Гарэлка
Гарэ́лка — моцны алькагольны напой; сумесь рэктыфікаванага этылавага сьпірту (35—56 аб’ёмных адсоткаў) са зьмякчанай вадой.
Для прыгатаваньня сучаснай гарэлкі водна-сьпіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі зьмяшчаюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і іншае. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і г. д. У сучаснай Беларусі папулярныя гарэлкі на аснове бярозавага і кляновага сокаў.
Уплыў на здароўе
рэдагавацьПрыём 100 грамаў гарэлкі (2 чаркі) выклікае абмярцьвеньне 7500 вузаў галаўнога мозгу, бо этаноль усмоктваецца ў кроў без папярэдняга ператраўліваньня[1].
Гісторыя
рэдагавацьГарэлка зьявілася ў ВКЛ на мяжы XV—XVI стагодзьдзяў зь Нямеччыны, як сьведчыць і пачатковая назва — «віна гарэлае» (калька зь нямецкага Geprant Wein). Падобным чынам называлася гарэлка ва ўсіх народаў, што ўваходзілі ў Рэч Паспалітую — палякаў, украінцаў, літоўцаў. Да XVII стагодзьдзя была адносна дарагой і маладаступнай, аднак па меры адноснага зьмяншэньня выдаткаў на яе вытворчасьць паступова выцясьняла піва і асабліва мёд пітны, з канца XVII — пачатку XVIII стагодзьдзя заняўшы месца асноўнага алькагольнага напою. У залежнасьці ад ступені дыстыляцыі яе мацунак вагаўся ад 15—20% (гэтак званая простая) да акавіты (каля 70%). Папулярнымі напоямі шляхты былі розныя лікёры, настойкі і наліўкі на аснове гарэлкі, з дадаткам зёлак, мёду, спэцыяў, ягад, цукру — зуброўка, крупнік, крамбамбуля, траянка і г. д. Гарэлка, вытрыманая ў дубовых бочках на працягу 5—10 гадоў, называлася старка. Асноўнай сыравінай для вырабу гарэлкі доўгі час было жыта, у тым ліку ў форме соладу, аднак з 1830-х гадоў сьпірт і гарэлку пачалі атрымліваць пераважна з бульбы, што рэзка зьнізіла яе сабекошт, а разам з тым і якасьць (гарэлку з бульбы цяжка ачысьціць ад сівушных алеяў). У XIX стагодзьдзі вытворчасьць гарэлкі была асноўнай галіной харчовай прамысловасьці Беларусі, прыносячы вялікія прыбыткі вытворцам і дзяржаўнаму скарбу. Сотні дробных бровараў, пераважна з 4—5 працаўнікамі і гадавой вытворчасьцю каля 10 000 вёдзер (120 000 л) існавалі амаль у кожным буйным маёнтку. Падатковая палітыка расейскага ўраду стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алькагольнымі напоямі. У 1859 годзе 46% даходаў дзяржаўнага бюджэту Расейскай імпэрыі давалі падаткі ад продажу і вытворчасьці алькагольных напояў (у асноўным гарэлкі), а ў Гарадзенскай губэрні на іх долю прыходзілася 55% дзяржаўных даходаў. Мацунак гарэлкі ў XIX стагодзьдзі ня быў стандартызаваны, значная частка мела мацунак каля 30%. Для падаткаабкладаньня абсалютнага ўтрыманьня алькаголю ў пэўнай колькасьці сьпіртных напояў вымяралі ў «градусах». 1 «градус» адпавядаў 1,23 л чыстага сьпірту, 1 вядро 40% гарэлкі — 4 градусам, вядро чыстага сьпірту — 10 градусам. Заслугай рускага хіміка Дзьмітрыя Мендзялеева (1865) лічыцца абгрунтаваньне ім сучаснага стандарту ўтрыманьня сьпірту ў гарэлцы Расеі і краінаў СНД — 40% аб. У канцы XIX стагодзьдзя, калі ў расейскай мове канчаткова замацавалася слова «водка», у Беларусі выраблялася больш за 16 літраў гарэлкі на чалавека штогод. З 1894 году ў Расейскай імпэрыі існавала дзяржаўная манаполія на продаж гарэлкі, з 1914 году дзейнічаў «сухі закон», аднак у 1923 году савецкі ўрад быў вымушаны ізноў легалізаваць гарэлку. Пад час абедзьвюх сусьветных войнаў гарэлка набыла статус унівэрсальнага эквіваленту, свайго кшталту «вадкіх грошай», які захоўваўся праз усю савецкую эпоху.
Рытуальная роля гарэлкі ў традыцыйных абрадах беларускага сялянства (вясельле і іншых) усталявалася параўнаўча нядаўна, прыкладна ў XVIII стагодзьдзі, з глыбокай старажытнасьці яе адыгрывала піва.
Этнаграфія
рэдагавацьГарэлка — моцны напой, які мае экстраўтылітарныя рысы і пэўны сэміятычны статус. Згодна з запісамі са Століншчыны, Бог, ведаючы, што гарэлку гоніць чорт, благаславіў яе, каб людзі, што ня злоўжываюць, былі моцныя і здаровыя. У той жа час за выдумку чорта гнаць гарэлку з жыта Бог у дзесяць разоў скараціў ураджай. Зьяўленьне першага бровару гэтаксама зьвязваецца з чортам. Захацеў ён выведаць у Ноя пра Божыя справы, але ніяк ня мог разьвязаць яму языка. Вось і скарыстаўся чорт дапамогаю жанчыны, якая праз сваю цікаўнасьць і даверлівасьць дапамагла яму ў стварэньні гарэлкі.
Пахаваньне
рэдагавацьГарэлка ўваходзіць у шэраг абавязковых страваў пахавальна-памінальнага комплексу. Пасьля пахаваньня запрашаўся і сам нябожчык — яму лілі гарэлку на абрус са словамі: «Хадзі выпі чарачку гарэлкі». У час памінаньня ставілі на стол асобную чарку, адлівалі гарэлку на стол, лілі на магілку.
Вясельле
рэдагавацьУ складзе вясельля роля гарэлкі падкрэсьлівалася нават самой абрадавай тэрміналёгіяй — глядзіце да прыкладу запоіны; рытуал перапіваць маладых «дарыць» і іншыя. З гарэлкай ішлі ў сваты, калі дзяўчына і яе бацькі давалі згоду, гарэлка тут жа ставілася на стол. Гарэлка выступае і як адзін са знакаў дзявоцкасьці маладой, у гэтым выпадку яна засалоджваецца (салодкая гарэлка) альбо падфарбоўваецца ў чырвоны колер. З гарэлкі ладзілі гэтак званыя рагаткі, з чаркаю сустракалі маладых бацькі жаніха і іншае.
Каляндарныя сьвяты
рэдагавацьГарэлка — адзін зь неабходных элемэнтаў каляндарных сьвятаў. Амаль усе земляробчыя абрады праводзілі па канонах старажытных аграрна-культавых дзеяў, якія патрабавалі шырокага разгулу, весялосьці, багацьця страў. У народнай сьвядомасьці захавалася псыхалягічная матывіроўка сакральнасьці ў неабходнасьці «піру» ў сьвяты, зьвязаныя зь земляробствам: «Без гарэлкі і празьнік ня ў празьнік». Значным сьведчаньнем важнай ролі гарэлкі, піва стала сумяшчэньне значэньняў «піцьцё, пачастунак» і «вялікае сьвята» ў адным слове — канун. А ў абрадавых велічальных песьнях «сам Бог мяды сыціць, Ільля піва варыць», а добры гаспадар прымае «Бога зялёным віном, Сьвяту Прачысту салодкай гарэлкаю». Усьведамленьне залежнасьці плёну ад частаваньня характэрна для большасьці абрадаў. Да прыкладу, на вячэру пасьля вывазкі гною запрашаліся зусім незнаёмыя людзі: «Хадзіце, выпіце чарку, каб жыта вялося», а за сталом чарцы папярэднічаў тост: «Як вып’еш, так і адмочыць. Піце, каб усходы былі часьцейшыя і гусьцейшыя». У гэтым выпадку імітатыўная магія прыпадабняе гарэлку да дажджу. У талочных песьнях: «Піце, мае жнейкі, да дна, каб на лета жыта радна».
Гарэлка ўваходзіла ў сьпіс абавязковых дароў у часе абходных абрадаў. Частавалі калядоўшчыкаў, валачобнікаў (глядзіце тут формулу «Кварту гарэлкі, сыр на талеркі»). У аказіянальнай абраднасьці гарэлка скарыстоўвалася пры пабудове хаты (пілі пасьля першых трох вянцоў, пасьля закладваньня маціцы і на навасельлі). Абавязковае частаваньне гарэлкі пры продажы або куплі буйной жывёлы. У народнай мэдыцыне гарэлка ўваходзіць у лекавы арсэнал найперш пры ліхаманцы, для гэтае пэрсаніфікаванай хваробы замаўлялі нават асобную чарку ў карчме: «Сюды мая цётка зараз прыйдзе, то гэтую гарэлку вып’е» (Ваўкавыскі павет).
Фальклёр
рэдагавацьМае міталягічны падтэкст і наступны фальклёрны матыў: менавіта з п’яных гасьцей жартавала нячыстая сіла; вядомы шэраг былічак пра п’янага, які блудзіў па лесе, прачынаўся сярод балота, атрымліваў у падарунак «шышкі» і падоюнае. Відаць, ап’яненьне (у тым ліку наркатычнае) парушала прастора-часавыя арыенціры, спрыяла падобным кантактам зь «нежыцьцю», як бы здымаючы межы паміж сьветамі. Папулярныя і сюжэты пра напусканьне псоты менавіта праз гарэлку; дарэчы, прысушкі гэтаксама намаўляліся на гарэлку, а не на ваду альбо на ежу.
П’янства ў народных поглядах належала ня толькі асуджаць, але і лячыць, бо называлася яно «хваробай над хваробамі».
Беларусь
рэдагавацьУ 2013 годзе мясцовыя магутнасьці па вытворчасьці гарэлкі ўдвая перавышалі ёмістасьць унутранага рынку Беларусі[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятлана Барысенка. Безумоўная шкода «градусаў» // Зьвязда : газэта. — 2 жніўня 2013. — № 142 (27507). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. «Нельга проста «сядзець» на традыцыях — патрэбна іх разьвіваць» // Зьвязда : газэта. — 16 лістапада 2013. — № 216 (27581). — С. 6-7. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
рэдагавацьГэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, Тацьцяна Валодзіна, праект «Наша ежа».