Мэнглі I Гірэй

Крымскі хан

Мэ́нглі I Гірэ́й (па-крымскататарску: I Meñli Geray, ١ منكلى كراى‎; 1445—1515) — крымскі хан з дынастыі Гірэяў. Шосты сын першага крымскага хана Хаджы I Гірэя, дзед султана Асманскай імпэрыі Сулеймана Пышнага.

Мэнглі I Гірэй
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1445
Памёр: 17 красавіка 1515
Сужэнец: Nur Sultan[d]
Дзеці: Айшэ Хатун ІІ[d], Саадэт І Гірэй[d], Махмэт I Гірэй, Сахіб I Гірэй[d], Ахмат Гірэй[d][1] і Бурнаш Гірэй[d]
Бацька: Хаджы I Гірэй[2][3]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паводле некаторых зьвестак, правёў юнацтва і атрымаў выхаваньне ў генуэскім месьце-калёніі Кафе.

У 1467 зрынуў свайго старэйшага брата Нур Даўлета і заняў ханскую сталіцу Кырк-Ер, аднак неўзабаве быў выгнаны. Зьбег у Кафу, дзе зьвярнуўся па дапамогу да генуэзцаў і сабраў вакол сябе крымскіх беяў. Зь іхняй дапамогай у 1469 зрынуў брата Нур Даўлета і заняў ханскі сталец.

У 1475 падчас заваяваньня Крыму асманскімі войскамі быў зрынуты. За супраціў туркам арыштаваны і адвезены ў Канстантынопаль, дзе правёў у палоне 3 гады. У 1478 султан Мэхмэд II пасадзіў Мэнглі Гірэя на крымскі сталец з умовай прызнаньня ханам турэцкага вяршэнства. Ягоныя старэйшыя браты Нур-Даўлет і Айдэр уцяклі ў польска-літоўскія ўладаньні.

Мэнглі Гірэй працягваў палітыку бацькі, накіраваную на пазбаўленьне ўсялякай залежнасьці ад Залатой Арды. Вярнуўшыся на сталец у якасьці турэцкага васала, адбіў апошнія ардынскія набегі на Крым. У 1502 разграміў сталіцу Залатой Арды г. Сарай, што ў гістарычнай літаратуры лічыцца фіналам існаваньня Залатой Арды як дзяржавы.

Інтарэсы Мэнглі Гірэя ў барацьбе з Ардой супадалі з інтарэсамі Масквы, з ініцыятывы якой паміж дзьвюма краінамі быў заключаны цесны хаўрус. Гэта, у сваю чаргу, выклікала рэзкае пагаршэньне традыцыйна сяброўскіх адносін Крыму з Польшчай і Літвой, якія ў той момант знаходзіліся ў вострым канфлікце з Маскоўскім княствам з-за тэрытарыяльных дамаганьняў апошняй. У 1480 падчас «стаяньня на рацэ Вугры» Менглі Гірэй зьдзейсьніў паход на Падольле, прымусіўшы вялікага князя літоўскага Казімера Ягелончыка адмовіцца ад заплянаванага разам з ханам Залатой Арды Ахматам нападу на Масковію.

Пры актыўнай падтрымцы Масквы крымскія войскі зьдзяйсьнялі шматлікія набегі на літоўска-польскія ўладаньні. У верасьні 1482 вялікая арда захапіла і моцна пабурыла Кіеў. У 1485—1487 адбыліся некалькі наездаў на Падольле. У 1489 былі спустошаныя Падольскае і Кіеўскае ваяводзтвы, у 1490 — Валынскае і Рускае. Увосені 1494 року крымская арда спустошыла Падольле і Валынь, разьбіўшы пад Вішнеўцам літоўска-польскае войска. У 1495—1499 неаднакроць былі разрабаваныя Валынь, Брацлаўшчына, Падольле, Галіччына, у 1500 Брацлаўшчына, Валынь, Берасьцейшчына, Белская, Львоўская, Холмская, Люблінская і Сандомірская землі. У 1502 сыны Мэнглі Гірэя ўзялі вялікі палон на Галіччыне, Сандоміршчыне і Любліншчыне. Увосені таго ж году крымчакі ўварваліся ў ВКЛ, дзе рабавалі ваколіцы Слуцку, Капылю, Клецку і Нясьвіжу. У 1503 крымскія аддзелы наяжджалі на Падольле і Кіеўскае ваяводзтва, выпалілі ваколіцы Наваградку і Слуцку, ды былі разьбітыя літвінамі пад Гарадком.

У 1505 ханскія сыны Біты і Бурнаш Герай ізноў уварваліся ў Вялікае Княства Літоўскае, спустошылі і разрабавалі ваколіцы Менску, Слуцку, Наваградку, Полацку, Віцебску і Друцку. Мэхмэд Герай з галоўнымі сіламі абклаў і штурмаваў Менск, захапіў вялікую колькасьць палонных і багатую здабычу.

Улетку 1506 року 20-тысячная татарская арда зноў уварвалася ўглыб ВКЛ. Крымчакі разбурылі і выпалілі ваколіцы Наваградку, Слуцку, Ліды, Ашмянаў, Крэва, Ваўкавыску і Гародні. У жніўні літоўскае войска разьбіла арду пад Клецкам. Іншыя крымскія аддзелы спустошылі Падольле і Галіччыну. У 1510 50-тысячная крымская арда разрабавала літоўскія землі ўсутыч да Вільні. Увесну 1512 року 40-тысячная арда ўварвалася ў паўднёвыя літоўска-польскія ўладаньні, спустошыла Падольле і Валынь. У красавіку ў бітва пад Вішняўцом войска пад даводзтвам Канстанціна Астроскага і Мікалая Камянецкага разьбілі пераўзыходныя сілы крымчакоў.

У апошнія гады жыцьця Мэнглі Гірэй разарваў хаўрус зь вялікім князем маскоўскім Васілём III і ладзіў наезды на пагранічныя маскоўскія ўладаньні.

Пабудаваў новую ханскую рэзыдэнцыю — Даўлет-Сарай, надаўшы тым самым рысы гарадзкога паселішча Салачыку (цяпер ускраіна Бахчысараю), у якім разьмяшчаўся новы палац. Апроч палацу, тут быў выбудаваны культава-адукацыйны комплекс зь мячэтам і навучальнай установай.

Памёр у 1515 року.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гайворонский О (А. Е.). Созвездие Гераев. Краткие биографии крымских ханов. — Симферополь: «Доля», 2003.
  1. ^ Яз. Ахматъ-Гирей (рас.) // Энциклопедический лексиконСПб: 1835. — Т. 3. — С. 496—497.
  2. ^ Яз. Ази-Гирей (рас.) // Энциклопедический лексиконСПб: 1835. — Т. 1. — С. 240.
  3. ^ Н. В—ко Менгли-Гирей I (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XIX. — С. 79.