Гісторыя Шклова
Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[2]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З другой паловы XVI стагодзьдзя места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[2].
Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[2]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[2]. У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI стагодзьдзя адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Шклова і ваколіцаў ліцьвінамі: «…Федорка в роспросе сказала: <…>, что он [ее муж] родом литвин[a] и в Литве в Шклове племени у него много» (1629 год)[5], «…в роспросе один человек сказал: Гришкою зовут, Степанов сын, прозвище Новиков, родом он де литвин, Шкловского повету» (1684 год)[6].
У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[2]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[2].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзеялі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[7]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога Места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.
На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскім, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шклоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі[8].
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[9]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Шклова[10]. 14 сьнежня 2007 году ў склад места ўвайшлі вёскі Малое Зарэчча Гарадзецкага сельсавету, а таксама Маладзёжная і Рыжкавічы Рыжкавіцкага сельсавету[11]. 20 лістапада 2013 году ў склад гораду ўвайшла вёска Вялікае Зарэчча Гарадзецкага сельсавету[12]. 27 сакавіка 2024 году «Белкамунмаш» даставіў у Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перавёў грамадзкі транспарт на электрацягу[13].
Галерэя
рэдагавацьСтарая графіка
рэдагаваць-
Стары Рынак
-
Касьцёл і кляштар дамініканаў
-
Замак
-
Аршанская брама
-
Аршанскае прадмесьце
-
Рыжкаўскае прадмесьце
Старое Места
рэдагаваць-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
-
1940-я гг.
Касьцельная вуліца
рэдагаваць-
да 1918 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
Рынак
рэдагаваць-
1905 г.
-
1905 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
1941 г.
Іншае
рэдагаваць-
Кардонавая фабрыка, 1905 г.
-
Вялікае Зарэчча, царква. А. Вінэр, 1939 г.
-
Вялікае Зарэчча, царква. А. Вінэр, 1939 г.
-
Дняпро каля Шклова, 1901 г.
-
Дняпро, 1901 г.
-
Вуліца Мяшчанская. Сынагога, 1947 г.
-
Вуліца Мяшчанская. Сынагога, 1947 г.
-
Сынагога, да 1918 году
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[3] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[4]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 138.
- ^ а б в г д е Лукашэвіч А. Шклоў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 294.
- ^ Полное собрание законов Российской империи, с 1649 года. Т. 2. — СПб., 1830. С. 589.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 254.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Геральдика, Шкловский районный исполнительный комитет
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Шкловского района». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 14 декабря 2007 г. № 5-25 (рас.)
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Пілётны праект «Зялёны горад»: холдынг «БКМ» паставіў у Шклоў 15 электробусаў // УП «Белкамунмаш», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.