Мельніцкая унія
Ме́льніцкая у́нія — саюз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Акт уніі быў падпісаны 23 кастрычніка 1501 году ў горадзе Мельнік Падляскага ваяводзтва пры абраньні каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аляксандра, але ня быў зацьверджаны соймам Вялікага Княства Літоўскага й так і не набыў моц[1].
Мельніцкая унія | |
Падпісаная | 23 кастрычніка 1501 |
---|---|
· месца | Мельнік (Польшча) |
Набыла моц | не набыла моц |
Бакі | Польшча і ВКЛ |
Гісторыя
рэдагавацьЯшчэ Крэўскай уніяй 1385 году паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім усталёўвалася асабістая унія. Першая асабістая унія, гэта значыць кіраваньне абедзьвюма дзяржавамі адным манархам, працягвалася да 1401 году, калі паводле Віленска-Радамскай уніі Вітаўт быў афіцыйна прызнаны вялікім князем літоўскім. Асабістая унія была адноўленая ў 1447 годзе, калі вялікі князь літоўскі Казімер стаў адначасова й каралём польскім. За сьмерцю Казімера ў 1492 годзе асабістая унія зноў касавалася: каралём польскім быў абраны яго сын Ян Ольбрахт, а вялікім князем літоўскім іншы сын — Аляксандар. 17 чэрвеня 1501 году Ян Ольбрахт сканаў, што адкрывала шляхі для аднаўленьня асабістай уніі шляхам абраньня каралём польскім Аляксандра[1].
Польскія магнаты, якія імкнуліся да інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польскай Кароны, скарысталіся ваеннымі няўдачамі першага ў вайне з Масквой 1500—1503 гадоў і бескаралеўем і зрабілі чарговую спробу аб’яднаць абедзьве дзяржавы пад кіраўніцтвам Польшчы. 3 кастрычніка паміж дэлегацыяй польскага сойму з аднаго боку й вялікім князем Аляксандрам і вялікакняскай радай зь іншай у Петркаве была складзеная папярэдняя дамова, пазьней зацьверджаная пры абраньні Аляксандра каралём польскім[1].
Паводле акту уніі ў будучыні замест асобных манархаў будзе абірацца агульны кароль, абіраны на сумесным сойме прадстаўнікоў Каралеўства Польскага й Вялікага Княства Літоўскага ў Петркаве. Прадугледжвалася таксама ўвядзеньне адзінай сыстэмы грашовага звароту й правядзеньне адзінай вонкавай і ўнутранай палітыкі. Дзяржаўныя пасады й суды захоўваліся асобныя. Такім чынам, спадчынная манархія ператваралася б у выбарную, прычым большасьць выбарнікаў былі б прадстаўнікамі Каралеўства Польскага, дзяржаўная самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага была б фактычна ліквідаваная[1].
Акт Мельніцкай уніі быў падпісаны Аляксандрам і 27 прадстаўнікамі Вялікага Княства Літоўскага, але з умовай далейшага пацьверджаньня яго літоўскім соймам. У 1505 годзе сойм, большасьць дэлегатаў якога былі прыхільнікамі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, не зацьвердзіў акт уніі, які так і не набыў моц. Супраць уніі выступаў і Аляксандар, якому ліквідацыя спадчыннасьці трону была невыгодная[1].
Крыніцы й заўвагі
рэдагаваць- ^ а б в г д Грыцкевіч А. Мельніцкая унія // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 285. — 788 с — ISBN 985-11-0378-0
Літаратура
рэдагаваць- Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. — T. 1-2. — Kraków, 1919—1920.
- Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791. — Kraków, 1932.