маёнтак (1 двор).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дудзічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Сядзіба Ельскіх, каля 1800 г.
-
Пакроўская царква, 1909 г.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дудзічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Народную вучэльню ператварылі ў працоўную школу 1-й ступені, дзе ў 1922 годзе налічвалася каля 70 вучняў. 20 жніўня 1924 году Дудзічы сталі цэнтрам сельсавету (існаваў да 16 ліпеня 1954 году) Самахвалавіцкага раёну (з 18 студзеня 1931 году ў Менскім раёне). У 1938 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да вёскі.
У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 Дудзічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У чэрвені 1942 году нацысты спалілі вёску, загубілі 17 жыхароў. У ваколіцах дзеялі партызаны брыгады «Беларусь».
На 1993 год у Дудзічах было 108 двароў, на 1997 год — 99, на 2002 год — 97.
-
Сядзіба Ельскіх, 1907 г.
-
Сядзіба Ельскіх, 1914 г.
-
Альтанка над ракою, 1907 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1800 год — 300 чал. у сяле Дудзічах і 49 чал. шляхты пры двары Дудзічах; 1870 год — 284 чал., зь іх 128 аднадворцаў і 13 грамадзянаў; 1897 год — 303 душы мужчынскай плоці і 299 душ жаночнай плоці
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 678 чал. у мястэчку Дудзічах і 20 чал. у маёнтку Дудзічах; 1917 год — 104 чал. у мястэчку Дудзічах, 651 чал. у сяле Дудзічах, 78 чал. у маёнтку Дудзічах; 1993 год — 280 чал.[5]; 1997 год — 256 чал.[6]; 1999 год — 263 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 249 чал.; 2010 год — 259 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Дудзічах працуюць сярэдняя школа, мэдычны пункт, бібліятэка, вэтэрынарны ўчастак, пошта, мэханічныя майстэрні, крама.
У 1990-я гады ў вёсцы збудавалі новую царкву Сьвятой Ганны.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьКаля вёскі, у былым маёнтку, знаходзіцца Дудзіцкі музэй матэрыяльнай культуры «Дудуткі», які адкрыўся ў 1994 годзе.
Славутасьці
рэдагавацьГарадзішча
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 613В000512 |
Гарадзішча раньняга жалезнага веку знаходзіцца за 0,2 км на поўдзень ад Дудзічаў, на правым беразе ракі Пцічы, ва ўрочышчы Кобані, у полі. Вышыня над узроўнем ракі 3—4 мэтры. Авальная пляцоўка, памер 39×25 мэтраў. Атачаецца моцным апоўзлым ровам. Пашкоджанае могілкамі, родавым пахаваньнем Ельскіх[7].
Гарадзішча выявіў ў 1963 годзе Ю. Драгун. Паводле ягоных зьвестак, гарадзішча атачалі 2 шэрагі валоў і роў. У 1985 годзе помнік абсьледавала Т. Бубенька. Культурны пласт большы за 0,3 м, у цэнтры пляцоўкі знайшлі млынавы камень. Раскопкі гарадзішча не праводзіліся.
Гарадзішча ёсьць гістарычна-культурнай каштоўнасьцю рэгіянальнага значэньня[8].
Могілкі
рэдагавацьНа гарадзішчы месьцяцца старыя каталіцкія могілкі зь сямейнымі пахаваньнямі Ельскіх. Па пагорках — іншыя пахаваньні. Могілкі знаходзяцца ў запусьценьні, апроч пахаваньняў Ельскіх[7].
У адпаведнасьці з манерай таго часу, больш старыя пахаваньні (Караля й Станіславы) паўляжаць на зямлі й зьяўляюцца вялікімі па памеры, а больш позьнія ў адпаведнасьці з правіламі канца XIX — пачатку XX ст. узвышаюцца вэртыкальна зямлі й меншыя памерам. Надпісы на помніках выкананыя па-польску, агароджаў няма[7].
Вятрак
рэдагавацьУ музэі матэрыяльнай культуры «Дудуткі» экспануецца вятрак зь вёскі Бярозаўка, збудаваны ў 1905 годзе і перавезены ў Дудзічы ў 1994 годзе.
Мэмарыяльны знак
рэдагавацьПобач з царквой знаходзіцца мэмарыяльны знак «Аляксандру II ад удзячных сялянаў», пастаўлены ў 1911 годзе.
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Сядзіба Ельскіх (XVIII ст.)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1776, Сьвяты Пасад)
Асобы
рэдагаваць- Тодар Вернікоўскі (1861—1938) — палітычны й грамадзка-культурны дзяяч, міністар фінансаў БНР
- Уладзімер Дудзіцкі (1911 — па 1976) — беларускі пісьменьнік, журналіст, сапр. імя — Уладзімер Ермалаевіч Гуцька
- Аляксандар Ельскі (1834—1916) — краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф
- Міхал Ельскі (1831—1904) — скрыпач, кампазытар, музычны пісьменьнік
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 379.
- ^ Jelski A. Dudzicze // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 209.
- ^ Ільініч Н. Дудзічы ў 1844 годзе. Музэй «Дудуткі». Праверана 13 сакавіка 2012 г.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 58.
- ^ Насевіч В. Дудзічы // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 312.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 254.
- ^ а б в Дудзіцкія могілкі, «Некропалі Беларусі»
- ^ Абламскі В., Чарняўскі І., Барысюк Ю. Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. — Менск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага р-на / Укл. А. А. Прановіч. — Мн.: Беларусь, 2003. — 748, [1] с.: іл. ISBN 985-01-0251-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.