Міхал Ельскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ельскі (неадназначнасьць).
Міхал Ельскі (8 кастрычніка [ст. ст. 26 верасьня] 1831, вёска Дудзічы Ігуменскага павету, цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці — студзень 1904) — беларускі скрыпач, кампазытар, музычны пісьменьнік[1].
Міхал Ельскі | |
Герб Пелеш | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 8 кастрычніка 1831 Дудзічы Ігуменскага павету |
Памёр | студзень |
Род | Ельскія |
Бацькі | Караль Ельскі Людвіка Штайнбэр |
Жонка | Алена з Козелаў Марыя з Барановічаў |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Соф’я |
Дзейнасьць | скрыпач, кампазытар, music publicist |
Біяграфія
рэдагавацьЗ шляхецкага роду Ельскіх гербу Пелеш. Дзед Міхала Станіслаў Ельскі быў пяцігорскім палкоўнікам за часамі Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ажаніўся з Ружай, дачкой ваяводы віцебскага Юзэфа Антонія Прозара. Сын С. Ельскага Караль, уладальнік маёнткаў Дудзічаў і Замосьця, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафэсійную падрыхтоўку ў вядомых музыкантаў Кіфэлінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і «Палянэз 1837 году», ажаніўся з сваёй гувэрнанткай Людвікай Штайбух, ад гэтага шлюбу нарадзіліся Міхал — музыкант і кампазытар, уладальнік Дудзічаў, Аляксандар — уладальнік Замосьця, Юзэф — маладым памёр у Сыбіры ў час службы ў расейскім войску, Станіслава (у шлюбе Грушвіцкая).
У 1845—1847 гадох Міхал Ельскі навучаўся ў гімназіі ў Лаздэне (Усходняя Прусія), дзе браў урокі ў скрыпача Эндома. У 1847 годзе вярнуўся да бацькоў і пачаў вучыцца ў вопытнага скрыпача, выдатнага сьпевака, кампазытара і пэдагога Канстанціна Кжыжаноўскага[a]. К. Кжыжаноўскі пачаў запрашаць Міхала да супольных выступленьняў у канцэртах. Першы ж канцэрт прынёс посьпех. Для ўдасканаленьня музычнага майстэрства бацька паслаў сына ў Вільню, дзе ён браў урокі ў вядомага скрыпача-віртуоза Вінцэнта Банькевіча. Заняткі музыкай М. Ельскі сумяшчаў з навучаньнем у Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў у 1849 годзе. У 1849 годзе пераехаў у Кіеў, дзе ў якасьці вольнага слухача наведваў лекцыі з правазнаўства ў Кіеўскім унівэрсытэце і адначасна працаваў юрыстам у судзе. Але праца не задавальняла яго, і ў хуткім часе М. Ельскі надумаў заняцца прафэсійнай кампазытарскай і выканаўчай дзейнасьцю. Выступаў з канцэртамі ў Кіеве і Менску, станавіўся ўсё больш вядомым. У 1852 годзе ў Кіеве ў выдавецтве Антона Кацыпінскага выйшлі з друку першыя творы М. Ельскага «Скрыпічныя мініятуры». У 1860 годзе М. Ельскі выехаў для ўдасканаленьня выканаўчага майстэрства і музычнай адукацыі за мяжу. Выступаў з канцэртамі ў Кракаве, Уроцлаве, Парыжы, у Франкфурце-на-Майне, Мюнхэне, Бэрліне. У час знаходжаньня ў Парыжы браў урокі ў знакамітага бэльгійскага віртуоза Анры Віётана, а ў Мюнхэне ўдасканальваўся пад кіраўніцтвам вядомага нямецкага кампазытара і дырыгента Франца Лахнэра. Рэпэртуар М. Ельскага складаўся ў той час з найбольш знакамітых твораў скрыпічнай музыкі Баха, Віёці, Паганіні, Віётана, Шпора, з уласных музычных твораў.
У 1862 годзе Міхал Ельскі пасяліўся ў Дудзічах, адкуль часта выяжджаў з канцэртамі ў Менск і Вільню. У 1884 годзе выступаў у Варшаўскім музычным таварыстве, потым зрабіў новае турнэ па Нямеччыне. У 1902 годзе вялікім канцэртам у Дудзічах адзначыў паўстагодзьдзя сваёй канцэртнай дзейнасьці.
Першая жонка — Алена Козел, другі раз ажаніўся з Марыяй Барановіч, зь якой меў дачку Соф’ю.
Творчасьць
рэдагавацьМеў вялікі рэпэртуар. Аўтар каля 100 твораў, у тым ліку 2 канцэртаў, Санаты-фантазіі, фантазіі «Вясна», Бліскучай фантазіі на арыгінальныя тэмы, скрыпічных і фартэпіянных палянэзаў, мазурак, мініятураў (першыя творы — «Скрыпічныя мініятуры» — пабачылі сьвет у 1852 годзе ў Кіеве).
Як музычны публіцыст друкаваў у польскіх часопісах артыкулы і нарысы пра значных кампазытараў і музыкаў-выканаўцаў (тым ліку беларускіх Ю. Дашчынскага. К. Крыжаноўскага, К. Стравінскага і інш), пра розныя іншыя цікавыя постаці і факты з музычнай гісторыі Беларусі. Сярод іх — артыкулы «Некалькі ўспамінаў з музычнага мінулага Літвы», «З нагоды скрыпічнай мэтодыкі», «Параўнаньне Паганіні зь Ліпінскім і некалькі словаў пра скрыпічную музыку». У 1899 годзе ў Менску выйшла ягоная праца «Вывучэньне музыкі», у якой музыка разглядаецца як спэцыфічны мастацкі жанр.
Ва ўспамінах М. Ельскага багата цікавых фактаў пра разьвіцьцё музычнага мастацтва на Беларусі. Зьбіраў і запісваў беларускія народныя мэлёдыі, выконваў іх у сваіх творах. Аўтар працы «Народныя танцы Менскай губэрні» (рукапіс зьберагаецца ў Варшаўскім унівэрсытэце)[2].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ К. Кжыжаноўскі тады адзін з найбольш вядомых, аўтарытэтных менскіх музыкантаў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Капілаў А. Ельскі Міхаіл Карлавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 350.
- ^ Капілаў А. Ельскі Міхаіл Карлавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 351.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2