Крывічы (Мядзельскі раён)

мястэчка ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці Беларусі

Крывічы́[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Сэрвачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1196 чалавек[1]. Знаходзяцца за 39 км ад Мядзелу, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы (лінія Маладэчна — Полацак).

Крывічы
лац. Kryvičy
Касьцёл Сьвятога Андрэя і кляштар трынітарыяў
Касьцёл Сьвятога Андрэя і кляштар трынітарыяў
Першыя згадкі: 1493
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Сельсавет: Крывіцкі
Вышыня: 173 м н. у. м.
Насельніцтва: 1196 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222376
СААТА: 6240857905
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°42′36″ пн. ш. 27°17′25″ у. д. / 54.71° пн. ш. 27.29028° у. д. / 54.71; 27.29028Каардынаты: 54°42′36″ пн. ш. 27°17′25″ у. д. / 54.71° пн. ш. 27.29028° у. д. / 54.71; 27.29028
Крывічы на мапе Беларусі ±
Крывічы
Крывічы
Крывічы
Крывічы
Крывічы
Крывічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Крывічы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Андрэя Апостала ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Мяркуюць, што старажытнае паселішча існавала на гэтым месцы яшчэ ў XII ст. як калёнія смаленскіх крывічоў. Першы пісьмовы ўпамін пра Крывічы як шляхецкую ўласнасьць зьмяшчаецца ў актах Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага і датуецца 1493 годам. Паводле рэвізіі Полацкага ваяводзтва, на 1552 год вёска знаходзілася ў валоданьні Корсакаў і налічвала 8 дымоў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крывічы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Каля 1640 году ў Крывічах збудавалі царкву Сьвятой Тройцы. У 1659 годзе ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай царкву разрабавалі маскоўскія войскі. У 1684 годзе з дазволу караля і вялікага князя Яна Сабескага маёнтак перайшоў да нашчадкаў роду Кішкаў на задавальненьне крэдытораў у зьвязку зь сьмерцю Януша Кішкі — апошняга з роду. Пазьней часткі маёнтку належалі Ўкольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. Гэта быў першы выпадак эксдывізіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У 1770 годзе ўладальнік Крывічоў Андрэй Укольскі — цівун і падкаморы троцкі — дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў фундуш кляштару на землі ў навакольлі. 23 сьнежня 1776 году ў адпаведнасьці з прывілеем караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Крывічы атрымалі статус мястэчка. У 1777 годзе тут збудавалі мураваны касьцёл.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крывічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ў 1832 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар трынітарыяў. На 1860 год у мястэчку было 55 двароў.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя Крывічы знаходзіліся ў валоданьні Швыкоўскіх, маёнтак налічваў 37 двароў і 642 дзесяціны зямлі. На 1866 год, паводле зьвестак Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх, у мястэчку было 40 дамоў. У 1884 годзе ў Крывічах заснавалі вінакурню. На 1886 год у мястэчку існавалі валасная ўправа, царква, капліца, касьцёл, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя двары, карчма, школа, расейская народная вучэльня (у 1896/1897 навучальным годзе навучалася 46 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі); двойчы на год праводзіліся кірмашы (на Сёмуху і 6 жніўня). У пачатку XX ст. адкрылася чыгуначная станцыя. На 1904 год існавалі мястэчка Крывічы і аднайменны маёнтак, уладаньне Госкай, працявала лячэбніца.

У Першую сусьветную вайну ў Крывічах разьмяшчаліся армейскія склады для групы расейскіх войскаў пад камандаю генэрала Балуева, якая брала ўдзел у Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году Крывічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крывічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Крывічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (92 двары), фальварак (2 двары), асада (2 двары) і станцыя. У мястэчку дзеяў касьцёл, працавалі ўправа гміны, паліцэйскі пастарунак, 4 млыны, лякарня, пошта і аптэка; штосераду праводзіліся таргі. У чэрвені 1923 году група партызанаў у складзе 29 чалавек учыніла ўзброены налёт на паліцэйскі гарнізон. 18 траўня 1924 году аддзел у складзе каля 40 чалавек пад камандаю Ваўпшасава разграміў памяшканьне пастарунка.

У 1939 годзе Крывічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну і сельсавету Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці. У Другую сусьветную вайну 28 красавіка 1942 году нацысты спалілі 470 жыхароў мястэчка, яшчэ 130 расстралялі 13 верасьня 1942 году. Агулам за гады акупацыі войскамі Нямеччыны ў Крывічах і раёне загінулі 2189 чалавек.

У сьнежні 1948 году савецкая ўлада стварыла ў Крывічах калгас імя Жданава. У кастрычніку 1948 году ў мястэчку збудавалі электрастанцыю. 28 чэрвеня 1958 году Крывічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам Крывіцкага гарадзкога пасялковага савету. З 20 студзеня 1960 году Крывічы знаходзяцца ў складзе Менскай вобласьці, з 25 сьнежня 1962 году — у Мядзельскім раёне. На 1 студзеня 1997 году у Крывічах было 612 двароў.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 485 чал.; 1866 год — 200 чал.[4]; 1883 год — 625 чал.; 1897 год — 719 чал.[5]; 1998 год — 1,6 тыс. чал.[6]
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 711 чал. у мястэчку Крывічах і 30 чал. у маёнтку Крывічах; 1921 год — 623 чал. у мястэчку Крывічах, 13 чал. у фальварку Крывічах, 19 чал. у асадзе Крывічах і 151 чал. на станцыі Крывічах; 1997 год — 1932 чал.[7]; 1998 год — 1,6 тыс. чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2009 год — 1298 чал.[9]; 2015 год — 1208 чал.[10]; 2016 год — 1232 чал.[11]; 2017 год — 1219 чал.[12]; 2018 год — 1196 чал.[1]

Інфраструктура

рэдагаваць

На 1997 год у Крывічах існавалі дом побыту, сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат, дзіцячы садок, дом культуры, 2 бібліятэкі, музычная школа, лякарня, аддзяленьне хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, паліклініка, пошта, банк, гандлёвы цэнтар, 5 крамаў, 2 прыватныя крамы.

Эканоміка

рэдагаваць

Працуюць лясьніцтва, філія Мядзельскага камбіната каапэратыўных прадпрыемстваў (хлебазавод), завод вырабаў з мэталу, участак электрасеткі, вытворчы ўчастак Нарачанскага масласырзаводу, участак жылкамгасу, філія Нарачанскага вытворчага аб’яднаньня водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, жывёлагадоўчая фэрма.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

У Крывічах знаходзіцца брацкая магіла 127 савецкіх салдатаў і партызанаў, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну, 2 магілы ахвяраў нацызму.

З Крывічоў паходзіць род Кішкаў, апошні зь якіх — Януш Кішка, ваявода полацкі і гетман Вялікага княства Літоўскага, жанаты з Хрысьцінай Друцкай-Сакалінскай, памёр у Крывічах у 1653 годзе бязьдзетным.

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 327
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 806.
  5. ^ Князева В. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 499.
  7. ^ Князева В. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 498.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць