Сэту (этнас)
Сэ́ту (саманазвы setu, seto), пскоўская чудзь — нешматлікі фіна-вугорскі народ на паўночным захадзе Ўсходняй Эўропы (у памежных рэгіёнах Эстоніі і Расеі, якія да 1920 року ўваходзілі ў склад Пскоўскае губэрні). Большасьць прадстаўнікоў этнасу валодае мовай сэту, вызнае праваслаўе і мае грамадзянства Эстоніі.
Сэту | |
setu, seto | |
Агульная колькасьць | 10 197 |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Эстонія Расея |
Мовы | эстонская сэту расейская |
Рэлігіі | праваслаўе |
Блізкія этнасы | эстонцы, фіны, карэлы, вепсы |
Гістарычная вобласьць пражываньня народа сэту носіць назву Сэтумаа. У 1920 року гэты рэгіён цалкам перайшоў да Эстоніі, аднак пасьля прыходу Чырвонай арміі ў 1944 року РСФСР анэксавала частку тэрыторыі зь Пячорамі. Пасьля развалу СССР народ сэту апынуўся падзелены між двума асобнымі дзяржавамі.
Дакладную колькасьць сэту высьветліць цяжка, бо гэтая этнічная група не занесеная ў сьпісы народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Расеі і Эстоніі, але найчасьцей іх лічбу ацэньваюць у 10 тысячаў чалавек (паводле іншых зьвестак — ня больш за 2—5 тыс.). Пры перапісах насельніцтва сэту звычайна залічваюць да эстонцаў ці расейцаў.
Найбольшага росквіту культура сэту дасягнула напачатку XX стагодзьдзя: дзейнічала мноства адукацыйных і культурніцкіх таварыстваў. Пасьля атрыманьня Эстоніяй незалежнасьці эстонскія ўлады лічылі сэтаў часткай эстонскай нацыі і намагаліся выкараніць іхнія традыцыі, звычаі й мову. З-за гэтага колькасьць гэтага этнасу значна зьменшылася, шмат хто зь іх запісваўся эстонцамі.
У Расеі паводле перапісу 2002 року 197 чалавек ідэнтыфікавалі сябе як сэту. У Эстоніі цяпер сэту афіцыйна маюць статус нацыянальнай меншасьці, але іх мова ўважаецца вырускім дыялектам эстонскай мовы, і ў школах выкладаецца толькі апошняя. Самі сэту лічаць сваю мову самастойнай. У цяперашні час яна ўключаная ЮНЭСКО ў «Атлас моваў сьвету, якім пагражае зьнікненьне».
У адрозьненьне ад лютаранаў-эстонцаў большасьць сэту зьяўляюцца праваслаўнымі, што некаторыя навукоўцы адносяць яшчэ да пэрыяду хрысьціянізацыі Наўгародзкай рэспублікі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Незалежны фіна-вугорскі партал (рас.)
- Паходжаньне і дынаміка колькасьці сэту (рас.)
- Турыстычная бачына па Сэтамаа (эст.) (анг.) (рас.) (фін.) (ням.)
- Народ сэту ў фатаздымках // BBC