Бабчын

былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Ба́бчын[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Бабчын
лац. Babčyn
Першыя згадкі: 1574 год
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Вышыня: 123 м н. у. м.
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254848006
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′7″ пн. ш. 30°0′28″ у. д. / 51.78528° пн. ш. 30.00778° у. д. / 51.78528; 30.00778Каардынаты: 51°47′7″ пн. ш. 30°0′28″ у. д. / 51.78528° пн. ш. 30.00778° у. д. / 51.78528; 30.00778
Бабчын на мапе Беларусі ±
Бабчын
Бабчын
Бабчын
Бабчын
Бабчын
Бабчын
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Сяло Бабчын у дзельчым лісьце 1574 г.[2]

Найбольш раньняя пакуль згадка пра

Село Бабчин з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесы, чертежами, полми и сеножатми и ловы зверинными

сустрэтая ў лісьце ад 15 (25) сакавіка 1574 г. князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб разьдзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павету Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[3]. У датаваным 13 (23) днём сакавіка месяца 1581 г. дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa [Hubarowicz] y Babczyna»[4]. 18 траўня 1595 г. Бабчын згаданы ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненьнем аб скасаваньні ўзаемных прэтэнзій паміж уладальнікамі часткі Брагінскага маёнтку князямі Міхалам і Юрыем Міхайлавічамі Вішнявецкімі і ўладальнікам Астраглядаўскіх добраў панам Шчасным Харлінскім[5].

У 1628 г. князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з трох дымоў у Бабчыне плаціў 9 злотых[6].

 
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.

Паловай Брагінскага замку і места зь сёламі, сярод якіх быў і Бабчын валодаў, а ў 1638 г. заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[7].

Сярод казакоў, захопленых у палон пасьля бітвы пад Загальлем, у дакумэнце датаваным 29 чэрвеня 1649 г., названы Фурс з Бабчына, падданы князя Ярэмія Міхала Вішнявецкага[8]. У 1683 г. пан Канецпольскі мусіў плаціць падатак з 17 дымоў вёскі Бабчын[9]. 14 верасня 1686 г. лясьнічы Лаўрын з Бабчына пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што так з-за казакоў, як і з-за войска ВКЛ, зь вёскі адыйшлі 17 дымоў (×6 — прыкладна 102 жыхары)[10]. У справе таго ж суда ад 28 чэрвеня 1687 г. Бабчын названы сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 г.) пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. На той час тут засталося 26 дымоў (каля 156 жыхароў), а разьмясьціліся на пастой 30 казакоў ажно з паўсотняй коней. Казакі сотні Русановічавай «na gruntach babczyńskich» забілі і абрабавалі брагінскага купца Гірша з Турава, які вяртаўся з кірмашу, а здабычу адвезьлі да палкоўніка. Адным зь сьведкаў у справе выступіў бабчынскі войт Гаўрыла Гацучэнка[11].

У акце ад 22 верасьня 1715 г. сказана, што губарэвіцкія сяляне пана маршалка мазырскага Антонія Аскеркі, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, папалілі стагі сена, прыналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынэлі, жыхарам вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі. У выніку, убогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за браку сена не мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца[12]. У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.» Бабчын – у палове Брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дэрпцкі падкаморы А. Бандынэлі[13]. Паводле "Апісаньня цэркваў места Рэчыцы і Рэчыцкага павету, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансысторыі" 1796 г., у Бабчыне ў 1736 годзе ўзьведзены драўляны будынак Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы. Маецца таксама запіс пра фундуш 1741 г. князя Вішнявецкага[14][a]. Тым фундатарам, відавочна, выступіў князь Міхал Сэрвацы, які ад 1733 г. пачаў пісацца «графам на Брагіне»[15]. Згодна з Генэральнай візытай Брагінскага дэканату, на 1743 год у прыходзе царквы Ўзьдзьвіжаньня Сьвятога Крыжа сяла Бабчына князёў Вішнявецкіх налічвалася 107 двароў, дапушчаных да споведзі 521 душа. Узначальваў прыход сьвятар Рыгор Леановіч[16].

 
Бабчын на мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[17].

У 1754 г. з 27 двароў[b] (каля 162 жыхароў) сяла Бабчын Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 4 злотыя, 5 з пал. грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 16 зл. і 22 гр.[18] У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

 
Бабчын і яго ўгодзьдзі ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 г., на хутары Бабчын жылі адпаведна 6, 4 і 2 głowy – плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[19]. Ці не Каліеўшчына 1768 г. выклікала няўхільнае зьмяншэньне тут колькасьці насельнікаў-габрэяў?

Вёска Бабчын, угодзьдзі царквы і людзей бабчынскіх згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Бабчын на схематычным плане Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Бабчын – у межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[20]. У 1795 г. сяло Бабчын, частка якога была ў заставе ў пана Прыбары, разам з хутарамі Чахі, Рудыя і сялом Губарэвічы належаў пану падстарасьце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[21], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[22], дачку ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. застаўным ад графа Ракіцкага ўладальнікам фальварку Бабчын і сялом з 120 (на 1795 г.) душамі сялян мужчынскага полу названы былы рэчыцкі гродзкі судзьдзя Пётар Прыбара[23]. Ад 1816 г., паводле А. Ельскага, згодна з сямейным пагадненьнем уладальніцай фальваркаў Бабчын і Мокіш стала Людвіка, дачка Ігнацыя, Аскерка[24]. У 1834 г. гаспадыняй Рудакоўскага маёнтку разам з Бабчынам і інш. была ўдава брата Людвікі Ўладыслава Ядзьвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы І. Нямшэвіч у мэтрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[25]. Тады ў сяле было 53 двары.

 
Бабчын на трохвярстовай мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г.

1 (13) лістапада 1844 г. складзены інвентар, паводле якога Рудакоўскі маёнтак з фальваркамі Бабчын і Мокіш быў уласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава. Прозьвішчы жыхароў Бабчына – Кірко (шмат), Курыленкі, Дашукі, Мятліцкі, Зелянкоўскія, Шарэпа, Курапей, Скуранок, Бакуненка, Марціненка, Зенчанка, Кавалёнак, Краўчанок, Станеўскі[26]. У 1850 г. 315 жыхароў. 20 ліпеня 1856 году ў Бабчыне ў сям'і лясьнічага, двараніна Слуцкага павету Гэнрыка Пяткевіча нарадзіўся сын Чэслаў, будучы таленавіты дасьледчык Палесься[27]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 340 жыхароў сяла Бабчын зьяўляліся прыхаджанамі Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 12 мужчын і 19 жанчын былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[28].

У парэформавы пэрыяд Бабчын – у Мікуліцкай воласьці. Да свайго спачыну ў 1866 г. маёнткам валодаў Гэнрык Аскерка, а пасьля яго дочкі Марыя і Алена. На пачатак 1870 года тут — 150 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Бабчынскага сельскага таварыства[29]. У 1876 годзе да прыходу Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, акрамя Бабчына, належалі сем вёсак — Чахі, Рудыя, Варацец, Рудакоў, Мокіш, Высокае і Лісьцьвін. Настаяцель сьвятар Васіль Шахновіч, штатны псаломшчык Канстанцін Васанскі, звышштатны Васіль Кладкевіч, просьфірня Сінклітыкія Анціповіч[30]. На 1879 год прыход налічваў 909 душ мужчынскага і 1007 жаночага полу верных. Настаяцелем быў сьвятар Міхаіл Драздоўскі[31]. У 1885 годзе 56 двароў, 357 жыхароў, дзейнічала вінакурня, млын. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) належаў Алене (Аскерчанцы) Ваньковіч[32]. У Бабчыне на той час (з 1 студзеня 1888 году) існавала двухклясная царкоўна-прыходзкая школа, узровень навучаньня ў якой атрымаў высокую адзнаку інспэктара зь Менску протаярэя Паўла Афонскага. Заслуга ў тым айца Міхаіла Драздоўскага, Станіслава Ваньковіча і настаўнікаў[33]. Паводле перапісу 1897 г. 92 двары, 523 жыхары, царква, капліца, школа, крама, ветраны млын. Фальварак (2 двары і 51 жыхар).

 
Цэгла з кляймом Ваньковічаў, зь якой узьведзены будынак школы ў Бабчыне. Фота У. Смольскага. 2022 г.

На 1903 год пры Крыжаўзьдзьвіжанскай царкве згаданыя аднаклясная жаночая драўляная і дзьвюхклясная настаўніцкая мураваная школы[34]. У 1905 годзе створаны сялянскі саюз. На 1909 год у сяле Бабчын 120 двароў, 713 жыхароў, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў[35]. У 1911 г. уладальніца маёнтку А. Ваньковіч[36].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бабчын у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[37].

 
Аўген Калубовіч за два месяцы перад арыштам 1930 г. Хвойнікі.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

 
Бабчын і навакольлі на мапе 1924-26 гг.

З 8 сьнежня 1926 году — у складзе БССР; да 16 ліпеня 1954 году цэнтар Бабчынскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году па 26 ліпеня 1930 году — Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 году — Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры, з 8 лютага 1954 году — Гомельскай вобласьці.

У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. існавала антыбальшавіцкая моладзевая "Беларуская Арганізацыя Альтруістых", лідарам якой быў студэнт Бабчынскага пэдагагічнага тэхнікуму[c] Аўген Калубовіч. Арыштаваны 30 траўня 1930 г. і высланы ў Котлас. У тым жа 1930 годзе ў вёсцы арганізаваны калгасы «Камінтэрн» і «Кастрычнік». Працавалі 2 ветраныя млыны, 4 кузьні.

Падчас нямецка-савецкай вайны 17 траўня 1943 году нямецкія акупанты расстралялі 21 мясцовага жыхара. На фронце і партызанскай барацьбе загінулі 294 жыхары вёскі і вёсак, што ўваходзілі ў калгас «Кастрычнік». У памяць пра загінулых у 1970 годзе ў цэнтры вёскі, у сквэры, усталяваная культурная кампазыцыя.

Паводле перапісу 1959 г. у вёсцы 923 жыхары, цэнтр калгасу «Кастрычнік». Дзейнічалі лясьніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фэльдшэрска-акушэрскі пункт, аддзяленьне сувязі, крама.

20 верасьня 2011 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[39].

Геаграфія

рэдагаваць

За 12 км на поўдзень ад раённага цэнтру Хвойнікі і чыгуначнай станцыі ў гэтым горадзе, разьмешчанай на галіне ВасілевічыХвойнікі адыходнай ад лініі БерасьцеГомель, за 122 км ад Гомелю.

Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (ПДРЭЗ).

Транспартная сыстэма

рэдагаваць

Транспартная сувязь па прасёлкавай, а затым па аўтадарозе ХвойнікіБрагін. Жылых хатаў няма (2004 год). Пляніроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да яе прымыкае кароткая вуліца з мэрыдыянальнай накіраванасьцю і на поўначы прымыкае зьлёгку выгнутая вуліца. На захадзе невялікія адасобленыя ўчасткі забудовы. Забудова двухбаковая, хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.

Водная сыстэма

рэдагаваць

На поўдні і захадзе мэліярацыйныя каналы, зьвязаныя з Паганянскім каналам.

Экалёгія і прырода

рэдагаваць

Непадалёк ад вёскі ёсьць паклады торфу.

У сувязі з радыяцыйным забруджваньнем пасьля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (194 сям’і) пераселеныя ў месцы не забруджаныя радыяцыяй.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1834 год — 53 двары
  • 1850 год — 315 жыхароў
  • 1885 год — 56 дворов, 357 жыхароў
  • 1897 год — 92 двары, 523 жыхары (паводле перапісу)
  • 1908 год — 120 двароў, 713 жыхароў
  • 1959 год — 839 жыхароў (паводле перапісу)
  • 2004 год — жыхароў няма
 
Чэслаў Пяткевіч, партрэт і аўтограф.
  • Чэслаў, сын Гэнрыка, Пяткевіч — беларускі і польскі этнограф, фальклярыст
  • Мікола Мятліцкібеларускі паэт[40]
  • Людміла Казлоўская (Берасьнева) (1936—2020) — беларускі эканаміст. Доктар эканамічных навук (1983), прафэсар (1989)
 
Бабчынская сярэдняя школа. Фота пачатку 1970-х гг.
 
7-я група (кляс) Бабчынскай школы ІІ ступені. 1929 г.
  1. ^ С. В. Марцэлеў у энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» (2005) адвольна сьцьвярджаў нібы Бабчынская царква паўстала «паблізу месца, дзе раней разьмяшчаўся замак уладальніка мястэчка [?] Вішнявецкага». Той самы аўтар, ізноў жа з уласнай ініцыятывы, у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1985) зьмясьціў замак князёў Вішнявецкіх у Гарадзішчы Брагінскага раёну (сучасны пасёлак Тэльман, гл.: Двор-Гарадзішча). Але вядома, што людзі гэтага роду мелі замак у рэгіёне толькі ў самым Брагіне.
  2. ^ Колькасьць двароў вынікае з запісу «Wieś Babsztyn do Brahynia, szesnastka i chałup siedm».
  3. ^ «Правей Рудакова — пасада былой дзевяцігодкі з пэдагагічным ухілам, пазьней рэарганізаванай у тэхнікум. У вагромністым садзе, абнесеным тынам і гонкімі таполямі, із цэлага комплексу будынкаў вылучаецца двух-павярховы мур.»[38].
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 316
  2. ^ НГАБ у Менску. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 871. А. 18адв.
  3. ^ Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 185 – 194 Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава
  4. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  5. ^ Źródła dziejowe. T. XXІ: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów – Bracław). / A. Jabłonowski. – Warszawa, 1894. S. 14
  6. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 393
  7. ^ Tomkiewicz W. Jeremi Wiśniowiecki (1612—1651) / W. Tomkiewicz. — Warszawa, 1933. S. 112, 113; зьвесткі пра паселішчы: Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
  8. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. Т. 1 (1648 – 1649). – Київ, 2012. С. 264, 266
  9. ^ Архив ЮЗР. С. 489
  10. ^ АрхивЮЗР. С. 550 – 551
  11. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716). – Киев, 1868. С. 148, 150 – 151, 157
  12. ^ АрхивЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648 – 1798). – Киев, 1871. С. 379
  13. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 283 – 285
  14. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 32 – 32адв., 105
  15. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  16. ^ Візыты Брагінскага дэканату 1743 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. І. 2461. А. 288
  17. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
  18. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
  19. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  20. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  21. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
  22. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  23. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 195
  24. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. 9. S. 901
  25. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
  26. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465. Пра род Аскеркаў гербу Мурдэліо гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. – Мінск, 2002. Т. 1. С. 328 – 334
  27. ^ Часлаў Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 6
  28. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  29. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  30. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  31. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15—16
  32. ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364
  33. ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1888. № 10. С. 281, 283 – 284, 289; 1891. № 2. С. 62 – 82
  34. ^ НГАБ. ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 19-19адв.
  35. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 5
  36. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. – Б. м. С. 4
  37. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  38. ^ Аўген Калубовіч. На крыжовай дарозе. Успаміны. — Клыўлэнд, 1986. С. 8
  39. ^ Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района (рас.) / Решение Хойникского районного Совета депутатов от 20 сентября 2011 г. № 68
  40. ^ Біяграфія Міколы Мятліцкага. Вершы.ru. Праверана 19 красавіка 2011 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI – XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 – 27, 29 – 31
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.