Літо́ўска-маско́ўская вайна́ 1500—1503 гадоў — чацьвертая вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім за ўсходнеславянскія землі. У канцы 1490-х адносіны паміж Масквою і Вільняй настолькі абвастрыліся, што новы канфлікт з-за ўсходніх земляў ВКЛ стаў непазьбежны.

Літоўска-маскоўская вайна 1500—1503 гадоў
Ваенная кампанія 1500 року
Дата: 1500—1503
Месца: Вялікае Княства Літоўскае
Вынік: Перамога Маскоўскага княства
Тэрытарыяльныя
зьмены:
ВКЛ страціла 1/3 тэрыторыі
Супернікі
Вялікае Княства Літоўскае Вялікае княства Маскоўскае

Зачэпкай для вайны сталі чуткі пра ўціск праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. У выніку падпісанага ў 1503 року замірэньня Вялікае Княства Літоўскае страціла траціну сваёй тэрыторыі зь местамі Белы, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Любеч, Невель, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Рыльск, Старадуб, Таропец, Трубчэўск, Чарнігаў і інш.

Перадумовы

рэдагаваць

З канца XV стагодзьдзя ўсходні сусед княства — Маскоўская дзяржава, якая набірала моц, — пачала зьбіраньне ўсходнеславянскіх земляў, што складалі некалі старажытную Русь. У 50—80-ыя гг. XV ст. адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і Масковіяй рэгуляваліся дамоваю 1449 року, паводле якое дзяржавы не павінны былі нападаць на прыгранічныя раёны. У 1481 была выкрытая змова супраць Казімера ў Кіеве, на чале якой стаялі слуцкі князь Міхаіл Алелькавіч, ягоны стрый Фёдар Іванавіч Бельскі і адзін з князёў Гальшанскіх. Змова абапіралася, хутчэй за ўсё, на пэўнае кола мясцовых фэўдалаў, якія знаходзіліся ў апазыцыі да пракаталіцкага ўраду Вялікага Княства, і сярод каторых былі адчувальныя сэпаратысцкія прамаскоўскія настроі. Пацьверджаньнем таго зьяўляюцца частыя пераходы ў 80—90-ых гг. XV ст. праваслаўных фэўдалаў «рускіх» земляў княства на бок Масквы. 3 1487 па 1493 гг. «на службу ў Маскву» выйшлі князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярэцкія, Вяземскія. Выходзілі яны ня з голымі рукамі, а са сваімі ўдзеламі, якія з дапамогай маскоўскага войска далучаліся да Маскоўскай дзяржавы. У гэтыя гады практычна ішла неафіцыйная вайна паміж Масквой і Вялікім Княствам Літоўскім.

У 1494 была заключаная новая мірная дамова паміж суседзямі. Іван III і Аляксандар замацавалі сваімі подпісамі дакумэнт, паводле якога літоўскі бок прызнаваў усе ад’езды вярхоўскіх князёў і далучэньне да Масквы іхніх уладаньняў, а таксама адмаўляўся «на вечныя часы» ад прэтэнзіяў на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цьвер, Разань. Іван III у сваю чаргу пацьвердзіў абавязьніцтва Васіля II не «ўступаціся» ў Смаленск. Аднак гэтай дамовы хапіла толькі на 6 гадоў.

Беспасярэднім casus belli стаўся ад’езд у 1499 у Масковію праваслаўнага князя Сямёна Бельскага, што парушала пагадненьні заключанага ў 1494 року «вечнага міру». Маскоўскі ж бок выказаў нязгоду з прызначэньнем у 1498 року вялікім князем літоўскім Аляксандрам новага праваслаўнага мітрапаліта кіеўскага Язэпа Солтана, які быў прыхільнікам уніі з рымскай царквой. Таксама Масковія пратэставала супраць зьяўленьня ў тым самым року ў Полацку бэрнардынаў.

Хада падзеяў

рэдагаваць

Пачатак вайны

рэдагаваць

3 траўня 1500 Іван III распачаў супраць Літвы ваенныя дзеі. Маскоўскае войска ўдарыла адразу па 3 кірунках: на Таропец, Смаленск і Бранск.

Ваявода Якуб Захарыч пайшоў на Задняпроўе, захапіўшы Бранск, спалены раней маскоўскімі дывэрсантамі, узяўшы там у палон між інш. намесьніка Станіслава Барташэвіча. У адказ на гэта на маскоўскі бок перайшлі князі северскі і чарнігаўскі Сямён Мажайскі і Васіль Шамячыч. Групоўка Захарыча неўзабаве захапіла Мцэнск, Сярпейск, Трубчэўск, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Рыльск, Гомель і Любеч.

Другая групоўка маскоўскіх войскаў колькасьцю 20 000 пад даводзтвам Данілы Шчэні здабыла Дарагабуж і пагражала Смаленску. Пасланае на падмогу войска вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астроскага пацярпела 15 ліпеня паразу ў бітве на Ведрашы, аднак змучаныя бітвай маскалі адступіліся ад задумы аблогі месца.

Трэцяя частка маскоўскага войска, кіраваная Андрэем Чалядніным, здабыла Таропец і пагражала паўночным літоўскім рубяжам. Аднак пасьля 14 верасьня, калі да Полацку прыйшла галоўная групоўка літоўскага войска на чале з самім вялікім князем Аляксандрам, маскалі адышлі.

У той самы час на Польшчу і Літву ўдарылі чамбулы крымскіх татараў Мэнглі I Гірэя, што быў хаўрусьнікаў маскоўскага князя. Яны спустошылі землі ў ваколіцах Кіева і Львова.

Другая фаза

рэдагаваць

Аляксандар Ягелончык распачаў шырокамаштабную кампанію вэрбоўкі наймітаў у Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыне. Гэтымі войскамі камандавалі Багуміл Чэрнін і Ян Карнкоўскі.

 
Walka polskich wojsk zaciężnych z wojskiem moskiewskim

У студзені 1501 у Маскву прыбыло для перамоваў польска-чэска-вугорскае пасольства, пасланае Янам Ольбрахтам і Ўладыславам Ягелончыкам. Аднак яно нічога ня здолела дабіцца празь непахісную пазыцыю Івана III.

3 сакавіка 1501 ВКЛ падпісала 10-гадовае замірэньне з інфлянцкім майстрам Тэўтонскага ордэну Вальтэрам фон Плетэнбэргам, каб мець хаўрусьніка ў барацьбе з Маскоўскім княствам.

У жніўні на занятую маскалямі Севершчыну ўдарыла Завалжанская арда, аднак, пазбаўленая літоўскай дапамогі, была вымушаная адступіць. Асноўныя баявыя дзеі перанесьліся на поўнач, дзе 27 жніўня крыжакі разьбілі маскалёў пад Ізборскам.

Аляксандар Ягелончык ня здолеў скарыстацца зручным момантам, заняты выбарамі на польскі сталец, вызвалены па сьмерці ягонага брата. Тады Іван III правёў наступ на Мсьціслаў. Удалае вызваленьне места правёў гетман вялікі літоўскі Станіслаў Кезгайла.

Увесну 1502 былі разьбітыя апошнія аддзелы Завалжанскай арды, выцесьненыя крымскімі татарамі. У чэрвені маскоўскія войскі пад даводзтвам царэвіча Дзьмітрыя Іванавіча Жылкі падышлі пад Смаленск, здабылі Воршу і спустошылі Віцебшчыну. Абаронай смаленскай фартэцыі кіраваў Станіслаў Кішка, які правёў шэраг пасьпяховых вылазак на маскоўскі лягер. 13 верасьня крыжацкае войска разьбіла пераўзыходзячыя маскоўскія сілы ў бітве на возеры Смоліна, што канчаткова змусіла апошніх спыніць аблогу Смаленску.

Замірэньне

рэдагаваць

Адначасна з баявымі дзеяньнямі адбываліся перамовы пра замірэньне з удзелам маршалка вялікага літоўскага Яна Забярэзінскага і Якуба Захарыча. У сакавіку 1503 у Маскву прыбыло пасольства на чале са Станіславам Глябовічам.

У выніку мірная дамова была падпісаная на ўмовах uti possidetis, паводле якое да Масквы былі афіцыйна далучаныя:

XVI стагодзьдзе, такім чынам, для Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага пачалося няўдала — са страты 1/3 сваёй тэрыторыі. Маскоўская дзяржава атрымала кантроль над сярэднім цячэньнем Дняпра, атрымаўшы неблагі пляцдарм для далейшай экспансіі на рускія землі літоўскай дзяржавы. Аслабленае Вялікае Княства Літоўскае было вымушанае зьвязваць больш цесныя стасункі з Польшчай, падпісаўшы ў 1501 року Мельніцкую унію.