Эстонская кухня
Эсто́нская ку́хня — традыцыі прыгатаваньня ежы і нацыянальныя стравы эстонцаў. Пачаткова была заснаваная на мясе і бульбе, а на ўзьбярэжжах і ля азёраў — таксама і на рыбе. Моцны ўплыў на эстонскую кухню ў розныя часы аказалі нямецкая, швэдзкая і расейская кухні. Параўнальна з латыскай і летувіскай, эстонская кухня больш «марская». Сярод нацыянальных страваў Эстоніі можна назваць аржаны хлеб, сьвініну, бульбу і малочныя прадукты.
Харчовая сыравіна, тэхналёгія і кампазыцыйныя прыёмы эстонскай кухні даволі простыя, смак натуральны. З сыравіны найбольш характэрнымі зьяўляюцца бульба, рыба (асабліва салака), сьвініна і мясныя субпрадукты, малако, вяршкі, капуста, гарох, крупы і чорны хлеб. Ежа простая і пажыўная, часам тлустая. У традыцыйнай эстонскай кухні прадукты пераважна варацца ў вадкім асяродку, смажаньне ўжываецца рэдка. Эстонская кухня мала выкарыстоўвае спэцыі і закрасы. Акрамя солі й цыбулі традыцыйна ўжываліся кроп, пятрушка і кмен; маяран у крывянку, бабковы ліст і духмяны перац у халадзец. Асаблівасьць смаку дасягаецца ў выніку незвычайных спалучэньняў харчовае сыравіны (рыба са сьвіным салам, гарох з малаком). Агульны смак і водар эстонскай кухні — натуральны, крыху кісьлявы, малочны.
Мінуўшчына
рэдагавацьДа XIX стагодзьдзя эстонская кухня не вылучалася разнастайнасьцю. Аржаны хлеб зьяўляўся асноўным прадуктам харчаваньня. Само слова «хлеб» (па-эстонску: leib) па-эстонску азначае і ежу і харчаваньне наагул. З хлебам былі зьвязаныя разнастайныя прыкметы. Цэлы год, поплеч з хлебам, асноўнай ежай эстонцаў была салёная салака. Пілі квас або масьлянку, да сьвятаў варылі піва. Да нашых дзён папулярная кама — камбінаванае талакно з мукі, змолатае з папярэдне абсмажанага насеньня жыта, аўсу, ячмяню і гароху, якое зьмешвалі са сьвежым малаком або масьлянкай. У некаторых рэгіёнах елі аўсяны кісель з халодным малаком ці маслам.
Селянін улетку сыходзіў на поле падчас узыходу сонца і першы раз еў а 8—9-й гадзіне. Удзень абедалі ў полі, елі хлеб і салёную салаку. Галоўнай ежай дню была вячэра а 8—9-й вечара, на якую зьбіраліся ўсе жыхары хаты. Гатавалі гарохавы або бабовы суп, у сераду і суботу — кашу з крупы ці мукі. Толькі пасьля скасаваньня прыгоннага права, калі палі сталі разьмяшчацца ля хаты, зьявілася магчымасьць гатаваць гарачую ежу і ўдзень, галоўнай ежай стаў абед.
Разнастайнасьць у рацыён эстонцаў прыўносілі сьвяточныя і абрадавыя стравы. Да сьвята на стале зьяўляўся шэры хлеб сэпік(et). На Раство і Новы год рабілі каўбасы, першапачаткова з начыньнем з крупаў, пазьней з даданьнем крыві. Лічылі, што гэтая каўбаса — вантробы, напханыя крупой — прыносіць у хату шчасьце і дадбрабыт. У дзень вясельля і ў іншыя сьвяты абавязкова падавалі халадзец. На адведкі немаўляці прыносілі ячменную кашу ці аладкі зь ячменнае мукі.
Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, калі эстонцам стала вядомая бульба, яна выцесьніла шматлікія стравы і заняла другое месца пасьля хлеба. У другой палове XIX стагодзьдзя дзякуючы разьвіцьцю эканомікі і гандлю значна быў пашыраны выбар сыравіны, і тэхналёгіі прыгатаваньня ежы сталі разнастайнымі. Важным пэрыядам разьвіцьця эстонскай кухні быў пачатак XX стагодзьдзя, калі ў сувязі з эканамічным разьвіцьцём, пашырэньнем міжнародных сувязяў, зьяўленьнем жаночых часопісаў і курсаў гастраноміі стала фармавацца новае, крыху больш вытанчанае і разнастайнае пластаваньне эстонскай кухні. На сьвяточным стале поплеч з традыцыйным халадцом зьявіліся паштэт і ўсялякія салаты. Дома сталі гатаваць разнастайныя кансэрвы.
Пасьля аднаўленьня незалежнасьці міжнародныя кантакты краіны сталі пашырацца, і традыцыйная кухня стала губляць папулярнасьць. Але, напрыклад, на Раство эстонцы і да цяпер ставяць на стол халадзец, крывянку з соўсам з брусьніц і пражаніну са сьвініны з квашанай капустай. Да Масьленіцы выпякаюць булачкі са зьбітымі вяршкамі. А ўвечары на Янаў дзень паветра над Эстоніяй напаўняецца водарам шашлыку і каўбасак грыль.
У савецкі пэрыяд эстонская кухня празь дзяржаўную сыстэму грамадзкага харчаваньня трапіла пад уплыў расейскай, каўкаскай і нават сярэднеазіяцкай кухняў.
Сучаснасьць
рэдагавацьХалодны стол
рэдагавацьПершы кірунак у традыцыйнай эстонскай кухні заснаваны на халодных стравах, да якіх звычайна адносяцца халадзец, зьбіты паштэт зь пячонкі, бульбяная салата «Расалье», марынаваныя агуркі і гарбуз, рулецікі зь вяндліны з начыньнем, піражкі зь мясным, капусным, моркаўным, рысавым і іншым начыньнем, фаршыраваныя яйкі.
Рыбныя стравы, што складаюць халодны стол — марынаваная сьледзь са сьмятанай, копчаны або марынаваны вугор, ракі, салака, шпроты; імпартаваныя крабы і крыветкі лічацца далікатэсамі. Таксама папулярныя камбала, акунь і судак.
Супы
рэдагавацьСупы — дастаткова распаўсюджаная страва. Найболей пашыраныя бульбяныя, капусныя і гарохавыя супы на курыным булёне. Мяса адварваюць звычайна адзіным кавалкам.
У гарохавы і бабовы супы дадаюць копчаную сьвініну. Таксама закрасваюць супы масьлянкай, малаком або ёгуртам[1].
Малочныя стравы
рэдагавацьАсаблівае месца ў эстонскай кухні займаюць малочныя прадукты. Малако, масьлянка, ёгурт, тварог і хатні сыр уваходзяць у паўсядзённы рацыйн харчаваньня. Тыповы сьняданак — каша, амлет ці бутэрброды, апошнім часам таксама мюсьлі зь ёгуртам. Даволі шмат спажываюць кавы, аддаючы перавагу гатункам сьветлага смажаньня скандынаўскага кшталту.
Асноўныя стравы
рэдагавацьУ мясных другіх стравах пераважае нятлустая сьвініна. Эстонская кухня ўжывае мэтад павольнага адварваньня вялікіх кавалкаў мяса ў тоўстасьценным посудзе, духоўцы, або ў пячы на вугольлі. Яго дадаюць да другіх страваў звычайна з адварной бульбай. Зь пячонкі гатуюць стравы, адварваючы яе ў сьмятанна-вяршковым соўсе. Да мясных страваў адносіцца таксама халадзец са сьвіной галавы і ножак, які падаюць з варанай бульбай ці хлебам.
Характэрнымі для эстонскай кухні зьяўляюцца зьмяшаныя крупяныя, гароднінна-крупяныя і гароднінныя кашы, напрыклад каша зь пярлоўкі й бульбы мульгіпудэр (эст. mulgipuder). У якасьці асноўнае стравы часам можа служыць каша з бульбы або адварная бульба з густым соўсам з тлушчу, мукі, булёну ці вяршкоў і кавалачак мяса, мяснога фаршу або каўбасы. Папулярная страва мульгікапсад (эст. mulgikapsad) — квашаная капуста, прыгатаваная са сьвінінай і пярловай крупой.
З гародніны на першым месцы па спажываньні стаіць бульба, на другім — капуста і гарох, пасьля морква і бручка. Буракі ўжываюцца рэдка, галоўным чынам у салату. З пачатку 1990-х спажываньне бульбы стала зьмяншацца, часьцей сталі есьці рыс і макаронныя вырабы. Падвышаецца папулярнасьць разнастайных паўфабрыкатаў.
Больш за іншыя віды рыб у эстонскай кухні спажываюць салаку і кільку. Гэтую рыбу смажаць і робяць зь яе запяканкі, заліваючы яечна-малочнай сумесьсю і перасыпаючы дробна нарэзаным кропам. «Талінскія кількі» пернага пасолу карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. У прыморскіх частках Эстоніі ўжываюць камбалу, ва ўнутраных раёнах рыбныя стравы выгатоўваюць са шчукі і ляшча, ля Чудзкога возера са сьняткоў. Гарачаму капчэньню наражаюць у асноўным салаку, ляшча, вугра.
Амаль да кожнай стравы падаюць чорны хлеб, які эстонцы паважаюць настолькі, што замест «смачна есьці» перад ежай жадаюць «шмат хлеба!» (эст. jätku leiba).
Дэсэрты
рэдагавацьУ асартымэнт традыцыйных салодкіх страваў уваходзяць хлебны суп, кісель са зьбітымі вяршкамі ці малаком, зьбіты манны мус з садавінавага соку, кама. Іншыя папулярныя дэсэрты — тварожны крэм з варэньнем, буберт, рэвеневыя піражкі, бліны з варэньнем і крынгель — выпечка з дражджавога цеста, часта з кардамонам.
Напоі
рэдагавацьТрадыцыйны напой калі ізноў набывае папулярнасьць. А вось такі папулярны даўней напой, як медавуха (эст. mõdu), амаль цалкам забыты. Цяпер найбольш папулярным пітвом да страваў зьяўляецца піва, разнастайныя сокі ці звычайная вада.
Малако спажываюць як дзеці, так і дарослыя. Зь іншых малочных прадуктаў можна назваць кефір, кіслае малако (эст. hapupiim) і масьлянку (эст. pett).
Усё большы распаўсюд набывае віно, хоць яшчэ саступае ў гэтым піву. Эстонцы таксама вырабляюць разнастайныя пладовыя віны з яблык ці ягад. Эстонцы таксама ганарацца ўласнай гарэлкай і іншымі алькагольнымі напоямі, сярод якіх зёлкавы лікёр Vana Tallinn.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Michael Spilling. Estonia. — Marshall Cavendish, 1999. — 128 с. — ISBN 9780761409519
Літаратура
рэдагаваць- Кальвик, Сильвия. Эстонская кухня. — Таллин: Периодика, 1987. — 128 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Эстонская кухня (рас.)
- Рэцэпты эстонскай кухні (рас.)
- Рэцэпты эстонскай кухні (рас.)