Беларуская моладзь
Белару́ская мо́ладзь — штоквартальны часопіс беларускае моладзі ў ЗША. Выдаваўся ў 1959—1967 і 1972—1980 у Нью-Ёрку на беларускай і ангельскай мовах.
Выйшла 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаваньне беларускай моладзі ў Амэрыцы, Саюз беларуска-амэрыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Меў прадстаўнікоў у 5 гарадох ЗША, у Лёндане, Бэльгіі, Францыі, Канадзе й Аўстраліі. У 1972—1980 у склад рэдкалегіі ўваходзілі Ю.Азар-ка, Л.Вініцкая, В.Дунец, Н.Запруднік, Э.Пашкевіч, А.Пляскач, Р.Станкевіч, Г.Тумаш. На старонках часопіса друкаваліся гістарычныя й літаратурна-мастацкія матэрыялы, хроніка культурнага жыцьця беларускае эміграцыі, у тым ліку моладзі й студэнцтва ў розных краінах сьвету, творы беларускіх пісьменьнікаў і дзеячаў культуры А. Адамовіча, Натальлі Арсенневай, Хведара Ільяшэвіча. В. Селях-Качанскага, Станіслава Станкевіча, Янкі Станкевіча, М. Сядаёша, К. Юхневіча, а таксама Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Рыгора Барадуліна, С. Панізьніка й іншых. Некаторыя творы — у перакладзе на ангельскую мову. Зьмешчаныя ўспаміны: А. Адамовіча «Лірнік краіны ветлай» пра Міколу Равенскага (1961. № 12; 1962. № 13, 16; 1963. № 17); Яўхіма Кіпеля «Беларуская хатка» (1960. № 5), «Студэнцтва Беларускага ўнівэрсытэта ў Менску (пачатак 20-х гадоў)» (1961. № 9), «Апошнія дні Ўладзіміра Жылкі» (1962. № 13), "Сорак гадоў часопісу «Полымя»" (1963. № 17); Франца Кушаля «Нязьдзейсьненыя спадзяваньні» (1964. № 21) і «Падрэзаныя крылы» (1964. № 22); Янкі Станкевіча «Саматужныя школы» (1963. № 17); Селях-Качанскага «Трыумф беларускага тэатра» (1964. № 21); А. С. «На Лысай Гары» (1961. № 11) пра Янку Купалу; О. Залізьняк пра Аляізу Пашкевіч (1962. № 15): А. Уласава "Якуб Колас і «Наша ніва» (1963. № 17); В. Д. пра беларускую афіцэрскую школу ў Менску (1964. № 20) і інш. Сярод найбольш значных — публікацыі Юстыча «Смаленшчына — частка Беларусі» (1959. № 1, 3, 4), «Наша моладзь у Мантрэалі» (1961. № 11, без аўтара), М. Віленскага «Беларускія школы на эміграцыі» (1962. № 16). На ангельскай мове зьмешчаныя публікацыі Ліцьвіна «Беларусь паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі» (1961. № 10—12; 1962. № 13), «Беларусь падчас другой сусьветнай вайны» (1962. № 14) і «Беларусь пасьля 1945» (1962. № 15); Р. Станкевіч «Згуртаваньню беларуска-амэрыканскай моладзі — 30 гадоў» (1980. № 1, 2), творы В. Запруднік, П.Нэдуэл і іншых. 3 1972 існавала англамоўная рубрыка «Амэрыканцы гавораць пра Беларусь».
Літаратура
рэдагаваць- Васілеўскі Ю. Р. «Белару́ская мо́ладзь». // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1993 Т. 1: А — Беліца. — С. 382.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Архіў часопіса «Беларуская моладзь» ў Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Камунікат
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |