Тройца (сьвята)

(Перанакіравана з «Сёмуха»)
Запыт «Сёмуха» перанакіроўваецца сюды. Пра беларускага перакладніка глядзіце артыкул «Васіль Сёмуха».

Тройца (Дзень Сьвято́й Тро́іцы, Пяцідзяся́тніца, Сёмуха, Зеляне́ц, Тро́іца, Тро́йца) — вясеньне-летняе хрысьціянскае сьвята, якое адзначаецца ў Каталіцкім касьцёле і ў Праваслаўнай царкве на пяцідзясяты дзень пасьля Вялікадня.

Праваслаўная традыцыя

рэдагаваць
 
Пяцідзясятніца, беларуская школа, другая палова XVIII ст.

Пасьля Ўзнясеньня на неба Госпада і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што адбылося на саракавы дзень пасьля Яго Ўваскрасеньня, апосталы і іншыя вучні неадлучна знаходзіліся ў Ерусаліме. Была разам зь імі і Маці Божая. І творачы малітву, яны чакалі зьдзяйсьненьня словаў Збавіцеля, Які сказаў ім на разьвітаньне: «…прымеце сілу, як сыдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ва ўсёй Іудзеі і Самарыі, і нават да краю зямлі» (Дзеян. 1,8).

І вось надышоў дзясяты дзень пасьля Ўзьнясеньня і пяцідзясяты пасьля Пасхі (адсюль яшчэ адна назва сьвята — Пяцідзясятніца). «…І раптам пачуўся гук зь неба, нібы ад павеву буйнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. І зьявіліся ім падзеленыя языкі, як бы вогненыя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на розных мовах, як Дух Сьвяты даваў ім вяшчаць» (Дзеян. 2, 2-4). Гэтая падзея, апісаная ў кнізе Дзеяньняў сьвятых апосталаў, была відавочным знакам таго, што Бог дае апосталам здольнасьць і сілы для пропаведзі вучэньня Хрыстовага ўсім народам.

З дня сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў вера хрысьціянская пачала хутка распаўсюджвацца. Разышоўшыся па розных краінах, апосталы ўтваралі там хрысьціянскія грамады, пасьвячалі ў япіскапы, сьвяшчэньнікі і дыяканы. Гэтая непарыўнасьць апостальскай пераемнасьці (яна азначае несупыннасьць перадачы благадаці Сьвятога Духа), ёсьць непарыўнасьць сувязі з Апостальскай Царквой і захоўваецца Праваслаўнай Царквой да сёньняшніх дзён.

Сьвята гэтае называецца Днём Троіцы, таму што ў падзеях гэтага дня сьвету адкрылася жыцьцяноснае дзеяньне ўсёй Прасьвятой Троіцы. Людзі пачалі пакланяцца і ўслаўляць тры Асобы адзінага Бога — Айца і Сына і Сьвятога Духа. Пасьля сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў вучэньне Хрыста пра Трыадзінага Бога і пра ўдзел Трох Божых Асобаў ў выратаваньні чалавечага роду дасягнула выключнай паўнаты і яснасьці. У гэты дзень Праваслаўная Царква заклікае нас пакланяцца Сыну ў Айцы са Сьвятым Духам. 3 даўніх часоў вернікамі захоўваецца добры звычай упрыгожваць на сьвята Троіцы храмы і сваё жытло галінкамі маладых бярозаў, аерам і кветкамі.

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Трапар сьвята Пяцідзясятніцы, глас 8

рэдагаваць

Благаславёны Ты, Хрысьце Божа наш,
што рыбакоў зрабіў прамудрымі,
паслаўшы ім Духа Сьвятога,
і празь іх ахапіў увесь свет.
Чалавекалюбец, слава Табе.

Кандак сьвята Пяцідзясятніцы, глас 8

рэдагаваць

Калі Ўсявышні сышоў і мовы зьмяшаў,
то гэтым разьдзяліў Ён народы:
калі ж вогненыя языкі Ён раздаў,
то да адзінства ўсіх заклікаў;
і мы ў згодзе славім Усесьвятога Духа.

Задастойнік сьвята Пяцідзясятніцы

рэдагаваць

Радуйся, Царыца, слаўная Маці-Дзева! Ніякія дасканалыя і красамоўныя вусны ўмельства ня маюць, каб апяваць Цябе дастойна; ня здольны ніякі розум ад Цябе нараджэньне спасьцігнуць. Таму і мы супольна Цябе славім.

Каталіцкая традыцыя

рэдагаваць

Народная традыцыя

рэдагаваць
 
Манэта «Сёмуха», 20 рублёў, рэвэрс

Народная назва сьвята Троіцы — Сёмуха. Сёмуха — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасьля Вялікадня. Гэта старажытнае земляробчае сьвята славянскіх народаў, яно супадае з заканчэньнем веснавых палявых работ. Лякальная назва сьвята — Зелянец («На Зелянец вясны канец»).

Напярэдадні Сёмухі, у суботу, спраўляюцца Сёмушныя, ці Траецкія, Дзяды, каб ушанаваць памяць продкаў і заручыцца іх падтрымкай на добры ўраджай.

Перад сьвятам прыбіраюць і ўпрыгожваюць хаты і двары «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёна, рабіны, дуба). Бярозе надаецца асаблівае значэньне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Ёю ўпрыгожваюць покуць, ставяць каля брамы, весьнічак. На падлозе сьцелюць траву (часьцей аер, у памяць пра тое, што першыя апосталы, якіх Гасподзь паклікаў за Сабою, былі рыбакамі); кветкамі прыбіраюць абразы, сталы, вокны.

Сьвяткуецца Сёмуха тры дні. У час сьвята ладзяць гульні, карагоды, плятуць вянкі, потым — агульнае частаваньне. У некаторых мясцовасьцях адбываецца кумаваньне, спраўляецца шмат вясельляў. Дзяўчаты на сьвята адпраўляюцца ў лес «завіваць бярозкі», бяруць пры гэтым ежу і напоі, сьпяваюць сёмушныя (траецкія) песьні, матывы каханьня і шлюбу ў якіх асноўныя. Плятуць на Сёмуху вянкі і пускаюць іх на ваду, вызначаючы такім чынам свой лёс на замужжа. Існуе яшчэ й абрад «ваджэньня куста», які мае, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасьці, аграрны і сямейна-шлюбны зьмест. Маладую дзяўчыну ўпрыгожваюць галінкамі («маем»), і дзявочы гурт абыходзіць двары зь песьнямі. «Куставыя» песьні маюць велічальны характар і, паводле народных уяўленьняў, спрыяюць добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якім адрасуюцца песьні.

Цяпер на сьвята Троіцы кветкі і галінкі дрэваў, зеляніна ўпрыгожваюць ня толькі жытло чалавека, але і храмы. Яны прыносяцца Богу як начаткі жыватворных сілаў вясны і разам э тым служаць сымбалем Царквы Хрыстовай, якая са зьяўленьнем у ёй благадаці Сьвятога Духа расквітнела і ўзвышае людзей.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Тройца (сьвята)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
  Сёмухасховішча мультымэдыйных матэрыялаў