Саа́мскія мовы — ґрупа роднасных моваў у складзе фіна-волскае ґрупы фіна-вугорскае галіны ўральскае моўнае сям’і[1], на якіх размаўляюць саамы. Нярэдка саамскія мовы вылучаюць асобнай ґрупай сярод фіна-пермскіх (фіна-пермскія мовы — усе фіна-вугорскія мовы за выключэньнем вугорскае, мансійскае і хантыйскае моваў). Распаўсюджаныя на тэрыторыях традыцыйнага пражываньня саамаў: Фінмарк, паўночныя лэны Швэцыі, фінская правінцыя Ляпляндыя, Мурманская вобласьць Расеі.

саамская моўная група
Народнасьць саамы (уваходзяць у фіна-вугорскія народы)
Арэал Ляпляндыя (поўнач Фэнаскандыі)
Лінгвістычная клясыфікацыя уральскія мовы
Склад
Колькасьць носьбітаў Прыблізна 20 000 — 30 000 чалавек
ISO 639-5: smi
Саамскія мовы. Леґенда мапы:

     Тэрыторыі, дзе ў нашыя часы жывуць носьбіты саамскіх моваў

     Тэрыторыі, дзе саамскія мовы маюць афіцыйны статус

1. паўднёвасаамская мова
2. умэ-саамская мова
3. пітэ-саамская мова
4. луле-саамская мова
5. паўночнасаамская мова
6. скольцкая саамская мова
7. інары-саамская мова
8. кільдзінская саамская мова
9. акала-саамская мова.

На саамскіх мовах увогуле размаўляе прыкладна 25 000 чалавек[2] з агульнай колькасьці саамаў, што складае прыкладна 80 000 чалавек.

Гісторыя

рэдагаваць

Протасаамская мова паводле меркаваньняў навукоўцаў сфармавалася ў пэрыяд ад 1000 да 700 да н. э. у раёне Фінскага заліву шляхам вылучэньня протасаамскіх гаворак з ранейшае фіна-саамскае протамовы[3]. У часы Жалезнага веку носьбіты протасаамскае мовы прайшлі на захад і поўнач Скандынавіі, асыміляваўшы мясцовае палеаэўрапейскае насельніцтва.

Пазьней протасаамская мова падзялілася на 12 саамскіх моваў. Гэта было выклікана вялікімі бязьлюднымі прасторамі, на якіх пражывалі саамы, і якія фізычна вельмі істотна падзялялі саамаў адзін ад аднаго, таксама адной з прычынаў былі дзяржаўныя межы, што падзяляюць саамаў амаль тысячагодзьдзе.

Адсутнасьць уласнае дзяржаўнасьці, агульнае нацыянальнае самасьвядомасьці і культурная перавага моваў дзяржавы, якія кіравалі саамскімі землямі, не маглі не паўплываць на моўную асыміляцыю саамаў. Напрыклад, у 18 стагодзьдзі ў рэґіёне Кайнуў вымерла кайнуў-саамская мова, у 19 стагодзьдзі — кемі-саамская, у 2003 — акала-саамская мова.

Клясыфікацыя

рэдагаваць
 
«Мы супраць вайны!» Антываенны плакат на саамскай мове

Саамскія мовы знаходзяцца ўнутры фіна-валжанскае ґрупы фіна-пермскае падгаліны фіна-вугорскае галіны ўральскіх моваў. Найбольш блізкімі да саамскіх моваў зьяўляюцца прыбалтыйска-фінскія мовы, але некаторымі навукоўцамі гэтая блізкасьць аспрэчваецца[4].

Унутры саамскія мовы падзяляюцца на дзьве ґрупоўкі: заходнюю і ўсходнюю, падзяляючыся на асобныя мовы. Некаторыя блізкія геаґрафічна саамскія мовы ўтвараюць дыялектны кантынуўм, у якім дзьве мовы могуць быць адносна зразумелымі носьбітам дзьвюх моваў. Але й існуюць рэзкія і адметныя моўныя межы, у прыватнасьці паміж інары-саамскай, скольцкай саамскай і паўночнасаамскай, носьбіты якіх ня могуць зразумець адзін аднаго без адпаведнае падрыхтоўкі. На думку лінґвістаў, такой адметнасьці спрыяла даволі істотная геаґрафічная ізаляванасьць саамаў адзін ад аднаго і слабыя міжсупольныя кантакты.

Варта адзначыць, што нярэдка ў расейскай лінґвістычнай практыцы гаворка аб саамскіх мовах вядзецца як аб адзінай саамскай мове з роўнапраўнымі дыялектнымі варыянтамі[5][6][7].

Калі паказваць схематычна, то клясыфікацыя саамскіх моваў адносна ўральскіх выглядае наступным чынам.

Асноўная характарыстыка

рэдагаваць

Агульныя ўласьцівасьці ў фанэтыцы:

  1. розная ступень працягласьці галосных і зычных,
  2. пашыранасьць зычных фанэмаў,
  3. чаргаваньне галосных паводле якасьці, зычных — паводле якасьці й колькасьці.

У марфалёгіі ёсьць парны лік(be) (у большасьці моваў).

У сынтаксісе адсутнічае дапасаваньне(en) прыметнікаў-азначэньняў з назоўнікамі ў ліку й склоне(en)[8].

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Першае ўжываньне пісьмовасьці ў саамскіх мовах фіксуецца ў 17 стагодзьдзі — гэта быў пераклад швэдзкае Бібліі на ўмэ-саамскую мову. У 18 стагодзьдзі зьяўляецца лацінская пісьмовасьць у нарвэскіх саамаў, у 19 стагодзьдзі — у фінскіх. У 1978 годзе была створаная камісія, якая выпрацавала для паўночных замежных саамскіх моў адзіную артаграфію. Вядзецца навучаньне мове ў пачатковых школах.

У Расейскай імпэрыі для кольскіх саамаў у 1880—1890-я гады выдаваліся кнігі на кірылічнай аснове. Першым досьведам ужываньня стаў пераклад Эвангельля ад Мацьвея на скольцкую саамскую мову ў 1884 годзе, які быў зроблены расейскім сьвятаром Канстанцінам Шчаколдзіным [c]. Напрыканцы гэтага ж стагодзьдзя зьявілася кірылічная пісьмовасьць у кільдзінскіх саамаў.

Інары-саамская мова

рэдагаваць

Носьбіты інары-саамскае мовы карыстаюцца лацінскім альфабэтам. Гэты альфабэт атрымаў афіцыйны статус у 1996 годзе.

Выгляд інары-саамскага альфабэту.

А а Â â B b С с Č č D d Đ đ Е е
F f G g H h I i J j K k L l M m
N n O o P p R r S s Š š T t U u
V v Y y Z z Ž ž Ä ä Á á

У сучаснай інары-саамскай мове гукі, якія абазначаюцца літарамі ä і á, вымаўляюцца аднолькава. Аднак ёсьць разьмежаваньні стасоўна ўжытку гэтых літараў: ä ўжываецца ў першым складзе слова, калі ў другім складзе ёсьць літары е або і, у словах з адным коранем і ў дыфтонґу iä. Але літара ä не выкарыстоўваецца ў дыфтонґу uá.

Кайнуў-саамская мова

рэдагаваць

Вымерла ў 18 стагодзьдзі і пісьмовасьці ня мела.

Кемі-саамская мова

рэдагаваць

Вымерла ў 19 стагодзьдзі і ня мела ўстойлівае пісьмовасьці. Швэдзкімі навукоўцамі Ёганэсам Шэфэрусам і Якабам Фэльманам пры пісьмовых сьведчаньнях мовы (запісы песень, слоўнік) ужываўся швэдзкі альфабэт.

Кільдзінская саамская мова

рэдагаваць
 
Кільдзінскі саамскі альфабэт у 1933 годзе

Напрыканцы 19 стагодзьдзя пачалося выданьне кнігаў на кільдзінскай саамскай мове кірылічным альфабэтам. У 20-х і 30-х гадох 20 стагодзьдзя кільдзінскія саамы на хвалі ўсесавецкае лацінізацыі карысталіся лацінскім альфабэтам, які ў 1937 годзе быў зноў заменены на кірыліцу. Але навучаньне на новым альфабэце не пачалося праз пачатак сталінскіх рэпрэсіяў. Сучасны альфабэт для кільдзінскае саамскае мовы ўведзены ў 1982 годзе.

Сучасны выгляд кільдзінскага саамскага альфабэту[9].

А а Ӓ ӓ Б б В в Г г Д д Е е Ё ё
Ж ж З з Һ һ И и Й й Ҋ ҋ К к Л л
Ӆ ӆ М м Ӎ ӎ Н н Ӊ ӊ О о П п Р р
Ҏ ҏ С с Т т У у Ф ф Х х Ц ц Ч ч
Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Ҍ ҍ Э э Ӭ ӭ
Ю ю Я я

Луле-саамская мова

рэдагаваць

Луле-саамская мова мае пісьмовасьць на аснове лацінскага альфабэту. Луле-саамская артаґрафія зацьверджана ў 1983 годзе.

Сучасны выгляд луле-саамскага альфабэту.

А а Á á B b C c D d E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n Ŋ ŋ
O o P p R r S s T t U u V v Å å
Ä ä

Паўднёвасаамская мова

рэдагаваць

Мова зьяўляецца адной з шасьці саамскіх моваў, якая мае афіцыйна зацьверджаную пісьмовасьць. Нягледзячы на гэта, літаратуры на паўднёвасаамскай мове існуе вельмі мала. Выдадзены паўднёвасаамска-нарвэскі слоўнік.

Сучасны паўднёвасаамскі альфабэт.

А а B b D d E e F f G g H h I i
Ï ï J j K k L l M m N n O o P p
R r S s T t U u V v Y y Æ æ/Ä ä Ø ø/Ö ö
Å å

Літары Æ æ і Ø ø ўжываюцца ў Нарвэґіі, Ä ä, Ö ö — у Швэцыі, што зьвязана з калькаваньнем з тамтэйшых дзяржаўных моваў, нарвэскае й швэдзкай.

Літары Cc, Qq, Ww, Xx, Zz выкарыстоўваюцца пры напісаньні словаў замежнага паходжаньня.

Паўночнасаамская мова

рэдагаваць

Носьбіты паўночнасаамскае мовы выкарыстоўваюць лацінскі альфабэт.

Артаґрафія паўночнасаамскае мовы перажыла даволі шмат істотных зьмяненьняў за ўвесь пэрыяд свайго існаваньня. Шмат часоў на тэрыторыі трох краінаў пражываньня паўночных саамаў для мовы выкарыстоўваліся тры розных сыстэмы запісу. Але ўжо ў 1979 годзе саамы трох краінаў здолелі дамовіцца аб агульнай панскандынаўскай паўночнасаамскай ґрафіцы.

Усе тры альфабэты бяруць свой пачатак ад дасьледчыка Расмуса Раска, які пасьля абмеркаваньняў зь Нільсам Вібэ Стокфлэтам апублікаваў сваю працу Ræsonneret lappisk sproglære efter den sprogart, som bruges af fjældlapperne i Porsangerfjorden i Finmarken. Раск лічыў, што саамскі альфабэт мусіць засноўвацца на фанэтычнай аснове.

Сучасны выгляд паўночнасаамскага альфабэту.

А а Á á B b C c Č č D d Đ đ E e
F f G g H h I i J j K k L l M m
N n Ŋ ŋ O o P p R r S s Š š T t
Ŧ ŧ U u V v Z z Ž ž

Пітэ-саамская мова

рэдагаваць

Ня мае пісьмовасьці. У лінґвістычных мэтах выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт.

Скольцкая саамская мова

рэдагаваць
 
«Азбука для саамаў, што жывуць у Кольскім павеце Архангельскае губэрні»

Першым альфабэтам, які ўжываўся ў скольцкай саамскай, была кірыліца. У 1884 годзе расейскім сьвятаром Канстанцінам Шчаколдзіным быў выдадзены пераклад на гэтую мову Эвангельля ад Мацьвея, таксама ім быў выдадзены скольцкі саамскі лемантар.

У 20 стагодзьдзі ў скольцкім асяродзьдзі зьяўляецца лацінскі альфабэт. Гэты альфабэт атрымаў афіцыйны статус у 1973 годзе[10].

Сучасны выгляд скольцкага саамскага альфабэту.

А а Â â B b C c Č č Ʒ ʒ Ǯ ǯ D d
Đ đ E e F f G g Ǧ ǧ Ǥ ǥ H h I i
J j K k Ǩ ǩ L l M m N n Ŋ ŋ O o
Õ õ P p R r S s Š š T t U u V v
Z z Ž ž Å å Ä ä ˊ

Літары Qq, Ww, Xx, Yy, Öö выкарыстоўваюцца толькі ў запазычаньнях. Перад падвоенымі зычнымі зьяўляецца кароткае аглушэньне, якое пры пісьме не паказваецца. Таксама не паказваюцца ўстаўныя галосныя, таму што яны не зьяўляюцца фанэматычнымі ці складовымі.

Умэ-саамская мова

рэдагаваць

27 красавіка 2010 году Радай саамскае мовы была зацьверджана уме-саамская артаґрафія. Носьбіты мовы ўжываюць лацінскі альфабэт.

Церская саамская мова

рэдагаваць

Церская саамская мова ня мае стандартызаванае пісьмовасьці, але некаторыя энтузіясты, што займаюцца разьвіцьцём Вікіпэдыі на гэтай мове, ужываюць лацінскі саамскі альфабэт.

Ґеаґрафія

рэдагаваць

На саамскіх мовах размаўляюць у Ляпляндыі — міждзяржаўным гістарычным рэґіёне, які займае поўнач Нарвэґіі, Фінляндыі, Швэцыі і Кольскую паўвыспу Расеі. Межы паміж мовамі не супадаюць з палітыка-адміністрацыйнымі межамі чатырох дзяржаваў: напрыклад, носьбіты паўночнасаамскае мовы пражываюць у Нарвэґіі, Швэцыі й Фінляндыі, скольцкае саамскае — у Расеі й Фінляндыі.

У Сярэднявеччы і раньнія пэрыяды Новага часу носьбіты саамскіх моваў пражывалі даволі далёка на поўдзень ад Ляпляндыі (рэґіён, які зараз атаясамляецца ў людзей з саамскай радзімай), займаючы цэнтральную Нарвэґію й Швэцыю, цэнтральныя і паўднёвыя часткі Фінляндыі і Карэліі. Але тамтэйшыя саамы асыміляваліся. Аб ранейшай саамскай прысутнасьці сьведчыць велізарная колькасьць саамскіх тапонімаў і запазычаньняў у фінскай і карэльскай мовах.

Граматычнае апісаньне

рэдагаваць

Фаналёгія

рэдагаваць

Фанэтыка і фаналёгія саамскіх моваў адрозьніваецца дастатковай складанасьцю: прысутныя даўгія і кароткія галосныя і зычныя, дыфтонгі і трыфтонгі; сыстэма чаргаваньняў галосных і зычных (у якіх адрозьніваецца некалькі ступеняў колькасьці і якасьці гукаў) адыгравае марфалягічную ролю; націск падае на першы склад, другараднае — на наступныя няцотныя склады (але ня на апошні); даволі шматлікія абмежаваньні на ўжываньне фанем.

У адрозьненьне ад асноўнай масы фіна-вугорскіх моваў, утварэньне граматычных формаў і вытворных словаў у значна большай ступені спалучаецца з моцна разьвітай флексіяй асновы (або ўнутранай флексіі), то бок выразам граматычных значэньняў шляхам рэгулярных чаргаваньняў галосных і зычных гукаў асновы слова ў парадыгматычным шэрагу.

Да граматычных асаблівасьцяў адносіцца наяўнасьць у большасьці моваў парнага ліку. Род адсутнічае. У сынтаксісе, у адрозьненьне ад прыбалтыйска-фінскіх моваў, адсутнічае дапасаваньне прыметнікаў-азначэньняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

У саамскіх мовах звычайна маецца 8 склонаў:

  1. назоўны (намінатыў)
  2. родны (генітыў)
  3. вінавальны (акузатыў)
  4. выяўленчы (эсіў)
  5. мясцовы (інэсіў-элятыў)
  6. давальна-накіроўчы (датыў-ілятыў)
  7. пазбаўляльны (абэсіў)
  8. сумесны (камітатыў).

Склонавыя значэньні выражаюцца ня толькі склонамі, але й пасьлялогамі і прыназоўнікамі. Акрамя асноўнага ёсьць асабіста-прыналежнае скланеньне.

Дзеяслоў

рэдагаваць

Дзеяслоў мае чатыры часы і чатыры лады, сьцьвярджальнае і адмоўнае спражэньні. Неасабовыя дзеяслоўныя формы выражаныя інфінітывам, дзеепрыметнікамі, дзеепрыслоўямі і аддзеяслоўнымі назоўнікамі.

Сынтаксіс

рэдагаваць

Для сынтаксісу характэрная бяззлучнікавая сувязь, пры якой часовая, прычынная, умоўная, пасьлядоўная і т. п. залежнасьці паміж сказамі выяўляюцца шляхам пасьлядоўнага пералічэньня простых сказаў. Парадак словаў адносна вольны. Азначэньні папярэднічаюць азначанаму слову, характэрнае ўжываньне двух назоўнікаў у намінатыве, што адпавядае азначальнай канструкцыі.

У лексыцы адзначаюцца запазычаньні з прыбалтыйска-фінскіх, расейскай, самадыйскіх і германскіх моваў. Частка лексыкі саамскіх моваў ня мае аналягаў у іншых фіна-вугорскіх мовах.

Слоўнік найбольш ужываных слоў

рэдагаваць

Ніжэй знаходзіцца невялікі слоўнік найбольш ужывальнай паўночна-саамскай лексыкі зь беларускімі адпаведнікамі:

Паўночна-саамскае слова Беларускі пераклад
eana зямля
albmi неба
čáhci вада
dolla вагонь
olmmái мужчына
nisson жонка
borrat есьці
juhkat піць
stuoris вялікі
uhcci маленькі
idja ноч
beaivi дзень
mánnu месяц
beaivváš Сонца
biegga вецер
muohta сьнег
várri гара
vuovdi лес
johka узьбярэжжа
mearra мора
guolli рыба
fanas човен
boazu алень
mohtorgielká сьнегаход
beana сабака
dállu дом, хутар
goahti намёт
bearaš сям’я
čearda народ, група людзей
siida пасёлак, грамада́

Грамадзкае жыцьцё

рэдагаваць
 
Трохмоўны знак (фінская, швэдзкая, паўночнасаамская) у мястэчку Кілпісярві, нарвэска-фінская мяжа.
 
Дарожны ўказальнік па-фінску й паўночнасаамску, Энантэкіё.
 
Дарожны ўказальнік па-фінску й паўночнасаамску, Утсьёкі.

Саамскія мовы маюць афіцыйны статус у некаторых муніцыпалітэтах Фінляндыі[11], а таксама ў некаторых паўночных камунах Нарвэґіі й Швэцыі.

Краіна Тэрытарыяльная адзінка Мова
Фінляндыя Муніцыпалітэт Інары Скольцкая саамская, інары-саамская, паўночнасаамская
Фінляндыя Муніцыпалітэты Саданкюля, Утс’ёкі, Энантэкіё Паўночнасаамская
Нарвэґія Камуна Сноса Паўднёвасаамская мова
Нарвэґія Камуны Карас’ёк, Кёўтукейну, Коф’ярд, Ляванґен, Нэсэбю, Порсанґер, Тана Паўночнасаамская
Нарвэґія Фюльке Нурлан Луле-саамская мова
Швэцыя Камуны Ар’еплюг, Еліварэ, Ёкмок, Кіруна Паўночнасаамская мова

Саамскія мовы выкладаюцца ў дзіцячых садках, школах і некаторых ВНУ Нарвэґіі, Фінляндыі ды Швэцыі, у Расеі такое выкладаньне не вядзецца. У Фінляндыі існуе практыка г. зв. «моўных гнёздаў», калі адна з саамскіх моваў зьяўляюцца ня толькі мовай выкладаньня, але й мовай размоваў ва ўстанове. У Фінляндыі маецца магчымасьць здаваць адну з трох саамскіх моваў у якасьці замежнае пры дзяржаўных іспытах перад ВНУ. У Мурманскім дзяржаўным гуманітарным унівэрсытэце плянуецца вывучэньне кільдзінскае саамскае мовы.

У трох краінах выходзяць СМІ на паўночнаамскай мове, вядзецца радыёвяшчаньне. На тэрыторыі Швэцыі, Нарвэґіі й Фінляндыі паказваецца прадукт тэлевізійных карпарацыяў трох краінаў — навінавая праґрама «Ođđasat»(en). У Нарвэґіі выходзіць штодзённая ґазэта па-паўночнасаамску — Ávvir(en). Існуе разьдзел Вікіпэдыі на паўночнасаамскай мове.

  1. ^ Гіпатэтычна
  2. ^ Гіпатэтычна
  3. ^ У 1933 годзе для кольскіх саамаў быў зацьверджаны новы альфабэт на аснове лацінкі, які распрацоўваўся з 1926 году. У 1937 годзе ён быў заменены на кірылічны, быў апублікаваны новы буквар, але ў тым жа годзе выкладаньне на саамскіх мовах ў школах спынілася. Новы варыянт кірылічнай пісьмовасьці для кольскіх саамаў быў уведзены ў буквары А. А. Антонавай у 1982 годзе; таксама былі выдадзеныя й іншыя кнігі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць