Чэска-славацкія мовы
Чэ́ска-слава́цкія мовы (па-чэску: česko-slovenské jazyky, па-славацку: česko-slovenské jazyky) — адна з трох падгрупаў нароўні зь лехіцкай і лужыцкай у складзе групы заходнеславянскіх моваў[1].
чэска-славацкая падгрупа | |
Народнасьць | чэхі, славакі |
---|---|
Арэал | Чэхія, Славаччына, Нямеччына, Аўстрыя, Сэрбія, Румынія, Вугоршчына, Украіна, Харватыя, ЗША, Канада, Аўстралія |
Лінгвістычная клясыфікацыя | індаэўрапейская сям'я |
Склад | |
Колькасьць носьбітаў | каля 18 млн |
Чэска-славацкая падгрупа ўключае ў свой склад дзьве мовы, распаўсюджаныя ў асноўным на тэрыторыі Чэхіі ды Славаччыны — чэскую і славацкую. Апрача нацыянальных літаратурных моваў вядомыя, створаныя на падмурку дыялектаў чэскай ды славацкай моваў, літаратурныя мікрамовы — ляская і ўсходнеславацкая адпаведна[2][3], а таксама габрэйска-чэскія гаворкі кнааніт, фармавананьне якіх ішло на аснове старажытначэскае мовы і якія, аднак, выйшлі з ужытку на XVI ст.[4][5]
Агульная колькасьць носьбітаў налічвае каля 18 млн чал.
Тэрытарыяльныя дыялекты і мікрамовы
рэдагавацьЧэская ды славацкая мова характарызуюцца вялікай раздрабнёнасьцю дыялектаў і гаворак, на аснове некаторых зь іх існуюць літаратурныя нормы, якія за цяперашнім часам практычна не ўжываюцца.
Чэская мова падзяляецца на ўласна чэскую (захад краіны, Багемія), цэнтральнамараўскую (захад і цэнтар Маравіі), усходнемараўскую (усход Маравіі, крайні ўсход Чэхіі) і сылескую (або ляскую, крайні паўночны ўсход краіны) дыялектныя групы[6]. Сярэднячэскія гаворкі чэскага дыялекту палеглі ў аснову літаратурнае чэскае мовы[7], у той час як на аснове верхнеастраўскай гаворкі сылескага дыялекту — ляская літаратурная мікрамова. Створаная ў першай палове ХХ ст. ляская мова зьяўляецца мовай паэзіі Ондры Лысагарскага і некаторых іншых паэтаў Чэскае Сылезіі[2][3][8]. Усходнемараўскі (мараўска-славацкі) дыялект шляхам пераходных гаворак зьвязаны з блізкім да яго заходнім дыялектам славацкае мовы[9].
За пэрыядам Сярэднявечча на аснове старажытначэскае мовы сфармаваліся габрэйска-чэскія гаворкі — кнааніт, якія да XVI ст. празь міграцыю габрэяў-ашкеназаў былі поўнасьцю выцісканыя ідышам і чэскай мовай[4][5].
Славацкая мова ўключае ў свой склад заходнеславацкую, сярэднеславацкую і ўсходнеславацкую дыялектныя групы[10]. Славацкая літаратурная мова створаная на базе сярэднеславацкага дыялекту, у той час як зэмлпінскія ды шарыскія гаворкі ўсходнеславацкага дыялекту сталі асновай пры стварэньні ўсходнеславацкай літратурнай мовы. Ад сярэдзіны XVIII стагодзьдзя на ўсходнеславацкай зьявіліся першыя тэксты — пераклады рэлігійнае літаратуры, аднак на пэрыяд сярэдзіны ХХ ст. мова амаль поўнасьцю выйшла з ужытку. Частка гаворак усходнеславацкага дыялекту, што месьціліся на мяжы з усходнеславянскім моўным арэалам (русінская мова) сталася асноваю югаславарусінскай (панонска-русінскай) мовы Ваяводзіны[2][3], на гэтай мове размаўляюць нашчадкі русінскіх перасяленцаў з Закарпацьця і ўсходу Славаччыны сярэдзіны XVIII ст.
- старажытначэская мова[11]
- чэская мова
- ляская мова (на аснове гаворак сылескага (ляскага) дыялекту)
- кнааніт †
- чэская мова
- славацкая мова
- усходнеславацкая мова (на аснове ўсходнеславацкага дыялекту).
Асаблівасьці
рэдагавацьДля падгрупы чэска-славацкіх моваў зьяўляюцца ўласьцівымі рысы, агульныя для ўсіх моваў заходнеславянскае групы, а менавіта:
- Захаваньне архаічных спалучэньняў зычных tl, dl (чэск. pletl, mýdlo, славацк. plietol, mydlo);
- Вынікі другой (чэск. mouše, славацк. muše) і трэцяй паляталізацыі для заднянёбнага х;
- Захаваньне спалучэньняў kv’, gv’ (чэск. květ, hvězda, славацк. kvet, hviezda);
- Адсутнасьць эпэнтэтычнага l (чэск. země, koupě, славацк. zem, kúpený, параўн. з усх.-слав. беларускім зямля, купляць);
- Пераход *tj, *dj у c, ʒ (z) (чэск. svíce, sázet, славацк. svieca, sádzať);
- Пераход *ktj, *gtj у c;
- Наяўнасьць у родным і давальным склонах адзіночнага ліку складаных прыналежных флексіяў -ego, -emu у адрозьненьне ад -ogo, -omu;
- Сьцягваньне галосных пры выпадзе інтэрвакальнага j ды асыміляцыі галосных у флексіях і каранёх (чэск. dobrý, dobrá, dobré, mého, tvému, славацк. pekný, pekná, pekné)[1] і г.д.
Між тым, для моваў у складзе чэска-славацкае падгрупы характэрныя рысы, якія адрозьніваюць іх ад іншых заходнеславянскіх моваў (лехіцкія, лужыцкія), дзякуючы чаму падгрупа вылучаецца ў складзе групы заходнеславянскіх моваў:
- Прысутнасьць доўгіх і кароткіх галосных фанэмаў[7][10].
- Своеасаблівая зьмена групаў *tort, *tolt: чэск. kráva, zlato, král, славацк. hrad, hlava; у той час як у польскай — krowa, złoto, król, głowa, ніжнелужыцкай — głowa, верхнелужыцкай — hród, hłowa і г.д.[12]
- Захаваньне зычнага характару санантаў r̥, ŕ̥ ды l̥, l̥’: чэск. tvrdé, srp, mluvit, славацк. žltá, vlk. У адрозьненьне ад гэтага, у лехіцкіх і лужыцкіх мовах гэтыя сананты вакалізаваліся — польск. twardy, sierp, żółty, сыл. mołwić, кашуб. wolk[12].
- Адсутнасьць змычкі перад зычнымі ʒ, ʒ’ у пазыцыях, дзе яны ўзьніклі праз вынікі другой або трэцяй паляталізацыі: чэск. noha > noze, але польск. noga > nodze[12].
- Пераход праславянскага выбухнога зычнага g у гартанны фрыкатыў h: чэск. noha, але польск. noga[1].
- Усталяваньне ініцыяльнага (на першым складзе) націску (як і ў лужыцкіх), тады як у польскай — параксытанічнае (на перадапошнім складзе), у кашубскай і палабскай — рухомы (можа прыпадаць на любы склад)[1].
У лексыцы чэскае мовы гістарычна адлюстроўваліся ўплывы з боку нямецкае мовы ды лаціны, у славацкай лексыцы — уплывы з боку вугорскай і чэскай моваў[1].
Вызначаная дзеля характарыстыкаў чэска-славацкае падгрупы зьяўляецца ўласьцівай і лужыцкім мовам, якія займаюць пераходную пазыцыю ад чэска-славацкай да лехіцкай падгрупы[1] (адсутнасьць насавых галосных, ініцыяльны націск, наяўнасьць гуку h у верхнелужыцкай і г.д.). Частка моўных зьяваў супрацьпастаўляе чэска-славацкія і лехіцкія мовы лужыцкім (захаваньне ў лужыцкіх дваістага ліку, простых мінулых часоў (і іх адсутнасьць у іншых заходнеславянскіх) і г.д.)[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё Широкова А. Г. Западнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — ISBN 5-85270-031-2
- ^ а б в Дуличенко А. В. Славянские литературные микроязыки. — Таллинн, 1981.
- ^ а б в Литературный микроязык — Гуманитарный словарь — Яндекс.Словари
- ^ а б Knaanic, MultiTree
- ^ а б Judeo-Czech, MultiTree
- ^ Čeština po cíti (чэс.). Útvary Českého Národního Jazyka. Праверана 28 кастрычніка 2013 г. Архіўная копія
- ^ а б Широкова А. Г. Чешский язык / Под ред. В. Н. Ярцевой. — Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — ISBN 5-85270-031-2
- ^ Славянские языки. — Словарь Филолога. — Энциклопедический словарь филолога.
- ^ Словацкий язык, Кругосвет
- ^ а б Широкова А. Г. Словацкий язык / Под ред. В. Н. Ярцевой. — Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: Советская энциклопедия, 1990. — ISBN 5-85270-031-2
- ^ Old Czech, MultiTree
- ^ а б в Ананьева Н. Е. История и диалектология польского языка. — 3-е изд., испр. — М.: Книжный дом «Либроком», 2009. — ISBN 978-5-397-00628-6
Літаратура
рэдагаваць- Широкова А. Г. Чешский язык. — М.: 1961.
- Широкова А. Г. Чешский язык // Славянские языки / Под. ред. А. Г. Широковой и В. П. Гудкова. — Славянские языки. — М.: 1977.
- Havránek B., Jedlička A. Česká mluvnice. — Praha: 1970.
- Васильева Л. И. Словацкий язык // Славянские языки / Под. ред. А. Г. Широковой и В. П. Гудкова. — М.: 1977.
- Krajčovič R. Slovenčina a slovanské jazyky. — Bratislava: 1974.
- Ананьева Н. Е. История и диалектология польского языка. — 3-е изд., испр. — М.: Книжный дом «Либроком», 2009. — ISBN 978-5-397-00628-6
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Czech-Slovak, MultiTree (анг.)