Тодар Вернікоўскі
То́дар (Фё́дар) Верніко́ўскі (1861, в. Дудзічы Ігуменскі павет, Расейская імпэрыя — 14 ліпеня 1938, Вільня) — беларускі палітычны й грамадзка-культурны дзяяч.
Тодар Вернікоўскі | |
Міністар фінансаў БНР | |
---|---|
травень 1918 — ліпень 1918 | |
Папярэднік: | Пётра Крачэўскі |
Наступнік: | Васіль Захарка |
Міністар гаспадаркі БНР | |
ліпень 1918 — верасень 1918 | |
Папярэднік: | Ян Серада |
Наступнік: | --- |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1861 в.Дудзічы Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
14 ліпеня 1938 Вільня, Польская Рэспубліка |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў зь сям’і псаломшчыка. Вучыўся ў менскіх духоўным вучылішчы й сэмінарыі, у тэхналягічным інстытуце й на курсах гаспадаркі, садоўніцтва й гародніцтва ў Пецярбургу. Працаваў у Сялянскім пазямельным банку, Заходняй экспэдыцыі па асушцы палескіх балот і арашэньні паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства й дзяржаўных маёмасьцяў Расейскай імпэрыі. У 1906 камандзіраваны ў 1-ю Дзяржаўную Думу ў якасьці кансультанта камісіі па зямельным паляпшэньні гаспадаркі ў Расеі.
Пасьля выхаду ў адстаўку жыў у Менску, працаваў у менскіх банках, быў абраны ў гарадзкую думу. У сьнежні 1917 — красавіку 1918 скарбнік Менскага беларускага прадстаўніцтва, у красавіку 1918 кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Па прапанове старшыні Народнага сакратарыята БНР Язэпа Варонкі меціўся на пасаду народнага сакратара па справах бежанцаў. Ва ўрадзе БНР на чале з Раманам Скірмунтам быў дзяржаўным скарбнікам (з чэрвеня 1918), ва ўрадзе БНР на чале зь Янкам Серадой — народны сакратар гандлю й прамысловасьці, гаспадаркі, дзяржаўны кантралёр. Рэвізаваў беларускія арганізацыі ва Ўкраіне.
Ва Ўрад БНР, які ўзначаліў Антон Луцкевіч, не ўвайшоў, бо не падзяляў сацыялістычных поглядаў апошняга. Уваходзіў у склад эканамічнай, фінансавай і кантрольнай камісіі Рады БНР. У сьнежні 1918 разам зь сябрамі Рады БНР і ўрадам Луцкевіча пераехаў у Вільню, потым — у Горадню. Быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні, уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны й Гарадзеншчыны. У 1919—1920 старшыня бежанскага камітэту і таварыства «Беларуская хата», распарадчык і намесьнік старшыні беларускага культурна-асьветнага таварыства «Бацькаўшчына» ў Горадні, старшыня грамадзкага сходу «Беларуская хата» й бежанскага камітэту, скарбнік культурна-асьветнага таварыства «Заранка» й гарадзенскага беларускага дзіцячага прытулку.
З жніўня 1919 — у Часовым беларускім нацыянальным камітэце ў Менску, адміністратар Беларускага тэатра ў Менску. Выконваў таксама абавязкі дарадчыка й адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Менскай праваслаўнай эпархіі.
Пасьля 1921 жыў у Вільні. З 1926 па 1928 рэдактар газэты «Беларускае слова». У 1928—1929 рэдактар газэты «Грамадзянін». Браў актыўны ўдзел у грамадзкім руху па беларусізацыі Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. У 1930 у Вільні на канфэрэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацыяў, на якой быў створаны Беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі царквы, Вернікоўскі быў абраны яго старшынём. Адзін з арганізатараў Беларускага культурна-асьветнага таварыства «Прасьвета».
Памёр 14 ліпеня 1938 году ў Вільні. Пахаваны на Сьвята-Эўфрасінеўскіх могілках[1].
Літаратура
рэдагаваць- Горный, Александр. Слово о Федоре Верниковском // Гродненские епархиальные ведомости. 2011. № 9. С. 13 — 15.
Крыніцы й заўвагі
рэдагаваць- ^ Знойдзена магіла Тодара Вярнікоўскага. ЗБС «Бацькаўшчына» (20.05.2011). Праверана 20 лістапада 2013 г.