Як валодаеце

прынцып права датычна карыстаньня маёмасьцю і валоданьня землямі, што грунтуецца на папярэднім завалоданьні
(Перанакіравана з «Uti possidetis»)

«Як валодаеце» (лац. uti possidetis, трансьліт. уці посідэціс) — прынцып права датычна часовага карыстаньня маёмасьцю асобамі ў прыватным праве і пастаяннага валоданьня землямі з боку дзяржаваў у міжнародным праве, што грунтуецца на папярэднім завалоданьні.

Паходзіць з правіла «як валодаеце, то валодайце» ў прыватным праве Рымскай рэспублікі. У міжнародным праве падзялілася на «як валодаеце па праве» і «насамрэч». Апошняе выкарыстоўваецца для вызначэньня межаў пасьля вайны.

Гісторыя

рэдагаваць

Эдыкты прэтараў Рымскай рэспублікі аб прыватнай маёмасьці адрозьнівалі ўласнасьць ад валоданьня. Рымскія магістраты выкарыстоўвалі правіла «як валодаеце, то валодайце» датычна часовага валоданьня рэчамі, дасягнутага бяз гвалту і махлярства. Суды ж вырашалі пытаньні ўласнасьці[1]. «Як валодаеце па праве» прымянялі, каб пазьбегнуць «нічыйнай зямлі», што не належыць ні да чыёй маёмасьці[2]. Праз пару стагодзьдзяў (пасьля падзеньня Старажытнага Рыму) гэтае рымскае правіла запазычылі ў законы вайны, і яно стала разглядацца як «існы пасьля вайны стан» датычна валоданьня заваяваныя землямі[3]. У Сярэднявеччы сталі прымяняць «як валодаеце насамрэч», бо падзел земляў адбываўся спосабам, адпаведным падзелу прыватнай маёмасьці. 4 траўня 1493 году рымскі папа Аляксандар VI выдаў булу аб адпаведным падзеле земляў між Гішпаніяй і Партугаліяй. У выніку ў адрозьненьне ад прыватнага права ў міжнародным праве правіла замест часовага валоданьня стала абазначаць пастаянны прававы стан земляў дзяржавы. У 1820-я гады дзяржавы Лацінскай Амэрыкі, што ўтварыліся ў выніку войнаў за незалежнасьць ад Гішпаніі, пакінулі між сабой былыя межы калёніяў паводле правіла «як валодаеце па праве». У выніку ўдалося пазьбегнуць утварэньня «нічыйных земляў», што служыла падставай для далейшага неўмяшаньня дзяржаваў Эўропы ў іх унутраныя справы. Пасьля 2-й сусьветнай вайны гэтае прывіла выкарыстоўвалася пры дэкалянізацыі ў Акіяніі, Азіі і Афрыцы ды на Антыльскіх астравах. У 1980—1990-я гады гэтага правіла трымаліся пры распадзе СССР і Югаславіі[1].

  1. ^ а б Энвэр Хасані. «Як валодаеце па праве»: ад Рыму да Косава  (анг.) = Uti possidetis juris: from Rome to Kosovo // Флечэраўскі форум міжнародных справаў : часопіс. — Лета-восень 2003. — С. 85-94. — ISSN 1046-1868.
  2. ^ Разуменьне «як валодаеце па праве» і як яно працуе ў Заходнім Папуа (анг.) // Пра Заходняе Папуа, 20 студзеня 2018 г. Праверана 5 верасьня 2019 г.
  3. ^ Фархад Мірзаеў. 2.1.1 Рымскія карані // «Як валодаеце» супраць самавызначэньня: урокі пасьлясавецкай практыкі = Uti possidetis versus self-determination: the lessons of the post-Soviet practice. — Лестэр: Лестэрскі ўнівэрсытэт, 2014. — С. 31. — 318 с.