Рагне́да (па-старажытнаруску: Рогънеда; 960?[1]1000) — полацкая князёўна, асьветніца. Дачка полацкага князя Рагвалода, жонка вялікага князя кіеўскага Ўладзімера Сьвятаславіча (Уладзімера Хрэсьбіта).

Сваты наўгародзкага князя Ўладзімера ў Рагвалода (леваруч); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсьці замуж за Ўладзімера (праваруч)
Помсьцячы за спалены Полацак і забітых бацькоў Рагнеда спрабуе забіць свайго мужа Ўладзімера
Уладзімер хоча пакараць Рагнеду сьмерцю, але на абарону маці ўстае князевіч Ізяслаў

Паводле некаторых крыніцаў, Рагнеда — маці князёў Ізяслава (полацкі князь у 9881001), Яраслава Мудрага (вялікі князь кіеўскі ў 10191054), Усевалада (князь уладзімера-валынскі), Мсьціслава (князь цьмутараканскі), а таксама князёвен Прадславы і Праміславы[1]. Аднак з прычыны кароткага тэрміну шлюбу гэтыя зьвесткі выглядаюць спрэчнымі[2].

Біяграфія

рэдагаваць
 
Рагвалод Полацкі і Рагнеда. Манэта НБ Беларусі, 2006

У Іпацьеўскім і Ляўрэўнцеўскім сьпісах «Аповесьці мінулых гадоў» ёсьць зьвесткі, што ў 980 годзе (паводле Цьвярскога летапісу — не пазьней за 976 год) Рагнеда мусіла выйсьці замуж за вялікага князя кіеўскага Яраполка. Але ў Полацак прыехалі сваты і ад наўгародзкага князя Ўладзімера Сьвятаславіча. Рагнеда адмовіла новаму прэтэндэнту: «Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу»[3]. Такая адмова выглядала абразьліва ў адносінах да маці Ўладзімера Малушы, якая была неафіцыйнай жонкай Сьвятаслава і як дачка пераможанага драўлянскага князя Маная лічылася ключніцай у Кіеўскім княскім двары. Абражаны адмовай Уладзімер пайшоў паходам на Полацак, разьбіў войска Рагвалода, захапіў горад, забіў бацьку, маці і двух братоў Рагнеды, а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў імя Гарыслава.

Пазьней у тым жа годзе Ўладзімер учыніў паход на Кіеў, забіў свайго брата Яраполка і заняў велікакняскі пасад. Рагнеду ён перавёз у Кіеў (разам з другой сваёй жонкай, скандынаўкай Аловай). Пасьля нараджэньня першага сына Ізяслава і дачкі Прадславы Ўладзімер падарыў Рагнедзе вёску Прадславіна ў навакольлі Кіева. Імаверна, тут нарадзіліся і іншыя дзеці Рагнеды. Сам князь жыў у Кіеве наездамі, у Прадславіне заяўляўся зусім рэдка. Новы кіеўскі князь быў паганцам, а гэтая рэлігія дазваляла мнагажэнства.

 
Уладзімер і Рагнеда. Карціна расейскага мастака А. Ласенкі, 1770

У 988 годзе Ўладзімер, каб прыняць хрысьціянства, вырашыў ажаніцца зь бізантыйскай царэўнай Ганнай, а Рагнедзе прапанаваў развод і замужжа з усякім зь ягоных баяраў. Рагнеда адмовілася. Яе словы: «Княгіняй была, не хачу быць рабыняй», — настолькі ўразілі яе хворага сына Яраслава (прысутнічаў пры размове бацькоў), што ён, паводле легенды, вылечыўся ад паралічу ног. Імаверна, беспасярэдне пасьля гэтых падзеяў Рагнеда зрабіла замах на жыцьцё мужа. Уначы, калі ён спаў, яна кінулася на Ўладзімера з кінжалам, князь прачнуўся і пасьпеў адвесьці ўдар. Спроба Рагнеды забіць мужа разглядаецца многімі дасьледнікамі не як праява рэўнасьці, а як помста забойцу яе бацькоў і разбуральніку Полацку. Уладзімер наважыўся пакараць Рагнеду сьмерцю, але за маці заступіўся старэйшы сын Ізяслаў.

Праз колькі дзён Рагнедзе абвясьцілі, што яна больш ніколі ня ўбачыць сваіх дзетак, апроч Ізяслава, разам зь якім іх выслалі ў Полацкую зямлю. Уладзімер жа неўзабаве абвянчаўся зь бізантыйскаю царэўнаю Ганнай, прыняў хрысьціянства і ўзяўся прыводзіць да веры ў Хрыста падуладныя землі.

У 990 годзе Рагнеда прыняла хрысьціянства і пастрыглася ў манашкі пад імем Настасься. Яна шчыра прыняла новую веру, пашырала яе сярод сваіх суродзічаў-крывічаў. Дзякуючы Рагнедзе з Полацку хрысьціянства распаўсюдзілася спачатку на Полаччыну, а потым на Смаленшчыну і іншыя крывіцкія землі.

Уладзімер даў Ізяславу дзедзічнае Полацкае княства, а для Рагнеды збудаваў за трыццаць вёрстаў ад Менску паселішча Ізяслаўль (цяпер горад Заслаўе) — ад імя старэйшага сына. Тут у заснаваным ёю манастыры Рагнеда памерла. Яна была першай жанчынай-манашкай у Беларусі.

 
Рагнеда. Марка Белпошты, 1993

Выхаванага ў духу хрысьціянскай маралі 11-гадовага Рагнедава сына Ізяслава абралі на княскі пасад у Полацку — такім чынам аднавілася дынастыя полацкіх князёў Рагвалодавічаў[4]. Другі яе сын Яраслаў (за разумнае кіраваньне празваны Мудрым) за 35 гадоў княжаньня ў Кіеве ўзьняў дзяржаву да вяршыні магутнасьці, пакінуў нашчадкам першы на Русі збор законаў — «Праўду Яраслава», збудаваў у Кіеве Сафійскі сабор, заснаваў Кіеўскую мітраполію. Яго постаць найбольш яскравая ў дынастыі Рурыкавічаў.

Акрамя Ізяслава і Яраслава, паводле некаторых крыніцаў, Рагнеда нарадзіла Мсьціслава (які пазьней зрабіўся князем чарнігаўскім), Усевалада і дзьвюх дачок — Прадславу (узяла шлюб з чэскім князям Баляславам III Рудым) і Праміславу (выйшла замуж за прынца вугорскага Ласла Сара Лысага).

Унучкі Рагнеды таксама былі жонкамі эўрапейскіх манархаў: Настасься — вугорскага караля Андраша I, Лізавета — караля нарвэскага Гаральда III, а потым караля дацкага Свэна II. Наймалодшая Ганна выйшла замуж за Генрыха I Капэта і зрабілася каралевай Францыі.

Народная памяць

рэдагаваць

Назвы ўрочышчаў каля Заслаўя маюць зьвязак з імём Рагнеды[2]. На Севершчыне каля сучаснай беларуска-расейскай граніцы існуе мястэчка Рагнедзіна, якое паводле паданьня заснавала полацкая князёўна[5].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б Рагнеда Рагвалодаўна // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.
  2. ^ а б Георгій Штыхаў. Рагнеда // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 44.
  3. ^ «Не хачу разуці» — тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак.
  4. ^ Уладзімер Арлоў. 980(?) «Крывавае вяселле» Ўладзіміра з Рагнедай(недаступная спасылка) // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  5. ^ Скандынаўская тапаніміка беларускай зямлі(недаступная спасылка) // Андрэй Катлярчук. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць