Чэхія

дзяржава ў Цэнтральнай Эўропе
(Перанакіравана з «Чэская рэспубліка»)

Чэ́хія, Чэ́ская Рэспу́бліка (па-чэску: Česko, Česká republika) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе без выхаду да мора. Мяжуе зь Нямеччынай (810,7 км) на захадзе, з Аўстрыяй (466,1 км) на поўдні, са Славаччынай (251,8 км) на ўсходзе і з Польшчаю (761,8 км) на поўначы. Сталіцай і найбуйнешым горадам краіны зьяўляецца горад Прага, у якім пражываюць 1,3 мільёны чалавек. Чэхія складаецца з трох гістарычных рэгіёнаў — Багемія (Čechy), Маравія (Morava) й Чэская Сылезія (České Slezsko).

Чэхія
лац. Čechija

Česká republika
Сьцяг Чэхіі Герб Чэхіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Pravda vítězí»
Дзяржаўны гімн: «Kde domov můj»
Месцазнаходжаньне Чэхіі
Афіцыйная мова чэская
Сталіца Прага
Найбуйнейшы горад Прага
Форма кіраваньня Унітарная парлямэнцкая рэспубліка
Пэтар Павэл
Пэтар Фіяла
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
115-е месца ў сьвеце
78 866 км²
2%
Насельніцтва
 • агульнае (2021)
 • шчыльнасьць
87-е месца ў сьвеце
10 701 777[1]
135/км²
Этнічны склад чэхі (64%),
маравы (5%),
славакі (1,4%)[2]
Канфэсійны склад атэісты (80%),
каталікі (10,3%)
Пісьменнасьць 99%[3]
СУП
 • агульны (2015)
 • на душу насельніцтва
50-е месца ў сьвеце
$312,936 млрд
$29 658
Валюта Чэская крона (CZK)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
СEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— падзел Чэхаславаччыны

1 студзеня 1993
Аўтамабільны знак CZ
Дамэн верхняга ўзроўню .cz
Тэлефонны код +420
Прага

Чэхія як дзяржава была створана ў канцы IX стагодзьдзя як княства Чэхіі ў складзе Вялікай Маравіі. Пасьля падзеньня імпэрыі ў 907 годзе цэнтар улады перамясьціўся з Маравіі ў Багемію падчас панаваньня дынастыі Пржамыславічаў. У 1004 годзе княства афіцыйна стала часткай Сьвятой Рымскай імпэрыі. У 1212 годзе было створана Чэскае каралеўства, якое дасягнула свайго найбольшага тэрытарыяльнага разьвіцьця ў XIV стагодзьдзі. Кароль Багеміі валодаў ня толькі тэрыторыяй Чэхіі, але й іншымі землямі, а таксама меў права абіраць імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі. Падчас гусіцкіх войнаў XV стагодзьдзя, інсьпіраваных Рэфармацыяй, каралеўства апынулася пад эканамічным эмбарга, адбіла пяць крыжовых паходаў, абвешчаных лідэрамі Рыма-Каталіцкае Царквы і зладжаных імпэратарам ды князямі Сьвятой Рымскай імпэрыі.

Пасьля бітвы пад Мохачам (1526) Багемская карона паступова была ўключаная ў Габсбурскую манархію нароўні з Аўстрыяй і Вугоршчынай. Чэскае паўстаньне (1618—1620) супраць Габсбургаў прывяло да пачатку Трыццацігадовай вайны, пасьля якой у манархіі цэнтралізавалася ўлада, узмацніілся пазыцыі каталіцтва і пачалася палітыка паступовай германізацыі. Па распадзе Сьвятой Рымскай імпэрыі ў 1806 року Багемскае каралеўства стала часткай Аўстрыйскай імпэрыі. У XIX стагодзьдзі чэскія землі сталі прамысловым маторам манархіі і ядром рэспублікі Чэхаславаччына, абвешчанай у 1918 року пасьля распаду Аўстра-Вугорскай імпэрыі.

У II сусьветную вайну Чэхаславаччына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у 1945 была вызваленая савецкімі і амэрыканскімі войскамі. Пасьля перавароту 1948 року Чэхаславаччына трапіла ў сфэру ўплыву Савецкага Саюзу. У 1968 пачаліся пратэсты супраць камуністычнага кіраўніцтва, вядомыя пад назвай Праская вясна, якая была здушаная войскамі Варшаўскай дамовы. У 1989 у выніку Аксамітнай рэвалюцыі камуністычны рэжым быў скінуты. 1 студзеня 1993 Чэхаславаччына падзялілася на незалежныя Чэхію і Славаччыну.

Цяпер Чэхія — разьвітая краіна[4] з высокім стандартам жыцьця[5][6]. Дзяржава зьяўляецца чальцом Эўразьвязу, НАТО, АЭСР, АБСЭ і Рады Эўропы.

Гісторыя

рэдагаваць

Першыя паселішчы зьявіліся ў Чэхіі ў пэрыяд нэаліту. У 3 стагодзьдзі да нашай эры сюды прыйшлі кельцкія плямёны. Пазьней іх зьмянілі германскія плямёны. Славяне з рэгіёнаў Чорнага мора й Карпацкіх гор прыйшлі на тэрыторыю сучаснай Чэхіі ў 5 стагодзьдзі. У 7 стагодзьдзі была створаная першая славянская дзяржава — Вялікая Маравія. У 874 годзе тут было прынята хрысьціянства. Пасьля непрацяглага вугорскага нашэсьця ў 10 стагодзьдзі на месцы Вялікай Маравіі ўтварылася новая дзяржава — Багемія. У 14 стагодзьдзі Багемія стала часткай Сьвятой Рымскай імпэрыі. З таго часу й да 1918 году чэскія землі знаходзіліся пад уладай немцаў ці аўстрыйцаў. Чэхі неаднаразова ўздымалі паўстаньні. Самымі буйнымі былі паўстаньні 15 і 17 стагодзьдзяў. Яны ўвайшлі ў гісторыю пад назвамі Гусіцкія войны й Багемскае паўстаньне (якое паклала пачатак Трыццацігадовай вайне) адпаведна. У выніку распаду Аўстра-Вугоршчыны ў 1918 годзе чэхі разам са славакамі стварылі незалежную рэспубліку Чэхаславаччыну. Але праіснавала яна нядоўга. У 1938 годзе Нямеччына далучыла да сваёй тэрыторыі Судзецкую вобласьць, асноўную частку насельніцтва якой складалі немцы, а ў 1939 — усю астатнюю тэрыторыю Чэхаславаччыны. Пасьля паражэньня нацысцкай Нямеччыны ў траўні 1945 году Чэхаславаччына ўвайшла ў сфэру ўплыву СССР. У 1968 годзе ўваход у Чэхаславаччыну войска краінаў Варшаўскай Дамовы прыпыніў спробы кіраўніцтва краіны лібэралізаваць жыцьцё падчас Праскай Вясны. У 1989 годзе Чэхаславаччына аднавіла сваю свабоду.1 студзеня 1993 году дзяржава мірна падзялілася на дзьве незалежныя краіны: Чэхію і Славаччыну. У 1999 годзе Чэхія сталася сябрам NATO, а ў 2004 — Эўрапейскага Зьвязу.

Палітычны лад

рэдагаваць

Згодна з канстытуцыяй, Чэхія — парлямэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, які абіраецца парлямэнтам тэрмінам на 5 гадоў. Прэзыдэнт таксама мае асаблівыя паўнамоцтвы прызначаць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, распускаць парлямэнт пры пэўных умовах, блякаваць рашэньні парлямэнту. Ён таксама прызначае прэм’ер-міністра, які вызначае ўнутраную і зьнешнюю палітыку, а таксама іншых сяброў кабінэту па прапанове прэм’ер-міністра. Чэскі парлямэнт складаецца зь дзьвюх палат: Палаты прадстаўнікоў і Сэнату. 200 сяброў Палаты прадстаўнікоў абіраюцца тэрмінам на 4 гады па сыстэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва. 81 чалец Сэнату абіраецца на 6 гадоў. Трэцяя частка Сэнату зьмяняецца кожныя 2 гады. Сябры Канстытуцыйнага Суду прызначаюцца прэзыдэнтам тэрмінам на 10 гадоў.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Чэскай Рэспублікі

Найбуйнейшай адміністрацынай адзінкай Чэскай Рэспублікі зьяўляецца край. У 2000 годзе Чэская Рэспубліка была падзеленая на 14 краеў:

    Край Сталіца Насельніцтва (2003)
  Галоўнае места Прага Прага 1 160 118
  Сярэднячэскі Прага 1 125 735
  Паўднёвачэскі Чэске-Будзеёвіцы 624 778
  Пльзенскі Пльзень 549 369
  Карлаварскі Карлавы Вары 303 761
  Усьцецкі Усьці-над-Лабэм 819 442
  Лібэрацкі Лібэрац 427 418
  Кралёваградэцкі Градэц Кралавэ 548 698
  Пардубіцкі Пардубіцы 506 849
  Высачына Іглава 517 959
  Паўднёвамараўскі Брно 1 122 759
  Оламаўцкі Оламаўц 637 401
  Зьлінскі Зьлін 593 458
  Мараўска-сылескі Острава 1 264 347

Геаграфія

рэдагаваць

Рэльеф краіны складаецца з раўнін і схілаў, вакол якіх знаходзяцца горы: Рудныя горы, Чэскі лес, Шумава, Крконошэ, Бэскіды. Самая высокая кропка краіны — гара Сьнежка ў Крконошах, на мяжы з Польшчай. Усходняя частка краіны ў асноўным складаецца са схілаў. Лес займае 35% плошчы Чэхіі. Найбуйнейшыя рэкі — Лабэ, Вэлтава, Морава, Дыя, Одра. Асноўныя карысныя выкапні — вугаль, каалін, уран.

Эканоміка

рэдагаваць

Чэская эканоміка адна з самых пасьпяховых сярод посткамуністычных эканомік. Галоўная праблема — высокі ўзровень карупцыі. Вялікая дзяржаўная запазычанасьць можа стаць сур’ёзнай праблемай у будучыні. Завяршэньне прыватызацыі ў галіне тэлекамунікацыяў, а таксама ў банкаўскай і энэргетычнай сфэрах павінна даць новы імпульс разьвіцьцю эканомікі.

Насельніцтва

рэдагаваць

Паводле вынікаў перапісу 2011 году, большасьць жыхароў Чэхіі складаюць чэхі (63,7%), далей ідуць мараўцы (4,9%), славакі (1,4%), палякі (0,4%), немцы (0,2%) і сылезцы (0,1%). З прычыны таго, што радок «нацыянальнасьць» была неабавязковы да запаўненьня, значная колькасьць людзей пакінула гэтае поле пустым (26,0%)[7]. Паводле некаторых ацэнак у Чэхіі налічваецца каля 250 тысячаў цыганаў.

У верасьні 2013 году ў адпаведнасьці са зьвесткамі чэскага статыстычнага ўпраўленьня ў краіне налічвалася 437 581 замежнік[8]. Найбуйнейшай групай іншаземных жыхароў былі грамадзянамі Ўкраіны (106 714), Славаччыны (89 273), Віетнаму (61 102), Расеі (32 828), Польшчы (19 378), Нямеччыны (18 099), Баўгарыі (8 837), ЗША (6 695), Румыніі (6 425), Малдовы (5 860), Кітаю (5 427), Вялікабрытаніі (5 413), Манголіі (5 308), Казахстану (4 850), Беларусі (4 562)[8].

Чэхія мае адзін з найменшых паказчыкаў рэлігійнасьці насельніцтва ў сьвеце, зьяўляючыся трэцяй краінаў паводле атэістычнасьці насельніцтва ў адсотках у сьвеце, саступаючы толькі Кітаю і Японіі[9]. Гістарычна склалася, што чэхі ставяцца памяркоўна ці нават абыякавыя да рэлігіі[10]. Паводле зьвестак перапісу 2011 году, 34% насельніцтва заявілі, што яны ня маюць аніякай рэлігіі, 10,3% зьяўляюцца каталікамі, 0,8% — пратэстантамі (зь іх 0,5% — чэскія браты і 0,4% — гусіты), 9% — іншыя формы рэлігіі. 45% насельніцтва не адказала на пытаньне аб рэлігіі. З 1991 па 2001 год і далей да 2011 году колькасьць вернікаў рымскага каталіцызму зьнізілася з 39% да 27%, а затым да 10%. Колькасьць пратэстантаў скарацілася з 3,7% да 2%, а затым да 0,8%.

  1. ^ Obyvatelstvo (чэс.). Český statistický úřad. Праверана 22 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 15 траўня 2013 г.
  2. ^ Czech Republic Population 2014. World Population Review. Праверана 14 красавіка 2014 г.
  3. ^ Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999. (ням.)
  4. ^ World Bank Marks Czech Republic's Graduation to 'Developed' Status. Radio Prague. Праверана 22 студзеня 2007 г.
  5. ^ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2014/01/pdf/text.pdf
  6. ^ Quality of Life Index by Country 2014 Mid Year Праверана 13 верасьня 2014 г.
  7. ^ První předběžné výsledky Sčítání lidu, domů a bytů 2011: Obyvatelstvo podle národnosti podle krajů (PDF)
  8. ^ а б Cizinci: Cizinci v ČR. český statistický úřad
  9. ^ Global index of religion and atheism. WIN-Gallup International
  10. ^ Richard Felix Staar, Communist regimes in Eastern Europe, Issue 269, p. 90

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць