Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры

звод заканадаўства Беларусі аб захаваньні і выкарыстаньні культурных каштоўнасьцяў

Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб культу́ры — звод заканадаўства Беларусі аб захаваньні і выкарыстаньні культурных каштоўнасьцяў, які набыў моц у лютым 2017 году.

кодэкс
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры
Заканадаўчы орган
Нумар 413-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
24 чэрвеня 2016 (8 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
30 чэрвеня 2016 (8 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
20 ліпеня 2016 (8 гадоў таму)
Уступ у сілу 2 лютага 2017 (7 гадоў таму)
Першая публікацыя 2 жніўня 2016 (8 гадоў таму)
Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, № 2/2412

Паводле 5-га артыкула Кодэксу, ім вызначаюцца: «ўвоз і вываз, вяртаньне культурных каштоўнасьцяў; ахова гісторыка-культурнай спадчыны; ахова археалягічнай спадчыны; бібліятэчная справа; музэйная справа; народныя мастацкія рамёствы; кінэматаграфічная дзейнасьць; арганізацыя і правядзеньне культурных мерапрыемстваў; дзейнасьць прафэсійных калектываў мастацкай творчасьці; дзейнасьць аматарскіх і аўтэнтычных фальклёрных калектываў мастацкай творчасьці; арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва; дзейнасьць па эстэтычным выхаваньні грамадзянаў; аказаньне мэтадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасьці; заахвочваньні ў сфэры культуры; міжнародная супраца ў сфэры культуры». На 2020 год налічваў 257 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку ў складзе 2-х разьдзелаў і Асаблівую частку ў складзе 3-х разьдзелаў. Замяніў сабой Закон ад 4 чэрвеня 1991 году «Аб культуры ў Беларускай ССР» і 17 законаў Рэспублікі Беларусь 1995—2014 гадоў[1]. На 2020 год Кодэкс аб культуры быў адзіным з 25 кодэксаў Беларусі, які існаваў толькі на беларускай мове[2].

Агульная частка

рэдагаваць

Агульная частка Кодэксу Беларусі аб культуры налічвала 65 артыкулаў у складзе 2-х разьдзелаў: 1) «Асновы прававога рэгуляваньня ў сфэры культуры», 2) «Суб’екты культурнай дзейнасьці». Большым быў 2-і разьдзел у складзе 34 артыкулаў (32—65). У 2-м артыкуле Кодэксу 2-м зь 17 прынцыпаў грамадзкіх дачыненьняў у галіне культуры называўся «прыярытэт разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры і прызнаньне беларускай мовы адным з фактараў фармаваньня нацыянальнага мэнталітэту». Паводле 8-га артыкула, 1-м з 30 напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры зьяўляецца «захаваньне, разьвіцьцё, распаўсюд і папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры і мовы»[1].

Рэгуляваньне

рэдагаваць

Першы разьдзел Кодэксу аб культуры зьмяшчаў 31 артыкул у складзе 6 главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Заканадаўства аб культуры і яго дзеяньне», 3) «Дзяржаўная палітыка і дзяржаўнае кіраваньне ў сфэры культуры», 4) «Кантроль і грамадзкі кантроль у сфэры культуры», 5) «Фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне ў сфэры культуры», 6) «Міжнародная супраца ў сфэры культуры». Найбольшай была 3-я глава ў складзе 11 артыкулаў (8—18), якая акрэсьлівала: напрамкі дзяржаўнай палітыкі; дзяржаўныя праграмы захаваньня, разьвіцьця, распаўсюду і папулярызаваньня культуры; дзяржаўнае кіраваньне і паўнамоцтвы прэзыдэнта, Савета міністраў і Міністэрства культуры Беларусі, а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; узаеміны дзяржаўных органаў з установамі тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня і грамадзкімі аб’яднаньнямі; супрацу дзяржаўных органаў з прадпрыемствамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі; сацыяльна-творчыя заказы і падтрымку адоранай моладзі. Паводле 12-га артыкула, «Савет міністраў Рэспублікі Беларусь у сфэры культуры: 1) забясьпечвае правядзеньне дзяржаўнай палітыкі; 2) зацьвярджае дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты; 3) зацьвярджае парадак стварэння і прыёмкі твораў манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва; 4) забясьпечвае разьвіцьцё міжнароднай супрацы». Згодна з 13-м артыкулам «Міністэрства культуры ў сфэры культуры:

  • праводзіць дзяржаўную палітыку;
  • каардынуе дзейнасьць іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня,
  • мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў;
  • распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя і іншыя праграмы, накіраваныя на захаваньне, разьвіцьцё, распаўсюд і папулярызацыю культуры;
  • вызначае агульную стратэгію разьвіцьця гэтай сферы;
  • арганізуе міжнародную супрацу;
  • стварае дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічае разьвіцьцю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;
  • забясьпечвае аказаньне мэтадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасьці;
  • арганізуе і праводзіць культурныя мерапрыемствы;
  • арганізуе і садзейнічае правядзеньню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалягічнай спадчыны,
  • вызначае мэтодыку падрыхтоўкі і правядзеньня эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якім пагражае зьнішчэньне ў выпадку надзвычайных сытуацыяў або ўзброенага канфлікту, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь;
  • прымае захады па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і лютасьці;
  • разьмяшчае сацыяльна-творчыя заказы;
  • забясьпечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі работнікаў культуры, пэдагагічных работнікаў установаў адукацыі ў сфэры культуры»[1].

Суб’екты

рэдагаваць

Другі разьдзел Кодэксу ўлучаў 34 артыкулы (32—65) у складзе 5 главаў: 1) «Грамадзяне»; 2) «Калектывы мастацкай творчасьці»; 3) «Арганізацыі культуры і падразьдзяленьні юрыдычных асобаў»; 3) «Установы адукацыі і навуковыя арганізацыі ў сфэры культуры, мэтадычныя цэнтры народнай творчасьці»; 4) «Творчыя саюзы»; 5) «Спонсары і мэцэнаты культуры». Найбольшай была глава «Грамадзяне» ў складзе 12 артыкулаў (32—43), якая вызначала: правы і абавязкі грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў; права на ўдзел у культурным жыцьці, годны ўзровень культурнага жыцьця і эстэтычнае выхаваньне; права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцьці; права на культурную самабытнасьць, адраджэньне, захавантне і разьвіцьцё нацыянальных культурных традыцыяў; права на свабоду аб’яднаньня і пацьверджаньне статусу творчых работнікаў, а таксама прававы стан работнікаў культуры. Паводле 42-га артыкула, «для пацьвярджэньня статусу творчага работніка вынікі творчай дзейнасьці павінныя: 1) адносіцца да твораў мастацкай літаратуры або мастацтва; 2) зьяўляцца новымі вынікамі інтэлектуальнай дзейнасьці, якія не існавалі раней; 3) быць створанымі на высокім мастацкім узроўні». Таксама прадугледжваецца, што такія мастацкія творы «публікаваліся, публічна выконваліся, іншым спосабам даводзіліся да ўсеагульнага ведама на працягу апошніх 3-х гадоў». Згодна з 41-м артыкулам «творчыя работнікі маюць права на: 1) псэўданім; 2) выкарыстаньне вынікаў сваёй творчай дзейнасьці; 3) абарону ад скажэньня іншымі асобамі вынікаў творчай дзейнасьці; 4) атрыманьне даходу ад сваёй творчай дзейнасьці; 5) ажыцьцяўленьне творчай дзейнасці сумесна зь іншымі грамадзянамі; 6) ахову сакрэтаў прафэсійнага майстэрства»[1].

Асаблівая частка

рэдагаваць

Асаблівая частка Кодэксу аб культуры 2016 году зьмяшчала 192 артыкулы (65—257), што складала 75% усіх артыкулаў Кодэксу. У Асаблівай частцы Кодэксу налічвалася 3 разьдзелы: 1) «Культурныя каштоўнасьці», 2) «Культурная дзейнасьць», 3) «Заключныя палажэньні». Найбольшым быў разьдзел пра культурнуўю дзейнасьць у складзе 174 артыкулаў (79—252)[1].

Культурныя каштоўнасьці

рэдагаваць

Трэці разьдзел Кодэксу «Культурныя каштоўнасьці» налічваў 13 артыкулаў (66—78) у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб культурных каштоўнасьцях»; 2) «Увоз і вываз, вяртаньне культурных каштоўнасьцяў». Большай была першая глава пра агульныя палажэньні ў складзе 10 артыкулаў (66—75), якая апісвала: віды культурных каштоўнасьцяў; матэрыяльныя і нематэрыяльныя культурныя каштоўнасьці і іх увасабленьне; права ўласнасьці на іх; пераважнае права набыцьця долі ў гісторыка-культурнай каштоўнасьці; правы ўласьніка матэрыяльнай славутасьці; абмежаваньне правоў і абавязкі ўласьніка матэрыяльнай славутасьці, а таксама землекарыстальніка такой нерухомай славутасьці. У 66-м артыкуле ў якасьці віду культурнай каштоўнасьці згодна з асаблівасьцю захоўваньня і выкарыстаньня вылучалі Нацыянальны архіўны, Бібліятэчны і Музэйны фонды Рэспублікі Беларусь. Згодна з 68-м артыкулам у якасьці матэрыяльных культурных каштоўнасьцяў згадваліся творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і садова-паркавага мастацтва, а таксама нэкропалі. Паводле 69-га артыкула, «да нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў адносяцца звычаі, традыцыі, абрады, вусная народная творчасьць, беларуская мова, іншыя мовы, іменаслоўныя традыцыі і традыцыйныя нацыянальныя формы звароту да людзей, зьмест геральдычных аб’ектаў, уласных геаграфічных назваў і вырабаў народных мастацкіх рамёстваў». Згодна зь 73-м артыкулам «для ўласьніка калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў дзяржаўныя музэі, бібліятэкі, архівы, іншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы на бязвыплатнай аснове: 1) вызначаюць індывідуальныя ўмовы ўтрыманьня і выкарыстаньня калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у цэлым і яе асобных прадметаў; 2) дапамагаюць у правядзеньні навуковай апрацоўкі прадметаў калекцыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў; 3) захоўваюць калекцыю гісторыка-культурных каштоўнасьцяў; 4) выкарыстоўваюць у навуковых мэтах і мэтах экспанаваньня перададзеную на захоўваньне калекцыю гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і прымаюць захады па забесьпячэньні яе захаваньня ў час экспанавання і перавозкі»[1].

Культурная дзейнасьць

рэдагаваць

Чацьверты разьдзел Кодэксу «Культурная дзейнасьць» улучаў 174 артыкулы (79—252), што складала 68% усіх артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 12 главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб культурнай дзейнасьці», 2) «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны», 3) «Ахова археалягічнай спадчыны», 4) «Бібліятэчная справа», 5) «Музэйная справа», 6) «Народныя мастацкія рамёствы», 7) «Кінэматаграфічная дзейнасьць», 8) «Культурныя мерапрыемствы», 9) «Дзейнасьць прафэсійных калектываў мастацкай творчасьці», 10) «Дзейнасьць аматарскіх і аўтэнтычных фальклёрных калектываў мастацкай творчасьці», 11) «Арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва», 12) «Заахвочваньні ў сфэры культуры». Найбольшай была глава «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны» ў складзе 41 артыкула (82—122). У гэтай главе згадваліся: віды матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў (ГКК); Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны; выпадковае і прафэсійнае выяўленьне і вылучэньне культурнай каштоўнасьці для наданьня статусу славутасьці (ГКК); дзеяньні мясцовага і распарадчага органа пры такім выяўленьні; парадак унясеньня прапановы аб наданьні такога статусу; фіксаваньне, навуковая апрацоўка і мастацкая ацэнка культурнай каштоўнасьці; крытэры і вынікі наданьня статусу славутасьці; выплата ўзнагароджаньня за выяўленьне скарба; катэгорыі славутасьцяў; Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь і яго зьвесткі; улучэньне славутасьцяў у Сьпіс сусьветнай спадчыны; пашпарт матэрыяльнай славутасьці; парадак утварэньня, вядзеньня і выкарыстаньня Банка зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі; захады захаваньня славутасьцяў; забесьпячэньне захаваньня і зоны аховы нерухомых матэрыяльных славутасьцяў; забесьпячэньне захаваньня рухомых матэрыяльных і нематэрыяльных славутасьцяў; прадухіленьне пагрозы захаваньню і зьмяненьне матэрыяльных славутасьцяў; недапушчэньне пагаршэньня ўмоваў успрыманьня нерухомых матэрыяльных славутасьцяў; віды навуковых дасьледаваньняў, праектаваньня і рэстаўрацыі матэрыяльных славутасьцяў, а таксама дазвол на іх выкананьне; распрацоўка і ўзгадненьне дакумэнтацыі для рэстраўрацыі, а таксама нагляд пры яе выкананьні; прыняцьце нерухомай славутасьці пасьля рэстаўрацыі; ахоўны абавязак і выкарыстаньне матэрыяльнай славутасьці[1].

Згодна з 96-м артыкулам Кодэксу матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці падзяляюцца на 4 катэгорыі паводле значнасьці: 1) рэгіянальная («3»); 2) нацыянальная («2»); 3) міжнародная («1»); 4) сусьветная («0») — уключаная або прапанаваная для ўключэньня ва ўстаноўленым парадку ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны або Сьпіс сусьветнай загрожанай спадчыны. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці падзяляюцца на 2 катэгорыі паводле самабытнасьці: 1) «Б» — адноўленая на другасным матэрыяле ці аб’ектыўна з часам можа зьмяняцца; 2) «А» — безумоўная, нязьменная і поўная аўтэнтычнасьць і дакладнасьць. Паводле 92-га артыкула, «статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці надаецца культурным каштоўнасьцям, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і дакумэнтальныя вартасьці і адпавядаюць аднаму з наступных крытэраў:

  1. зьяўляюцца адным з фактараў фармавання нацыянальнага мэнталітэту;
  2. маюць значнасьць з пункту гледжаньня гісторыі, археалёгіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, эстэтыкі, этналёгіі або антрапалёгіі, культуры і аказалі значны ўплыў на разьвіцьцё краіны або асобнага яе рэгіёну;
  3. непасрэдна зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю знакамітых асобаў, гістарычнымі падзеямі, традыцыямі, вераваньнямі або ідэямі і перакананьнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і духоўнага разьвіцьця беларускага народу;
  4. зьяўляюцца аўтэнтычнымі з пункту гледжаньня аўтарскай задумы і яе рэалізацыі, выкарыстаных пры стварэньні матэрыялаў, захаванасьці навакольнага асяродзьдзя або найбольш значных яго элемэнтаў;
  5. уяўляюць сабой выдатны прыклад фармавання краявіду, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага пэрыяду гісторыі беларускага народу;
  6. зьяўляюцца выдатным мастацкім узорам, створаным або пераўтвораным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці створаным беларусамі замежжа»[1].

Заключныя палажэньні

рэдагаваць

Пяты разьдзел Кодэксу аб культуры «Заключныя палажэньні» налічваў 5 артыкулаў (253—257) і ўносіў папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь датычна археалёгіі і рамёстваў. Паводле 254-га артыкула, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры замяніў сабой Закон ад 4 чэрвеня 1991 году «Аб культуры ў Беларускай ССР» і 17 законаў Рэспублікі Беларусь 1995—2014 гадоў, у тым ліку: 1) ад 22 сакавіка 1995 году «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь»; 2) ад 9 ліпеня 1999 году «Аб народным мастацтве, народных промыслах у Рэспубліцы Беларусь»; 3) ад 16 сьнежня 1999 году «Аб творчых саюзах і творчых работніках»; 4) ад 14 чэрвеня 2004 году «Аб кінэматаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь»; 5) ад 12 сьнежня 2005 году «Аб музэях і Музэйным фондзе Рэспублікі Беларусь»; 6) ад 9 студзеня 2006 году «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Згодна з 256-м артыкулам Савет міністраў Рэспублікі Беларусь меў «у 6-месячны тэрмін забясьпечыць прывядзеньне актаў заканадаўства ў адпаведнасьць з гэтым Кодэксам». У 257-м артыкуле згадвалася, што артыкулы 1—255 Кодэксу аб культуры набываюць моц «праз 6 месяцаў пасьля афіцыйнага апублікаваньня гэтага Кодэксу»[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2 жніўня 2016 г. Праверана 28 чэрвеня 2020 г.
  2. ^ Удасканаленьне працы аўтаматызаваных сыстэм па тэкстах юрыдычнай тэматыкі (14 кодэксаў па-беларуску) // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 28 чэрвеня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць